СЕГНЕТАЭЛА́СТЫК, фераэластык,

дыэлектрычны монакрышталь, асобныя вобласці якога (сегнетаэластычныя дамены), адрозніваюцца спантаннай (самаадвольнай) дэфармацыяй крышталічнай рашоткі. Такая дэфармацыя ўзнікае пры зніжэнні т-ры ў выніку фазавага пераходу з зыходнай (параэластычнай) фазы ў менш сіметрычную сегнетаэластычную фазу.

С. у сегнетаэластычнай фазе з’яўляецца мех. аналагам сегнетаэлектрыкаў і ферамагнетыкаў. крышталь разбіваецца на дамены з аднолькавай арыентацыяй спантаннай дэфармацыі; знешняе мех. напружанне можа зрушаць межы даменаў, пераводзіць крышталь з полідаменнага стану ў монадаменны, пераключаць крышталь з аднаго монадаменнага стану ў другі. Пры гэтым залежнасць дэфармацыі ад знешняга напружання мае выгляд пятлі гістэрззісу. Некат. С. адначасова з’яўляюцца сегнетаэлектрыкамі (напр., сегнетава соль, дыгідрафасфат калію). С. выкарыстоўваюцца пры стварэнні кіроўных ліній затрымкі, акустаэл. і акустааптычных прылад апрацоўкі, мадуляцыі і фільтрацыі сігналаў, а таксама ў розных пераўтваральніках і прыводах.

т. 14, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЫГА́ЛЬНЫ АГРЭГА́Т,

камплект абсталявання для стрыжкі авечак. Бывае эл. і механічны, размяшчаецца ў стацыянарных і перасоўных стрыгальных пунктах. Уключае стрыгальныя машынкі, эл. або мех. рухавікі для прыводу іх у дзеянне, інш. тэхнал. абсталяванне.

Найб. пашыраны эл. С.а. ЭСА-6/200 (на 6 стрыгальных машынак з убудаванымі асінхроннымі электрарухавікамі) і ЭСА-12/200 (на 12 машынак). Для індывід. гаспадарак і невял. ферм выкарыстоўваюць С.а. ЭСА-ІДІ з падвесным электрарухавіком (прыводзіць у дзеянне стрыгальную машынку праз гнуткі вал). У мех. С.а. стрыгальныя машынкі дзейнічаюць ад рухавікоў унутр. згарання.

В.​М.​Кандрацьеў.

Схема размяшчэння абсталявання стрыгальнага агрэгата ЭСА-12/200: 1 — заточны апарат; 2 — выключальнік; 3 — стрыгальная машынка; 4 — пераўтваральнік частаты току і напружання (з 50 Гц і 380 В на 200 Гц і 36 В).

т. 15, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА вымяральная,

прылада для вымярэння сілы пераменнага току (радзей эл. напружання, магутнасці) на аснове спалучэння аднаго ці некалькіх тэрмапераўтваральнікаў і магнітаэлектрычнай прылады.

Тэрмапераўтваральнік складаецца з адной ці некалькіх тэрмапар і награвальніка, па якім працякае ток, што вымяраецца. Пад дзеяннем цяпла, што вылучае награвальнік, паміж свабоднымі канцамі тэрмапары ўзнікае электрарухальная сіла, якая вымяраецца магнітаэл. прыладай. Межы вымярэння сілы пераменнага току пашыраюць шунтамі, спец. ВЧ трансфарматарамі і інш.; межы вымярэння напружанасці — дадатковымі рэзістарамі. Т.п. як амперметр выкарыстоўваюць у дыяпазоне частот да 30 МГц, як вальтметр — да 1 МГц. Асаблівасць Т.п. — недапушчальнасць вял. перагрузак (не больш як у 1,5 раза).

Тэрмаэлектрычная прылада вымяральная (а — амперметр, б — вальтметр); 1 — награвальнік; 2 — тэрмапераўтваральнік; 3 — нагрузка; 4 — дадатковы рэзістар; ВМ — вымяральны механізм.

т. 16, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА,

прылада для вымярэння эл. велічынь, заснаваная на ўзаемадзеянні магн. палёў рухомай і нерухомай шпуль з токам. Разнавіднасць электрадынамічнай прылады, у якой магн. поле нерухомай шпулі ўзмацняецца магнітаправодам з ферамагн. матэрыялу. Выкарыстоўваюцца пераважна як тэхн. шчытавыя (часам пераносныя) амперметры, вальтметры і ватметры (паказвальныя і самапісныя) ва ўмовах вібрацыі, трасення і ўдараў.

Пры вымярэнні сілы току і напружання абмоткі шпуль уключаюць паслядоўна; пры вымярэнні магутнасці прапускаюць ток: праз нерухомую шпулю — прапарцыянальны току, праз рухомую — прапарцыянальны напружанню ў вымяральным ланцугу. Працяканне токаў у шпулях утварае магн. палі, якія ўзаемадзейнічаюць і адхіляюць стрэлку прылады. Пры выкананні ферадынамічных механізмаў у выглядзе лагометраў іх выкарыстоўваюць як частатамеры, фазометры і фарадметры.

Схема ферадынамічнай прылады: 1 — электрамагніт; 2 — рухомая шпуля; 3 — спружына; 4 — асяродак рухомай часткі.

т. 16, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАВЫМЯРА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады для вымярэння электрычных, а таксама неэлектрычных (т-ры, ціску і інш.) велічынь эл. метадамі. Бываюць непасрэднай ацэнкі і кампарацыйныя (прылады параўнання), з візуальным адлікам і рэгістрацыйныя, ручнога дзеяння і аўтам. (гл. Вымяральныя прылады).

Залежна ад спосабу ператварэння эл.-магн. энергіі ў механічную Э.п. падзяляюцца на магнітаэл., электрамагн., электрадынамічныя, электрастатычныя, ферадынамічныя і індукцыйнай вымяральнай сістэмы прылады (гл. адпаведныя арт.). Найб. пашыраны прылады для вымярэння току (амперметры, гальванометры), напружання (вальтметры), магутнасці (ватметры), супраціўлення (омметры), колькасці эл. энергіі (лічыльнікі электрычныя), электраёмістасці (фарадметры), частаты (частатамеры), каэф. магутнасці (фазометры). Для вымярэння параметраў эл. працэсаў выкарыстоўваюцца асцылографы. Бываюць прылады сумешчаныя (ампервальтомметры) і з дапаможнымі прыстасаваннямі (патэнцыяметры, вымяральныя магазіны). Для пераўтварэння фіз. велічынь, што вымяраюцца, у эл. сігналы выкарыстоўваюць вымяральныя пераўтваральнікі.

У.​М.​Сацута.

т. 18, кн. 1, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кульміні́раваць

(п.-лац. culminare)

1) дасягаць найвышэйшага напружання, уздыму, развіцця;

2) астр. праходзіць праз нябесны мерыдыян (пра нябесныя свяцілы).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

варыка́п

[англ. vancap, ад vari(able) = зменлівы + cap(acity) = ёмістасць]

паўправадніковы прыбор, ёмістасць якога залежыць ад прыкладзенага электрычнага напружання.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

п’е́за

(гр. piezo = цісну)

адзінка вымярэння механічнага напружання і ціску, роўная ціску аднаго стэна на паверхню 1 м​2.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

стрэс

(англ. stress = напружанне)

стан напружання арганізма, які ўзнікае пад уплывам моцных уздзеянняў (холаду, голаду, псіхічных і фізічных траўм).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

трамблёр

(англ. trembler)

прыбор сістэмы запальвання карбюратарных рухавікоў унутранага згарання, які падае электрычны ток высокага напружання да свечак запальвання.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)