цяга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Валачыся па зямлі. Канец ланцуга цягаўся па зямлі.

2. Хадзіць дзе‑н., куды‑н. доўга, без мэты, без пільнай патрэбы. Уладзя пабыў у .. [цёткі] два дні, а пасля пайшоў цягацца па Слуцку цэлымі суткамі. Чорны. [Колас:] — Хлопцы мы былі смелыя. Цягаліся па лесе, заходзілі далёка ад сядзібы. Лужанін. // Хадзіць следам за кім‑н. Увабраўшы ў плечы галаву, .. [гаспадар] цягаецца з кульбай за намі і, здаецца, не толькі на зямлі, але і пад зямлёю ўсё бачыць. Бажко. Ходзіць па дварэ Марыля, бядуе-гаруе, дзеткі за ёй цягаюцца, плачуць... Нікановіч.

3. Шмат разоў хадзіць, ездзіць куды‑н. з якой‑н. мэтай, па якой‑н. справе. [Жагула:] — Што вы гэта кажаце, пане Свідэрскі! Як малы ўсё роўна! Буду я з мужыком па судах цягацца, сябе сарамаціць! Крапіва.

4. з чым. Насіць, вазіць з сабой што‑н., пастаянна мець пры сабе. Каб лішне не цягацца з мукой ды з розным другім харчам, [дзед Астап і Міколка] рашылі аднесці іх .. да маці. Лынькоў.

5. з кім, за кім. Заляцацца да каго‑н., быць у інтымных адносінах з кім‑н. [Зіна:] Успомні, што ты дазваляла сабе і яму, калі ён цягаўся за табой! [Гэля:] А што асаблівага дазваляла? Губарэвіч. [Коля:] — А яна [дзяўчына] сабе ўхмыляецца, цягаецца з кожным. Мыслівец.

6. Спаборнічаць; мерацца сіламі з кім‑н. [Балуеў:] — Дзе ўжо гэтаму пустазвону Калатухіну цягацца з Мясніковым. Гурскі.

7. Рабіць, працаваць. А пападалася там скварка, Была між імі чуць не сварка: — Бяры, Антось! — Я намакаўся, Бяры, брат, ты: ты больш цягаўся. Колас. Ад світання да змяркання Льецца пот: працуй, цягайся, За ўсё бульбай аддувайся. Васілёк.

8. Даглядаць каго‑н., няньчыць; пасвіць. Ёй [Дуні] ужо як жонцы шафёра неяк сорамна было цягацца з цялятамі. Ракітны.

9. Біцца з кім‑н., цягнучы за што‑н. Ці не ўчора з табой [аднакашнік] цягаліся За чубы ля кастроў лугавых? Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тума́н 1, ‑у, м.

1. Згушчэнне драбнейшых кропелек вады або ледзяных крышталікаў у прыземных слаях атмасферы, што робіць паветра непразрыстым. Над лужком, пад агародамі, бясконцым выбеленым палатном расцягваўся і клубіўся туман, той, што шмат абяцае грыбоў. Ракітны. Ці ж не з табой [сяброўкай] я сустракаўся У полі жніўнаю парой, Калі туман вячэрні слаўся Па свежай пожні пад гарой. Гілевіч. Туман растаў, угары завіднелася шэрае, з сінімі прагалінамі, неба. Мележ. З Нёмана, з шырокіх паплавоў на вёску наплываў бялёсы туман. Шчарбатаў. Стаяў туман, мароз круты. А. Александровіч. // Разм. Непразрыстая заслона дыму, пылу і пад. Махорачны туман. □ Дым чорны, як сажа, велізарнымі клубкамі віўся ўгару і расплываўся туманам. Нікановіч.

2. перан.; які або чаго. Тое, што перашкаджае добра бачыць, што засцілае зрок. Позірк .. [Любін], упаўшы на фотакартку мужа ў зашклёнай рамцы, заслаўся густой пеляной туману. Васілевіч. Што з табою, галубка? Чаму твае вочы Заслаў Слёзны туман? Кірэенка. Вочы .. [Настачкі] завалакліся туманам суму. Бядуля. // Тое, што перашкаджае правільна ўспрымаць і разумець навакольны свет, ацэньваць факты, надзеі. Рэлігійны туман. □ Паслухаць было, што казалі аб .. [Іване] людзі, але нейкі туман пайшоў на дзяўчыну, нічога не бачыла. Брыль. Вірчэўскі ссутуліўся, нахіліўшы наперад галаву, чырвань з твару сышла, вочы моргалі, праганяючы надакучлівы туман хмелю. Хадкевіч. / у вобразным ужыв. Мурам астрожным твой лёс адгароджаны, Дзень твайго шчасця яшчэ не народжаны — Сум туманамі ляжыць. Васілёк.

3. перан. Загадкавасць, няпэўнасць, незразумелае. У тумане будучага. □ Але .. [сын] не знаходзіў адказу, усё было як бы ў нейкім дзіўным тумане. Краўчанка.

•••

Сухі туман — памутненне паветра з-за наяўнасці ў ім дыму, пылу, гару.

Пусціць туман у вочы гл. пусціць.

Туман у вачах у каго — страта здольнасці ясна бачыць, успрымаць, усведамляць падзеі з-за моцнага хвалявання, хваробы і пад.

Туман у галаве ў каго — цяжар у галаве (ад стомленасць хваробы і пад.).

(Як) у тумане — а) няясна, невыразна, цьмяна (бачыць, помніць і пад.); б) няясна ўспрымаючы, разумеючы (жыць, хадзіць і пад.).

тума́н 2, ‑а, м.

Іранская залатая манета, якая была ў абароце да 1932 г.

[Перс.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тып, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Узор, мадэль, форма з істотнымі якаснымі прыкметамі, якім адпавядае пэўная група прадметаў, з’яў. Тыпы пасажырскіх самалётаў. □ Будынак, перад якім спыніліся калгаснікі з Пракопам, быў камбінаваным будынкам новага тыпу, зробленым па праекту Лапко. Колас.

2. ‑у. Спец. Вышэйшая катэгорыя ў сістэматызацыі раслін і жывёл, якая аб’ядноўвае роднасныя класы. Тып членістаногіх жывёл. Тып кветкавых раслін.

3. ‑у. Характэрны фізічны склад, знешні выгляд чалавека, звязаны з яго этнічнай прыналежнасцю. У жанчыны твар мангольскага тыпу. □ Але нічога французскага ў .. [Жанне] не было. Звычайны славянскі тып твару. Новікаў.

4. ‑у. Катэгорыя людзей, аб’яднаных супольнасцю якіх‑н. характэрных унутраных рыс, якасцей, а таксама яркі прадстаўнік гэтай катэгорыі. На глебе калектывізацыі з’явіўся новы тып селяніна — свядомага калгасніка, гаспадара-калектывіста. □ У корані змянілася само сацыяльнае аблічча, сфарміраваўся якасна новы тып рабочага чалавека. Машэраў.

5. ‑а. Мастацкі вобраз, у якім абагульнены характэрныя рысы якой‑н. групы людзей, саслоўя, класа, эпохі. Народны тып, характар выяўлены тут .. выразна, з добрай мастацкай мерай. Ліс. З таго часу .. [Якім] мне даражэй за ўсіх стаў: як тып, як характар, як чалавек... Нікановіч. У мове кожнага гогалеўскага тыпа паслядоўна раскрываецца мастацкі вобраз з усімі яго выгінамі і мадуляцыямі. «Полымя».

6. ‑а. Асобны чалавек, індывідуум, які вылучаецца сярод іншых характэрнымі рысамі. У гэты момант Панасюк цікавіў Барукова проста ўжо як тып. Васілевіч.

7. ‑а. Разм. Чалавек, звычайна з адмоўнымі рысамі, уласцівасцямі, да якога ставяцца пагардліва. — Асцярожней, хлопцы, той тып небяспечны, — на хаду папярэдзіў адзін дружыннік. Хадкевіч. [Рыбалтовіч] вучыўся ў беларускай гімназіі і здаваўся нам тады вельмі адукаваным і разумным чалавекам, нават бальшавіком. А потым справа з гэтым тыпам праяснілася. Брыль.

8. ‑у. Від, разнавіднасць чаго‑н. Рад асаблівасцей у скланенні назоўнікаў жаночага роду з асновай на зычны вылучае іх у асобны тып са сваёй спецыфічнай парадыгмай, якая ў значнай ступені характарызуецца сумяшчэннем старажытных і новых, набытых пад уздзеяннем граматычнай аналогіі, канчаткаў. Гіст. бел. літ. мовы. У адказ на жыццёвыя запатрабаванні пачынаюць з’яўляцца розныя тыпы слоўнікаў. Суднік. Многія меладычныя тыпы каляндарных украінскіх песень, у сваю чаргу, сустракаюцца ў песнях, якія бытуюць па ўсёй Беларусі. «Беларусь». // Узор, з’ява.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пада́цца 1, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. падаўся, ‑лася, ‑лося; зак.

1. Зрабіць рух тулавам у які‑н. бок; адхіліцца. На парозе ў сенцы стары спатыкнуўся, тулава яго падалося назад. Чорны. Паставіла [цётка] жалязняк лязом у зямлю, паціснула на яго нагою, падалася ўсім целам назад, нагнулася і вывернула цяжкі.. дзірван. Сачанка.

2. Адсунуцца, пасунуцца пад уздзеяннем напору; паддацца ўздзеянню чаго‑н. Люба паспрабавала адчыніць шафу. Дзверцы легла падаліся і адчыніліся. Мурашка. [Сомік] падняў кол і, залажыўшы між кавалкаў [бярвенняў], злёгку павярнуў. Кавалак паслу[хмя]на падаўся раптам, перакруціўшыся цераз горб, рынуўся ўніз па шліхце. Крапіва. // перан. Зрабіцца мякчэйшым, палагаднець. І, захліпаючыся ад слёз, выліваў сваю жальбу-роспач Пятрусь над Ганнай. Іначай быць не магло. Камень-сэрца — і тое падасца! Нікановіч.

3. перан. Прыкметна пагоршаць, пастарэць. Яшчэ не зусім, старая жанчына, за апошні год .. [жонка Казанцава] так падалася, што цяпер пазнаць яе было цяжка. Васілевіч.

4. Разм. Накіравацца куды‑н., у якім‑н. напрамку. Падацца ў горад. Падацца ў вырай. □ Сабастыян падкруціў вусы і падаўся дадому. Чорны. Каб не рабіць круга, [Ліда] падалася напрасцяк цераз выган той вёскі, у якой жыла. Кулакоўскі. // Падысці, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Падацца да стала. Падацца да дзвярэй. □ [Алесь] пачырванеў ад злосці і, сціснуўшы кулакі, падаўся да навічка. Ваданосаў. // Стаць вышэйшым, падрасці. Недарослы і хударлявы ў студэнцкія гады, Сарочын не вельмі падаўся ў рост і на вайсковай службе. Алешка. І, здаецца, бялей сталі гнуткія бярозы і яшчэ вышэй падаліся стромкія хвойкі і елкі. Лынькоў.

5. Разм. Паступіць, уладкавацца куды‑н., абраць спецыяльнасць. Падацца на працу ў калгас. Падацца ў настаўнікі. □ [Сашка] вырашыў падацца на вучобу ў будаўнічы інстытут. Гроднеў. Вера і Чупрык яшчэ даўно, калі вучыліся ў дзесяцігодцы, вырашылі падацца ў механізатары. Гурскі.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць пададзеным. Падалася каманда: «Гатова!» Глебка.

•••

Падацца ў белы свет — тое, што і пайсці ў белы свет (гл. пайсці).

пада́цца 2, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. падаўся, ‑лася, ‑лося; зак.

Разм. Тое, што і здацца ​2. Зося спынілася і недаверліва глянула на чалавека. Голас падаўся ёй знаёмы, але ў твар яна яго не магла пазнаць адразу. Крапіва. Падалося Ларысе, што гэты Адам вельмі ж нечым знаёмы ёй. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́ць, ламлю, ломіш, ломіць; пр. ламаў, ламала; заг. ламі; незак., каго-што.

1. Згінаючы, удараючы з сілай, аддзяляць часткі чаго‑н. або раздзяляць што‑н. на часткі; крышыць. На балоце нікнуць лозы, Вецер ломіць гай. Колас. Капельмайстар узяў з абознай фурманкі паўбулкі хлеба і ламаў яе па кавалку таварышам. Брыль. / у безас. ужыв. Ад ракі далятаў няроўны гул: ламала лёд па парогах. Савіцкі.

2. Пашкоджваць часткі цела, косці; нявечыць, калечыць. Ламаць крылы. Ламаць рэбры.

3. Здабываць, разбіваючы, разломваючы якой‑н. прыладай. Ламаць вапняк ломам.

4. Разбіваючы, разбураючы, даводзіць да непрыгоднасці, псаваць. Ламаць плот. Ламаць дзверы. // перан. Парушаць, змяняць без патрэбы. Ламаць план. □ [Начальнік:] — Будзеш ведаць, як саставы затрымліваць, графікі ламаць. Нядзведскі.

5. (ужываецца звычайна ў форме інфінітыва або прошлага часу); перан. Разбураць, знішчаць што‑н. аджыўшае, традыцыйнае, прывычнае. Гістарычны прагрэс народных мас ламаў векавыя асновы, разбураючы ўсё тое, што перашкаджала руху наперад. Пшыркоў. Старую тэхналогію нам трэба ламаць неадкладна. «Звязда». // Рэзка, крута змяняць (характар, прывычкі, паводзіны чалавека). [Карызна:] — Трэба ламаць сябе, трэба выкрышваць з сябе гэтыя закамянелыя парасці дробнабуржуазнай псіхікі. Зарэцкі. // Разбураць, змяняць у горшы бок. Ламаць сям’ю. □ [Ляшчэня:] А можа сапраўды не трэба ламаць жыццё, калі кахаеце адзін другога? Губарэвіч.

6. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Выклікаць хваравітае адчуванне ламоты. Гуло, звінела ў галаве, і рэзкі, тугі боль ламаў паясніцу. Сачанка. / у безас. ужыв. Было так ціха, што ламала скроні. Мележ.

7. Разм. Запрашваць за што‑н. высокую цану. Калі якая баба і вынесе на рынак кухан або піражок.., дык ломіць за яго без .. сораму і сумлення. Мехаў.

•••

Ламаць галаву над чым — біцца над рашэннем якой‑н. задачы, якога‑н. пытання; старацца зразумець што‑н. Доўга трымаў .. [генерал] Сцяпанава на сваім камандным пункце. Ламаў галаву, што зрабіць з гэтым вісусам. Алешка. Ніколі .. [Лене] яшчэ не даводзілася так ламаць галаву над жыццёвымі пытаннямі. Няхай.

Ламаць (разыгрываць) камедыю — прыкідвацца перад кім‑н., крывадушнічаць.

Ламаць коп’і — спрачацца аб чым‑н.; з запалам адстойваць што‑н., змагацца за што‑н.

Ламаць рукі (пальцы) — аб жэсце, якім выражаецца вялікае гора, ўзрушэнне. — Што ж гэта будзе?.. — ламала сабе рукі маладзіца. Нікановіч.

Ламаць хрыбет каму — пераадольваць каго‑н. у барацьбе.

Ламаць шапку перад кім — уніжацца, ліслівіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лю́дскі, ‑ая, ‑ае.

1. Чалавечны, пачцівы. Людскае абыходжанне.

2. Такі, як трэба; прыстойны. Максіму крыўдна станавілася за сваё жыццё, за тое, што ў яго і касцюма няма людскага, бо ўсе грошы забірае мачыха. Дайліда. [Тварыцкі:] — Каб людская жонка, можна было б разам з ёю рабіць усё, а то туляйся, як ад ворага. Чорны. / у знач. наз. лю́дскае, ‑ага, н. [Зіна:] Каб яе перуны высмалілі гэту вайну. Цяпер будзеш чакаць Івася можа тры гады... А колькі таго жыцця ў чалавека, а маладосці яшчэ менш. Ды я яшчэ людскага і не зазнала ў жыцці. Кучар.

3. Добры, прыгодны для чаго‑н. [Колас:] Пажар гэты я добра помню, бо я адзін быў пры маці і нічога людскага выхапіць з агню мы не змаглі. Лужанін. За кузняй сапраўды дзірванеў пустыр.. Яма на яме і адно каменне з жарствою. Там нават трава людская не расце. Якімовіч.

людскі́, а́я, ‑о́е.

1. Які мае адносіны да людзей, належыць людзям (у 1 знач.). Дзе-нідзе праснуе людская фігура і зараз жа знікне невядома куды. Колас. Сярод адвечнай цішыні першабытных лясоў рэдка сустракаліся людскія паселішчы. В. Вольскі. Знаць не знаў Паўночны полюс Урачыстасці такой. Тут спакон вякоў, ніколі Не было нагі людской. А. Александровіч. // Які складаецца з людзей. Людскі паток. □ Узнялася магутная людская хваля, ударыла громам воплескаў. Шамякін. // Які робіцца, ажыццяўляецца чалавекам, людзьмі. Людскія справы. □ Маўчыць усё навокала, не чутна гамонкі людской. Нікановіч.

2. Уласцівы людзям (у 1 знач.); чалавечы. Людскі лёс. Людская памяць. □ Вынікла новае мора, Пакорнае волі людской. Колас. [Салігорцы] шануюць слаўную памяць аб героях партызанах, якія аддалі тут сваё жыццё за шчасце людское. Кулакоўскі.

3. Які мае адносіны да людзей (у 2 знач.); іншы. — Хадзі ў калгас на работу, як людскія жонкі, будзеш мець і грошы і хлеб. Пальчэўскі.

4. Уст. Прызначаны для прыслугі. Запас .. [сухароў] Язэпка рабіў два апошнія дні — па кавалачку ад скупых лустак, што перападалі яму на людской кухні і ў лесарубнай арцелі. Якімовіч.

5. у знач. наз. людска́я, ‑ой, ж. Уст. Памяшканне для прыслугі пры панскім маёнтку. Пакінуўшы адурэлых паноў за віном, Пятро зачыніў іх у пакоі.., а сам прыйшоў у людскую і сказаў кухарцы: — Апошнія часы. І жывуць не па-людску, і пюць, як перад пагібеллю. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сі́вы́, а́я, ‑о́е і ‑ая, ‑ае.

1. Белы, серабрысты, які страціў афарбоўку (пра валасы). Сівыя валасы. □ З карэты паволі сышоў добра апрануты чалавек з навіслымі сівымі вусамі. Лынькоў. Вочы.. [Міхайлава] молада і хітра бліснулі з-пад сівых калматых броваў. Карпаў. // З белымі валасамі, з валасамі, якія страцілі сваю афарбоўку. Сівая галава. □ Гэта быў хударлявы, яшчэ дужы чалавек, хоць скроні даўно ўжо сталі сівыя. Ваданосаў. На ганак выйшаў гаспадар, ужо стары, каля сямідзесяці гадоў, сівы, лысы. Нікановіч. // У спалучэнні са словам «гады» ужываецца для абазначэння старасці. Ён, сівых гадоў ляснік, Распасцёр свой дажджавік, Ён ідзе, трымае стрэльбу, Гоніць з ёю звера-шэльму. Калачынскі. Хмель на сценах. Бэз лахматы Мірна свеціць на гародах. Тут бы нашым добрым маткам Дажываць сівыя годы. Панчанка.

2. Колеру попелу; шэры. З адной кішэні доўгага сівага халата тырчэла турэцкая булка. Колас. Ёсць [коні] ў сівых яблыках, з лебядзінымі шыямі, з агнявымі вачыма. Бядуля. Раптам сівая хмара засланіла сонца. Мыслівец. // Разм. Бледны з адценнем такога колеру (пра твар чалавека). Сівы твар Рома выцягнуўся. Шчарбатаў.

3. З прымессю шаравата-белай шэрсці (пра футра). Сівы бабровы каўнер. Сівы каракуль. □ Дзверы былі замкнёны, а.. заечая шапка [Хвядоса] вісела на плоце, вецер перабіраў на ёй дробныя сівыя валаскі. Шашкоў. // З такой шэрсцю; з шаравата-белым апярэннем (пра жывёлін і птушак). Сівы конь. □ [Караткевіч і Даўгулевіч] тады заспрачаліся, якія бываюць галубы. Ці толькі сівыя, якіх яны перад сабою бачылі, ці бываюць і іншай масці? Гурскі. // у знач. наз. сі́вы, ‑ага, м. Пра каня такой масці. Увесь яравы палетак прыйдзецца пераараць, цэлую вясну тузацца з плугам, .. праклінаючы страшнымі кленічамі невінаватага ні ў чым сівага. Крапіва.

4. перан. Шаравата-белы, бялявы. Невідочныя шумелі Чараты ў сівым тумане. Зарыцкі. Над Казбекам, над сівой макушкаю, Задрамала воблака ў цішы. Калачынскі. Нерухома стаялі дрэвы, сівыя ад расы. Самуйлёнак. Кіпіць Енісей, мнагаводны, як мора, Сустрэўшы сівы акіян. Хведаровіч. Схілы гары былі голыя, усланыя сівым, сухім мохам. Пестрак.

5. перан. Які мае адносіны да далёкага мінулага; старажытны. І перад намі паўставалі Сівыя, даўнія вякі, Калі жылі і ваявалі Не мы, а нашы землякі. Глебка. Нечым старым, сівым, далёкім патыхала ад.. [парку]. Чарнышэвіч.

•••

Дажыць да сівых валасоў гл. дажыць.

Сівы як лунь — зусім сівы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ірва́ць 1 і рваць 1, (і)рву, (і)рвеш, (і)рве; (і)рвём, (і)рвяце; незак., каго-што.

1. З сілай выхопліваць, рэзкім рухам вырываць, зрываць. Ножык, шапку з крыкам [людзі] З рук маіх ірвуць. Бядуля. У комінах вятры раўлі да рання, Ірвалі дахі, білі, што ў званы. Астрэйка. // Аддзяляць, адрываць ад сцябла, галінак (кветкі, плады і пад.). Ірваць яблыкі. □ Нагнуўшыся нізка-нізка, Люба краскі рвала, пляла вяночак. Мурашка. Адам ішоў памалу, .. ірваў жытнія каласы, выбіраў адтуль малочныя зярняткі і дробненька іх перажоўваў. Нікановіч. // Убіраць з поля, вырываючы з коранем (пра лён, каноплі і пад.). На славу вырас даўгунец! Але столькі работы... Закончыць ірваць. Абабіць. Спяшацца слаць. Мыслівец. Лубін ірвалі і вязалі ў снапы. Ермаловіч. // Выдаляць хірургічным шляхам (пра зубы). Ірваць старыя карані.

2. Рэзкім рухам раздзяляць на часткі; разрываць. Ірваць паперу. Ірваць ніткі. □ Да свята пасылку шле дзецям яна, Ірве на ўпакоўку сшытак. Лось. // перан. Спыняць, разрываць (адносіны, сувязі і пад.).

3. Кусаць, грызці (пра драпежных жывёл). Мурза.. з гучным гаўканнем накінулася на мядзведзя і давай ірваць яго зубамі за заднія ногі. Бядуля. Тарыел убачыў доўгае цела, .. бурую поўсць Мітрафанавага сабакі, які рваў за горла вялікага плямістага звера. Самуйлёнак.

4. Разбураць, узрываць што‑н. з выбухам. Партызанскі атрад «За Радзіму» наносіў удары па ворагу, ірваў чыгункі, граміў гарнізоны паліцыі. Жычка. Лёд ірвуць на Заходняй Дзвіне — Падпіраюць неба слупы ледзяныя. Барадулін. // перан. Рэзка парушаць цішыню, змрок і пад. [Гулкія выбухі] рвалі перадранішнюю цішыню, абуджалі трывогу і смутак. Карпаў.

5. безас.; перан. Разм. Імкнуць куды‑н., да каго‑, чаго‑н. Нешта само рвала .. [Кацярыну] наперад. Якімовіч.

6. Разм. Нарываць. Палец ірве. // безас. Пра рэзкі, пякучы боль. Зуб ірвала ўсю ноч.

7. Разм. Хутка і многа рабіць. [Касперскі:] Значыць, будзе [Бондар] з хлебам. Цяпер ён пойдзе рваць! Моцны чалавек! Гурскі. // Хутка, парывіста імчаць, бегчы. Варшаўскі злосна сцёбае пугай жарабца, той з месца рве галопам. Жычка. // Бурна, інтэнсіўна праяўляцца (пра сілы прыроды). Вецер ірве. Бура рве.

•••

Ірваць бакі (жываты) — моцна смяяцца, заходзіцца ад смеху.

Ірваць горла (глотку) — тое, што і драць горла (глотку) (гл. драць).

Ірваць жылы (кішкі, пуп) — цяжка працаваць, надрывацца на якой‑н. рабоце.

Ірваць з зубоў — сілаю адбіраць у каго‑н. што‑н.

Ірваць з рук — купляць нарасхват.

Ірваць на сабе валасы — быць у адчаі; моцна перажываць, дакараць сябе.

Ірваць на часткі каго — не даваць спакою каму‑н., бесперапынна турбуючы справамі, даручэннямі і пад.

ірва́ць 2 і рваць 2, (і)рве; безас. незак., каго.

Разм. Ванітаваць. Галя казінага малака не ела. Як толькі паднясе к роту — ірваць верне. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схапі́цца, схаплюся, схопішся, схопіцца; зак.

1. за каго-што. Узяць што‑н., узяцца за каго‑, што‑н. хуткім, рэзкім рухам (рук). Рукі ў Анісіма ліхаманкава схапіліся за стрэльбу. Сачанка. Агрыпіна войкнула і схапілася за твар рукамі, закрыла вочы. Пестрак. // Учапіцца за каго‑, што‑н., імкнучыся ўтрымацца. Я схапіўся за тату, і мы, падаючы і падымаючыся, пачалі прабірацца дамоў. Бяганская. [Жанчына] таксама, каб утрымацца на нагах, сутаргава схапілася за яго [Сіўцова] рукаў. Васілевіч. // перан.; за што. Ахвотна згадзіцца на што‑н., шукаючы падтрымкі; выкарыстаць што‑н. Хлопцы схапіліся за яго [Хведара] прапанову. Машара. Як за нейкі паратунак, я схапілася за вясёлыя жарты сяржанта і азірнулася яшчэ раз. Савіцкі.

2. Уступіць у бой, барацьбу, бойку. Ганна горача развіталася з ім ды на дарогу папрасіла ў яго: — Мікола, бацька мой... Там, дзе мы схапіліся першы раз з палякамі... Там Петруся забілі... Нікановіч. // Пачаць дурэць, бароцца. Праўда, калі-нікалі хацелася з хлапчукамі, як бывала, наганяць галубоў або схапіцца са сваімі аднагодкамі і падужацца ўволю. Гроднеў. / Пра жывёл. На двары сабака з кошкай схопяцца, а гэта ж — ой, як цікава. Гарбук. // Пачаць спрэчку, сварку. Зноў схапіліся два «старыя прыяцелі». Ніхто ім не пярэчыў. Пасля гаварылі праўленцы. Пташнікаў. А на другім канцы стала ў гэты час жонка Антося схапілася грызціся з Купрыяніхай, якая ўвесь час сачыла за гутаркаю Антося і ўпікала, што яе муж трымае сябе вельмі брыдка. Чарот. // Разм. Распачаць заўзятую гульню ў што‑н. Схапіцца ў шахматы.

3. Разм. Раптам успомніць пра што‑н.; спахапіцца. Аж раптам чую: «Хведар, а валы твае дзе?» Схапіўся — няма. Кірэйчык.

4. за што, з інф. Спехам або раптоўна пачаць што‑н. рабіць, прыняцца за якую‑н. справу. Не ведаць, за што схапіцца. □ На гэты раз Кравец чамусьці Схапіўся камізэлькі шыць. Корбан.

5. Разм. Хуткім рухам устаць, ускочыць. Як схопіцца .. [дзед Анісім], як пагоніцца за хлопцамі, як пачне латашыць кульбаю! Колас. Косця схапіўся з ложка і пабег мыцца. Адамчык.

6. Заняцца полымем. У адным канцы схапілася полымем хата. Васілевіч.

7. Спец. Зрабіцца цвёрдым, застыць. Шафёры выскаквалі з кабін, крычалі адзін на аднаго, заглядвалі ў кузавы, роспачліва ўзмахвалі рукамі: баяліся, каб не схапіўся бетон. Місько. // Зацягнуцца лядком. Пад нагамі дзе-нідзе праломваўся тоненькі, што ледзь паспеў схапіцца, лядок. Лобан.

•••

Схапіцца за галаву — жахнуцца; прыйсці ў адчай. [Косцік] разгарнуў кошыкам калючыя лапкі, зірнуў і за галаву схапіўся. Матачкі! Уся зямля ўкрыта [грыбамі], хоць касою касі! С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Ісці павольнай хадой, не спяшаючыся. [Лукаш:] — Наташачка, па бутэльцы піва яшчэ. Ну, давай, чапай. Лобан. [Сашка:] — Да зубнога дык гэта ж трэба чапаць аж у Глыбокае, больш трыццаці кіламетраў. Машара.

чапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што і чаго.

1. Дакранацца, датыкацца да каго‑, чаго‑н. Калі хлопец чапае яго .. босаю нагою, кот абараняецца лапаю і бурчыць. Крапіва. Нязвыкла слухаць, як плугі чапаюць каменне. Пташнікаў. // (звычайна з адмоўем «не»). Браць што‑н., карыстацца чым‑н. (звычайна чужым, без дазволу). [Бацька:] — От я ж цябе [Юрку] зараз адвучу, як чапаць тое, што да цябе не належыць. Чорны. Усіх сялян моцна збілі бізунамі, а Ягору адсеклі правую руку, каб другі раз не чапаў панскага дабра. Скрыпка. // Закранаць, турбаваць каго‑н.; крыўдзіць. [Кастусь:] — Волечка, не чапай мамы. Няхай спіць! Нікановіч. «Прайду моўчкі, — вырашыў Васіль, — дый толькі таго, не буду чапаць яе [цёткі], то, можа, і яна мяне не закране». Кулакоўскі. // перан. Хваляваць, расчульваць. Стары так думаў, а музыка вярэдзіла яго сэрца, глыбока чапала яго, і слёзы, дзіўныя, неадчувальныя слёзы цяклі самі сабою з сухіх выцвілых вачэй. Кірэенка. // (звычайна з адмоўем «не»). Апрацоўваць што‑н., карыстацца чым‑н., брацца за што‑н. На старанна паголеных [дзедавых] шчоках.. — заўтра нядзеля! — свіцілася кволая ружовасць, а абвіслыя вусы, якія наўрад ці чапалі калі нажніцы, хавалі добрую ўсмешку. Кудравец. Бохан белага хлеба, што .. [Барашкін] прывёз, .. [маці] не чапала, толькі патрымала ў руках, зноў паклала на месца. Савіцкі. // (звычайна з адмоўем «не»). Нападаць на каго‑, што‑н. — Тут — спакой: воўк і той Не чапае авец Бліз бярлогі сваёй. Куляшоў. [Іван:] — Удар павінен быць хуткі і рашучы. Калі будзе больш за дзве машыны, — не чапаць. Новікаў.

2. (звычайна з адмоўем «не»). Знішчаць, вынішчаць; прыносіць шкоду каму‑, чаму‑н. Калі ўбачыш часам іх [баброў], Не чапай Звяркоў рачных. Дзеружынскі. Выявілася, што тут нічога складанага няма. Трэба вырываць усю лішнюю траву і не чапаць жыта. Якімовіч. / у перан. ужыв. Хвала зямлі, дзе ворагаў няма, Дзе не адна ў снягі лягла навала. А рускіх наша руская зіма Яшчэ ў жыцці ніколі не чапала. Сербантовіч.

3. перан. (звычайна з адмоўем «не»). Кранаць, цікавіць. [Гаруе:] — Ты .. цікавішся гэтаю справаю, а мне стараешся паказаць, што цябе нічога гэта не чапае. Чорны.

4. перан. (звычайна з адмоўем «не»). Успамінаць што‑н., закранаць у размове што‑н. (часцей крытыкуючы). — Не чапай ты ўжо лепш медыцыны: нічога ты ў ёй не разумееш, — заступіўся фельчар за сваю прафесію. Колас. [Дзед Сымон:] — Ты майго, браце, рамяства не чапай. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)