КО́ЛЬВІЦ (Kollwitz) Кетэ (8.7.1867, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія — 22.4.1945),

нямецкі графік і скульптар. Вучылася ў маст. школах у Берліне (1885—86) і Мюнхене (1888—89). У 1919—33 праф. АМ у Берліне. У ранні перыяд творчасці зазнала ўплыў М.Клінгера. У малюнках, афортах, літаграфіях адлюстроўвала трагізм сваёй эпохі, выказвала сац. пратэст, увасабляла гуманіст. ідэалы. Графічная манера вызначалася дынамікай кампазіцыі, кантрастамі тонаў і штрыха: цыклы «Паўстанне ткачоў» (1897—98), «Растаптаныя» (1900), «Вайна» (1920—24), «Голад» (1924)», «Маці» (1922—23), «Марыя і Лізавета» (1928), «Покліч смерці» (1934—35) і інш. Экспрэсіўная пластычнасць уласціва скульпт. творам К.: кампазіцыя «Маці і Бацька» (1932) на ваен. могілках каля г. Дыксмёйдэ (Бельгія), «Мацярынская вежа» (1937—38), рэльеф «Жальба» (1938), станковая скульптура «П’ета» і інш.

В.​Я.​Буйвал.

К.Кольвіц. П’ета.

т. 8, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́МЕР (Cremer) Фрыц (н. 22.10.1906, г. Арнсберг, Германія),

нямецкі скульптар і графік. Правадз. чл. Герм. АМ (з 1950). Ганаровы чл. АМ СССР (1967). Скончыў Вышэйшую школу выяўл. і прыкладнога мастацтва (1934) і АМ (1940) у Берліне. З 1946 выкладчык Акадэміі прыкладнога мастацтва ў Вене, з 1950 кіраўнік майстэрні пры Герм. АМ (Берлін). Зазнаў уплыў Э.Барлаха. Сярод твораў: помнікі ахвярам фашызму ў Бухенвальдзе (1952—58), Равенсбруку (1959—61), Маўтгаўзене (1964—65); партрэты рабочага Ф.​Франіка (1954), Б.​Брэхта (1956), жывапісца І.​Іона (1962); станковыя скульптуры «Ева» (1949), «Аголеная» (1958), «Укрыжаваны» (пач. 1980-х г.); цыклы літаграфій «Венгрыя» (1956), «Бухенвальд» (1955—57). Нац. прэмія ГДР 1953, 1958. Іл. гл. таксама да арт. Бухенвальд.

Літ.:

Полякова Н. Фриц Кремер. М., 1972.

Ф.Крэмер. Ева. 1949.

т. 8, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКС (Marcks) Герхард (18.2.1889, Берлін — 1981),

нямецкі скульптар і графік. Вучыўся ў Берліне ў Р.​Шайбе (1907—12). З 1912 выкладаў у «Баўгаузе», Школе маст. рамёстваў у Гале (1925—33), Вышэйшай школе выяўл. мастацтваў у Гамбургу (1946—50). У 1910-я г. зазнаў уплыў А.​Маёля, пазней В.​Лембрука. З 1920-х г. ствараў канструктыўна-ясныя. гарманічныя кампазіцыі і партрэты, арыентаваныя на архаічную стараж.-грэч. пластыку: «Альцына» (1934), «Ева», «Скаваны Праметэй» (абедзве 1948), «Фрэя» (1949), «Ладдзя Харона» (1952), партрэт Х.​Пурмана (1956—63) і інш. Аўтар помнікаў ахвярам 2-й сусв. вайны ў Кёльне (1949), Гамбургу (1949—52), Мангейме (1952), Гановеры (1956—58) і інш. Рабіў ілюстрацыі ў тэхніцы дрэварыту да баек Эзопа (1950) і інш.

т. 10, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦВЕ́ЕЎ Аляксандр Цярэнцьевіч (25.8.1878, г. Саратаў, Расія — 22.10. 1960),

расійскі скульптар. Засл. дз. маст. Расіі (1931). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1902). У 1906—07 працаваў у Парыжы. Чл. аб’яднанняў «Свет мастацтва», «Блакітная ружа», Т-ва рус. скульптараў. У 1918—48 выкладаў у Ленінградскай АМ (у 1932—34 дырэктар), у Маскоўскім маст. ін-це (1940—48). У 1900—10-я г. звяртаўся да аголенай чалавечай фігуры, прадстаўленай у стане прасветленага спакою, гармоніі духоўных і фіз. сіл (надмагілле В.​Барысава-Мусатава, 1910). Пошукі яснасці вобраза, архітэктанічнай абагульненай формы ў партрэтах Барысава-Мусатава (1900), А.​Герцэна (1912), А.​Чэхава (1945), аўтапартрэце (1939), групе «Кастрычнік» (1927). Працаваў у галіне дробнай пластыкі.

А.Мацвееў. В.​Э.​Барысаў-Мусатаў. 1900.

т. 10, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МУЗЕ́Й ВАНЬКО́ВІЧАЎ, «Дом-музей Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай палавіны 19 ст.»,

філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты ў 2000 у Мінску ў сядзібным доме Ваньковічаў (гл. арт. Мінскія сядзібы Ваньковічаў). Экспазіцыя размешчана ў 10 залах. Пл. экспазіцыі каля 300 м². Музей мае 3 раздзелы: жыццё і творчасць В.Ваньковіча і культ. жыццё тагачаснага Мінска; асаблівасці інтэр’ера перыяду высокага класіцызму; бел. сядзібны партрэт 17—1-й пал. 19 ст. Сярод экспанатаў творы жывапісу, дэкар.-прыкладнога мастацтва, мэбля, свяцільні, ксеракопіі архіўных дакументаў, якія маюць дачыненне да жыцця і дзейнасці Ваньковіча, фотарэпрадукцыі яго твораў, што захоўваюцца ў музеях Варшавы, Вільнюса, С.-Пецярбурга, Парыжа. Асобная зала адведзена пад муз. гасцёўню. Каля дома пастаўлены помнік Ваньковічу (2000, скульптар У.​Слабодчыкаў).

Н.​В.​Сычова.

т. 10, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЛЬЧЭР (Multscher) Ганс (каля 1400, г. Лойткірх, Германія — 1467),

нямецкі скульптар і жывапісец. З 1427 працаваў ва Ульме. Зазнаў уплывы Р.Кампена, нідэрл. і франц. скульптуры Ранняга Адраджэння. Адзін з першых у ням. мастацтве звярнуўся да вывучэння натуры, у рэліг. кампазіцыі ўводзіў быт. сюжэты, імкнуўся да перадачы індывід. характарыстыкі персанажаў праз гратэскава-выразную міміку і жэстыкуляцыю. Аўтар статуй Карла Вялікага, двух яго збраяносцаў, каралёў Чэхіі і Венгрыі (каля 1427—33), Хрыста-пакутніка на гал. партале (1429) і алтара (1433) у кафедральным саборы ва Ульме, Маці Божай для царквы ў Ландсбергу, св. Варвары і Магдаліны для капэлы св. Лаўрэнція ў Ротвайлі, мадэлі грабніцы Людвіга Барадатага (1435), алтара Марыі для Фраўэнкірхе ў Віпітэна (Італія, 1456—58), 8 карцін Ландсбергскага алтара (1437) і інш.

т. 11, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́ДЗЕ Якаў Іванавіч (28.5.1876, г. Кутаісі, Грузія — 10.3.1951),

грузінскі скульптар; заснавальнік груз. рэаліст. скульптуры. Нар. маст. Грузіі (1946). Правадзейны чл. АМ СССР (1947). Вучыўся ў Строганаўскім вучылішчы ў Маскве (1892—94), Адэскай рысавальнай школе (1894—98), у Парыжы (1899—1901 і 1904—10), дзе больш года працаваў у А.​Радэна. Адзін з заснавальнікаў (1922) і першых праф. Тбіліскай АМ. Творам уласціва імкненне да адухоўленасці вобраза. Аўтар помнікаў Э.​Нінашвілі (1911), А.​Цэрэтэлі (1914), К.​Леселідзе (1947) у Тбілісі, А.​Цулукідзе ў Кутаісі (1923), партрэта груз. паэта 12 ст. Чахрухадзе (1944), надмагілля Чаўчавадзе (1908—10). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1948.

Літ.:

Урушадзе И.А. Яков Николадзе: Жизнь и творчество. М., 1968.

Я.Нікаладзе. Грузінскі паэт 12 ст. Чахрухадзе. 1944.

т. 11, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПСУ́ЕЎ Уладзімір Нічыпаравіч (10.10.1924, в. Бабовічы Гомельскага р-на — 10.12.1995),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Аўтар станковых кампазіцый «Механізатары» (1957), «Маладагвардзейцы Гомеля. Клятва» (1960), «Садружнасць» (1963), «Рэйкавая вайна» (1964), «1905 год» (1970), партрэтаў Героя Сав. Саюза І.​К.​Захарава (1975), нар. пісьменніка Беларусі П.​Броўкі (1976), В.​І.​Давыдоўскай (1982) і інш.; помнікаў ахвярам фашызму ў в. Загалле Любанскага р-на (1964), у г. Докшыцы (1968), воінам Сав. Арміі і бел. партызанам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, у в. Лучнікі Слуцкага р-на (1970), в. Корань Лагойскага р-на (1980) Мінскай вобл., г.п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. (1983) і інш. Творы адметныя лаканізмам, абагульненасцю, выразнасцю сілуэта.

Б.​А.​Крэпак.

т. 12, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЭС ЭСКІВЕ́ЛЬ (Pérez Esquivel) Адольфа Марыя (н. 26.11.1931, Буэнас-Айрэс),

аргенцінскі скульптар, праваабаронец. Скончыў Нац. школу выяўл. мастацтваў у Буэнас-Айрэсе (1956), у 1956—71 выкладаў у ёй і ў Нац. ун-це г. Ла-Плата. Адзін са стваральнікаў (1971) праваабарончай хрысц. арг-цыі «Служба ў імя міру і справядлівасці ў Лац. Амерыцы», з 1974 яе ген. сакратар. Адзін з заснавальнікаў арг-цыі «Пастаянная асамблея ў абарону правоў чалавека». За праваабарончую дзейнасць праследаваўся ў час кіравання ў Аргенціне ваенных (1976—83), у 1977—78 зняволены. Са снеж. 1987 старшыня Міжнар. лігі барацьбы за правы і вызваленне народаў. Каардынатар Экуменічнага руху за правы чалавека. Для яго скульптурных твораў характэрна ўвасабленне матываў дакалумбавай Амерыкі. Нобелеўская прэмія міру 1980.

А.Перэс Эсківель.

т. 12, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́Ф’ЕЎ Іван Пракоф’евіч (4.2.1758, С.-Пецярбург — 22.2.1828),

рускі скульптар. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1785). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1764—79) у Н.Жыле і Ф.Гардзеева, у 1784—1828 выкладаў у гэтай акадэміі. Пенсіянер Пецярбургскай АМ у Парыжы (1779—84), дзе працаваў пад кіраўніцтвам П.​Жульена. Раннія творы, якія ствараў пад уплывам ракако, вызначаюцца дынамікай кампазіцыі і вытанчанасцю сілуэтаў («Актэон, якога праследуюць сабакі», 1784, і інш.). Пазней працаваў у рэчышчы класіцызму. Аўтар рэльефаў у будынку Пецярбургскай АМ (1785—86), у Паўлаўскім палацы (1785—87), на атыку Казанскага сабора ў Пецярбургу («Пакланенне меднаму змію», 1805—06), дэкар. статуй і груп для фантанаў Пецяргофа («Трытоны», 1800), скульптурнай кампазіцыі «Нява і Волхаў» (1801), партрэтаў (А.Ф. і А.Я. Лабзіных, 1802) і інш.

І.Пракоф’еў. Нява і Волхаў. 1801.

т. 12, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)