ТЭКСТ (ад лац. textus тканіна, злучэнне),

паслядоўнасць выказванняў на пэўнай мове, структурна і семантычна суаднесеных у пісьмовым ці вусным маўленні (у сінтагматыцы) такім чынам, што яны набываюць сэнсавую цэласнасць, лагічную звязнасць, адносную завершанасць, прадметна-тэматычнае адзінства. З заканчэннем працэсу стварэння вербальнага Т. чалавек пакідае мову як сістэму рознаўзроўневых адзінак і правіл іх спалучэння і мае справу з Т. не як мовазнаўчай з’явай, а феноменам слоўнай творчасці ў галіне маст. л-ры, публіцыстыкі, навукі і інш. На гэтай падставе паняцце Т. набывае культуралагічную каштоўнасць і пашыраецца на звязную сукупнасць знакаў у любой форме камунікацыі (музыка, танец, гульня, крыптаграфія, рэлігія, рытуалы, абрады, дызайн і інш. семіялагічныя сістэмы); культура ва ўсіх яе разгалінаваннях разглядаецца як сукупнасць шматлікіх і разнастайных Т., якія чалавек, паступова засвойваючы нац. культуру, вучыцца чытаць. Існуюць 2 роднасныя навукі, аб’ектам вывучэння якіх служаць Т.: тэксталогія і тэорыя Т. (інш. назвы — лінгвістыка Т., граматыка Т., структура Т.), якая даследуе Т. перш за ўсё з лінгвістычных пазіцый — суадносіны і функцыянаванне моўных адзінак.

Слова «Т.». выкарыстоўваецца і ў больш вузкіх значэннях (аўтарскі Т. без дадаткаў і каментарыяў да яго; слоўная частка выдання тыпу альбом, буклет, чарцяжы і інш.; словы для муз. твора — песні, хора, оперы і інш.) і спец. значэннях (урывак з твора славеснасці для вучэбных мэт, рэкламны Т.); у друкарскай справе — шрыфт, кегль (памер роўны 20 пунктам — каля 7,5 мм).

Літ.:

Лотман Ю.М. Структура художественного текста. М., 1970;

Текст и аспекты его рассмотрения. М., 1977;

Лингвистика текста. М., 1978;

Текст как психолингвистическая реальность. М., 1982;

Текст как обьект комплексного анализа в вузе. Л., 1984.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Далікту́ся ’вельмі далікатны (пра чалавека)’ (Сцяц.). Відаць, запазычанне з польск. мовы, але слова было сапсавана. Параўн. польск. delikatniś ’пястуха, недатыка’ (утварэнне да delikatny). Параўн. яшчэ ст.-бел. деликатъ ’пястун’ (паводле Булыкі, Запазыч., 90, з франц. délicat < лац.). Фанетычная структура польск. слова, відаць, была незвычайнай для ўсх.-слав. моў, і таму яно было перароблена і, магчыма, кантамінавалася з нейкім іншым словам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГАРЭ́ЛІК Залман Абрамавіч (5.4.1908, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 16.2.1987),

бел. геолаг. Д-р геолага-мінералагічных навук (1973). Скончыў Маскоўскі геолагаразведачны ін-т (1936). Працаваў у Бел. геал. упраўленні, Ін-це геал. навук АН БССР, Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це. Навук. працы па праблемах рэгіянальнай і саляной тэктонікі, тэктанічнага развіцця структур, фарміраванні нафтавых радовішчаў, пошуках карысных выкапняў Беларусі. Адзін з адкрывальнікаў першых радовішчаў калійных і каменнай солей і нафты на Беларусі.

Тв.:

Современная структура и история тектонического развития Припятской впадины. Мн., 1968 (у сааўт.);

Разрывные нарушения Припятского грабена и их роль в распространении полезных ископаемых. Мн., 1986 (разам з А.​М.​Сінічкінай).

т. 5, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ТКА Нэлі Уладзіміраўна (н. 31.3.1938, Мінск),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі раслін. Д-р біял. н. (1991). Скончыла БДУ (1960). З 1964 працуе ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі. Навук. працы па экалагічнай фізіялогіі раслін, ксенабіяхіміі і фітаманіторынгу навакольнага асяроддзя. Распрацавала канцэпцыю адаптыўнай рэакцыі віду ў тэхнагенным асяроддзі; прапанавала схему біяхім. дэтаксікацыі чужародных злучэнняў у тканках ліста.

Тв.:

Вопросы индустриальной экологии и физиологии растений. Мн., 1973 (разам з П.​П.​Чуваевым, Ю.​З.​Кулагіным);

Устойчивость интродуцированных растений к газообразным соединениям серы в условиях Белоруссии. Мн., 1979 (разам з Я.​А.​Сідаровічам);

Растения в техногенной среде: Структура и функции ассимиляц. аппарата. Мн., 1989.

т. 5, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРУ́ЦКІ Анатоль Антонавіч (н. 23.10.1948, в. Смаляны Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1977). З 1982 працаваў у Бел. політэхн. ін-це, з 1991 — у Бел. пед. ун-це (з 1994 заг. кафедры тэорыі і гісторыі мовы). Гал. кірункі навук. дзейнасці — бел.-рус. двухмоўе, тэорыя мовазнаўства, нейралінгвістыка. Праблемам двухмоўя прысвечаны працы «Беларуска-рускі мастацкі білінгвізм: тыпалогія і гісторыя, моўныя працэсы» (1990) і «Вазьмі маё слова...» (1990, разам з А.​Я.​Міхневічам). Своеасаблівая філас.-рэліг. канцэпцыя слова выкладзена ў кн. «Структура слова: асновы Тэорыі Вялікага Аб’яднання» (1995) і «Тайна імя» (1996). Аўтар дапаможнікаў для ВНУ.

т. 5, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ТГАРЦ Міхаіл Ільіч (н. 14.12.1927, г. Таржок Цвярской вобл., Расія),

бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1980), праф. (1989). Чл. Нью-Йоркскай АН (1995). Сын І.А.Гітгарца. Скончыў Куйбышаўскі авіяц. ін-т (1951). З 1961 у Ін-це надзейнасці машын АН Беларусі. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе, па вывучэнні тонкай крышталічнай будовы, механізмаў і кінетыкі фазавых ператварэнняў, умацаванні і разумацаванні дысперсійна-цвярдзеючых сплаваў і сталей.

Тв.:

Тонкая структура дифракционных линий рентгенограмм стареющих сплавов с упругим выделением дисперсной фазы // Металлофизика. 1974. Вып. 51;

К теории рассеяния рентгеновских лучей на выделениях в кристаллах с упругими межфазовыми деформациями // Физика металлов и металловедение. 1991. № 6.

А.​Л.​Балсун.

т. 5, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЗКО́Ў Юрый Васілевіч (н. 3.12.1930, г. Таганрог, Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н., праф. (1982). Скончыў Узбекскі дзярж. ун-т (1953). З 1957 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1969 у БДУ. Навук. працы па фотахіміі і спектраскапіі каардынацыйных злучэнняў. Распрацаваў метады магніта-рэзананснай спектраскапіі прадуктаў хім. рэакцый, стварыў малекулярныя генератары радыёчастот на аснове хім. палярызацыі атамных ядраў.

Тв.:

Структура продуктов реакции фотовосстановления металлопорфиринов (у сааўт.) // Докл. АН СССР. 1972. Т. 207, № 2;

Генерирование электромагнитных колебаний в ходе фотохимических реакций (разам з Г.​П.​Шпяньковым, Л.​А.​Хільмановіч) // Журн. прикладной спектроскопии. 1982. Т. 36, вып. 5.

А.​І.​Болсун.

т. 5, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНІ́Т (італьян. granito літар. зярністы),

магматычная поўнакрышт. горная парода, багатая крэменязёмам. Адна з найб. пашыраных у зямной кары кантынентаў. Складаецца ў асноўным з кварцу, каліевага палявога шпату (артаклаз, мікраклін), кіслага плагіяклазу і слюды (біятыт, мускавіт). Структура раўнамерназярністая ці парфірападобная. Тэкстура масіўная. Колер ружовы, шэры, жоўты, белаваты, зеленаваты. Шчыльн. 2530—2720 кг/м³. Трываласць на сцісканне да 300 МПа. Існуюць 2 генет. групы граніту: магматычныя, якія ўзніклі ў працэсе крышталізацыі (расплавы) і ўтвораныя ў працэсе гранітызацыі. Адрозніваюць уласна граніт (10—60% плагіяклазу), гранадыярыт (65—90%) і плагіяграніт (больш за 90%). На Беларусі граніт пашыраны сярод парод крышт. фундамента. Выкарыстоўваецца як буд. і абліцовачны матэрыял.

У.​Я.​Бардон.

Граніт.

т. 5, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЗАМА́САЎ Іван Цімафеевіч (8.8.1922, с. В. Кулікі Ракшынскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 23.12.1990),

бел. вучоны ў галіне паразіталогіі. Д-р біял. н. (1972). Скончыў Казанскі ун-т (1952). У 1952—54 навук. супрацоўнік заказніка «Белавежская Пушча», з 1958 у Ін-це заалогіі АН Беларусі (у 1981—85 нам. дырэктара). Навук. працы па комплексным даследаванні паразіталагічнай сітуацыі ў прыродных ландшафтах, біялогіі і экалогіі эктапаразітаў — пераносчыкаў трансмісіўных інфекцый, небяспечных для чалавека і с.-г. жывёл.

Тв.:

Иксодовые клещи. Мн., 1961;

Гамазовые клещи фауны Белоруссии. Мн., 1968;

Структура паразитоценозов грызунов геоботанических подзон Белоруссии. Мн., 1983 (разам з І.​В.​Меркушавай, І.​В.​Чыкілеўскай).

т. 1, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫМІРА́ННЕ, у экалогіі стан папуляцыі, які характарызуецца ўстойлівым перавышэннем смяротнасці над нараджальнасцю; у тэорыі эвалюцыі знікненне любой таксанамічнай групы арганізмаў без пакідання даччыных формаў. Акрамя шматлікіх фактаў вымірання асобных папуляцый і відаў вядомы прыклады поўнага вымірання цэлых атрадаў (аманіты, шчытковыя рыбы, стэгацэфалы, іхтыязаўры, дыназаўры), класаў (псілафіты, трылабіты і інш.), тыпаў (археацыяты). Прычыны вымірання асобных папуляцый і відаў звычайна звязаны з павелічэннем смяротнасці ў выніку адмоўнага ўздзеяння знешніх фактараў (змена клімату, канкурэнцыя, дзейнасць чалавека і інш.), радзей — з уплывам унутраных фактараў (інбрыдзінг — скрыжаванне блізкароднасных арганізмаў, неспрыяльная палавая ці ўзроставая структура папуляцыі). Віды, якія выміраюць, уключаюцца ў Чырв. кнігу і ахоўваюцца дзяржавай.

В.​В.​Грычык.

т. 4, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)