ПА́НЦЫР, у біялогіі (лац. lorica),

у некаторых груп жывёл — цвёрдае ахоўнае ўтварэнне, якое поўнасцю або часткова ўкрывае цела. У беспазваночных узнікае з патоўшчанага хіцінавага покрыва або з вапнавых пласцінак (напр., у некат. ігласкурых, насякомых, ракападобных і інш.). Сярод пазваночных П. маюць прадстаўнікі ўсіх класаў, акрамя птушак (найб. развіты ў кракадзілаў, чарапах, браняносцаў, пангалінаў). Асаблівае развіццё адзначана ў выкапнёвых бяссківічных. У раслін П. — трывалае вонкавае покрыва некат. аднаклетачных водарасцей.

т. 12, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСТО́РАВАЯ ІЗАМЕРЫ́Я, стэрэаізамерыя,

адзін з тыпаў ізамерыі хім. злучэнняў. Абумоўлена існаваннем злучэнняў (стэрэаізамераў) з аднолькавай паслядоўнасцю сувязей атамаў паміж сабой, але розным іх прасторавым размяшчэннем у малекуле. Падзяляюць на энантыямерыю, ці аптычную ізамерыю, якая ўзнікае пры наяўнасці ў малекуле элемента хіральнасці, дыястэрэамерыю, абумоўленую існаваннем у злучэнняў з некалькімі элементамі хіральнасці груп прасторавых ізамераў, якія не з’яўляюцца аптычнымі антыподамі (гл. Дыястэрэамеры), геаметрычную ізамерыю, уласцівую злучэнням з падвойнымі сувязямі і малымі цыкламі.

т. 13, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАХІТЭ́ЛІЯ (ад грэч. tachys хуткі + telos вынік, мэта),

адносна паскораны тэмп эвалюцыі. Тэрмін увёў амер. палеантолаг Дж. Г.​Сімпсан (1944). Характэрна для філагенет. развіцця некат. груп арганізмаў. Напр., фарміраванне новага сям. ў класе млекакормячых праходзіла за дзесяткі мільёнаў гадоў, некат. групы (грызуны, капытныя) фарміраваліся за некалькі мільёнаў гадоў. Асн. фактары ўзнікнення Т. — рэзкія і частыя змены ўмоў існавання. Пазней Т. змяняецца брадытэліяй (запаволеным тэмпам эвалюцыі), гаратэліяй (сярэднім тэмпам эвалюцыі) ці выміраннем.

т. 15, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́ДНІЯ СЛАВЯ́НЕ,

адна з трох (разам з заходнімі і паўднёвымі) асноўных груп славян. Склаліся ў 6—9 ст. на тэр. Усх. Еўропы. Займаліся ворным земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, рыбалоўствам, бортніцтвам.

Падзяляліся на племянныя саюзы палян, драўлян, валынян, дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў, вяцічаў і інш. У 1-й пал. 9 ст. мелі раннедзярж. аб’яднанні (княжанні) у Сярэднім Падняпроўі і Прыільменні, якія сталі асновай Кіеўскай Русі. Да 16 ст. склаліся народнасці: беларусы, рускія, украінцы.

т. 16, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРАЛО́ГІЯ (ад грэч. chōros месца, прастора + ...логія),

арэалогія, раздзел біягеаграфіі, які вывучае заканамернасці размяшчэння арганізмаў і іх згуртаванняў у прасторы. Падзяляецца на фітахаралогію (Х. раслін) і зоахаралогію (Х. жывёл). Аб’екты вывучэння: вобласці пашырэння (арэалы) асобных відаў і інш. сістэм. груп (таксонаў) раслін і жывёл, іх геагр. размеркаванне і міграцыя, сучасны стан. заканамернасці развіцця і фарміравання натуральных і антрапагенных змен арэалаў і інш. Звязана з сістэматыкай, палеагеаграфіяй і філагеніяй.

т. 16, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫЛІ́ЙСКІ АРХІПЕЛА́Г,

агульная назва некалькіх груп астравоў у Ціхім ак. каля паўд.-зах. берагоў Чылі. Найбуйнейшыя а-вы: Чылаэ, Уэлінгтан, Санта-Інес. Астравы мацерыковага паходжання (пераважна ўчасткі Берагавых Кардыльераў Андаў). Берагі моцна парэзаныя залівамі і пралівамі. Паверхня гарыстая, выш. да 1341 м. Частыя землетрасенні (наймацнейшае ў 1960). Лясы з нізкарослых паўд. букаў, балотная і лугавая расліннасць. Лесараспрацоўкі, рыбалоўства. Гал. горад і порт — Анкуд (на в-ве Чылаэ). Нац. парк Эрнанда-Магальянес.

т. 17, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

генацы́д

(ад ген + -цыд)

знішчэнне асобных груп насельніцтва па расавых, нацыянальных, этнічных, палітычных або рэлігійных матывах; арганічна звязана з фашызмам, расізмам і аналагічнымі рэакцыйнымі тэорыямі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БІЯЛАГІ́ЧНЫ РЭГРЭ́С,

эвалюцыйны заняпад дадзенай групы арганізмаў, якая не змагла прыстасавацца да змен умоў навакольнага асяроддзя або не вытрымала канкурэнцыі з інш. групамі. Характарызуецца змяншэннем колькасці асобін у пэўным таксоне і падпарадкаваных сістэматычных груп, звужэннем яго арэала, паступова можа прывесці да вымірання дадзенай групы арганізмаў (напр., род хахуляў, сям. гінкгавых; рэптыліі, якія былі пашыраны ў мезазоі, цяпер іх значна менш і арэал абмежаваны). Тэрмін увёў рус. вучоны А.​М.​Северцаў (1925). Параўн. Біялагічны прагрэс.

т. 3, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАСТАЦЫ́СТА (ад бласта... + грэч. kystis пузыр), бластадэрмічны пузырок,

стадыя развіцця зародка млекакормячых жывёл і чалавека ў выніку драблення аплодненага яйца. Бластацыста — пузырок, запоўнены вадкасцю. Вонкава нагадвае бластулу млекакормячых, але адрозніваецца ад яе дыферэнцыроўкай груп клетак на трафабласт і эмбрыяпласт (зародкавы вузельчык). З зародкавага вузельчыка ўтвараюцца зародкавыя лісткі (эктадэрма, эндадэрма і мезадэрма), якія фарміруюць цела зародка. На стадыі бластацысты зародак перамяшчаецца па яйцаводзе ў поласць маткі, абалонка яйца разрываецца, што стварае ўмовы для імплантацыі.

т. 3, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЫСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў 1941—44 у г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Складалася з 3 груп (кіраўнікі Я.​А.​Точын, Ц.​Р.​Марозаў, А.М. і З.​М.​Шэвень), аб’ядноўвала больш за 40 чал. Падпольшчыкі запісвалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, здабывалі звесткі аб праціўніку для партызан, выводзілі са строю сельгастэхніку, учынялі дыверсіі (спалілі маслазавод, паліцэйскі ўчастак і інш.). Фашысты высачылі падпольшчыкаў, арыштавалі і закатавалі.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)