КУЗНЯЦО́Ў (Іван Іванавіч) (24.1.1919, в. Ціманава Валуйскага р-на Белгародскай вобл., Расія — 29 1.1986),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Вучыўся ў Бел. кансерваторыі (1948—53. клас М.Аладава). У 1953—70 працаваў у Мін-ве культуры Беларусі, выд-ве «Беларусь». Асн. творы: аперэта «Новая прыстань» (1977, лібр. І.Васілеўскара); кантаты, у т. л. «Палі стэпавыя» (1958), «Радуйся, наша зямля» для хору а капэла (1961), «Гімн Радзіме і чалавеку-тварцу» (1963), «Светлы шлях» (1967); «Нёманскі край» для нар. хору з арк.нар. інструментаў (1968), сюіта для хору а капэла «У родным краі», «Дзіцячы альбом» (25 хароў а капэла); песні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАВЕ́РШ (ад мана... + верш),
аднарадковік, верш, які складаецца з аднаго радка, завершанага па сэнсу, сінтаксічнай і метрычнай структуры. Зрэдку ўжываўся ў ант. паэзіі (Архілох, Аўсоній). Звычайна пісаўся гекзаметрам і меў афарыстычнае гучанне. Эксперым. ўзор у рус. паэзіі належыць М.Карамзіну:
Покойся, милый прах, до радостного утра.
Да М. можна аднесці асобныя вершаваныя крылатыя выслоўі і афарызмы, што выкарыстоўваюцца для лозунгаў, у загалоўках твораў, эпіграфах і г.д. М. з’яўляюцца і некаторыя рытмічна арганізаваныя прыказкі, прымаўкі, выслоўі, якія часам змяшчаюць на посудзе, мэблі, малюнках; «У родным краі, як у раі», «Чым хата багата, тым рада», «Які дагляд, такі і лад». У апошні час М. ствараюць некаторыя маладыя бел. літаратары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЖЭ́ВІЧ (Уладзімір Навумавіч) (23.5.1907, пас. Якаўлевічы Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 1.7.1982),
бел. пісьменнік, журналіст. Вучыўся ў БДУ (1930—32). З 1925 на камсамольскай рабоце, з 1929 у газ. «Звязда», з 1934 карэспандэнт газ. «Известия» па Беларусі. Ў 1937 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1955. У 1956—67 літ. супрацоўнік час. «Вожык», «Вясёлка», «Бярозка», карэспандэнт газ. «Лесная промышленность». Друкаваўся з 1924. Выдаў зб-кі апавяданняў і нарысаў «Крок у будучыню» (1931), «Шляхам герояў» (1932), «Землякі» (1969), «Яны былі першымі» (1970), «Спатканні на дарогах» (1978), кн. гумару «Аксамітны бляск» (1971). Пісаў для дзяцей: кнігі «Медунічкі» (1966), «Лясныя знаходкі» (1969), «Выдумшчыцы» (1971), «Стрэлы на зялёнай палянцы» (1973), «На ўсходзе сонца» (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯРКІ́ТЭ (Merkyte, Меркіс),
Аляксандра (16.12.1901, в. Палевеняліс Панявежскага пав., Літва — 14.9.1938), літоўская пісьменніца. У 1921—24 вучылася ў Камуністычным ун-це народаў Захаду ў Маскве. Друкавалася з 1921. Пісала на літ. і бел. мовах. З 1925 жыла і працавала на Беларусі. Супрацоўнічала ў газ. «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»). У 1929—33 працавала ў газ. «Чырвоная Полаччына». У 1937 рэпрэсіравана. Рэабілітавана ў 1957. Аўтар зб. вершаў «Юнацтва на маршы» (1936, дапоўненае выд. 1961), незакончанага рамана «Барацьба працягваецца», шматлікіх вершаў, нарысаў, апавяданняў пра жыццё і лёс бел. і літ. народаў, прасякнутых тугой па бацькоўскім краі і ўдзячнасцю да бел. зямлі і народа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́Р’Е,
гістарычная назва ў 15—17 ст. у Расіі, узбярэжжа Белага м. ад г. Кем да г. Анега (Паморскі бераг), а таксама вял.тэр. ад Абанежжа да Паўн. Урала, у якую ўваходзілі Карэлія, Дзвінская, Важская, Сысальская, Вяцкая, Пермская землі, Пасухонне, Белазерскі і Пячорскі краі. Першапачаткова насялялі карэлы, комі, лапары. Да 17 ст. карэннае насельніцтва часткова асімілявана рус. пасяленцамі, якія з 12 ст. асвойвалі тэр. П. У 12—15 ст. уладанне Наўгародскай феадальнай рэспублікі. У пач. 16 ст. далучана да Масквы. У 17 ст. ў 22 паветах П. асн. маса насельніцтва — вольныя сяляне. Частка зямель належала манастырам і купцам Строганавым. На Пн насельніцтва займалася рыбалавецкім, слюдзяным, саляным промысламі; у Карэліі развівалася металургія, у паўд. паветах — земляробства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
зашы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., што.
1. Злучыць краі дзіркі, распоркі швом. Зашыць мяшок з мукой. □ Зашые [Анісім] адну дзірку, паложыць латку, прыгладзіць, глядзіш, — у другім месцы кажух разлазіцца.Колас.// Рамантуючы адзежу, запаліць дзіркі. Зашыць сукенку. Зашыць падраны рукаў.
2. Паклаўшы ў сярэдзіну чаго‑н., замацаваць швом. Распарола старая падкладку сваёй ватовай курткі. Зашыла туды сцяг.Якімовіч.
3.Спец. Забіць дошкамі, шалёўкай і пад. Зашыць франтон дошкамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БУ́КВІЦА (Betonica),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 30 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды і Аўстраліі. На Беларусі трапляецца буквіца лекавая (B. officinalis). Расце ў шыракалістых і мяшаных лясах, у хмызняках і на сухіх закуставаных лугах; у кветкаводстве выкарыстоўваюцца 2 інтрадукаваныя віды: буквіца буйнакветная (B. macrantha) і аблісцелая (B. foliosa).
Шматгадовыя травяністыя расліны з апушаным прамастойным простым або слаба разгалінаваным сцяблом выш. 20—100 см і кароткім карэнішчам. Ніжняе лісце доўгачаранковае, звычайна ў прыкаранёвай разетцы, верхняе амаль сядзячае супраціўнае, падоўжана-яйцападобнае, па краі пілавата-гародчатае. Кветкі ліловыя або ружовыя і жоўтыя, у канцавых коласападобных суквеццях. Плод — чатырохарэшак. Лек. (вяжучы, жаўцягонны, адхарквальны, кроваспыняльны, ранагаючы сродак), дэкар. і меданосныя расліны, маюць розныя алкалоіды, эфірны алей, горкія і дубільныя рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯНЁК,
рака на Пн Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), вярхоўе — у Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 2292 км, пл.бас. каля 220 тыс.км². Пачынаецца і цячэ па Сярэдне-сібірскім пласкагор’і, у нізоўях — па Паўд.-Сібірскай нізіне. Упадае ў Алянёцкі заліў мора Лапцевых, утвараючы дэльту. У верхнім цячэнні парожыстая, даліна месцамі мае выгляд цясніны. У сярэднім цячэнні даліна пралягае сярод хвалістай мясцовасці. Асн. прытокі: Арга-Сала, Бур (злева), Сілігір (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Паводка з чэрв. да верасня. Ледастаў з канца вер.—кастр. да канца мая — 1-й пал. чэрвеня. У верхнім цячэнні перамярзае са студз. да красавіка. Сярэдні расход вады ў вусці 1210 м³/с. Суднаходная ў нізоўях. Багатая рыбай (рапушка, омуль, муксун, нельма і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕСЕНТУКІ́,
горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, у даліне р. Падкумак. Засн. ў 1798 як ваенна-памежны рэдут. 87,1 тыс.ж. (1992). Чыг. ст. Прадпрыемствы харчасмакавай і лёгкай прам-сці. Драўляная Нікольская царква (сярэдзіна 1820-х г.). Курортны (Галоўны) парк (1849) з крыніцамі мінер. вод і шматлікімі пабудовамі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Бальнеалагічны і гразевы курорт. Уваходзіць у групу курортаў Каўказскія Мінеральныя Воды. Аснову курортных рэсурсаў складаюць мінер. воды, якія ў лек. мэтах выкарыстоўваюцца з сярэдзіны 19 ст. (эксплуатуецца каля 20 крыніц), найб. вядомыя «Есентукі» № 4 і № 17. Асн. профіль курорта — лячэнне хвароб органаў стрававання, у т. л. печані, падстраўнікавай залозы, жоўцевых шляхоў. Каля 30 санаторыяў і пансіянатаў (большасць з іх паблізу Гал. курортнага парку), працуе НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЎТУ́ШКІ (Colias),
род дзённых матылёў сям. бялянак. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. Жывуць пераважна ў высакагор’ях і ў арктычнай зоне. Некат. трапляюцца на раўнінах: у стэпах, на балотах, лугах, у лясах і інш. На Беларусі 4 віды Ж.: малая, ці лугавая (C. hyale), шафранавая (C. croceus), зяноўцавая (C. myrmidone), тарфянікавая (C. palaeno; занесена ў Чырв. кнігу).
Крылы (размах да 6 см) чырвоныя, аранжавыя, жоўтыя, зеленаватыя, часта з чорным абадком на вонкавым краі. Ніз задніх крылаў жоўты. Выразны палавы дымарфізм або полімарфізм: крылы ў самак святлейшыя, чым у самцоў (звычайна зеленаватыя або белыя). Вусікі кароткія, з прытупленай булавой. Вусені развіваюцца пераважна на бабовых раслінах.
Жаўтушкі: 1 — шафранавая; 2 — лугавая; 3 — тарфянікавая (а — самец; б — самка).