помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў стылі позняга барока ў 1734—51 у Гродне каралём Аўгустам III на месцы Гродзенскага Ніжняга замка. Асн. праект М.Д.Пёпельмана, у стварэнні ўдзельнічалі арх. І.Х.Яўх і І.Ф.Кнобель (апошні дабудоўваў капліцу-капэлу). У 1789 рэканструяваны арх. Дж.Сака. Размешчаны на правым беразе Нёмана, арыентаваны на Гродзенскі Стары замак, складае з ім адзіны арх. комплекс. Непасрэдна ў ядро ансамбля ўключаны мураваныя службовыя будынкі, якія ўтвараюць за левым крылом замка гасп. двор. Тут засядаў Гродзенскі сейм 1793, размяшчаліся каралеўская канцылярыя, шпіталь, стайні, карэтная і інш. службы. П-падобны ў плане 2-павярховы палац з мансардамі ўтвараў адкрыты парадны двор, які з боку Старога замка заканчваўся 1-павярховымі флігелямі і брамай. З боку дваровага фасада да паўкруглага эркера была прыбудавана палацавая капліца. Маляўнічае вырашэнне палаца дасягалася спалучэннем чырв. дахоўкі, зялёнага колеру сцен і белых элементаў арх. пластыкі і ляпнога дэкору. Планіроўка калідорная з авальнай у плане цэнтр. купальнай залай, ад якой адыходзілі парадныя памяшканні, вял. вестыбюль, капліца. Жылыя памяшканні размяшчаліся на 2-м паверсе і ў мансардзе, службовыя — у скляпеністых падвалах. Інтэр’еры капліцы, Сенатарскай, Пасольскай і Круглай залаў былі ўпрыгожаны жывапісам, размаляванымі плафонамі, панэлямі, стукавай залачонай лепкай у стылі ракако, скульптурай, паркетнай падлогай. У 1780-я г. інтэр’ер размаляваны сюжэтнымі сцэнамі (дэкаратар Манькоўскі). У першапачатковым выглядзе захаваліся ўязная брама, фланкіраваная манум. пілонамі са скульптурамі сфінксаў, дэкар. вайсковай арматурай (створана пад уплывам творчасці франц.арх. Ф.Бландэля). У 1944 палац значна разбураны. Пасля перабудовы (1952, арх. У.Вараксін) у ім размяшчаўся Гродзенскі абком КПБ, у наш час — частка экспазіцыі Гродзенскага гісторыка-археал. музея і абл.навук.б-ка імя Я.Ф.Карскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЙ ДУХО́ЎНАЙ СЕМІНА́РЫІ БУДЫ́НКІ,
архітэктурны комплекс канца 18 — сярэдзіны 19 ст. ў Магілёве. Духоўная семінарыя засн. архіепіскапам Г.Каніскім, пры ім распачата буд-ваасн. вучэбнага корпуса (узведзены ў 1780—85, праект арх. М.Львова; не захаваўся) і дома-інтэрната (пабудаваны да 1795). Уваходзіў у ансамбль Магілёўскага Спаскага манастыра. Вучэбны корпус — мураваны 2-павярховы будынак у стылі класіцызму. На 1-м паверсе знаходзілася б-ка, на 2-м — зала для сходаў («круглая зала»), дэкарыраваная пілястрамі іанічнага ордэра. Гал. фасад вылучаў порцік дарычнага ордэра, завершаны франтонам, з трыма прамавугольнымі нішамі. Насупраць вучэбнага корпуса стаяў 2-павярховы дом-інтэрнат для настаўнікаў і казённых выхаванцаў. Уяўляў сабой тып багатага гар. дома: асіметрычнае аб’ёмна-прасторавае вырашэнне, спалучэнне мураванага масіўнага каркаса з сістэмай драўляных галерэй, высокі дах. З 1797 буд-ва семінарыі працягваў архіепіскап А.Братаноўскі. Да канца 1820-х г. будынкі семінарыі аб’яднаны ў асобны комплекс. Паводле архіўных чарцяжоў губ.арх. Заржэўскага, комплекс быў аддзелены ад Спаскага манастыра і архірэйскага двара садам і службовымі пабудовамі. На чарцяжы нанесены 2 невял. карпусы новага тыпу гар. забудовы. Адзін з іх драўляны П-падобны ў стылі ранняга ампіру, у ім знаходзіліся бальніца з лазняй і свіран. Да пач. 1860-х г. склалася новая забудова комплексу семінарыі. Ён уключаў 2 новыя 2-павярховыя мураваныя жылыя флігелі для настаўнікаў і выхаванцаў, б. дом купца Кітаева (набыты для семінарыі) — невял. кампактны 2-павярховы будынак з высокім цокальным паверхам, дзе размяшчаўся семінарскі архіў; з боку гал. фасада знаходзілася галерэя — уваход у пакоі 2-га паверха, дзе былі кватэра аканома і кладоўка. Паводле плана 1853 праведзена рэканструкцыя ансамбля семінарыі, які набыў замкнёную кампазіцыю. Цэнтрам яго па-ранейшаму заставаўся вучэбны корпус, перад ім сфарміравалася трапецападобная плошча. Фарміраванне фронту забудовы завяршылася пабудовай уязной брамы.
В.Ф.Марозаў, І.М.Слюнькова.
Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкі. Дом для рэктара і прэфекта. Чарцёж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛІ́ШКАЎСКІ КАСЦЁЛ ІАА́НА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1769 з цэглы ў в. Васілішкі (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.) пры кляштары базыльян. У 1832 пераасвячоны пад царкву, з 1919 зноў касцёл. Мураваная 3-нефавая базіліка пад 2-схільным дахам з паўкруглай апсідай і сакрысціяй. Гал. фасад фланкіраваны 3-яруснымі вежамі з паўцыркульным шчытом паміж імі. Пластыку ствараюць увагнутасці і акругласці вежавых граняў, слаістыя лапаткі, пілястры з валютамі, цягі і карнізы, прамавугольныя філёнгі. Сіметрычна-восевая трохчасткавая кампазіцыя фасада падкрэслена лучковымі ўваходнымі і аконнымі праёмамі, нішамі, круглымі люкарнамі. У інтэр’еры каларыстычна насычаныя, пластычна вырашаныя алтары (галоўны, 2 бакавыя, 4 кулісныя), выкананыя ў стылі ракако, упрыгожаныя пазалочанай лепкай. Перад касцёлам — мураваная 3-арачная брама, абрыс якой адпавядае пластыцы яго гал. фасада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЧЭ́ЙКАЎСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў в.Бачэйкава (Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл.). Закладзены ў сярэдзіне 18 ст. Парк рэгулярнага тыпу, размешчаны на правым пакатым беразе р. Ула, аформлены 3 шырокімі тэрасамі. Цэнтрам сіметрычна-восевай кампазіцыі быў мураваны палац (закладзены ў 1769, не збярогся), перад якім размяшчаўся авальны партэр. Папярочная алея на восі У—З падзяляе парк на 2 зоны. На Пд ад палаца масіў ліп і таполяў, пасаджаных па рамбічнай планіровачнай сетцы. У тэраснай частцы парку, аформленай газонамі, шпалерамі, баскетамі, лабірынтам, фантанам, раслі ліпы, бэз персідскі, гартэнзія мяцёлчатая і інш. У вуглавых частках парку — штучныя вадаёмы. Гасп. мураваныя будынкі ў стылі класіцызму. Пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну.
Літ.:
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 52—55.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДРА-НЕ́ЎСКАЯ ЛА́ЎРАў Санкт-Пецярбургу,
помнік архітэктуры 18 ст.Засн. Пятром I у 1710 на ўшанаванне памяці Аляксандра Неўскага як манастыр; з 1797 лаўра (буйны мужчынскі праваслаўны манастыр). У арх. ансамбль лаўры ўваходзяць Благавешчанская царква (1717—22, арх. Д.Трэзіні, Т.Швертфегер), Фёдараўскі корпус з царквой (1740—50, арх. П.Трэзіні), Троіцкі сабор у стылі класіцызму (1776—90, арх. І.Староў) і інш. На тэр. лаўры створаны дзярж. запаведнік, дзе размешчаны Музей гар. скульптуры з некропалем 18 ст. (Лазараўскія могілкі з надмагільнымі помнікамі работы І.Мартаса, М.Казлоўскага і інш.) і некропалем майстроў мастацтваў (Ціхвінскія могілкі). У Аляксандра-Неўскай лаўры пахаваны М.В.Ламаносаў, А.В.Сувораў, М.М.Карамзін, І.А.Крылоў, П.І.Чайкоўскі, Ф.М.Дастаеўскі, М.І.Глінка і інш.
Існавалі ў 17—19 ст. у в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на. 1) У інвентары 1650 апісаны драўляны замак з абарончымі сценамі і 4 вуглавымі вежамі, абкружаны штучным ровам і сажалкамі. На замкавым двары стаялі 1-павярховы драўляны палац, дом «прускага муру», розныя гасп. пабудовы, стайня, вадзяны млын, тартак.
2) У інвентары 1745 апісана сядзіба (драўляны палац, фальварак, гасп. пабудовы, ставы з млынамі, рыбныя сажалкі).
3) У пач. 19 ст. за 1 км ад вёскі пабудаваны мураваны 2-павярховы палац у стылі несапраўднай готыкі. У ім знаходзілася каштоўная калекцыя твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, сабраная М.Тышкевічам. Згарэў у 1860. Да 1876 побач пастаўлены новы мураваны атынкаваны палац. У вял. парку, што абкружаў палацы, быў звярынец.
Астрашыцка-Гарадоцкія замкава-палацавыя комплексы. Палацы. З малюнка Н.Орды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНАВЕ́НТЭ-І-МАРЦІ́НЕС ((Benavente y Martinez) Хасінта) (12.8.1866, Мадрыд — 14.7.1954),
іспанскі драматург. Аўтар 172 п’ес: бытавых, псіхалагічных, маральна-філас., сімвалічных і інш. У п’есах «Вядомыя людзі» (1896), «Трапеза драпежных звяроў» (1898), «Пошласць» (1901) і інш. крытыка быту «свецкага» грамадства спалучаецца з пагардай да народа. У лялечным фарсе ў стыліітальян. камедыі масак «Гульня інтарэсаў» (1907) і яго працягу «Горад вясёлы і бесклапотны» (1916), дзе матэрыяльныя інтарэсы выступаюць як рухальная спружына паводзін, паліт. барацьбы і вайны, прапаведаваў маральнае самаўдасканаленне. Тое ж характэрна для яго маральна-філас. п’ес («Пані гаспадыня», 1908; «Няшчасная», 1913). У 1940—50-я г. пісаў пераважна пацяшальныя камедыі («Дон Хуан з’явіўся», 1952; «Шпілька ў роце», 1953, і інш.). Нобелеўская прэмія 1922.
Літ.:
Плавскин З.Н. Испанская литература XIX—XX веков. М., 1982. С. 125—129.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБІ́НКА (Яўген Паўлавіч) (2.2.1812, с. Мар’янаўка Палтаўскай вобл., Украіна — 15.12.1848),
украінскі пісьменнік. Скончыў Нежынскую гімназію вышэйшых навук (1831). З 1834 жыў у Пецярбургу. Друкаваўся з 1831. Пісаў на ўкр. і рус. мовах. У 1841 выдаў першы ўкр. альманах «Ластівка» («Ластаўка»). Вершы (некаторыя сталі нар. песнямі), а таксама раннія аповесці і раманы («Нежынскі палкоўнік Залатарэнка», 1842; «Чайкоўскі», 1843) рамантычныя па стылі, прысвечаны гісторыі Украіны, у прыватнасці Запарожжа. У байках выкрываў сац. несправядлівасць, невуцтва, прадажнасць паноў і чыноўнікаў. У канцы 1830 — пач. 1840-х г. напісаў шэраг рэаліст. твораў («Апавяданні пірацінца», 1837; аповесць «Кулік», 1841; раман «Доктар», 1844, і інш.). На бел. мову творы Грабінкі перакладаў Э.Валасевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЕВА́НГЕЛЛЕ ВУЧЫ́ЦЕЛЬНАЕ»,
помнік старажытнабеларускага кнігадрукавання, першае на Беларусі друкаванае евангелле. Выдадзена І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам у 1569 у Заблудаве на царк.-слав. мове. Уключае таксама творы візант., балг. і стараж.-рус. пісьменнасці, у т. л. «Слова на ўшэсце Кірылы Тураўскага». Мае прадмову, напісаную гетманам ВКЛ Р.Хадкевічам.
Надрукавана фарматам у аркуш (407 аркушаў) з выкарыстаннем паўустаўнага шрыфту маск. выдання «Апостал». У аздобе спалучаны рысы маск. і бел. кнігадрукавання: тытульны ліст, гравюры з выявай герба Хадкевіча (мяркуюць, што выканаў Мсціславец), 3 застаўкі, 6 канцовак, 2 ініцыялы, 77 ламбардаў (дробных ініцыялаў). Застаўкі выкананы ў т.зв. старадрукарскім стылі (спалучэнне адлюстраванняў акантавага ліста, кедравых шышак, граната і інш.) белымі лініямі па чорным фоне (двойчы) і чорнымі па белым. Вядома больш за 40 экзэмпляраў. «Е.в.» неаднаразова перавыдавалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУПРА́НСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры 2-й пал. 19 ст. Пабудаваны ў в. Жупраны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. ў стылі псеўдаготыкі. Мураваны прамавугольны ў плане 3-нефавы храм з вежай-званіцай на гал. фасадзе. Маляўнічасць фасадам надае мяшаная тэхніка муроўкі: асн. ўчасткі сцен з буту з украпінамі маленькіх каменьчыкаў; пілоны, якія ўмацоўваюць вуглы асн. аб’ёму і званіцы, абрамленні аконных, дзвярных праёмаў і блендаў з цэглы. Дах 2-схільны з трохвугольным атыкам на алтарным і прамавугольным на гал. фасадах, завершаны дэкар. вежачкамі. Карнізны пояс з высокім складаным па малюнку аркатурным фрызам падзяляе будынак на 2 ч.: ніжнюю, амаль глухую, і верхнюю, расчлянёную спічастымі праёмамі. Званіца 3-ярусная, завершана шатровым дахам. Побач з касцёлам на могілках — магіла Ф.Багушэвіча і яго сям’і.