КЕРАТЫ́Т [ад грэч. keras (keratos) рог],

запаленне рагавой абалонкі вока, іншы раз з частковым або поўным яе памутненнем (бяльмом) і паніжэннем зроку да слепаты. Адрозніваюць К. экзагенныя (пры ўздзеянні знешніх фактараў, пераважна інфекц., ці пры траўме) і эндагенныя (пры захворваннях арганізма); па лакалізацыі бываюць паверхневыя і глыбокія. Сімптомы К.: святлабоязь, слёзацячэнне, боль, пачырваненне вока, парушэнне празрыстасці рагавіцы, паніжэнне зроку.

Найчасцей бываюць вірусныя К. (напр., герпетычны выклікаецца вірусамі герпесу). Катаральныя ўзнікаюць пры інфекц. кан’юнктывітах (ганарэйным, дыфтэрыйным), трахоме і інш. Пры бактэрыяльных гнойных К. (выклікаюцца стафілакокамі, пнеўмакокамі і інш.) можа развіцца паўзучая язва з дэфектам рагавіцы і рубцом. Паверхневыя туберкулёзна-алергічныя скрафулёзныя К., як правіла, двухбаковыя; гематагенныя глыбокія К. пашкоджваюць адно вока з моцным памутненнем рагавіцы. Парэнхіматозны К. (тыповая форма глыбокага эндагеннага К.) найчасцей бывае пры прыроджаным сіфілісе. Лячэнне: рассысальная тэрапія, хірург — кератапластыка.

Л.​М.​Марчанка.

т. 8, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́СГАФТ Пётр Францавіч (3.10.1837, С.-Пецярбург — 11.12.1909),

расійскі педагог, анатам і ўрач, адзін з заснавальнікаў школьнай гігіены і ўрачэбнапед. кантролю ў фіз. выхаванні. Д-р медыцыны (1865), хірургіі (1868). Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1861). Працаваў ва ун-тах Пецярбурга, Казані, у Гал. упраўленні ваенна-навуч. устаноў. Выступаў за развіццё нар. адукацыі, у т. л. жаночай. У 1896 стварыў Курсы выхавальніц і кіраўніц фіз. выхавання, на базе якіх у 1919 адкрыты Дзярж. ін-т фіз. адукацыі імя Л. (Ін-т фіз. культуры імя Л.). Гал. прынцып адукац. тэорыі Л. — адзінства фіз. і разумовага развіцця чалавека. Сістэму накіраваных практыкаванняў разглядаў як сродак фіз., разумовага, маральнага і эстэт. выхавання.

Тв.:

Собр. пед. соч. Т. 1—5. М., 1951—54;

Избр. пед. соч. М., 1988.

Літ.:

Шабунин А.В. П.​Ф.​Лесгафт (1837—1909). М., 1982.

т. 9, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДА́НСКІ Сцяпан Васілевіч (6.1.1834, с. Хамуцінцы, цяпер с.Руданскае Жмерынскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 3.5.1873),

украінскі паэт. Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1861). Друкаваўся з 1859. Аўтар лірычных вершаў, баек, рамант. балад, гіст. паэм, у т. л. «Цар-Салавей» (1857). Найлепшы твор — цыкл «Спевамоўкі» (1857—58), кароткія гумарыст. і сатыр. вершы ў духу нар. анекдотаў, якія скіраваны на выкрыццё грамадскіх заган. Паэзія Р. прасякнута любоўю да прац. народа, спачуваннем яго долі, верай у будучае. Пераклаў на ўкр. мову «Іліяду» Гамера, «Энеіду» Вергілія, «Слова аб палку Ігаравым», асобныя творы А.​Пушкіна, М.​Лермантава. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклалі В.​Іпатава, А.​Паўловіч.

Тв.:

Твори. Т. 1—3. Київ, 1972—73;

Бел. пер. — у кн.: Ад круч дняпроўскіх. Мн., 1983;

Рус. пер. — Соч. Симферополь, 1963.

Літ.:

Колесник П.Й. Степан Руданьский.: Літ. портрет. Київ, 1971.

К.​Р.​Хромчанка.

т. 13, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПАКО́ЎСКІ Мікалай Іванавіч (5.4.1940, в. Ботава Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — 12.1.2001),

бел. вучоны ў галіне хірургіі і геранталогіі. Д-р мед. н. (1994). Чл. Рас. АМН (з 1995), чл.-кар. Міжнар. акадэміі геранталогіі (з 1998). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1963). У 1963—65 гал. ўрач Парахонскай бальніцы (Брэсцкая вобл.). З 1968 у 6-й клінічнай бальніцы Мінска, з 1971 у Мінскай абл. клінічнай бальніцы. Навук. працы па хірург. лячэнні пасляаперацыйных вентральных грыж, пластыцы дэфектаў пярэдняй брушной сценкі.

Тв.:

Электраміяграфічны аналіз стану мышцаў пярэдняй брушной сценкі ва ўмовах дублікатуры прамых мышцаў жывата (разам з Г.​Ф.​Малюковічам) // Весці АН БССР. Сер. біял. навук. 1989. № 4, Морфофункциональная оценка эффективности хирургической пластики передней брюшной стенки при миопексии ( разам з Л.​Я.​Бойка, Я.​Т.​Валадзько) // Эмбриологические и экспериментально-морфологические аспекты структурно-функциональных взаимоотношений в организме. Мн., 2001.

т. 17, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫКО́ЗНАЕ РАСШЫРЭ́ННЕ ВЕН,

хвароба, пры якой нераўнамерна павялічваецца прасвет вен з утварэннем выпучванняў у вобласці стончанай вянознай сценкі і вузлападобнай звілістасці іх. Праяўляецца функцыян. недастатковасцю клапанаў вен і парушэннем крывацёку. Найчасцей пашкоджвае вены ног, прамой кішкі (гл. Гемарой), семявы канацік (гл. Варыкацэле), падслізісты слой стрававода. Адрозніваюць першаснае (не звязанае з захворваннямі) і другаснае (пасля трамбозу, аплазіі і дысплазіі глыбокіх вен, цяжарнасці і інш.).

Першаснае варыкознае расшырэнне вен у 50% хворых развіваецца ў асоб 20—50-гадовага ўзросту (найчасцей у жанчын) ад прыроджанай непаўнацэннасці клапанаў вен, слабасці сценак вен, пры пашкоджанні іх нерв. апарату, таксіка-інфекц. фактары і інш. Прыкметы: нязначнае расшырэнне вен на галёнцы ці сцягне, хуткая стамляльнасць, боль у нагах, пачуццё цяжару, сверб і цяпло скуры, ацёкі. Ускладненні: тромбафлебіт, трафічныя язвы. Пры невялікім варыкозным расшырэнні вен на нагах рэкамендуюцца эластычныя панчохі і бінты, лек. прэпараты і фізіятэрапія, пры значным — хірург. лячэнне.

А.​У.​Руцкі.

т. 4, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОНХАЭКТАТЫ́ЧНАЯ ХВАРО́БА (ад бронхі + грэч. ekstasis расцяжэнне),

гнойна-запаленчая дэструкцыя бронхаў, што выклікае іх расшырэнне (бронхаэктазію), парушэнне функцый розных сістэм і органаў, інтаксікацыю. Бывае часовая і ўстойлівая, найчасцей у ніжняй долі левага лёгкага; можа быць двухбаковая. Адрозніваюць бронхаэктазы прыроджаныя і набытыя, лакалізаваныя і дыфузныя, цыліндрычныя, мяшэчкападобныя і пераходныя (верацёнападобнай формы). Прычыны ўзнікнення прыроджанай бронхаэктазіі — парушэнні развіцця бронхалёгачнай сістэмы ва ўлонні маці (могуць спалучацца з заганамі развіцця — заечая губа, стрэлападобнае паднябенне і інш.); набытай — бронхалёгачныя хваробы, закупорка бронха іншародным целам. Праяўляецца бронхаэктатычнай хваробы аднолькава незалежна ад этыялогіі: мокры кашаль са слізіста-гнойнай ці гнойнай макротай (можа мець непрыемны пах), іншы раз крывахарканне, болі ў грудзях, задышка (залежыць ад цяжкасці хваробы), зніжэнне апетыту, дэфармацыя грудной клеткі. Пры гнойнай інтаксікацыі фалангі пальцаў набываюць форму «барабанных палачак», а пазногці — «гадзіннікавых шкельцаў». Лячэнне комплекснае, з выкарыстаннем тэрапеўтычных, а пры неабходнасці хірург. метадаў.

Л.​Р.​Кажарская.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРДЭ́НКА Мікалай Нілавіч (3.6.1876, в. Каменка Пензенскай вобл., Расія — 11.11.1946),

савецкі вучоны ў галіне хірургіі. Акад. АН СССР (1939), акад. АМН (1944). Ген.-палк. мед. службы (1944). Герой Сац. Працы (1943). Скончыў Юр’еўскі ун-т (г. Тарту; 1906). У 1910—16 працаваў у ім, з 1918 праф. Варонежскага, у 1923—30 — Маскоўскага ун-таў. Гал. хірург Сав. Арміі (1941-—46). У 1930—46 у 1-м Маскоўскім мед. ін-це, адначасова з 1934 узначальваў Цэнтр. нейрахіруг. ін-т (цяпер Ін-т нейрахірургіі яго імя). З 1944 прэзідэнт АМН СССР. Навук. працы па ваенна-палявой хірургіі і нейрахірургіі, пухлінах і траўматычных пашкоджаннях цэнтр. і перыферычнай нерв. сістэм, парушэннях мазгавога кровазвароту. Заснаваў эксперым.-фізіял. школу ў нейрахірургіі. Ганаровы чл. Парыжскай акадэміі хірургіі, Брытанскага каралеўскага т-ва хірургаў. Дзярж. прэмія СССР 1941. Існуе прэмія яго імя.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—7. М., 1950—52.

М.Н.Бурдэнка.

т. 3, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМО́САЎ Мікалай Міхайлавіч (н. 6.12.1913, с. Альховае Валагодскай вобл., Расія),

украінскі хірург. Акад. АН Украіны (1969), чл.-кар. АМН СССР (1961), засл. дз. нав. Украіны (1959), Герой Сац. Працы (1973). Скончыў Архангельскі мед. ін-т (1939). З 1952 узначальваў клініку грудной хірургіі, з 1983 дырэктар Ін-та сардэчна-сасудзістай хірургіі ў Кіеве. Навук. працы па пытаннях хірургіі сэрца і лёгкіх, біял. і мед. кібернетыцы. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана дыягностыка парокаў сэрца з дапамогай ЭВМ, створана дзеючая фізіял. мадэль «унутранага асяроддзя арганізма» чалавека і інш. Аўтар літ. тв. «Думкі і сэрца» (1965), «Запіскі з будучыні» (1967) і інш. Ленінская прэмія 1961, Дзярж. прэмія Украіны 1978.

Тв.:

Операции на сердце с искусственным кровообращением. Киев, 1962 (разам з І.​Л.​Лісавым, Л.​М.​Сідарэнка);

Хирургия пороков сердца. Киев, 1969 (разам з Я.​А.​Бендэтам);

Физическая активность и сердце. 2 изд. Киев, 1984 (з ім жа).

М.М.Амосаў.

т. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАХНАІДЫ́Т (ад грэч. arachnē павук, павуціна + eidēs падобны + ...im),

запаленне мяккіх мазгавых абалонак (пераважна павуціннай) галаўнога або спіннога мозга чалавека. Узнікае як ускладненне інфекц. хвароб (грып, вострыя рэспіраторныя, пнеўманія, адзёр і інш.), ачагоў факальнай інфекцыі, пры інтаксікацыі, чэрапнамазгавых траўмах. Прыкметы арахнаідыту галаўнога мозга (цэрабральны арахнаідыт): галаўны боль з млоснасцю, ірвотай, галавакружэнне, сутаргі, зніжэнне памяці, хуткая стамляльнасць, вегетатыўныя расстройствы, аднабаковае зніжэнне слыху з парэзам мімічнай мускулатуры на тым жа баку, хутка прагрэсіруючае зніжэнне зроку (да слепаты); выяўляюцца лёгкія або сярэдне выражаныя ачаговыя прыкметы пашкоджання галаўнога мозга. Пры арахнаідыце спіннога мозга (спінальным арахнаідыце) пашкоджваюцца нерв. карэньчыкі, інш. раз рэчывы спіннога мозга. Узнікаюць апяразвальныя болі ў вобласці тулава, якія аддаюць у адну ці абедзве нагі, слабасць у нагах. Лячэнне ўключае санацыю ачагоў факальнай інфекцыі, процізапаленчыя, дэсенсібілізоўныя, рассысальныя, агульнаўмацавальныя, седатыўныя сродкі; пры паказаннях зніжаюць унутрычарапны ціск; у некаторых выпадках робяць хірург. аперацыі. Пры своечасовым лячэнні арахнаідыт праходзіць.

Г.​Г.​Шанько.

т. 1, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎСЦІГНЕ́ЕЎ Віктар Уладзіміравіч (н. 30.8.1941, в. Сукманаўка Тамбоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне неўралогіі. Д-р мед.н. (1991), праф. (1994). Акад. Каралеўскай акадэміі дактароў Іспаніі (1993). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1966). У 1969—83 і з 1994 працуе ў ім, у 1983—94 у Бел. дзярж. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па праблемах эпілепсіі і яе хірург. лячэння. Адзін з аўтараў адкрыцця «Заканамернасці змянення ўласных акустычных ваганняў галаўнога мозга» (1991), распрацоўкі сістэмы камп’ютэрнай дыягностыкі вострых хвароб ц. н. с. і метаду рэдыслакацыі мазгавога ствала ў выпадках яго зрушвання і пры ўшчамленнях, абумоўленых унутрычарапной гіпертэнзіяй.

Тв.:

Смещения и ущемления мозгового ствола. Мн., 1968 (разам з М.​С.​Місюком, С.​М.​Рагульчанкам);

Острая внутричерепная гипертензия. Мн., 1974 (раэам з А.​Я.​Семаком);

Основы топической диагностики заболеваний нервной системы. Мн., 1974 (у сааўт.);

Нервные болезни. Мн., 1977 (разам з М.​С.​Місюком, А.​М.​Гурленем).

т. 6, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)