перадача арандатарам са згоды арэндадаўцы арандаванай маёмасці ў паднаём іншай асобе Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь дагавор С. не можа быць заключаны на тэрмін, які перавышае тэрмін дагавору арэнды. Адказным па дагаворы С. перад арэндадаўцам застаецца арандатар. Да дагавораў С. дастасоўваюцца правілы аб дагаворы арэнды, калі іншае не прадугледжана законам. Датэрміновае спыненне дагавора арэнды цягне за сабой і спыненне заключанага ў адпаведнасці з ім дагавора С. Субарандатар у гэтым выпадку мае права на заключэнне з арандатарам дагавора арэнды на маёмасць, якая знаходзілася ў яго карыстанні ў адпаведнасці з дагаворам С., у межах астатняга тэрміну С. на ўмовах, адпаведных умовам спыненага дагавора арэнды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТА́ВА, ухвала,
спецыяльны прававы акт ВКЛ у 16 ст., прысвечаны асобным пытанням цывільнага, крымін. і працэсуальнага права, а таксама дзярж. кіраванню краіны. Мела сілу закона. Паводле сцвярджэння гісторыка М.Н.Ясінскага ў працы «Устаўныя земскія граматы Літоўска-Рускай дзяржавы» (Кіеў, 1889), назва акта адрознівалася ў залежнасці ад суб’екта заканадаўства: акт, які прымаў вял. князь, наз. «ўстава», акт, што прымаў сойм — «ухвала». У. наз. таксама пісьмовыя распараджэнні ваявод пра ўстанаўленне цэн на пэўныя харч. тавары, віно, прыправы і рамесныя вырабы, што ўвозіліся з-за мяжы. Гэтыя своеасаблівыя прэйскуранты выдаваліся ў кожным ваяводстве звычайна двойчы на год, яны абвяшчаліся і вывешваліся на рынках і ў інш. людных месцах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНА́НСАВАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць юрыдычных норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны, што ўзнікаюць у працэсе стварэння, размеркавання і выкарыстання грашовых фондаў дзяржавы і органаў мясц. самакіравання, неабходных для рэалізацыі іх задач; галіна права. Як сістэма (і навука) падзяляецца на агульную і асаблівую часткі. У агульнай частцы фарміруюцца паняцці фінансаў і фін. сістэмы, прававыя асновы і формы фін. дзейнасці дзяржавы, прадмет, сістэма, крыніцы Ф.п. і інш. У асаблівую частку ўваходзяць бюджэтнае права, прававы рэжым фінансаў прадпрыемстваў і галін нар. гаспадаркі, прававое рэгуляванне дзярж. даходаў, падатковае права, прававыя асновы дзярж. крэдыту, дзярж. страхаванне, прававое рэгуляванне дзярж. выдаткаў і бюджэтнага фінансавання, прававыя асновы банкаўскага крэдытавання, разлікаў і грашовага абарачэння, асновы валютнага заканадаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АПАРА́Т,
сістэма органаў дзяржавы, праз якія забяспечваецца выкананне яе ўладных паўнамоцтваў. У Дз.а. Рэспублікі Беларусь уваходзяць пастаянныя штаты Нац. сходу, адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Міністраў, мін-ваў, дзярж. к-таў, ведамстваў, мясц. органаў дзярж. улады і кіравання, судоў, пракуратуры, дзярж. кантролю, Нац. банка, дыпламат. прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, мытных органаў. Паводле бел.заканадаўства дзейнасць Дз.а. грунтуецца на прынцыпах законнасці, прыярытэту правоў і законных інтарэсаў грамадзян перад інтарэсамі дзяржавы; абавязковасці выканання рашэнняў, прынятых вышэйшымі дзярж. органамі і службовымі асобамі ў межах паўнамоцтваў, для ніжэйстаячых дзярж. органаў; галоснасці ў рабоце рэгулярнымі паведамленнямі адпаведнага дзярж. органа ў сродках масавай інфармацыі і інш.Гл. таксама Дзяржаўная служба.
Г.А.Маслыка.
Танец «Бульба» ў выкананні Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЛЁВЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
сістэматызаваны заканадаўчы акт, які рэгулюе жыллёвыя і інш. звязаныя з імі грамадскія адносіны. Прыняты Вярх. Саветам БССР 10-га склікання 22.12.1983 і ўведзены ў дзеянне 1.4.1984. У кодэксе вылучаны агульныя палажэнні, асобны раздзел прысвечаны кіраванню жыллёвым фондам, падрабязна рэгламентаваны парадак забеспячэння грамадзян памяшканнямі ў дамах жыллёва-буд. кааператываў, карыстання жылымі памяшканнямі ў дамах дзярж. і грамадскага жыллёвага фонду, службовымі жылымі памяшканнямі, інтэрнатамі, у дамах індывід. жыллёвага фонду. Асобныя раздзелы кодэкса рэгламентуюць пытанні забеспячэння захаванасці жыллёвага фонду, яго эксплуатацыі і рамонту, адказнасці за парушэнне жыллёвага заканадаўства, вырашэння жыллёвых спрэчак. У сувязі з тым, што многія палажэнні кодэкса ўстарэлі і патрабуюць пэўных змен, распрацоўваецца новы жыллёвы кодэкс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЙНЯЯ НЕАБХО́ДНАСЦЬ (юрыд.),
становішча, пры якім асоба шляхам учынення грамадска небяспечных дзеянняў прадухіляе небяспеку, што пагражае інтарэсам дзяржавы, грамадства, грамадзянам або непасрэдна дадзенай асобе і яе правам. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь не лічыцца злачынствам і выключае крымін. адказнасць пры ўмове, што небяспека не магла быць прадухілена інш. сродкамі, а нанесеная пры К.н. шкода менш значная, чым тая, якая была прадухілена. Аднак шкода, нанесеная пры К.н., падлягае кампенсацыі асобай, якая яе нанесла. Прымаючы пад увагу абставіны, пры якіх была нанесена шкода, суд можа ўскласці абавязак яе кампенсацыі на трэцюю асобу, у інтарэсах якой дзейнічаў той, хто яе нанёс, або вызваліць іх ад кампенсацыі шкоды поўнасцю ці часткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́ ФОНД,
сукупнасць усіх лясоў краіны натуральнага і штучнага паходжання. Л.ф. Рэспублікі Беларусь складаецца з лясоў дзярж. значэння і калгасных. Паводле нар.-гасп. значэння і функцый падзяляецца на лясы 1-й і 2-й груп, што складае адпаведна 37 і 63% пл. Паводле зямельнага і ляснога заканадаўства да дзярж. Л.ф. адносяцца ўкрытыя лесам землі, а таксама не ўкрытыя, але прызначаныя для патрэб лясной гаспадаркі. У яго склад не ўваходзіць дрэвава-хмызняковая расліннасць, якая расце на землях с.-г. прызначэння, на палосах адводу чыгунак, аўтадарог і каналаў, у гарадах і інш. населеных пунктах, на прысядзібных, дачных і садовых участках. Агульная пл. зямель Л.ф. ў Беларусі (1998) каля 7 млн.га, або 33,9% тэр. рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗІРА́ЛЬНЫЯ КАМІ́СІІ Рэспублікі Беларусь, органы грамадскага кантролю за дзейнасцю папраўча-працоўных устаноў. Створаны ў 1965 пры выканкомах раённых, гар. і абл. Саветаў і пры СМ з ліку дэпутатаў Саветаў, таксама прадстаўнікоў грамадскіх арг-цый і прац. калектываў. Склад Н.к. зацвярджаецца мясц. Саветамі. Іх дзейнасць рэгулюецца папраўча-працоўным заканадаўствам і Палажэннем аб Н.к. Асн. задачы: кантроль за дзейнасцю органаў, якія выконваюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, папраўчых работ з пункту гледжання захавання імі патрабаванняў заканадаўства, за арганізацыяй і правядзеннем выхаваўчай работы з асуджанымі, прыцягненне грамадскасці да перавыхавання асуджаных, назіранне за паводзінамі асоб у быце і на вытворчасці пасля адбыцця імі пакарання, аказанне дапамогі ім у прац. і быт. уладкаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСУ́ДНЫ,
абвінавачаны, якога аддалі пад суд. Паводле працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь (КПК у рэдакцыі 1960) мае права браць удзел у суд. разглядзе яго справы, заяўляць адводы і хадайніцтвы, прад’яўляць доказы, выступаць у суд. спрэчках, выступаць з апошнім словам, абскарджваць прыгавор і вызначэнне суда. Яўка П. ў суд абавязковая. Разбор справы пры адсутнасці П. дапускаецца ў выключных выпадках, калі гэта не перашкаджае ўстанаўленню ісціны па сутнасці абвінавачвання. Свае правы П. рэалізуе сам або з дапамогай абаронца. Пасля вынясення абвінаваўчага прыгавору і набыцця ім законнай сілы П. становіцца асуджаным. КПК Рэспублікі Беларусь 1999 замест паняцця «П.» ўжывае паняцце «абвінавачаны», пакідаючы за ім тыя ж правы і абавязкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАВАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржава, у якой функцыянуе рэжым канстытуцыйнага праўлення, ажыццяўляюцца прынцыпы вяршэнства закону і права. Характэрныя адзнакі П.дз.: прызнанне і гарантаванасць правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, узаемная адказнасць дзяржавы і асобы, судовая абарона асоб і інш. суб’ектаў грамадскіх адносін, адпаведнасць унутр.заканадаўства агульнапрынятым прынцыпам і нормам міжнар. права. Канцэпцыя П.дз. склалася на аснове асэнсавання і ўспрымання універсальных ідэй мысліцеляў былых эпох — вяршэнства закона (Сакрат, Платон, Арыстоцель і інш.), раздзялення ўлад (Палібій, Дж.Лок, Ш.Мантэск’ё і інш.), неадчужальнасць прыродных правоў чалавека (Ж.Ж.Русо, Дж.Лілберн і інш.). У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэсп. рэферэндуме 1996, Беларусь абвешчана унітарнай дэмакр. сацыяльнай П. дз.