АПЕРАЦЫ́ЙНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,

метад аналізу матэматычнага, які дае магчымасць зводзіць рашэнне складаных матэм. задач да больш простых. У аснову закладзена замена па пэўных правілах зададзеных функцый (арыгіналаў) 𝑓(t) інш. функцыямі (вобразамі) камплекснай пераменнай F(s); пры гэтым аперацыя дыферэнцавання пераходзіць у аперацыю множання на s, інтэгравання — дзялення на s, дыферэнцыяльныя і інтэгральныя ўраўненні — у алг. ўраўненні і інш.

Англ. вучоны О.​Хевісайд прапанаваў у 1892 фармальныя правілы карыстання аператарам p=d/dt і некаторымі функцыямі гэтага аператара, з дапамогай чаго вырашыў шэраг задач электрадынамікі. Абгрунтаванне аперацыйнага злічэння праводзіцца на аснове інтэгральнага Лапласа пераўтварэння. Аперацыі знаходжання вобразаў па арыгіналах (і наадварот) забяспечаны спец. табліцамі. Найбольш агульныя вынікі аперацыйнага злічэння атрыманы на аснове тэорыі абагульненых функцый. Далейшае развіццё ідэі аперацыйнага злічэння атрымалі ў функцыянальным злічэнні аператараў, сімвалічным злічэнні псеўдадыферэнцыяльных аператараў. Распрацаваны абагульненні аперацыйнага злічэння на аснове пераўтварэнняў Фур’е і Меліна; для інш. дыферэнцыяльных аператараў.

Літ.:

Диткин В.А., Прудников А.П. Интегральные преобразования и операционное исчисление. 2 изд. М., 1974.

А.​В.​Антаневіч.

т. 1, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІ́Т,

антыфрыкцыйны сплаў на аснове волава ці свінцу. Некаторыя маркі бабіту маюць у сабе сурму, медзь, нікель, мыш’як, кадмій, тэлур, магній і інш. элементы. Адкрыты амер. вынаходнікам І.​Бабітам (1839). Уласцівасці сплаву абумоўлены яго гетэрагеннай структурай: наяўнасцю цвёрдых часціц у мяккай пластычнай аснове. Асн. з іх: параўнальна нізкая т-ра плаўлення (320—430 °C), высокая пластычнасць, нізкі каэф. трэння. Выкарыстоўваецца бабіт для заліўкі падшыпнікаў, якія працуюць са змазкай пры вял. нагрузках і скарасцях слізгання (у аўтамабільных і трактарных рухавіках, пасажырскіх і таварных вагонах, тэндарах).

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАМЕТАЛУ́РГІЯ,

галіна металургічнай навукі і тэхнікі, якая звязана з прамысл. спосабамі атрымання металаў і сплаваў з дапамогай эл. току. У Э. выкарыстоўваюцца электратэрмічныя працэсы для здабывання металаў з руд і канцэнтратаў, вытв-сці і рафінавання чорных і каляровых металаў (сплаваў) на іх аснове (гл. Электратэрмія) і электрахімічныя працэсы для атрымання чорных і каляровых металаў на аснове электролізу водных раствораў і расплаўленых асяроддзяў (гл. Электрахімія). Набыла пашырэнне спецэлектраметалургія, у т. л. рафінуючы пераплаў (металургічны працэс для павышэння якасці сталей і інш. сплаваў, якія атрымліваюць у звычайных плавільных агрэгатах).

т. 18, кн. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гальбо́та ’бедната’ (Жд. 2). У аснове гэтага ўтварэння ляжыць зыходнае *golьba (?) ад назоўніка *golь (да *golъ ’голы, бедны’). Бянтэжыць толькі суфіксацыя *‑ьba, якая звычайна сустракаецца ў аддзеяслоўных фармацыях. Далей да *golьba (?) быў даданы фармант *‑ota, добра вядомы ў назоўніках з абстрактным значэннем. Параўн. гальдоба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Надума́ць ’надуваць, навейваць’ (бешанк., Нар. сл.). Да дзьмуць (гл.), параўн. таксама надма́ць ’надуць’ надыма́ць ’надуваць’ (Нас.); ‑ду — у аснове, відаць, пад уплывам дуць — для ўсіх славянскіх моў характэрна змешванне асноў *duti і *dǫti (*duti: *dujjǫ × dǫti: dъmǫ), гл. Трубачоў, Эт. сл., 5. 99–100.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

арце́ль, ‑і; Р мн. ‑ей; ж.

Аб’яднанне асоб той або іншай прафесіі (рамяства) для супольнай працы з удзелам у даходах паводле дамоўленасці і агульнай адказнасці таварыства. Рыбалавецкая арцель. □ Арцель — гэта шырока распаўсюджаная ў Расіі форма таварыства, прасцейшая форма свабоднай кааперацыі, падобная да той, якая існуе ў паляўнічых плямён у часе палявання. Энгельс. Арганізацыя арцелі па асушцы Рэгелеўшчыны ўзняла вялікі шум. Чарнышэвіч.

•••

Сельскагаспадарчая арцель — форма калектыўнай гаспадаркі сацыялістычнага тыпу, добраахвотнае аб’яднанне сялян на аснове абагульнення асноўных сродкаў вытворчасці для вядзення калектыўнай працай буйной калектыўнай сельскагаспадарчай вытворчасці; калгас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ІНДУ́КЦЫЯ (ад лац. inductio навядзенне, стымуляванне) у логіцы, спосаб разважання (розумазаключэння) і метад даследавання, пры якіх агульныя вывады робяцца на аснове ведаў аб адзінкавых фактах. Пытанні тэорыі І. сустракаюцца ў працах Арыстоцеля, імі займаліся прадстаўнікі эмпірычнага прыродазнаўства 17—18 ст. Значны ўклад у распрацоўку тэорыі І. зрабілі Ф.​Бэкан, Г.​Галілей, І.​Ньютан, Дж.​С.​Міль, Дж.​Гершэль. Шырока выкарыстоўваецца пры пабудове пэўных тэорый у біялогіі, фізіцы, матэматыцы (гл. Матэматычная індукцыя) і інш. Індуктыўнае заключэнне заўсёды імавернае, але калі яно ісціннае, то нясе ў сабе новыя веды. Таму індуктыўнае заключэнне патрабуе дадатковых сродкаў пазнання, прымяненне якіх і вырашае пытанне аб ісціннасці канчатковых вывадаў. Адрозніваюць І. поўную і няпоўную. Поўная І. ўяўляе сабой вывад агульнага палажэння пра клас увогуле на аснове разгляду ўсіх яго элементаў; яна дае дакладны вывад. Пры няпоўнай І. агульны вывад робіцца на аснове разгляду часткі прадметаў пэўнага класа. Гэты вывад не поўны, а таму не зусім дакладны, патрабуе далейшага даследавання інш. метадамі (гл. Аналіз, Сінтэз, Дослед, Дэдукцыя).

В.​М.​Пешкаў.

т. 7, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Казёлкі ’расліна Delphinium consolida’ (Кіс ). Рус. козелки ’тс’, укр. козёлкі ’тс’. Палес. утварэнне ад козелок ’казляня’. У аснове метафары — перанос паводле падабенства формы: кветка расліны з яўнай зааморфиай прыкметай. Гэта асаблівасць характарызуецца такімі назвамі, як бел. рагулькі, тапары, укр. черевички, гострушки, гвоздики. комарові носики. сокирки і утварэннямі ад асновы koz‑ у гэтых мовах. Параўн. яшчэ козлікі ’тс’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́нспарт ’сродкі перавозу грузаў і людзей’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), тра́ншпарт ’тс’ (бярэз., Сл. ПЗБ). Запазычана праз польскую ці рускую мовы з заходнееўрапейскіх (параўн., франц., нідэр. transport, ням. Transport), у якіх утворана на аснове лац. transportāre ’пераносіць, перапраўляць’ (Фасмер, 4, 94; Чарных, 2, 257–258; Цыганенка, 361; ЕСУМ, 5, 620). У народнай мове адаптаванае як пашпарт, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рэвізіяні́зм

(ад лац. revisio, -onis = перагляд)

1) патрабаванне перагледзець пэўнае вучэнне, тэорыю, погляды;

2) ідэйна-палітычная плынь у міжнародным рабочым руху, якая выступае за перагляд палажэнняў марксізму на аснове асэнсавання новых з’яў жыцця.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)