абса́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Дрэвы, кусты, якія пасаджаны ўздоўж ці вакол чаго‑н.; насаджэнне. Кусціўся.. [алешнік] густа, нібы маладая абсада, і ўсцяж шляху. Сачанка. Над усім пейзажам пачынае панаваць хутар і абсады шляхціца Мазавецкага. Адамовіч.
2. Тое, што і шуфляда (у 2 знач.). Круглы двор — гэта і стальмашня, дзе робяцца драбіны для калёс, палазы для саней, абсада для вокан. Сіпакоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
захма́рыць 1, ‑рыць; зак.
1. што. Зрабіць хмарным. Захмарыла ўжо восень неба і распранае гай барвовы. Вялюгін. / у безас. ужыв. Хутка зноў захмарыла, дождж разахвоціўся і дробна ды густа ліў да самага вечара. Кірэенка.
2. перан.; каго-што. Засмуціць, замаркоціць. Пачутая нядобрая навіна пра Ганну ўжо тут, у гаворцы з маці, захмарыла [Васіля]. Мележ.
захма́рыць 2, ‑рыць; безас. зак.
Пачаць хмарыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзёгаць, ‑гцю, м.
Цёмная густая смалістая вадкасць, якая здабываецца шляхам сухой перагонкі цвёрдага паліва (драўніны, торфу, каменнага вугалю і пад.). Васіль Лявончык у чым быў на калгасным двары, у тым і пайшоў, толькі забег да рымароў і добра змазаў свае ялавыя боты дзёгцем. Шахавец. Пах сасновай смалы так густа напаіў паветра, што яно ў начной цемры здавалася цягучым, як дзёгаць. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сухава́ты, ‑ая, ‑ае.
Не зусім сухі (у 1, 2, 5, 9, 10 і 11 знач.). Янук памаўчаў з хвіліну, нібы прыслухоўваючыся к лёгкаму посвісту ветру ў сухаватых лісцях. Кулакоўскі. Тонкая сухаватая трава, аб якую лёгка было парэзаць руку, густа кусцілася каля старых пнёў. Зуб. Марына ўлавіла сухаваты тон Андрэевых слоў. Шахавец. Не адрываючыся, я глядзеў на падцягнуты сухаваты твар старога. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трушчо́ба, ‑ы, ж.
1. Бедны, густа населены брудны квартал горада, а таксама брудны, цёмны, разбураны дом, жыллё. Лонданскія трушчобы. Прыгарадныя трушчобы. Трушчобы капіталістычных гарадоў.
2. Цяжкапраходнае месца ў лесе з бураломам. Белай, месячнай ноччу ў трушчобах завянуць свае песні ваўкі... Рудкоўскі.
3. Глухое месца, глуш. — Новаспечаны, і ў вашых трушчобах маю гонар быць першы раз, — сказаў з усмехам Лабановіч. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца чорным, больш чорным. Снягі набраклі талаю вадою І з кожнай хвіляй чэзнуць і чарнеюць. Свірка. Павесілі галовы сланечнікі, не дзярэцца на платы гарбузнік, чарнее бульбянік. Навуменка.
2. Вылучацца сваім колерам (пра што‑н. чорнае). На сцяне чарнелі хамуты і густа пахлі дзёгцем. Чорны. Ложак панура чарнеў сеткаю. Мележ. За акном чарнела асенняя ноч. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шлёпацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм.
1. Гучна, з пляскам, шумам стукацца, біцца аб што‑н. Вялікі саган з капустай быў абхоплены полымем. Вар у ім.. шлёпаўся. Бядуля.
2. Шумна, з глухім гукам падаць; плюхацца. Адна качка хіснулася, нырае ўніз, няёмка махае аслабелымі кры[ла]мі і, апісаўшы дугу, раптам шлёпаецца ў ваду. Колас. Часта і густа шлёпаліся міны і снарады. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЛЁСАВАЕ ПЛАТО́, Лёсавая раўніна. У сярэдняй частцы бас. р. Хуанхэ, у Кітаі. Абмежавана хр. Тайханшань, Цыньлін і ўсх. адгор’ямі Наньшаня. Пл. каля 430 тыс. км². Пераважаюць вышыні 1200—1500 м. У межах Л.п. ёсць асобныя хрыбты (Люпаньшань, Люйляншань, Утайшань і інш.), грэбні якіх месцамі дасягаюць 2500 м. У геал. адносінах — упадзіна, запоўненая тоўшчай мезазойскіх адкладаў, перакрытых лёсамі. Магутнасць лёсаў 100—200 м, на Пн да 250 м. Л.п. амаль поўнасцю разбурана эрозіяй (сетка яроў дасягае 5—6 км на квадратны кіламетр пры глыб. 100—150 м). Клімат умераны з сухой халоднай зімой і гарачым летам. Сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C да -8 °C, ліп. 22—24 °C. Ападкаў ад 500 мм за год на У да 250 мм на ПнЗ; большасць іх выпадае ў час летняга мусону (ліп.—вер.), звычайна ў выглядзе ліўняў, якія стымулююць эрозію. Рэкі цякуць у глыбокіх цяснінах і выносяць вял. колькасць наносаў. Лёсавыя глебы высокаўрадлівыя, але ў большасці змыты. Значныя тэр. ўзараны, схілы выш. да 1000 м тэрасаваныя. Вырошчваюць бавоўнік, проса, гаалян, пшаніцу. На непрыдатных землях захавалася прыродная расліннасць (стэпы і лесастэпы). Радовішчы каменнага вугалю, жалезнай руды, нафты, гаручых сланцаў, гіпсу, солі. Л.п. густа населена (асабліва даліна р. Вэйхэ). Буйныя гарады — Сіянь, Таюань, Ланьчжоў.
т. 9, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАССЯЛЕ́ННЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
працэс размеркавання і пераразмеркавання насельніцтва па тэрыторыі і яго вынік — сетка паселішчаў. Уключае размяшчэнне насельніцтва, функцыянальныя тэр. ўзаемасувязі населеных месцаў і міграцыю насельніцтва. Гал. фактары працэсу Р.н.: прыродны (рэльеф, глебы, клімат, блізкасць да водных рэсурсаў, наяўнасць карысных выкапняў), дэмаграфічны (натуральны прырост насельніцтва, міграцыйныя працэсы), сац.эканам. (узровень развіцця і размеркавання вытв. сіл, рэгіянальныя адрозненні паводле ўзроўню даходаў, развітасць інфраструктуры). З развіццём вытв. сіл гал. ролю ў Р.н. адыгрывае сац.-эканам. фактар. Асн. формай Р.н. з’яўляюцца пастаянныя населеныя пункты (гарадскія і сельскія), якія ўтвараюць у адных раёнах густую, у іншых — рэдкую сетку. Пры цесным збліжэнні паселішчаў і інтэнсіўным развіцці маятнікавай міграцыі ўзнікаюць агламерацыі паселішчаў (гл. Гарадская агламерацыя). Суседнія групы агламерацый у прамысл. густа заселеных раёнах, з развітай сеткай камунікацый, могуць утвараць яшчэ больш складаную форму — мегалопаліс. На Беларусі (2000) 212 гарадскіх паселішчаў (каля 7 млн. чал.) і 23 459 сельскіх паселішчаў (каля 3 млн. чал.). Сярэдняя адлегласць паміж гарадамі менш за 50 км, паміж сельскімі паселішчамі — каля 3 км. У сярэднім на кожную 1000 км² прыпадае 1 гарадское і 113 сельскіх паселішчаў, што спрыяе развіццю эканам., працоўных, культурна-быт. і інш. міжпаселішчавых сувязей. Пра рассяленне бел. этнасу гл. ў арт. Беларусы, Этнічная тэрыторыя.
Літ.:
Манак Б.А. Насельніцтва Беларусі: Рэгіян. асаблівасці развіцця і рассялення. Мн., 1992.
Дз.М.Кудзелка.
т. 13, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Плець 1 ’лезіва, прылада зямца, сплеценая з 8 частак, лесвіца, каб лазіць на дрэвы да борцяў’ (кіраў., Працы, 6; рэч., Маш.; слаўг., Нар. сл.; калінк., рагач., З нар. сл.; маг., усх.-гом., ЛА, 1); ’плётка, пляцёнка’ (Мат. Маг.), пле́ццю ’густа, нібы сплёўшыся’ (Юрч. СНЛ). Рус. плеть ’лезіва зямца’. Ад прасл. *pletь. Да пле́сці (гл.).
Плець 2 ’палоць’ (ігн., вільн., Сл. ПЗБ). З польск. pleć ’тс’ (тамсама).
Плець 3 ’падоўжаны край бёрда, у які ўстаўляюцца трысцінкі’ (воран., Шатал.). Да пле́сці (гл.) ад асновы *plet‑ (*pletь ’нешта сплеценае’).
Плець 4 ж. р. ’плот, сплецены з лазы ці з тонкіх жэрдак’ (Федар. 7). Да прасл. *plet‑ь < і.-е. *plekʼ‑t‑ǐ‑s.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)