Кры́ца ’камяк’, «Каб ты крыцай села» (Бір. Дзярж., Грыг., Яшк., КЭС, лаг.). Ст.-бел. крица ’каванае жалеза’ (з 1520 г.). Запазычанне з польск. kryca (?) праблематычнае (параўн. Булыка, Запазыч., 177). Укр. криця ’кавалак жалеза, пакрыты шлакам’, рус. крица ’тс’. Яшчэ Міклашыч (139) разглядаў гэтыя словы як запазычанні з ням. Kritze ’тс’ (параўн. Kritzeisen). Гл. Фасмер, 2, 378.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пато́п ’разводдзе, паводка’, патопа ’патоп, непралазная гразь’ (Нас., Бір. Дзярж.), ’балоцістае месца’ (Нас.). Укр. потоп ’патоп’, потопа ’паводка’, рус. пото́п, пск., цвяр. по́топь ’разліў, паводка’, польск. potop, чэш., славац. potopa, славен. potòp, серб.-харв. по̀топ, макед., балг. потоп ’патоп’, ’разводдзе’. Прасл. potop(a) < potopiti < topiti > тану́ць ’патанаць’ (гл.).

Пато́п 2 ’стаптаны агарод’ (ганц., Сл. ПЗБ). Да (па‑)таптаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сумо́даць ’сумець, змагчы’ (дзярж., Нар. сл.), ’здолець, ухітрыцца’ (Кал.), сумо́наць (< *сумоднаць?) ’тс’ (Сцяшк. Сл.). Няясна; магчыма, прэфіксальны (з су-) дэрыват ад мадзець (гл.) з пераходам дзеяслова ў катэгорыю форм на ‑аць. Дзеяслоў сумо́наць Цыхун (Зб. Мальдзісу, 402) суадносіць з літ. sumanýti ’задумаць, узяцца за справу’, што таксама сустракаецца з пэўнымі семантычнымі цяжкасцямі. Параўн. яшчэ намо́наць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіпу́га ‘вецер і снег, мяцеліца’ (Сцяшк., Нар. сл.; ваўк., Сл. ПЗБ). Параўн. рус. раз., тамб. сипу́га ‘буран нізам, пры сухім марозным ветры, калі снег нясецца пылам са свістам па зямлі’. Да сіпець (гл.) з суф. ‑уг(а).

Сіпуга́ ‘зямля, змешаная з глеем’ (Жд. 1, Шчарб.), сіпу́га ‘тс’ (дзярж., Яшк.). Да сіпе́ць (гл.). Адносна семантыкі параўн. свішчуга < свісцець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трапе́ць ’баяцца, шалець ад страху’ (дзярж., Нар. сл.), ’станавіцца безразважным, праяўляць нястрыманасць, шаленства’ (Кал.). Непаўнагалосная форма, суадносная з рус. торопе́ть ’бянтэжыцца, пужацца’ (гл. тарапіцца 2). Відаць, скарочанае ад трапе́нець ’вар’яцець, дурэць’ (гл. трапенне, трапёны) або дзеяслоў працяглага дзеяння ад трапіць 2 (гл.). Малапераканальнае па фанетычных прычынах вывядзенне слова з літ. drebė́ti ’дрыжэць, трасціся’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 133).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРХІ́Ў (лац. archivum),

1) установа або яе аддзел, што захоўвае дакументы і арганізуе іх выкарыстанне.

2) Сукупнасць дакументаў, якія з’явіліся ў выніку дзейнасці ўстаноў, прадпрыемстваў і прыватных асоб. Як збор крыніц архіў служыць для навук. даследаванняў, практ. патрэб гаспадаркі і дзярж. кіравання.

Існуюць з глыбокай старажытнасці, іх з’яўленне падрыхтавана вынаходствам пісьменства. У Месапатаміі і М.​Азіі археолагі раскапалі ў палацах правіцеляў, іх намеснікаў, дамах прыватных асоб і храмах архівасховішчы адм.-гасп. дакументаў, напісаных на гліняных таблічках. Знойдзены дыпламат. сховішчы стараж.-егіп. фараонаў. Уласна архівы, прыстасаваныя для захоўвання актаў, былі ў Стараж. Грэцыі і Рыме. У 12—13 ст. у Францыі, Іспаніі, Англіі і інш. краінах узніклі т.зв. каронныя архівы пры дварах правіцеляў. Значную ч. гіст. крыніц у гэты час захоўвалі царк. ўстановы. З 16 ст. многія дзярж. ўстановы імкнуліся мець уласныя архівы. У выніку каланізацыі еўрапейцамі зямель і інш. Кантынентаў узніклі буйныя каланіяльныя архівы (напр., Гал. архіў Індый у Іспаніі). З 19 ст. матэрыялы многіх архіваў сталі даступныя даследчыкам, пачало складвацца міжнар. архіўнае супрацоўніцтва. У 1950 на 1-м Міжнар. кангрэсе архіваў зацверджаны статут Міжнар. савета архіваў. З ім супрацоўнічаюць архівісты амаль 120 краін (1994), выдаецца міжнар. час. «Archivum». Найб. архіўныя ўстановы свету: франц. Нац. архіў (Archives Nationales; у Парыжы, з 1794), у Англіі Дзярж. публічны архіў (Public Record Office; у Лондане, з 1838), у ЗША Нац. архіў (Nationales Archives; у Вашынгтоне, з 1934); у ФРГ Федэральны архіў (Bundesarchiv; у г. Кобленц, з 1952); у Польшчы архіў новых актаў (Archiwum Akt Nowych; з 1930) і Гал. архіў стараж. актаў (Archiwum Glówne Akt Dawnych; з 1867; абодва ў Варшаве), Дзярж. архіў Расійскай Федэрацыі (б. Цэнтр. дзярж. А. Кастр. рэвалюцыі, вышэйшых органаў дзярж. улады і органаў дзярж кіравання СССР, Масква), Рас. дзярж гіст. архіў (б. Цэнтр. дзярж. гіст. архіў СССР, С.-Пецярбург) і інш.

На Беларусі першыя архівы ўтвараліся ў княжацкіх замках, манастырах, цэрквах. Пры канцылярыі вял. князёў ВКЛ існаваў архіў — Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Свае архівы мелі гаспадарскія і гарадскія адміністрацыі, магнаты (Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы), шляхта, некаторыя заможныя мяшчане. З 2-й пал. 19 ст. дакументы ВКЛ зберагаліся ў Віленскім цэнтральным архіве старажытных актаў і Віцебскім цэнтральным архіве старажытных актаў. У Мінску з 1872 існаваў архіў скасаваных судовых месцаў Мінскай губ. 4.8.1922 створаны Цэнтр. архіў Беларусі (заг. З.​Х.​Жылуновіч), які кіраваў архіўнай справай у БССР. Праведзены Усебеларускія канферэнцыі архіўных работнікаў (Мінск, 1924, 1927), 1-ы з’езд даследчыкаў бел. археалогіі і археаграфіі (Мінск, 1926). У 1938—60 архіўныя ўстановы ўваходзілі ў сістэму НКУС (МУС) БССР. Навуковае і арганізац.-метадычнае кіраўніцтва архівам ажыццяўляла Гал. архіўнае ўпраўленне пры СМ БССР, пераўтворанае ў 1992 у Камітэт па архівах і справаводстве. У 1994 прыняты закон «Аб нацыянальным архіўным фондзе і архівах у Рэспубліцы Беларусь». На Беларусі 6 цэнтр. дзярж. Архіваў (1995): Нац. архіў Рэспублікі Беларусь, Нац. гіст. архівы Рэспублікі Беларусь у Мінску і Гродне, Бел. дзярж. архіў кінафотафонадакументаў, Бел. дзярж. архіў-музей л-ры і мастацтва, Бел. дзярж. архіў навукова-тэхн. дакументацыі. Абласныя архівы і іх філіялы захоўваюць дакументы мясц. устаноў, арг-цый, прадпрыемстваў, калгасаў і інш. (гл. адпаведныя арт., напр., Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці). Існуюць таксама архівы АН Беларусі, КДБ Рэспублікі Беларусь. Рукапісы і гіст. дакументы захоўваюцца таксама ў бібліятэках, музеях і навук. установах. Буйныя комплексы дакументаў па гісторыі Беларусі знаходзяцца ў архівах Польшчы, Расіі, Літвы, Украіны, Германіі, Швецыі, ЗША і інш.

Літ.:

Архивное дело в БССР (1918—1968): Сб. законодательных и руководящих документов. Мн., 1972;

Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.

А.​М.​Міхальчанка (архівы Беларусі).

т. 1, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ГІСТАРЫ́ЧНЫ АРХІ́Ў у Санкт-Пецярбург у. Засн. ў 1925 як Ленінградскі цэнтр. гіст. архіў на базе ленінградскіх секцый Цэнтр. архіва РСФСР, створанага ў 1922 (секцыі як часткі Адзінага дзярж. архіўнага фонду ствараліся з 1918). У 1929 Маскоўскі і Ленінградскі цэнтр. гіст. архівы аб’яднаны ў Цэнтр. гіст. архіў. У 1934 на яго базе створаны 4 архівы: нар. гаспадаркі, унутр. палітыкі, культуры і побыту, з 1936 наз. цэнтральнымі. У 1941 на іх базе створаны Цэнтр. дзярж. гіст. архіў у Ленінградзе, з 1961 Цэнтр. дзярж. гіст. архіў СССР, з 1992 сучасная назва. 1367 фондаў, 6 571 911 адзінак захоўвання за 1703—1918 (асобныя дакументы з 1218 і да 1986). Захоўвае фонды вышэйшых і цэнтр. органаў дзярж. улады і кіравання Расіі з 19 ст. да 1917 (акрамя фондаў арміі, флоту і МЗС), грамадскіх арг-цый, устаноў і прыватных асоб дарэв. Расіі, у т. л. Дзярж. савета (1810—1917) і яго дэпартаментаў, Дзярж. думы (1905—17); Гал. к-та па сял. справе (1858—61), Кабінета Міністраў (1802—1906) і Савета Міністраў (1857—82, 1905—17), Кадыфікацыйнага аддзела Дзярж. савета, Аддзялення збору законаў Дзярж. канцылярыі і інш. Найбуйнейшымі з’яўляюцца комплекс фондаў з б. Архіва Урадавага Сената (1711—1917) і фонды Сінода (1721—1918); ёсць калекцыі рукапісных кніг 14 — пач. 20 ст., карт, буд. планаў і фотаздымкаў. Зберагае фонды Дзярж. кантролю, амаль усіх мін-ваў і гал. упраўленняў Рас. імперыі 19 — пач. 20 ст., падначаленых ім устаноў, у т. л. К-та Зах. губерняў 1831—48, пазаміністэрскіх і міжведамасных устаноў; дакументы прыватных акц. суполак, гандл.-прамысл. т-ваў і банкаў, чыг., параходных і страхавых кампаній, навук., культ.-асв. і маст. устаноў. Захоўвае асабістыя фонды значных дваранскіх родаў (Валконскіх, Вяземскіх, Далгарукіх, Дашкавых, Зубавых, Корфаў, Паніных, Талстых і інш.), дзярж. дзеячаў С.​Ю.​Вітэ, П.​А.​Сталыпіна і інш., гісторыкаў М.​М.​Карамзіна, М.​П.​Паўлава-Сільванскага, М.​П.​Пагодзіна і інш. Гісторыя правасл. і уніяцкай царквы на Беларусі адлюстравана ў фондах Сінода і Канцылярыі уніяцкіх мітрапалітаў Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі, каталіцкай царквы — Бел.-Літ. духоўнай калегіі Сінода, канцылярыі Магілёўскага рымска-каталіцкага мітрапаліта. Развіццё бел. л-ры асвятляюць дакументы пра газ. «Мужыцкая праўда», «Наша доля», «Наша ніва», «Минский листок», «Северо-Западный край», час. «Гомон», выд-ва «Грамада», пра рэв. дзейнасць А.​Гурыновіча і забарону цэнзурай выданняў твораў Ф.​Багушэвіча, В.​Дуніна-Марцінкевіча, А.​Рыпінскага, Я Купалы; пра жыццё і дзейнасць Я.​Карскага. Зберагаюцца дакументы пра ахову бел. помнікаў старажытнасці, апісанні бел. гарадоў і інш.

Літ.:

Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 152—157;

Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.

т. 13, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯНЕ́ЎСКІ (Казімір Іванавіч) (23.8.1896, г.п. Ліцін Вінніцкай вобл., Украіна — 3.7.1968),

бел. альтыст. Засл. арт. Беларусі (1955). Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі (1918—21). Працаваў у аркестрах муз. т-раў Вінніцы, Кіева, Баку. У 1937—68 канцэртмайстар групы альтоў у аркестры Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Удзельнік Дзярж. квартэта БССР.

т. 3, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛБЦО́ВА (Міра Міхайлаўна) (н. 21.12.1938, Масква),

расійская артыстка балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Расіі (1978). Нар. арт. СССР (1989). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1973). З 1957 салістка Дзярж. акад. харэаграфічнага ансамбля «Бярозка», з 1980 яго маст. кіраўнік. Стварыла шэраг танцаў і кампазіцый, прасякнутых яскравым нац. каларытам, лірызмам.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНА́ЙСКІ (Васіль Серафімавіч) (н. 20.4.1947, пас. Абезь, Рэспубліка Комі),

дырыжор. Нар. арт. Латвіі (1981). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1970). З 1971 2-і дырыжор сімф. аркестра ў Новасібірску. З 1975 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж. сімф. аркестра Латвіі, з 1989 Дзярж. малога сімф. аркестра СССР. З 1976 выкладае ў Латвійскай кансерваторыі.

т. 14, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)