Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
АРА́НЖАВАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ, Аранжавая Рэспубліка (англ. Orange Free State),
правінцыя ў цэнтр.ч.Паўд.-Афрыканскай Рэспублікі. Мяжуе з прав. Капская, Трансвааль і Наталь, на ПдУ — з Лесота. Пл. 129,2 тыс.км², нас. 1,8 млн.чал. (1985). Насельніцтва — банту і сута. Адм. ц. — г.Блумфантэйн. Аранжавая правінцыя займае ч. ўнутраных плато — на З Плато Кап, якое на У пераходзіць у Высокі Велд і Драконавы горы (выш. да 2300 м). Клімат субтрапічны, ападкаў 250—900 мм за год. Бываюць замаразкі і засухі. Рака Аранжавая з прытокамі Вааль і Каледан упадае ў Атлантычны ак., на ёй ГЭС і вадасховішчы. Здабываюць золата, уранавыя руды і алмазы. Развіты маш.-буд., металаапр., металургічная (каляровыя металы), хім., гарбарна-абутковая, харч.прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі). Земляробства на багатых глебах (кукуруза, пшаніца, агародніна, тытунь, цытрусавыя). Транспарт чыг. і аўтамабільны.
Першыя сем’і афрыканераў (бураў) на тэр. Аранжавай правінцыі з’явіліся ў 1830-я г. Пераадолеўшы супраціўленне карэнных жыхароў — плямёнаў басута, яны заснавалі ў 1837 самаст. дзяржаву. У 1854 буры абвясцілі стварэнне Аранжавай Свабоднай дзяржавы. У саюзе з Трансваалем яна ўдзельнічала ў англа-бурскай вайне 1899—1902. З 1900 — брыт. калонія, у 1907 атрымала самакіраванне. З 1910 разам з трыма інш. калоніямі ў складзе Паўд.-Афрыканскага Саюза (з 1961 ПАР).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛМА́З (цюрк. алмас ад грэч. adamas несакрушальны),
дыямент, мінерал, крышт. кубічная мадыфікацыя самароднага чыстага вугляроду. Бясколерны, белы, блакітны, зеленаваты, жаўтаваты, чырванаваты, шэры ці чорны. Бляск алмазны, тлусты. Празрысты; моцная дысперсія святла. Цв. 10 (найцвярдзейшы з вядомых мінералаў). Шчыльн. 3,5—3,53 г/см³. Каштоўны камень 1-га класа.
Трапляецца ў ультраасноўных вывергнутых пародах — кімберлітах, здабываецца з карэнных радовішчаў і россыпаў, звычайна ў выглядзе дробных зярнят і асколкаў крышталікаў (сярэдняя маса 0,2 карата — 40 мг). Вельмі рэдкія алмазы, маса якіх перавышае 50 каратаў (10 г). Самыя вял. ў свеце: «Кулінан» (3106 каратаў, Паўд. Афрыка, Трансвааль, 1905), «Эксцэльсіёр» (971,5 карата, Паўд. Афрыка, ПАР, 1983), «Зорка Сьера-Леоне» (968,9 карата, Зах. Афрыка, Сьера-Леоне, 1972), «Прэзідэнт Варгас» (726,6 карата, Бразілія, 1938), «Джонкер» (726 каратаў, Паўд. Афрыка, Трансвааль, 1934) і інш. Празрыстыя і бясколерныя крышталі самых вял. памераў выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе (пасля агранкі наз.брыльянтамі), дробныя, зярністыя, афарбаваныя або з дэфектамі (борт, карбанада) — у тэхн. мэтах (для бурэння свідравін у цвёрдых пародах, шліфавання ў металаапрацоўцы, у электроннай прам-сці, рэзкі шкла і інш.). Радовішчы алмазу ў Аўстраліі, Рас. Федэрацыі — Рэспубліка Саха (Якуція), у Паўд. Афрыцы, Паўд. Амерыцы, Індыі. Пошукі алмазу вядуцца на Беларусі (гл.Алмазная прамысловасць).
Алмаз «Гарняк» (44,62 кар).Да арт.Алмаз. Малая расійская імператарская карона. Серабро. Брыльянты. С.-Пецярбург. 1801.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУХАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ, смаўжы,
гастраподы (Gastropoda),
клас беспазваночных жывёл тыпу малюскаў. 3 падкласы: пярэдняшчэлепныя (Prosobranchia), задняшчэлепныя (Opisthobranchia) і лёгачныя (Pulmonata). Каля 90 тыс. марскіх, прэснаводных і наземных відаў, каля палавіны з іх выкапнёвыя. На Беларусі 51 від, у т. л. 20 відаў наземных і 31 водных смаўжоў. Найб. пашыраны балацянікі, бітынія, жывародкі, вальваты, вінаградны смоўж, катушкі, слізнякі, хмызняковы смоўж.
Цела асіметрычнае, укрыта ракавінай розных памераў (выш. 0,5 мм — 70 см) і формаў (высокаканічныя, плоскаспіральныя, сподачкападобныя), складаецца з галавы, вантробнага мяшка са скурнай складкай-мантыяй, нагі. Галаву ўцягваюць у ракавіну. Нага з поўзальнай падэшвай; плаўнае слізганне па субстраце аблягчаецца сліззю. Органы дыхання — шчэлепы або лёгачныя мяшкі. Стрававальны тракт — рот з цёркай (радула), стрававод, страўнік са страўнікавай залозай, кішка з анальнай адтулінай. Сэрца мае жалудачак і 1—2 перадсэрдзі. Крывяносная сістэма незамкнёная, нерв. складаецца з 5 парнерв. гангліяў (вузлоў). Ёсць органы зроку, раўнавагі, дотыку (шчупальцы), хім. адчувальнасці. Раздзельнаполыя або гермафрадыты; ганада адна, апладненне ўнутранае. Расліннаедныя, дэтрытаедныя, драпежнікі і паразіты. Водныя бруханогія малюскі — корм для рыб; удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў, прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Некаторыя бруханогія малюскі — аб’ект промыслу, наземныя — шкоднікі с.-г. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МА-ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ (γ-выпрамяненне),
караткахвалевае эл.-магн. выпрамяненне з даўжынёй хвалі, меншай за 2∙10−10м. Узнікае пры распадзе радыеактыўных ядраў (гл.Радыеактыўнасць), тармажэнні хуткіх зараджаных часціц у рэчыве (гл.Тармазное выпрамяненне), сінхратронным выпрамяненні, а таксама пры анігіляцыі электронна-пазітронных пар і ў інш.ядз. рэакцыях. З прычыны кароткай даўжыні хвалі ў гама-выпрамяненні выразныя карпускулярныя ўласцівасці (гл.Комптана эфект, Фотаэфект), хвалевыя (дыфракцыя, інтэрферэнцыя) выражаны слаба.
Асн. характарыстыка гама-выпрамянення — энергія асобнага γ-кванта Eγ = hν, дзе h — Планка пастаянная, ν — частата выпрамянення. Пры пераходзе ядра атама з узбуджанага стану з энергіяй Ei у больш нізкі энергет. стан Ek выпрамяняецца γ-квант з энергіяй Eγ = Ei = Ek Eγ = Ei — Ek. У выніку гэтага гама-выпрамянення ядраў мае лінейчасты спектр. Натуральныя радыеактыўныя крыніцы даюць гама-выпрамяненню з энергіяй да некалькіх мегаэлектронвольтаў (МэВ), у ядз. рэакцыях атрымліваюцца γ-кванты з энергіяй да дзесяткаў МэВ, а пры тармазным выпрамяненні — да соцень МэВ і больш. Гама-выпрамяненне — адно з найбольш пранікальных выпрамяненняў (пранікальнасць залежыць ад энергіі γ-квантаў і шчыльнасці рэчыва).
Гама-выпрамяненне выкарыстоўваецца для выяўлення дэфектаў у вырабах і дэталях (гл.Дэфектаскапія), экспрэснага колькаснага вызначэння волава ў рудах, стэрылізацыі харч. прадуктаў, гаматэрапіі злаякасных пухлін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІКу мовазнаўстве,
граматычная катэгорыя, звязаная з непасрэдным ці апасродкаваным указаннем на колькасць прадметаў. У сучаснай бел. мове адрозніваюцца 2 формы ліку: адзіночны і множны, якія дыферынцыруюць прадметы паводле іх колькасных суадносін («стол» — «сталы») ці значэння («выбар» — «выбары»). Асн. сродкі іх выражэння — канчаткі («дом» — «дамы»), словаўтваральныя афіксы («неба» — «нябёсы»), суплетывізм асноў («я» — «мы»). Большасць назоўнікаў мае суадносныя формы Л. Пэўная частка іх не ўтварае адпаведных пар і выступае ў пастаяннай форме толькі адзіночнага Л. (адзіночналікавыя, або singularia tantum) ці толькі множнага (множналікавыя, або pluralia tantum). Да адзіночналікавых адносяцца назоўнікі, якія абазначаюць зборныя прадметы, рэчывы або матэрыялы, абстрактныя паняцці, астр. і геагр. назвы, уласныя імёны і інш. (напр., «смецце», «вугаль», «зло», «Беларусь», «Іван»). Да множналікавых адносяцца назоўнікі, якія абазначаюць парныя ці састаўныя прадметы, сукупнасць прадметаў, якая ўяўляецца як нешта адзінае, цэласнае, рытуалы, працэсы, станы, гульні, абрады, звычаі, святы, прамежкі часу ці прасторавыя паняцці і інш. (напр., «сані», «грошы», «замаразкі», «каляды», «суткі»). Побач з формамі адзіночнага і множнага Л. ў некат. бел. гаворках захаваліся рэшткі былога парнага Л. («дзве руцэ»), якія для сучаснай бел.літ. мовы не характэрныя.
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ-МЕЗО́НЫ, π-мезоны, піоны,
група самых лёгкіх нестабільных псеўдаскалярных элементарных часціц з моцнымі ўзаемадзеяннямі — адронаў. Утвараюць трыплет, які складаецца з 2 зараджаных (π+ — часціца і π− — антычасціца) і 1 нейтральнай (π0) часціц з нулявым спінам і масамі, прамежкавымі паміж масамі пратона і электрона (масы π+ і π− роўныя прыкладна 139,6 МэВ, π0 — 135 МэВ). Прадказаны Х.Юкавай (1935) для тлумачэння караткадзейнага характару і вялікай велічыні ядз. сіл; эксперыментальна π+ знойдзены ў касм. прамянях С.Ф.Паўэлам (1947), π− і π0 атрыманы ў лабараторных умовах (1948 і 1950 адпаведна).
З’яўляюцца звязанымі станамі пар кварк—антыкварк. маюць нулявы спін і адмоўную ўнутраную цотнасць, утвараюць ізатапічны трыплет (праекцыі ізатапічнага спіна +1, -1, 0) з амаль строга выраджанымі па масе спакою членамі. Удзельнічаюць ва ўзаемадзеяннях — моцным, эл.-магн., слабым і гравітацыйным. Іх распады абумоўлены электраслабым ўзаемадзеяннем (час жыцця π+ і π− роўны прыкладна 2,6 10−8 с, π0 — 0,9 10−16 с; спосабы распаду вызначаюцца іх квантавымі лікамі), а нараджэнне — моцным узаемадзеяннем паміж нуклонамі пры іх сутыкненнях. Складаюць значную частку касм. выпрамянення ў атмасферы Зямлі, штучна інтэнсіўныя пучкі піонаў атрымліваюць для прыкладных мэт, напр., для прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Павольныя зараджаныя П.-м. выкарыстоўваюць для вывучэння структуры рэчыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Восем (БРС, Яруш., Бяльк., КТС, Шат.). Рус.во́семь, укр.ві́сім, ст.-рус., ст.-слав.осмь ’восем’, балг.о́съм, серб.-харв.о̏сам, славен.ósem, чэш.osm, славац.osem, польск.ośm, в.-луж.wosom, н.-луж.wosym. Прасл.*osmь ’восем’ — новаўтварэнне ад osmъ ’восьмы’, падобна šestь : šestъ, devętь : devętъ і г. д. (Праабражэнскі, 1, 99; Фасмер, 1, 231). І.‑е. *ok̑tō(u); параўн. літ.aštuonì, лат.astuôni, ст.-інд.aṣṭā́u, aṣtã́, авест.ašta, арм.utʼ, грэч.ὀκτώ, лац.octō, гоц.ahtáu, ірл.ocht, тахар.okadh (Траўтман, 15; Торп, 8; Майргофер, 1, 63). У і.-е.*ok̑tōu ’восем’ бачаць форму пар. л. ад *oketā ’барана’, першапачаткова ’чатырохзубая’ (літ-ру гл. Фасмер, там жа). Гл. таксама Махэк₂, 419; Шанскі, 1, В, 170; Супрун, Числит., 11 і наст.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прэць ’гнісці, псавацца ад сырасці і цеплыні’; ’пацець, пакрывацца потам’, ’гатавацца’ (Ласт., Байк. і Некр., ТСБМ; брасл., шальч., даўг., гродз., астрав., Сл. ПЗБ; ТС), ’адмакаць’ (мядз., Сл. ПЗБ). Рус.преть ’пацець, прэць’, укр.прі́ти ’тлець, гніць, пацець, прэць’, польск.przeć ’пацець, буцьвець, прэць’, н.-луж.prěś ’засыхаць, вянуць’, параўн. таксама серб.*прети ’псавацца пад уплывам вільгаці і цеплыні’, рэканструяванае на падставе дзеепрыметнікаў испрѐл ’засушаны, завялы (пра садавіну, гародніну)’, пре̏лав ’падгарэлы’ (Огледна св., 65). Прасл.*preti, звязанае з *para, гл. пар (Фасмер, 3, 362; Шустар-Шэўц, 2, 1156; ЕСУМ, 4, 588; Бязлай, 3, 25). Роднасныя грэч.πρήυω, πίμπρημι ’палю, спальваю’. Персан (875; гл. Коген, Запіскі, 9, 84–85), Брукнер (442), Банькоўскі (2, 825) не аддзяляюць ад *perti (гл. пе́рці ’пхаць, папіхаць, моцна націскаць’), разглядаючы *pьrěti ’прэць’ як інхаатыўны дзеяслоў ад яго.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ПАВУКІ́, аранеі (Aranei) атрад беспазваночных жывёл кл. павукападобных тыпу членістаногіх. Вядомы з дэвону (каля 400 млн.г. назад). 3 падатр.: ліфістыяморфныя, або членістабрухія (Liphistiomorphae) мігаламорфныя, або П.-птушкаеды (Mygalomorphae), і вышэйшая аранеаморфныя, або двухлёгачныя (Araneomorphae). Больш за 27 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на сушы. Вандроўныя не будуюць сховішчаў, аселыя селяцца ў норках і логавах. Пераважна начныя жывёлы. Актыўнасць залежыць ад т-ры і вільготнасці асяроддзя. На Беларусі каля 300 відаў з сям. вадзяных П. (Argironetidae), кругапрадаў (Araneidae), П.-бакаходаў (Thomisidae), П.-скакуноў (Salticidae), П.-цянётнікаў (Theridiidae) трубкавых (Desderidae) і інш.
Даўж. ад 0,7 мм да 11 см. Самкі большыя за самцоў. Афарбоўка разнастайная. Цела складаецца з укрытых шчытком галавагрудзей і брушка, якія злучаны кароткай сцяблінкай. Вачэй 4 пары. Канечнасцей 6 пар (хадзільных ног 4 пары, з іх дапамогай робяць лоўчыя сеткі, яйцавыя коканы). На канцах хеліцэраў адкрываюцца пратокі ядавітых залоз. На брушку бародаўкі (1—4 пары) з адтулінамі павуцінных залоз. Павуціна дыяметрам да 3—7∙10−3мм складаецца з бялку фібраіну; трываласць на разрыў да 260 кг/мм², мае ў сабе бактэрыцыдныя рэчывы. Есць органы дотыку, нюху, слыху. Для П характэрны складаныя паводзіны, некаторым уласцівы канібалізм. Драпежнікі. Кормяцца насякомымі, трапічныя птушкаеды — дробнымі птушкамі, жабамі, яшчаркамі, мышамі. Раздзельнаполыя. Самкі адкладваюць яйцы ў коканы або яйцавыя мяшкі, якія носяць з сабой і ахоўваюць. Гл. таксама Каракурт, Крыжавікі, Птушкаеды, Тарантулы.