ЭКАЛОГІЯ
Асобныя экалагічныя даследаванні на Беларусі вяліся з 1920-х г. Вывучаліся лясная, лугавая і балотная расліннасць у сувязі з якасцямі глеб (У.У.Адамаў, І.Г.Васількоў, В.С.Палянская, Н.М.Савіч і інш.), дынаміка і геаграфічнае пашырэнне паляўнічай фауны (У.У.Стачынскі, І.М.Сяржанін, А.У.Фядзюшын). У 1930-я г. экалогія сфарміравалася ў самастойную навук. дысцыпліну.
У НДІ эксперыментальнай батанікі АН Беларусі даследавана і праведзена прыродна-гістарычнае раянаванне тэр. Беларусі (І.С.Лупіновіч); дадзена дэталёвая характарыстыка глеб краіны як асноўнага экалагічнага фактара (М.П.Булгакаў, А.Р.Мядзведзеў, В.І.Пашын, У.М.Пілько, П.П.Рагавой), тыпалагічная характарыстыка лясоў (У.С.Адзярыха, В.С.Гельтман, Дз.С.Голад, М.Ф.Лоўчы, А.З.Цюцюноў, І.Д.Юркевіч). Распрацаваны экалагічныя падыходы да інтрадукцыі дрэвавых парод і вылучаны інтрадукцыйныя рэгіёны Беларусі (А.Ф.Іваноў, Л.У.Краўчанка, Г.І.Маргайлік, М.Дз.Несцяровіч, А.У.Панамарова, Л.І.Рахцеенка і інш.). Вывучана экалогія лугавой і балотнай расліннасці (Н.А.Буртыс, Е.А.Круганава, І.М.Сцепановіч). Даследаваны заканамернасці ўзаемаадносін раслін у згуртаваннях (Г.І.Калашнікава, І.А.Каураў, Л.А.Крот, Б.С.Мартыновіч, І.Ф.Мінько, І.Н.Рахцеенка, Б.І.Якушаў і інш.), уплыў гасп. дзейнасці чалавека на дынаміку флоры і расліннасці (Н.Ф.Казлоўская, Г.А.Кім, А.М.Маслоўскі, В.І.Парфёнаў, Г.Ф.Рыкоўскі і інш.), асаблівасці росту і развіцця дрэвавых парод на балотах, шляхі павышэння прадукцыйнасці балотных лясоў (В.А.Іпацьеў, Л.П.Смаляк). Даследуюцца пытанні індустрыяльнай экалогіі (В.Р.Анціпаў, Н.У.Гетко, Я.А.Сідаровіч, М.У.Смольскі, С.А.Сяргейчык, К.Дз.Чубанаў і інш.).
У Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі даследаваны асобныя пытанні экалогіі жывёл: пашырэнне найб. важных груп жывёл у сувязі з умовамі асяроддзя, акліматызацыя каштоўных прамысловых жывёл, складаныя фауністычныя комплексы, пытанні аховы, аднаўлення і рэканструкцыі жывёльнага свету Беларусі (І.Ц.Арзамасаў, М.С.Долбік, П.Р.Козла, М.Я.Нікіфараў, М.М.Пікулік, А.Я.Пленін, Л.М.Сушчэня, І.М.Сяржанін і інш.).
Асаблівая ўвага звяртаецца на вывучэнне праблем, звязаных з радыеактыўным забруджваннем раслін і глеб прыродных фітацэнозаў у сувязі з Чарнобыльскай катастрофай. Вывучаны маштабы радыеактыўнага забруджвання, заканамернасці акумуляцыі і міграцыі радыенуклідаў; распрацаваны прагноз уздзеяння радыеактыўных выкідаў на расліннасць. Рэкамендацыі па выкарыстанні расл. рэсурсаў зон радыеактыўнага забруджвання даны ў працах А.І.Забалотнага, С.А.Дзмітрыевай, Б.С.Мартыновіча, В.І.Парфёнава, Б.І.Якушава і інш. (Ін-т эксперыментальнай батанікі Нац. АН Беларусі), У.Ф.Багінскага, І.М.Булавіна, В.А.Іпацьева (Ін-т лесу Нац. АН Беларусі) і інш. Праводзяцца даследаванні па экалогіі прыродных радыеактыўных ізатопаў калію-40 і урану-238 (Ж.М.Анісава, М.М.Карсека, Б.І.Якушаў).
Створаны ў 1990 Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі вырашае комплекс задач па выпрацоўцы біясферна сумяшчальнай тактыкі прыродакарыстання ў сучасных умовах. Вывучана класіфікацыя біясферных функцый балотных экасістэм (М.М.Бамбалаў, В.А.Раковіч). Праведзена ацэнка эмісіі і сцёку вуглякіслага газу ў атмасферу рознымі экасістэмамі (В.В.Каляда, У.Ф.Логінаў, Р.І.Сачок), уздзеяння ўстойлівых арганічных забруджвальнікаў (С.В.Какарэка, Т.І.Кухарчык). Вывучаны ўдзельныя выкіды розных вытворчасцей і трансгранічны перанос забруджвальнікаў (С.В.Какарэка, Т.І.Кухарчык, В.С.Хоміч), заканамернасці змянення кліматычных умоў краіны пад уплывам прыродных і антрапагенных фактараў (Г.П.Кузняцоў, І.Р.Логінаў, У.С.Мікуцкі). Праведзена ацэнка адаптацыі шэрагу галін эканомікі да змен параметраў клімату. Вывучаны заканамернасці размеркавання цяжкіх металаў у розных відах элементарных ландшафтных адзінак (Л.І.Васільева, В.Б.Кадацкі, І.П.Самсоненка). Распрацоўваюцца пытанні экалогіі гарадоў і экалагічнай сістэмы «горад—прыгарад» (М.І.Струк, В.С.Хоміч), ствараецца праектная база для развіцця новых гарадскіх комплексаў. Сумесна з ін-тамі Нац. АН Беларусі, мін-вамі прыродных рэсурсаў і эканомікі распрацаваны прагноз змен навакольнага асяроддзя ў Беларусі на 2010—2020 (У.Ф.Логінаў, М.І.Струк).
Праблемы экалогіі даследуюцца таксама ў БДУ, Бел. тэхналагічным універсітэце, запаведніках і інш.
Літ.:
Сущеня Л.М., Пикулик М.М. Совершенствование принципов и методов охраны и рационального использования животного мира. Мн., 1990;
Радиоактивное загрязнение растительности Беларуси в связи с аварией на Чернобыльской АЭС. Мн., 1995;
Ипатьев В.А., Багинский В.Ф. и др. Лес. Человек. Чернобыль. Гомель, 1999;
Логинов В.Ф., Калинин М.Ю., Иконников В.Ф. Современное антропогенное воздействие на водные ресурсы. Мн., 2000;
Природная среда Беларуси. Мн., 2002;
Какарека С.В., Кухарчик Т.И., Хомич В.С. Стойкие органические загрязнители: источники и оценка выбросов. Мн., 2003;
Изменения климата Беларуси и их последствия. Мн., 2003.
Б.І.Якушаў, Л.С.Ліс.
т. 18, кн. 2, с. 564