сустрэча лідэраў краін (кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў), якія з’яўляюцца членамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Адбыўся 6—8.9.2000 у г. Нью-Йорк (Рэспубліку Беларусь прадстаўляў Прэзідэнт А.Р.Лукашэнка). Праводзіўся з мэтай узмацнення ролі ААН у міжнар. палітыцы і ў сувязі з пачаткам новага тысячагоддзя. З дакладам на С.т. выступіў Генеральны сакратар ААН К.Анан (кіраўнікі краін і ўрадаў выступалі з 5-хвіліннымі паведамленнямі-дакладамі). На С.т. адзначалася, што ўжо 55 гадоў свет жыве без войнаў паміж вядучымі дзяржавамі, хоць войны, пераважна ўнутры краін, працягваюцца (у 1990-х г. у выніку войнаў і ўзбр. канфліктаў загінула больш за 5 млн.чал.), узмацняецца мілітарызацыя шэрагу дзяржаў і розных слаёў насельніцтва (у арсеналах ядз. дзяржаў знаходзіцца 35 тыс.ядз. боепрыпасаў, а на руках людзей — 500 млн. адзінак стралк. зброі). ААН робіць энергічныя захады для ўмацавання міру (у 1990-я г. падпісана ў 3 разы больш мірных пагадненняў, чым за 3 папярэднія дзесяцігоддзі, вырасла колькасць аперацый ААН у падтрымку міру, міжнар. санкцый, у т. л. фактаў эмбарга на пастаўку зброі ў шэраг дзяржаў). Разам з умацаваннем міру паміж народамі гал. задачамі ААН з’яўляюцца: барацьба з галечай, неадукаванасцю і хваробамі, процідзеянне насіллю і тэрору, барацьба з дэградацыяй і разбурэннем асяроддзя існавання чалавека і інш. У ходзе С.т. адбылося пасяджэнне Савета Бяспекі ААН на вышэйшым узроўні, у якім удзельнічалі У.Пуцін (Расія), Б.Клінтан (ЗША), Т.Блэр (Вялікабрытанія), Ж.Шырак (Францыя), Цзян Цзэмінь (Кітай). Па выніках работы С.т. прынята Заключная дэкларацыя.
Літ.:
Саммит тысячелетия в ООН // Междунар. жизнь. 2000. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЯХ-КАЧА́НСКІ Вячаслаў Антонавіч (24.12.1885, г.Лагойск Мінскай вобл. — 8.8.1976),
бел. і рас. спявак, хар. і тэатр. дзеяч, педагог. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1905) і Пецярбургскую кансерваторыю (1915). У 1905—10 працаваў настаўнікам на Віленшчыне і інш. З 1915 у трупе Марыінскага імператарскага т-ра, адначасова ў 1916—18 у Александрынскім драм. т-ры. У 1923—25 выкладаў у Муз.драм. ін-це ў Петраградзе. За 1915—23 выканаў больш за 20 вядучых партый, некат. разам з Ф.Шаляпіным. З 1924 выкладаў у оперным і хар. класах Мінскага муз. тэхнікума і кіраваў муз. падсекцыяй Інбелкульта, арганізаваў пры ёй бел.хар. студыйны калектыў (у 1927 паставіў першую на бел. мове оперу «Русалка» А.Даргамыжскага). З 1927 дырэктар БДТ-1, з 1930 заг.Бел.драм. курсаў, дырэктар Бел.тэатр. тэхнікума і Бел. тэхнікума сцэн. мастацтва. З 1933 на Украіне і ў Расіі. З 1943 узначальваў Мінскі гар.т-р, кіраваў аддзелам культуры і мастацтва Бел.нар. самапомачы і аддзелам мастацтва ў Бел.цэнтр. радзе. З 1944 у Германіі, з 1950 у ЗША, дзе займаўся арганізацыяй хароў і тэатр. груп, ладзіў канцэрты і спектаклі. Аўтар зб. песень «Спеўнік беларускага жаўнера» (1975).
Тв.:
Уласны жыцьцяпіс // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Нью-Йорк. 1999.
Літ.:
Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990;
Юрэвіч Л. Беларускі тэатр і драматургія на эміграцыі // Тэатр. творчасць. 1997. № 6;
1998, № 1;
Кекелева Т. Спявак Селях-Качанскі // Спадчына. 1999. № 2;
Селях С. Вядомы і забыты: Старонкі творчай біягр. Вячаслава Селяха // Мастацтва. 2001. № 5—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́ЙНМАН (Feynman) Рычард Філіпс (11.5.1918, Нью-Йорк, ЗША — 15.2.1988),
амерыканскі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай электрадынамікі; заснавальнік нанатэхналогіі. Чл.Нац.АН ЗША (1954—69). Замежны чл. Бразільскай АН (1951), Лонданскага каралеўскага т-ва (1965). Яго бацька нарадзіўся у Мінску. Ф. скончыў Масачусецкі тэхнал.ін-т (1939) і Прынстанскі ун-т (1942). З 1943 у Лос-Аламаскай нац. лабараторыі, удзельнік стварэння першай атамнай бомбы. З 1945 у Корнелскім ун-це, з 1950 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це (з 1951 праф.). Навук. працы па квантавай тэорыі поля, квантавай электрадынаміцы, фізіцы элементарных часціц, статыст. фізіцы, звышцякучасці гелію, тэорыі гравітацыі. Пабудаваў квантавую электрадынаміку (1948; незалежна ад Дж.Швінгера і С.Таманага). Прапанаваў метад графічнага прадстаўлення ўзаемадзеянняў элементарных часціц і іх пераўтварэнняў (1949, дыяграмы Ф.). Развіў тэорыю квантаваных віхроў у звышцякучым геліі (1955; незалежна ад Л.Онсагера). Пабудаваў тэорыю слабых узаемадзеянняў (1958; з М.Гел-Манам). Выказаў ідэю (1958) і прапанаваў (1984) першы варыянт квантавага камп’ютэра. Аўтар сусветна вядомага курса «Фейнманаўскія лекцыі па фізіцы» (т. 1—3, 1963—455, з Р.Лейтанам, М.Сэндсам). Яго імем названа малая планета. Нобелеўская прэмія 1965 (са Швінгерам і Таманага).
Тв.:
Рус.пер. — Квантовая электродинамика. М., 1964;
Взаимодействие фотонов с адронами. М., 1975;
Статистическая механика. 2 изд. М., 1978;
Теория фундаментальных процессов. М., 1978;
Характер физических законов. 2 изд. М., 1987;
Фейнмановские лекции по гравитации. М., 2000 (разам з Ф.Б.Марыніга, У.Г.Вагнерам).
Літ.:
Костюкович Н.Н. Нобелевский лауреат Ричард Фейнман: Американ. гений с бел. родословной // Вести. Фонда фундамент. исслед. 2002. №3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУКО́ МА́ЯТНІК,
спецыяльна сканструяваны маятнік, ваганні якога пацвярджаюць сутачнае вярчэнне Зямлі. Уяўляе сабой масіўны груз, падвешаны на доўгім (да некалькіх дзесяткаў метраў) падвесе (дрот, моцная нітка), верхні канец якога так замацаваны (напр., пры дапамозе карданнага падвеса), што дазваляе маятніку вагацца ў любой верт. плоскасці.
Сіла цяжару маятніка і сіла нацяжэння падвеса ляжаць у адной плоскасці і не могуць змяніць плоскасць ваганняў маятніка. Таму адносна інерцыяльнай сістэмы адліку, звязанай, напр., з «нерухомымі зоркамі», плоскасць ваганняў Ф.м. захоўваецца. У неінерцыяльнай сістэме адліку, звязанай з Зямлёй, праяўляюцца сілы інерцыі, дзеянне адной з якіх (гл.Карыяліса сіла) і вядзе да павольнага павароту плоскасці ваганняў Ф.м. адносна паверхні Зямлі ў напрамку, процілеглым яе вярчэнню. На Паўн. і Паўд. полюсах плоскасць ваганняў маятніка паварочваецца дакладна на 15° кожную гадзіну і робіць поўны абарот на 360° за зорныя суткі. У пункце зямной паверхні, геагр. шырата якога φ, адпаведны вугал павароту будзе α = 2 π sinφ. Для Мінска φ = 54°, α = 290°. Сканструяваны Ж.Б.Л.Фуко ў парыжскім Пантэоне ў 1851, даўж. 67 м. Вядома каля 20 дзеючых Ф.м. розных канструкцый, напр., у будынку ААН (Нью-Йорк), Нац. музеі амер. гісторыі (Вашынгтон), Сіднейскім ун-це.
На Беларусі Ф.м. спец. канструкцыі ў выглядзе чатырохграннай зашклёнай піраміды ўстаноўлены ў пед. ун-це імя М.Танка (2002).
Літ.:
Верин А. Опыт Фуко. Л.;
М., 1934;
Востоков Е.И. Опыт Фуко, доказывающий вращение Земли вокруг своей оси. 2 изд. Л., 1940.
У.А.Якавенка.
Фуко маятнік у Беларускім педагагічным універсітэце імя М.Танка: шар масы 27 кг на стальным падвесе вагаецца з перыядам 5,5 с у замкнёнай пірамідзе вышынёй 7 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮСТ (франц. buste),
пагрудная выява чалавека, адзін з найб. пашыраных відаў скульпт.партрэта.
Узнік у Стараж. Егіпце і Стараж. Грэцыі. Канчаткова склаўся ў партрэтным мастацтве Стараж. Рыма. Быў пашыраны ў мастацтве эпохі Адраджэння і новага часу (Данатэла, Л.Берніні, Ж.А.Гудон, А.Радэн і інш.). У Расіі бюсты стваралі Б.Растрэлі, Ф.Шубін, Н.Андрэеў, В.Мухіна, С.Лебедзева і інш.
На Беларусі помнікі-бюсты вядомыя з 17 ст. (М.К.Радзівілу ў фарным касцёле ў Нясвіжы). Значнае месца займаў бюст у творчасці бел. скульптараў 19 — пач. 20 ст. (К.Ельскі, Р.Слізень, А.Краснапольскі, В.Бубноўскі, Я.Астроўскі і інш.). У 1930-я — пач. 1940-х г.бел. скульптары стварылі бюсты дзеячаў рэв. руху і культуры: М.В.Фрунзе (А.Глебаў), Я.Купалы і Я.Коласа (абодва З.Азгур), Г.Грыгоніса (М.Керзін); у гады Вял.Айч. вайны — воінаў і партызан Л.М.Даватара (А.Грубэ), Ф.А.Смалячкова і М.Ф.Сільніцкага (абодва Азгур); у пасляваенны перыяд — П.Багрыма, К.Крапівы, М.Танка, Цёткі (А.Пашкевіч; усе Азгур), У.Уладамірскага (А.Глебаў), Я.Коласа (С.Селіханаў), М.Багдановіча (Г.Мурамцаў; Л.Гумілеўскі), Я.Купалы і Я.Коласа (абодва В.Занковіч), Л.І.Бяды, Ю.А.Гагарына, У.В.Кавалёнка, П.І.Клімука, Г.Ц.Берагавога (усе І.Міско), помнік-бюст Я.Купалу ў Араў-парку (г. Нью-Йорк, ЗША; скульпт. А.Анікейчык) і інш. У 1990-я г. ў Нясвіжскім парку ўстаноўлены бюст кн. Юрыю Нясвіжскаму, архітэктару Дж.Бернардоні (усе С.Гумілеўскі), кн. М.К.Радзівілу Сіротку, У.Сыракомлю, Т.Макоўскаму, Я.Коласу (усе М.Канцавы).
А.К.Лявонава, Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Бюст. Б.Растрэлі. Партрэт А.Д.Меншыкава. 1716—17.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 1-ы (Міжнароднае Таварыства Рабочых),
першая масавая міжнар.арг-цыя рабочых у 2-й пал. 19 ст.Засн. 28.9.1864 у Лондане на міжнар. сходзе прадстаўнікоў рабочых Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краін. Знаходзіўся пад вырашальным уплывам ідэй марксізму. К.Маркс склаў яго Устаноўчы маніфест і Статут, пазней з’яўляўся аўтарам б.ч. адозваў, цыркуляраў і рашэнняў яго кіруючых органаў. Мэтамі рабочага руху былі абвешчаны звяржэнне капіталіст. ладу і заваяванне рабочым класам улады, непасрэднай задачай — з’яднанне рабочых розных краін у сумеснай барацьбе за свае правы (8-гадзінны рабочы дзень, ахова працы жанчын, стварэнне прафсаюзаў і інш.). Вышэйшы орган — штогадовы кангрэс, паміж кангрэсамі — Ген. савет, які знаходзіўся ў Лондане (з 1872 у Нью-Йорку). Пры Ген. савеце дзейнічаў пастаянны к-т. У сваёй дзейнасці І. 1-ы апіраўся на секцыі (рабочыя арг-цыі) у многіх краінах Еўропы, а таксама ў ЗША і Аўстраліі. Сувязь з секцыямі ажыццяўлялі сакратары-карэспандэнты, якія ўваходзілі ў склад Ген. савета. К.Маркс займаў пасаду сакратара-карэспандэнта для Германіі і некаторых інш. краін, у т. л. Расіі. Рас. секцыя засн. ў Жэневе ў 1870, яе відным дзеячам з’яўляўся ўдзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі А.Д.Трусаў. На кангрэсах І. 1-га (1866 у Жэневе, 1867 у Лазане, 1868 у Бруселі, 1869 у Базелі, 1872 у Гаазе) К.Маркс і Ф.Энгельс вялі непрымірымую барацьбу з немарксісцкімі плынямі ў рабочым руху — пруданізмам, ласальянствам, трэд-юніянізмам, анархізмам. Франка-пруская вайна 1870—71 і задушэнне Парыжскай камуны 1871, якую І. 1-ы актыўна падтрымаў, зрабілі немагчымай яго дзейнасць у Еўропе. На Гаагскім кангрэсе (1872) было вырашана перавесці Ген. савет у Нью-Йорк (ЗША). Фактычна дзейнасць І. 1-га як масавай арг-цыі на гэтым спынілася. Фармальна распушчаны па прапанове К.Маркса ў 1876 на міжнар. рабочай канферэнцыі ў Філадэльфіі (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНКЕ́ВІЧ Янка (26.11.1891, в. Арляняты Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.7.1976),
бел. грамадска-паліт. і эміграцыйны дзеяч, мовазнавец, гісторык; у Вял.Айч. вайну супрацоўнічаў з ням.-фаш. захопнікамі. Д-рслав. філалогіі і гісторыі (1926). Скончыў Віленскую бел. гімназію (1921), Карлаў ун-т у Празе (1926). У 1-ю сусв. вайну ў рас. арміі. Са снеж. 1917 у Вільні, адзін з заснавальнікаў Беларускага навуковага таварыства, у студз. 1918 абраны ў склад Віленскай беларускай рады. У час польска-сав. вайны 1919—20 чл. прэзідыума Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Цэнтральнай беларускай школьнай рады. Пасол (дэпутат) польскага сейма (1928—30). З 1926 выкладчык Віленскага і Варшаўскага ун-таў. У перыяд акупацыі Беларусі ням. фашыстамі чл.Бел.нар. самапомачы, навук. аддзела Бел.цэнтр. рады, адзін з заснавальнікаў Бел.навук.т-ва ў Мінску. З 1944 у Германіі, аднавіў дзейнасць Крывіцкага (Беларускага) навуковага таварыства імя Скарыны. З 1949 у ЗША, удзельнічаў у працы Бел.-амер. задзіночання, Бел.-амер. звязу, выдаваў час.«Веда», «Незалежнік», супрацоўнічаў з Бел. ін-там навукі і мастацтва і яго выданнем «Запісы», час. «Сяўбіт», газ. «Бацькаўшчына» (Мюнхен), «Беларус» (Нью-Йорк) і інш. Адзін з заснавальнікаў Вялікалітоўскага (Беларускага) фонду імя Льва Сапегі. Аўтар прац па бел. гісторыі, гістарыяграфіі, мовазнаўстве: «Месца беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў і час яе ўзнікнення» (1930), «Час узнікнення беларускага і ўкраінскага народаў» (1931), «Крыўя-Беларусь у мінуласці» (1942), «Этнаграфічная і гістарычная тэрыторыі і граніцы Беларусі» (1953), «З гісторыі Беларусі» (1958). «Друкары Іван Хведаровіч Рагаза і Пётр Мсціславец» (1969), «З украінскіх дачыненняў да Вялікалітвы-Беларусі» (1970), «Нарысы з гісторыі Вялікалітвы-Беларусі» (выд. 1978) і інш. Беларусь называў Крывіяй (зыходзячы з «крывіцкай» канцэпцыі этнагенезу беларусаў) ці Вялікалітвой. Расшыфраваў і транслітарыраваў кітаб 17 ст. Падрыхтаваў «Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік» (выд. 1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́ФЛЕР (Toffler) Алвін (н. 4.10.1928, Нью-Йорк),
амерыканскі філосаф, сацыёлаг, футуролаг. З 1969 праф. Корнелскага ун-та, потым Новай школы сац. даследаванняў у Нью-Йорку, дзе выкладаў сацыялогію будучыні (вёў адзін з першых такіх семінараў у свеце). У працах «Шок будучыні» (1970), «Трэцяя хваля» (1980), «Метамарфозы ўлады» (1990) прааналізаваў тэндэнцыі і супярэчнасці гіст. эвалюцыі. Паводле Т., у развіцці чалавецтва вылучаюцца 3 цывілізацыйныя хвалі: даіндустрыяльная — аграрная цывілізацыя (да 1650—1750), заснаваная на простым падзеле працы, класавай структуры грамадства, аўтарытарнай уладзе і дэцэнтралізаванай эканоміцы; індустрыяльная — прамысл. цывілізацыя, якая прывяла да канфлікту паміж прыроднымі і сацыякульт. аспектамі чалавечага існавання, шматлікіх рэвалюцый, контррэвалюцый і войнаў 2-й пал. 18—20 ст.; постіндустрыяльная — камп’ютэрна-інфармацыйная цывілізацыя (з 2-й пал. 20 ст.), якая выклікана нарастаючым і паўсюдным выкарыстаннем камп’ютэраў, лазернай тэхнікі, біятэхналогіі, геннай інжынерыі, электронікі, тэле- і відэакамунікацый, пастаянным абнаўленнем энергет. рэсурсаў і інтэлектуальнага патэнцыялу грамадства. Да контураў гэтай новай, «першай сапраўды гуманнай цывілізацыі ў вядомай нам гісторыі» Т. адносіць таксама шырокае выкарыстанне інфарм. (гнуткіх) тэхналогій, дэмакратыю і плюралізм як аснову функцыянавання ўсіх сфер жыццядзейнасці людзей, пераход ад нац.-дзярж. замкнёнасці і самаўзвышэння да агульных рынкаў са свабодным перамяшчэннем тавараў, людзей, ідэй, культуры. На яго думку, у інфарм. грамадстве веды становяцца не толькі найважнейшым рэсурсам перадавой эканомікі, але і найб. эфектыўнай крыніцай і інструментам улады; пераразмеркаванне ведаў і інтэлектуальных рэсурсаў — неабходная перадумова жыццяздольнасці сучаснай цывілізацыі. Многія прагнозы Т. на бліжэйшую перспектыву спраўдзіліся, напр., прадказанні пра ўзмацненне процістаяння паміж багатымі і беднымі рэгіёнамі свету (Поўнач—Поўдзень, Амерыка—Азія), абвастрэнне праблем урбанізацыі, расавых, міжнац. і міжрэліг. канфліктаў і інш. Аўтар прац «Культурныя спажыўцы» (1973), «Даклад аб экаспазме» (1975), «Папярэднія нататкі і перспектывы» (1983), «Успрымальная карпарацыя» (1985) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Третья волна. М., 1999;
Метаморфозы власти: Знание, богатство и сила на пороге XXI в. М., 2002;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЯДО́ТАЎ Георгій Пятровіч (13.10.1886. г. Саратаў, Расія — 1.9.1951),
расійскі рэліг. філосаф, гісторык і публіцыст. Вучыўся ў пецярбургскіх тэхнал. ін-це і ун-це, у Іенскім ун-це (Італія). У 1914—18 прыват-дацэнт Пецярбургскага ун-та, у 1920—22 праф. і заг. кафедры Саратаўскага ун-та. У 1925 эмігрыраваў у Францыю, дзе выкладаў у Рус.правасл. багаслоўскім ін-це. У 1943—51 праф. Свята-Уладзімірскай духоўнай акадэміі ў Нью-Йорку. Адзін з заснавальнікаў час. «Новый град» (Парыж, 1931—39), у якім развіваў ідэі хрысціянскага сацыялізму. У цэнтры яго філас. даследаванняў гістарыясофія, у межах якой аналізаваў праблемы сэнсу і перспектыў гісторыі, прызначэння і лёсу культуры і цывілізацыі, своеасаблівасць рус. культуры і гісторыі, рэліг.-маральныя асновы жыцця грамадства («Святыя Старажытнай Русі», 1931; «І ёсць і будзе: Разважанні аб Расіі і рэвалюцыі». 1932; «Сацыяльнае значэнне хрысціянства», 1933; зб.арт. «Новы град», 1948, і інш.). Лічыў, што жывая хрысц. свядомасць не ўспрымае ні веры ў прагрэс грахоўнай і смяротнай культуры, ні абыякавага сузірання яе распаду і гібелі. Паводле Ф., думка аб асабістай смерці і канцы гісторыі можа выклікаць настрой безнадзейнасці, а можа стаць і вытокам праверкі сумлення і паглыблення жыццёвага вопыту; таму заклікаў да сац. дысцыпліны і адказнасці кожнага за выкананне сваіх абавязкаў. Эсхаталагічныя ідэі Ф. вылучаюць і падкрэсліваюць момант папярэдняй незададзенасці і непрадбачанасці сапраўднага руху гісторыі, паколькі Бог у якасці яе тварца не пазбаўляе чалавека свабоды волі і права выбару.
Тв.:
Христианин в революции. Париж, 1957;
Лидо России: (Статьи 1918—1950). Париж, 1974;
Россия и свобода. Нью-Йорк, 1981;
Судьба и грехи России: Избр. ст. по философии рус. истории и культуры. Т. 1—2. СПб., 1991—92;
О святости. интеллигенции и большевизме: Избр. ст. СПб., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ТРЫШЧА́НА»,
помнік бел. перакладной л-ры. Папулярны рыцарскі раман. Перакладзены на бел. мову ў 2-й пал. 16 ст. з сербскай крыніцы (апошняя з італьян. арыгінала). Бел. пераклад збярогся ў Пазнанскім рукапісным зборніку. У аснове твора — паэт. кельцкая легенда пра ўзнёслае каханне рыцара Трыстана і каралевы Ізольды (у бел. рэдакцыі — Трышчана і Іжоты), што ў шматлікіх літ. апрацоўках на працягу стагоддзяў бытавала сярод народаў Еўропы. «Аповесць пра Трышчана» — класічны ўзор жанру рыцарскага рамана, пабудаванага на авантурна-прыгодніцкай фабуле і любоўнай інтрызе. Гал. герой — ідэальны рыцар, які служыць прыгожай даме і праводзіць свой час у няспынных прыгодах і рыцарскіх турнірах. У барацьбе за прыгожую Іжоту, дачку ірландскага караля, якую герой здабывае ў паядынках з рознымі сапернікамі свайму дзядзьку, каралю Марку, Трышчан выходзіць пераможцам. Аднаго ён не можа пераадолець — сваіх пачуццяў да Іжоты. Каханне прыносіць героям вял. пакуты: Іжота належыць каралю Марку, сеньёру Трышчана, і становіцца яго жонкай. У зах.-еўрап. версіях легенды зроблена спроба знайсці выйсце: гал. герой жэніцца на другой Ізольдзе. Аднак такі ўчынак прыносіць новыя пакуты закаханым. Усёпаглынальная любоўная страсць паскарае заўчасную смерць гал. герояў. Фінал твора гучыць як гімн вял. каханню. У бел.-сербскай «Аповесці пра Трышчана» падзеі заключнай часткі выкладзены інакш: Трыстан не жэніцца з другой жанчынаю, а застаецца верны сваёй каханай да канца, дзеянне ў творы не даведзена да трагічнага фіналу. У бел. апрацоўцы асн. ўвага сканцэнтравана на апісанні незвычайных прыгод, паядынкаў і рыцарскага гераізму Трышчана; аптыміст. канец лепш стасуецца з агульнай ідэйна-маст. канцэпцыяй аповесці, у якой, насуперак аскетычным прынцыпам хрысціянства, апяваюцца пачуцці і перажыванні чалавека, яго зямныя радасці і страсці, паэтызуецца пераможная сіла кахання. «Аповесць пра Трышчана» — унікальны слав. варыянт літаратурнай апрацоўкі славутай легенды, каштоўны помнік бел.літ. мовы 16 ст. Перакладзена на сербскахарвацкую (Бялград, 1966), англ. (Лідс, 1977; Нью-Йорк, 1988), італьян. (Фларэнцыя, 1983) мовы.