ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (Літоўска-Беларуская ССР, Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі, Літбел). Існавала ў гады грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20. Утворана ў адпаведнасці з рэкамендацыямі ЦК РКП(б) у лют. 1919 шляхам аб’яднання БССР і Літ. ССР (рэзалюцыі аб аб’яднанні зацверджаны рашэннямі I Усебел. з’езда Саветаў і з’езда Саветаў Літвы). Вырашальную ролю ў справе ўтварэння рэспублікі адыграла падрыхтоўка Польшчы да вайны з Сав. Расіяй. 27.2.1919 на сумесным пасяджэнні ЦВК рэспублік створаны ўрад (СНК) Літбела на чале з В.С.Міцкявічусам-Капсукасам і агульны ЦВК на чале з К.Г.Цыхоўскім. 28.2.1919 зацверджаны афіц. назва («Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі») і сімволіка рэспублікі. У склад Літбела ўвайшлі тэр. Віленскай, Мінскай, часткі Ковенскай і Гродзенскай губ. На тэр. Мінскай губ. і Вілейскага пав. Віленскай губ. дзейнічаў Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт. Плошча Літбела складала каля 207 тыс.км², насельніцтва — каля 4 млн.чал.Адм. цэнтр — г.Вільня (цяпер Вільнюс). Вядучай партыяй у рэспубліцы была Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ, утворана ў сак. 1919]. Дазвалялася дзейнасць партый, якія прадстаўлялі яўр. насельніцтва (Бунд, Паалей Цыён, Яўр.камуніст. саюз) і польск. камуніст. групы. Дзейнасць інш. партый забаранялася. Рэсп. органамі ўлады былі прыняты інструкцыі аб валасных, гар. і пав. Саветах, дэкрэты пра арганізацыю сав. міліцыі і суда, раўнапраўе ўсіх мясц. моў, ураўнаванне жанчын у правах з мужчынамі, скасаванне саслоўяў і тытулаў. У пач.крас. 1919 царква была аддзелена ад дзяржавы. Да мая 1919 Прэзідыум ЦВКЛіт.-Бел. ССР распрацаваў праект рэсп. Канстытуцыі (моцы не набыў). Зямельны фонд, лясы, нетры, воды, сродкі зносін і банкі абвяшчаліся агульнадзярж. уласнасцю. 16.2.1919 СНКБССР выдаў пастанову аб нацыяналізацыі прамысл. прадпрыемстваў. Прамысл. і харч. тавары размяркоўваліся па картачнай сістэме і ў выглядзе пайка. Збор прадуктаў праводзіўся шляхам прымусовай харчразвёрсткі. Урад Літбела імкнуўся да стварэння саўгасаў, камун і сельгасарцелей на базе былых памешчыцкіх маёнткаў. 11.4.1919 уведзена ўсеагульная працоўная павіннасць. У галіне культуры і адукацыі ўрад Літбела выдаў дэкрэты аб абавязковым бясплатным навучанні дзяцей і моладзі ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў (24.3.1919), адкрыцці нар. ун-та ў Вільні (10.3.1919), стварэнні гіст.-этнагр. музея (25.3.1919) і музея прыкладнога мастацтва (26.3.1919) у Вільні. Выдавалася 6 газет (2 на рус., па адной на літ., бел., польск. і яўр. мовах). 28.2.1919 ЦВК Літбела прыняў дэкларацыю аб знешняй палітыцы, у якой прапанаваў усім народам і іх урадам прызнаць Літ.-Бел. ССР, дэклараваў гатоўнасць «вырашыць усе спрэчныя пытанні палюбоўна і міралюбіва». У сувязі з польск. інтэрвенцыяй шмат увагі аддавалася мерапрыемствам у ваен. галіне. Ва ўмовах актывізацыі баявых дзеянняў на Зах. фронце 13.3.1919 Зах. армія перайменавана ў Беларуска-літоўскую армію. 8.4.1919 ЦВК Літбела абвясціў у рэспубліцы ваен. становішча. 19.4.1919 створаны Савет абароны Літвы і Беларусі, які валодаў усёй паўнатой ваен. і дзярж. улады (старшыня Міцкявічус-Капсукас). 12.4.1919 органы ўлады Літбела пераехалі ў Дзвінск (цяпер Даўгаўпілс), 28.4.1919 — у Мінск, 19.5.1919 — у Бабруйск. 2.5.1919 Савет абароны абвясціў усеагульную мабілізацыю ва ўзбр. сілы Літбела, 31.5.1919 падтрымаў прапанову ЦК РКП(б) аб стварэнні ваен. саюза паміж сав. рэспублікамі. 21.6.1919 ЦВК Літбела адобрыў дагавор аб ваенна-паліт. саюзе сав. рэспублік. У крас.—вер. 1919 значная частка Літбела (у т. л.Вільня і Мінск) акупіравана польск. войскамі. 14.7.1919 ЦК РКП(б) вырашыў ліквідаваць СНК і Савет абароны Літбела, але захаваць рэсп.ЦВК. 17.7.1919 Савет абароны ліквідаваны, наркаматы Літбела перайменаваны ў аддзелы Мінскага губ.ВРК. У вер. 1919 ЦК КП(б)ЛіБ і Мінскі губ.ВРК пераведзены ў Смаленск. Пасля падпісання мірнага дагавора паміж РСФСР і Літвой (12.7.1920) і абвяшчэння незалежнасці БССР (31.7.1920) Літбел юрыдычна спыніла існаванне.
Кр.: Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967; Борьба за Советскую власть в Белоруссии, 1918—1920 гг.: Сб. док. и материалов. Т. 1—2. Мн., 1968—71; Идеологическая деятельность Компартии Белоруссии, 1918—1945: [Сб. док.]. Ч. 1. Ми., 1990; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў Т. 1. Мн., 1997.
Літ.:
Шкляр Е.Н. Борьба трудящихся Литовско-Белорусской ССР с иностранными интервентами и внутренней контрреволюцией (1919—1920 гг.). Мн., 1962;
Великий Октябрь в судьбах белорусского и литовского народов: (Материалы межресп. науч. конф., посвящ. 60-летию образования Литовско-Белорусской ССР): Мн., 1981;
Селиванов П.А. Укрепление тыла Красной Армии: Деятельность Советов и ревкомов Белоруссии (1918—1920 гг.). Мн., 1987;
Платонов Р., Сташкевич Н. К вопросу о становлении белорусской национальной государственности // Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Гомель, 1993. Ч. 2;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 1998;
Круталевич В.А. История Беларуси: Становление национальной державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́З, ікона,
1) у хрысціянскай рэлігіі (праваслаўе і каталіцызм) выявы Ісуса Хрыста, Маці Божай, святых на драўлянай дошцы, палатне, камені; сімвал, які з’яўляецца аб’ектам рэліг. ўшанавання.
2) Твор сярэдневяковага мастацтва (гл.Іканапіс), які мае культавае прызначэнне.
Першыя абразы вядомы з 2 ст.н.э.Найб.стараж. абразы, што захаваліся, паходзяць з Пярэдняй Азіі. Культ абраза як абавязковага элемента храма быў афіцыйна прыняты на 7-м Усяленскім саборы (786—787, Канстанцінопаль). Паводле хрысціянскага падання першаўзорам вобраза Хрыста з’явіўся адбітак яго твару на ўбрусе, а першыя выявы Маці Божай выкананы евангелістам Лукою. Асабліва шырока быў распаўсюджаны ў Візантыі, Егіпце, Эфіопіі, паўд.-слав. краінах, Грузіі. Для абраза характэрны іканаграфічны канон, які вытрымліваецца стагоддзямі. Пад уплывам Візантыі ўзнік старажытнарускі абраз, класічныя ўзоры якога адносяць да канца 14—15 ст. (А.Рублёў, Феафан Грэк).
На Беларусі абраз з’явіўся, верагодна, у канцы 10 ст. ў Полацку і Тураве. Першыя абразы прывозілі з Візантыі, напр., Ефрасіння Полацкая падаравала мужчынскаму манастыру ў Полацку абраз «Маці Божая Адзігітрыя Эфеская», які яна атрымала ад імператара Мануіла Камніна. Бел. абразы 11—15 ст. ствараліся ў сферы правасл. візантыйска-балканскага ўплыву («Маці Божая Замілаванне» з-пад Брэста, «Успенне» з Мінска, 15 ст.). Фарміраванне самабытнай беларускай іканапіснай школы адбылося ў 16 ст.Найб. яркія творы належаць да 1-й пал. 17 ст. (група маларыцкіх абразоў 1648; «Нараджэнне Марыі» Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Успенне» з Олтуша, 1650 і інш.). Для іх характэрна спалучэнне сімвалізму і кананічнасці сярэдневяковага мастацтва з натуральнасцю персанажаў і асяроддзя, характарнасцю вобразаў, элементамі навакольнай рэчаіснасці, засвоенымі з еўрап. Адраджэння. У 17—18 ст. выяўляюцца рэгіянальныя асаблівасці ў абразах Зах. Палесся, Падняпроўя, Падзвіння, Міншчыны, звязаныя з цэнтрамі іканапісу (Брэст, Вільня, Віцебск, Пінск, Магілёў, Мінск, Полацк). Абразы маляваліся на дошках (да 16 ст. ўключна з каўчэгам) па клеемелавым грунце (ляўкасе) яечнай тэмперай, пазней у спалучэнні з алейнымі фарбамі. Фон гладкі, пазалочаны, з канца 16 ст. аздабляўся рэльефным раслінным арнаментам. З сярэдзіны 18 ст. пашыраецца абраз на палатне. Асаблівую галіну бел. іканапісу ўтвараюць алтарныя абразы з рысамі готыкі, рэнесансу, барока. Характэрнай аздобай абразоў былі абклады, накладныя чаканеныя метал. рызы («сукенкі»). Самастойны бел. абраз знікае ў сярэдзіне 19 ст. з ліквідацыяй у 1839 уніяцтва.
Літ.:
Гл. пры арт.Іканапіс.
А.А.Ярашэвіч.
Да арт.Абраз. А.Рублёў. Спас. 1420-я гады.Абраз «Маці Божая Іерусалімская» з Брэстчыны. 16 ст. Музей старажытнай беларускай культуры ІМЭФАН Беларусі.Абраз «Сашэсце ў пекла» з Чачэрска. 1678. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РНЫ ДАГАВО́Р ПАМІ́Ж ЛІТВО́Й І РСФСР 1920.
Падпісаны 12.7.1920 у Маскве. 11.9.1919 урад РСФСР звярнуўся да ўрада Літвы з прапановай заключыць мір на аснове прызнання незалежнасці літ. дзяржавы. 31.3.1920 урад Літвы заявіў пра гатоўнасць заключыць мір з Сав. Расіяй пры ўмове прызнання незалежнасці Літвы ў яе этн. межах са сталіцай у Вільні. 7.5.1920 у Маскве пачаліся перагаворы: літ. дэлегацыя настойвала на ўключэнні ў склад Літвы тэр. Ковенскай, Віленскай, Сувалкаўскай і Гродзенскай губ. (з гарадамі Беласток, Бельск, Гродна, Брэст, Кобрын, Пружаны), Навагрудскага пав. Мінскай губ., часткі Ілуксцкага і Гробінскага пав. Курляндскай губ. Выкарыстоўваўся і такі аргумент, як права беларусаў на самавызначэнне. 9.5.1920 член літ. дэлегацыі Д.Сямашка выступіў з заявай аб намеры «пры ўстанаўленні граніц абараняць беларускія землі на моцы беларуска-літоўскіх пагадненняў ад імперыялістычных памкненняў Польшчы... і Савецкай Расіі». Заява выклікала пратэст з боку кіраўніка сав. дэлегацыі на перагаворах А.А.Іофе, які паставіў пад сумненне правамоцтвы Сямашкі выступаць ад імя бел. народа. Падпісаны дагавор прадугледжваў з боку РСФСР безагаворачнае прызнанне самастойнасці і незалежнасці Літвы; урэгуляванне маёмасных, фін. і эканам. пытанняў; аказанне Літве бязвыплатнай эканам. дапамогі ў памеры 3 млн.руб. золатам; вяртанне Літве культ. каштоўнасцей, што былі вывезены ў час 1-й сусв. вайны і знаходзіліся на тэр. РСФСР; прадугледжваліся далейшыя перагаворы пра заключэнне гандл. і транзітных пагадненняў і інш. Фіксавалася дзярж. граніца паміж РСФСР і Літвой; прадугледжвалася ўключэнне ў склад Літвы г. Вільні і часткі зямель, заселеных пераважна беларусамі, у т. л. Гродна, Паставы, Браслаў, Ашмяны, Ліда. Факт заключэння такога дагавора выклікаў супрацьдзеянне з боку органаў БНР і кіраўніцтва Польшчы. 11.9.1920 польскі Савет абароны дзяржавы вырашыў дамагацца далучэння Віленшчыны і Гродзеншчыны да Польшчы. Пад уздзеяннем Антанты Польшча прызнала права Літвы на Вільню (замацаваны Сувалкаўскім пагадненнем 7.10.1920), аднак у выніку т.зв. бунту Л.Жалігоўскага (8—9.10.1920) і ўтварэння Сярэдняй ЛітвыВільня і Віленскі край былі далучаны да Польшчы. Такім чынам, дагавор не быў выкананы ў поўным аб’ёме. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў кастр. 1939, карыстаючыся палажэннямі гэтага дагавора, Прэзідыум Вярх. Савета СССР прыняў рашэнне аб перадачы Літве Вільні і Віленскага краю.
Кр.: Документы внешней политики СССР. Т. 3. М., 1959; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 1 (1917—1922 гг.). Мн., 1997.
Літ.:
Коўкель І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партыяў і арганізацыяў (1920—1923 гг.) // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1994. Кн. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ САКРАТАРЫЯ́Т БЕЛАРУ́СІ,
орган выканаўчай улады, сфарміраваны 21.2.1918 Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда. Старшыня і адначасова нар. сакратар замежных спраў Я.Варонка, нар. сакратары: П.Бадунова (апекі), Г.Белкінд (фінансаў), Я.Я.Бялевіч (юстыцыі), Т.Т.Грыб (земляробства), Л.Гутман (яўр. спраў), К.Б.Езавітаў (вайск. спраў), П.У.Злобін (велікарускіх спраў), А.Карач (пошты і тэлеграфа), П.А.Крачэўскі (кантролю), І.Макрэеў (унутр. спраў), В.Рэдзька (шляхоў зносін), Я.Серада (нар. гаспадаркі), А.А.Смоліч (асветы). Казначэй — В.І.Захарка, кіраўнік канцылярыі — Л.І.Заяц. Членамі ўрада былі пераважна прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Н.с.Б. працаваў у цяжкіх умовах ням. акупацыі. У апазіцыі да Н.с.Б. знаходзілася па-прагерманску настроеная група правых паліт. дзеячаў, якія гуртаваліся ў «Менскім беларускім прадстаўніцтве». 12.4.1918 іх прадстаўнікі былі кааптаваны ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.4.1918 яны ад імя Рады БНР пры падтрымцы некат. сацыялістаў накіравалі тэлеграму кайзеру Вільгельму II, у якой заяўлялі, што будучыню Беларусі бачаць пад апекай Германіі. У выніку ў БСГ адбыўся раскол: утварыліся Бел. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Бел. партыя сацыялістаў-федэралістаў і Бел.с.-д. партыя. У пач. мая сацыялісты-рэвалюцыянеры Бадунова, Грыб, Заяц і сацыял-дэмакрат Смоліч выйшлі з Н.с.Б. Быў створаны 2-і ўрад БНР, які больш вядомы як Рада пяцёх. Карыстаючыся адсутнасцю ў Мінску большасці левых членаў Рады БНР, правыя стварылі ў маі 1918 Н.с.Б., альтэрнатыўны Радзе пяцёх. У склад яго ўваходзілі Р.А.Скірмунт (старшыня), К.А.Кандратовіч (нар. сакратар унутр. спраў), мінскі гар. галава Хржанстоўскі (казначэй, у чэрв. яго замяніў Ф.М.Вернікоўскі), П.П.Аляксюк і Р.К.Астроўскі (члены ўрада). 3-і ўрад спыніў сваё існаванне ў чэрв. 1918. Ў выніку кампрамісу, дасягнутага паміж левымі і правымі, Рада БНР сфарміравала 4-ы Н.с.Б., у склад якога ўваходзілі члены БПС-Ф і БПС-Р Серада (старшыня), Захарка, Заяц, а таксама Вернікоўскі (нар. сакратар гандлю і прам-сці). 11.10.1918 Н.с.Б. перайменаваны ў Раду народных міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі.
Кр.: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1—2. Вільня; Нью-Ёрк; Мн.; Прага, 1998.
Літ.:
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Яго ж. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі. Мн., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́ЛЫ,
найбуйнейшы ў ВКЛ магнацкі род герба «Трубы» («Тромбы»), прадстаўнікі якога ў 15—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж., адм. і вайсковыя пасады; буйныя землеўладальнікі. У сярэдзіне 16—1-й пал. 18 ст. займалі 1-е месца сярод магнатаў ВКЛ па эканам. і паліт. значэнні. На Беларусі яны валодалі гарадамі, мястэчкамі: Геранёны, Давыд-Гарадок, Клецк, Койданава, Копысь, Лахва, Мір, Нясвіж, Чарнаўчыцы, Шчучын; на Украіне — г. Алыка з дзесяткамі вёсак (Валынскае ваяв.); у Польшчы — г. Шыдловец з вёскамі (Сандамірскае ваяв.); у Літве — мястэчкамі Біржы, Дубінкі (Віленскае ваяв.), Кейданы (Жамойць) і інш. Адна з галін роду Р. у 15—16 ст. мела маёнткі з г. Ганёндз і Райград на Падляшшы. У 1612 да Р. перайшло Слуцкае княства. Акрамя ўласных спадчынных маёнткаў, Р. рэгулярна атрымлівалі разам з пасадамі старостаў у пажыццёвае карыстанне маёнткі (староствы); Ашмяны, Барысаў, Брэст, Крычаў, Ліда, Мазыр і інш. У 1586 паміж братамі Мікалаем Крыштофам, Альбрыхтам і Станіславам з нясвіжскай лініі Р. заключана пагадненне пра стварэнне Нясвіжскай, Клецкай і Алыцкай ардынацый (непадзельных уласных маёнткаў, што перадаваліся ў спадчыну толькі па мужчынскай лініі, пасля — толькі старэйшаму сыну). У 19 ст. ўтворана і Давыд-Гарадоцкая ардынацыя. Іншыя маёнткі Р. знаходзіліся на аладыяльным праве (маглі перадавацца ў спадчыну жанчынам, свабодна адчужацца). У 16—18 ст. Р. мелі сваё войска са шляхты і ваеннаслужылых людзей — зямян, выбранцаў, баяр і татараў, якія атрымлівалі за службу зямлю «навечна»; мелі свае крэпасці — Нясвіж, Біржы, Кейданы, Мір, Любчу і інш. — з гарнізонамі. У 1528 у маёнтках Р. налічвалася 18 240 дымоў, з якіх ставілі ў войска ВКЛ 760 коннікаў, у 1567 ад 28 170 дымоў выстаўлялі 939 коннікаў і 1586 пехацінцаў. У сярэдзіне 18 ст. Р. заснавалі кадэцкія корпусы ў Слуцку і Нясвіжы. Напр., войска Гераніма Фларыяна налічвала 6 тыс.чал. (столькі ж мела ўся армія ВКЛ). Р. адыгрывалі значную ролю ў культ. і рэліг. жыцці. У 16—17 ст. частка з іх перайшла ў кальвінізм і кіравала пратэстанцкай супольнасцю краіны. Большасць Р. засталася католікамі. У сваіх гарадах і маёнтках яны адкрывалі школы і друкарні, збіралі архівы, б-кі (гл.Радзівілаў бібліятэка ў Нясвіжы). Многія з іх вядомы як мецэнаты і кампазітары (гл.Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівілаў), заснавальнікі мануфактур, у т. л.Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў. У радаводах да аднолькавых імён Р. дадавалі парадкавыя нумары ці мянушкі, як у пануючых еўрапейскіх дынастыях. Заснавальнік роду — Радзівіл Осцікавіч, сын віленскага кашталяна Осціка. Яго сын Мікалай Стары меў 4 сыноў, ад якіх пайшлі 3 галіны роду. Старэйшы сын Мікалай атрымаў 25.2.1515 тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі», яго лінія ў мужчынскім родзе згасла ў 1546. 2-і сын Мікалая Старога Ян стаў пачынальнікам сярэдняй, нясвіжска-алыцкай галіны роду. Яго сын Мікалай Чорны 10.12.1547 атрымаў імперскі княжацкі тытул для сябе і інш. прадстаўнікоў роду. Ён меў 4 сыноў, 3 з якіх заснавалі асобныя лініі гэтай галіны. Мікалай Крыштоф Сіротка — заснавальнік нясвіжскай лініі, якая ў старэйшым адгалінаванні згасла ў 1813 са смерцю нясвіжскага ардыната Дамініка Гераніма, а ў малодшых працягваецца і цяпер. Лінія 1-га клецкага ардыната Альбрыхта згасла са смерцю Станіслава Казіміра і Клецкая ардынацыя перайшла ў нясвіжскую лінію да канцлера Дамініка Мікалая, ад якога паходзілі нясвіжскія ардынаты з 1814. Малодшы сын Мікалая Чорнага Станіслаў стаў 1-м алыцкім ардынатам. Лінія згасла са смерцю яго малодшага сына Альбрыхта Станіслава, і Алыцкая ардынацыя перайшла да нясвіжскай лініі. Ад 4-га сына Мікалая Старога Юрыя пачалася біржанска-дубінкаўская галіна роду Р., якая скончылася ў мужчынскай лініі са смерцю Багуслава, а ў жаночай — Людвікі Караліны. Уладанні гэтай галіны пасля 50-гадовага валодання імі нойбургскай (пфальцкай) лініі баварскага дома Вітэльсбахаў таксама перайшлі да нясвіжскай. Са смерцю ў 1813 Дамініка Гераніма, апошняга прадстаўніка гал. нясвіжскай галіны Р., яго шматлікія маёнткі перададзены сваякам: ардынацыі — Антонію Генрыку, аладыяльныя маёнткі — дачцэ Стафаніі (1809—32), якую рас. імператар выдаў замуж за сына ген.-фельдмаршала П.Х.Вітгенштэйна Льва (гл.Вітгенштэйны). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. Р. ўваходзілі ў склад арыстакратыі Расіі, Прусіі і Аўстрыі, валодалі маёнткамі ў Францыі, Італіі. У Рас. імперыі княжацкі тытул Р. зацверджаны ў 1845 і 1899, у Прусіі — у 1859 і 1861, у Аўстрыі — у 1784, 1882 і 1905. Найб. вядомыя Р.:
Радзівіл Осцікавіч (?—1477). У 1420—28 маршалак гаспадарскі вял. князя Вітаўта. 15.10.1432 як сведка падпісаў акт уніі ВКЛ з Польшчай. Маршалак земскі (вялікі) у 1433—34 і 1463—74. Удзельнічаў у заключэнні мірнага дагавора паміж ВКЛ, Польшчай і Ням. ордэнам у Растэнбургу (1448). У 1-й пал. 1450-х г. узначаліў магнацкую апазіцыю супраць вял.кн. Казіміра і ёй вылучаны кандыдатам на велікакняжацкі пасад. Пасля адышоў ад апазіцыі, з 1463 ваявода трокскі і з 1475 кашталян віленскі. Разам з М. і Я.Кезгайламі кіраваў ВКЛ у час адсутнасці ў дзяржаве вял. князя.
Мікалай (мянушка Стары: ?—1509), гл.Радзівіл М.
Мікалай (каля 1470—1521), сын Мікалая Старога. Крайчы ВКЛ у 1488—93, падчашы ВКЛ у 1493—1505, маршалак вялікі ВКЛ у 1505, ваявода трокскі ў 1505—10, ваявода віленскі і канцлер ВКЛ з 1510. У 1515 атрымаў ад імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Максіміліяна I тытул князя «на Гонёндзы і Меделях».
Ян (каля 1474—1522), сын Мікалая Старога. Намеснік вількійскі ў 1495—1501 і слонімскі з 1505, маршалак гаспадарскі ў 1499—1514 і земскі ў 1514—22, кашталян трокскі ў 1522. Падпісаў Мельніцкі акт 1501. Пасол у Маскву ў 1507 і 1508.
Войцах (Альбрыхт; 1476—19.4.1519), сын Мікалая Старога. Біскуп луцкі з 1502, віленскі з 1507 (першы з магнатаў ВКЛ на гэтай пасадзе). Выступаў за унію праваслаўнай і каталіцкай цэркваў.
Юрый (мянушкі Віктор, Пераможца, Літоўскі Геркулес; каля 1480 — крас. 1541), гл.Радзівіл Ю.
Мікалай (мянушка Руды; 1512—27.4.1584), гл.Радзівіл М.
Мікалай (мянушка Чорны; 4.2.1515, г. Нясвіж — 28/29.5.1565), гл.Радзівіл М.
Ян (? — 1542), сын Мікалая. Падчашы ВКЛ з 1517 дзяржаўца маркаўскі ў 1520—34 і васілішскі з 1523, староста бельскі з 1522 і жамойцкі з 1535. У 1530—40-х г. трыумвірат у складзе Яна і Юрыя Р. і А.Гаштольда фактычна кіраваў ВКЛ у час адсутнасці ў дзяржаве Жыгімонта I Старога.
Ян (1516—27.9.1551), сын Яна. У 1544 увайшоў у склад Рады ВКЛ. Набліжаны да вял. князя ВКЛ Жыгімонта Аўгуста. З 1547 князь «Свяшчэннай Рымскай імперыі» «на Алыцы і Нясвіжы».
Барбара (6.12.1520—8.5.1551), каралева польская і вял. княгіня ВКЛ, гл.Барбара Радзівіл.
Мікалай (каля 1546—18.12.1589), сын Мікалая Рудога. Лоўчы ВКЛ у 1574—80, ваявода навагрудскі з 1579. На чале ўласных атрадаў удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, вызваленні Полацка ў 1579.
Мікалай Крыштоф (мянушка Сіротка; 2.8.1549, г. Цьмелеў Свентакшыскага ваяв., Польшча — 28.2.1616), гл.Радзівіл М.К.
Крыштоф (мянушка Пярун; 9.2.1547, Вільня — 20.11.1603), гл.Радзівіл К.
Юрый (Ежы; 31.5.1556, Вільня — 23.1.1600), сын Мікалая Чорнага. У 1574—81 каад’ютар (памочнік-намеснік) біскупа віленскага В.Пратасевіча. Біскуп віленскі ў 181—91, кардынал (1583). У 1582—84 адначасова намеснік караля ў Інфлянтах. З 1591 біскуп кракаўскі.
Альбрыхт (8.3.1558, Вільня — 13.7.1592), сын Мікалая Чорнага. З 1579 надворны маршалак ВКЛ, адначасова староста ковенскі. Удзельнічаў у заключэнні Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582. З 1586 вял. маршалак ВКЛ. У 1586 далучыўся да сямейнага дагавора Р. пра ўтварэнне родавых ардынацый і стаў 1-м клецкім ардынатам.
Станіслаў (12.5.1559, Вільня — 19.3.1599), сын Мікалая Чорнага. Маршалак вялікі ВКЛ у 1592—95, староста жамойцкі з 1595. У 1586 удзельнічаў у заснаванні 3 радзівілаўскіх ардынацый і стаў 1-м алыцкім ардынатам. Аўтар рэліг. твораў, перакладаў.
Юрый (14.12.1578—13.2.1613), сын Мікалая. З 1589 староста мазырскі, з 1590 дзяржаўца анішкінскі. Кашталян трокскі з 1600, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1599 і 1605. На чале ўласных атрадаў удзельнічаў у антыкаралеўскім мяцяжы М.Зебжыдоўскага 1606—07 у Польшчы.
Януш (21.7.1579, Вільня — 6 або 7.11.1620), сын Крыштофа Перуна. Падчашы ВКЛ у 1599—1619, кашталян віленскі з 1618, староста барысаўскі. У 1606—07 разам з Зебжыдоўскім узначаліў мяцеж супраць абсалютысцкай палітыкі караля. На сеймах адстойваў рэліг. і паліт. правы некатолікаў. З 1600 муж і спадкаемца Соф’і Алелькаўны.
Крыштоф (15.3.1585—19.9.1640), сын Крыштофа Перуна. Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, перагавораў, якія скончыліся падпісаннем Палянаўскага міру 1634. За ваен. заслугі атрымаў пасады ваяводы віленскага (1633) і вял. гетмана (1635).
Ян Юрый (8.1.1588, в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на — 18.12.1625), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. З 1613 кашталян трокскі, пасол на сейм 1611, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1616. Неаднаразова быў сенатарам-рэзідэнтам пры каралю.
Альбрыхт Уладзіслаў (16.6.1589, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 20.7.1636), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. У 1614—20 староста рыжскі, стольнік ВКЛ у 1620, крайчы ВКЛ у 1622, кашталян трокскі ў 1626, кашталян віленскі ў 1633. Пасол на сеймы 1613 і 1615.
Жыгімонт Кароль (4.12.1591, г. Нясвіж — 5.11.1642), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. У 1612 уступіў у рыцарскі Мальтыйскі ордэн. Неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы. Крайчы ВКЛ у 1633—38, падчашы ВКЛ у 1638—42, ваявода навагрудскі ў 1642.
Альбрыхт Станіслаў (мянушка Абаронца Правоў; 1.7.1593, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 12.11.1656), сын Станіслава. Пасол на сеймы 1613 і 1619, дзе прызначаны падканцлерам ВКЛ. З 1623 канцлер ВКЛ. Заснаваў Пінскі езуіцкі калегіум. Аўтар твора «Кароткі выклад падзей у Польскім каралеўстве ў час панавання Жыгімонта III, Уладзіслава IV і Яна Казіміра» і падрабязнага «Дзённіка» за 1632—56 — каштоўнай крыніцы па ўнутр. і знешняй палітыцы Рэчы Паспалітай.
Аляксандр Людвік (4.8.1594, г. Нясвіж — 23.3.1654), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. Стольнік ВКЛ з 1626, крайчы ВКЛ з 1630, ваявода брэсцкі з 1631, надворны маршалак ВКЛ з 1635, маршалак вялікі ВКЛ з 1637, ваявода полацкі ў 1654, староста слонімскі ў 1635—42, войт магілёўскі з 1632. З 1636 нясвіжскі ардынат.
Януш (2.12.1612, Попель Вільнюскага пав., Літва — 31.12.1655), гл.Радзівіл Я.
Багуслаў (3.5.1620, г. Гданьск, Польшча —31.12.1669), гл.Радзівіл Б.
Міхал Казімір (26.10.1635—14.11.1680), сын Аляксандра Людвіка. Стольнік ВКЛ у 1652—53, крайчы ВКЛ у 1653—56, падчашы ВКЛ у 1656—61, кашталян віленскі ў 1661—66, ваявода віленскі 1666—68, гетман польны і падканцлер ВКЛ з 1668; пасол на сеймы 1648, 1659, 1661, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1664. З 1654 ардынат нясвіжскі, адначасова з 1667 і алыцкі.
Міхал Кароль (?—1656), сын Януша. Харунжы вялікі ВКЛ у 1644, крайчы ВКЛ у 1645—53, падчашы ВКЛ з 1653; пасол на сеймы 1641, 1649, 1652. З 1641 ардынат клецкі.
Станіслаў Казімір(1648—8.12.1690), сын Міхала Караля. Стольнік ВКЛ у 1670—80, маршалак вялікі ВКЛ з 1680; пасол на сеймы 1664—65, 1670, 1678—79. З 1683 ардынат клецкі. Пасля яго смерці Клецкая ардынацыя перайшла ў лінію нясвіжскіх ардынатаў.
Дамінік Мікалай (1648 або 1653—27.7.1697), сын Аляксандра Людвіка. Падскарбі надворны ВКЛ у 1677—81, падканцлер ВКЛ у 1681—90, канцлер ВКЛ з 1690; маршалак Трыбунала ВКЛ у 1685, староста лідскі, ваўкавыскі, вярбілаўскі. Пасол на сеймы 1669, 1674, 1676, 1681, 1697. З 1690 ардынат клецкі.
Людвіка Караліна (27.2.1667—23.3.1695), дачка Багуслава. Пасля шлюбу з сынам брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма маркграфам Людвігам (1681) пераехала ў Берлін. Сваёй вял. латыфундыяй кіравала праз адміністратараў. Падтрымлівала грашыма і будавала кальвінскія зборы ў Літве і Беларусі. Утрымлівала Слуцкую друкарню 1672—1705. У 1688 выйшла замуж за князя Нойбургскага Карла Філіпа. Пасля яе смерці латыфундыя, т.зв. «Нойбургскія маёнткі», стала аб’ектам спрэчак паміж магнатамі ВКЛ і ням. князямі.
Ежы Юзаф (10.3.1668, г. Бяла-Падляска Люблінскага ваяв., Польшча — 2/3.1.1689), сын Міхала Казіміра. Падчашы ВКЛ у 1685—88, ваявода трокскі з 1688; пасол на сейм 1688. З 1680 ардынат нясвіжскі, адначасова з 1688 і алыцкі.
Кароль Станіслаў (27.11.1669, г. Кракаў, Польшча — 2.8.1719), сын Міхала Казіміра. Канюшы ВКЛ у 1686—90, падканцлер ВКЛ у 1690—98, канцлер ВКЛ з 1698; пасол на сеймы 1687, 1688, 1690, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1694 і 1700. Узначальваў рух бел. шляхты супраць Сапегаў, якія былі разбіты ў Алькеніцкай бітве 1700. Далучыўся да Віленскай канфедэрацыі 1716. З 1689 ардынат нясвіжскі і алыцкі.
Ян Мікалай Аляксандр (17.5.1681—20.1.1729), сын Дамініка Мікалая. Крайчы ВКЛ у 1699—1706 і 1707—08, кашталян віленскі у 1706—07, ваявода навагрудскі з 1708. З 1697 ардынат клецкі.
Мікалай Фаўстын (21.5.1688, г. Дзятлава Гродзенскай вобл. — 2.2.1746), сын Дамініка Мікалая. Чашнік ВКЛ у 1706—09, мечнік ВКЛ у 1710—29, ваявода навагрудскі з 1729; пасол на сеймы 1718, 1720, 1722, 1726; ген.-лейтэнант (1725). Выконваў абавязкі камандуючага войскамі ВКЛ.
Міхал Казімір (мянушка Рыбанька; 13.6.1702, г.п. Алыка — 22.5.1762), гл.Радзівіл М.К.
Марцін Мікалай Кароль (11.11.1705, в. Цімкавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 11.1.1782), сын Яна Мікалая Аляксандра. Крайчы ВКЛ у 1723—52, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1737. З 1729 ардынат клецкі. Арганізаваў лабараторыі, праводзіў даследаванні па фізіцы, медыцыне, хіміі, захапляўся алхіміяй. Верагодна, душэўна захварэў.
Удальрык Крыштоф (28.1.1712, г. Дзятлава — 21.7.1770), гл.Радзівіл У.К.
Геранім Фларыян (4.5.1715, г. Бяла-Падляска — 17.5.1760), сын Караля Станіслава. Падчашы ВКЛ у 1739—50, вял. харунжы ВКЛ з 1750. Задушыў Крычаўскае паўстанне 1743—44. Заснаваў Слуцкі тэатр Радзівілаў.
Альбрыхт (25.3.1717, г. Дзятлава — пасля 1790), сын Мікалая Фаўстына. Пасол на пацыфікацыйны сейм 1736, у 1750 маршалак Трыбунала ВКЛ. У 1740-х г. палкоўнік панцырнай кавалерыі ВКЛ, з 1755 ген.-маёр войска ВКЛ. У 1768 далучыўся да Барскай канфедэрацыі, у 1770 абраны яе маршалкам у Рэчыцкім пав.; у 1743—73 староста рэчыцкі.
Ежы (4.2.1721—13.12.1754), сын Мікалая Фаўстына. Маршалак Трыбунала ВКЛ у 1744, пасол на сейм 1746, ваявода навагрудскі з 1746. Староста любашанскі і навагрудскі.
Станіслаў (3.5.1722, г. Дзятлава — 22.4.1787), сын Мікалая Фаўстына. Служыў у войску ВКЛ, ген.-маёр (1750), ген.-лейтэнант кавалерыі (1765). Крайчы ВКЛ у 1752—59, падкаморы ВКЛ у 1759—79, пасол на сеймы 1750, 1760, 1762, 1767, 1776, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1763.
Кароль Станіслаў (мянушка Пане Каханку; 27.2.1734, г. Нясвіж —21.11.1790), гл.Радзівіл К.С.
Юзаф Мікалай (13.11.1736, г. Кракаў — 1813), сын Марціна Мікалая Караля. Пісар вялікі ВКЛ у 1764—73, ваявода мінскі ў 1773—84, трокскі кашталян у 1784—88 і ваявода з 1788; пасол на сеймы 1760, 1764. Маршалак Трыбунала ВКЛ у 1782. З 1759 ардынат клецкі.
Міхал Геранім (29.9.1744—28.3.1831), сын Марціна Мікалая Караля. Мечнік ВКЛ у 1771—75, кашталян віленскі ў 1775—90, ваявода віленскі з 1790; пасол на сейм 1773, чл. Пастаяннай Рады ў 1780—83 і 1793—94, чл.Адукацыйнай камісіі з 1783 (старшыня ў 1793). З 1823 ардынат клецкі. Сабраў у Нябораўскім палацы (Польшча) каштоўную калекцыю медалёў, б-ку (уключала прыватную б-ку Людовіка XVIII), карцінную галерэю, збор гравюр.
Мацей (10.11.1749—2.9.1800), гл.Радзівіл М.
Геранім Вінцэнты (11.5.1759, г. Нясвіж — 18.9.1786), сын Міхала Казіміра Рыбанькі. Падкаморы ВКЛ з 1779, ротмістр гусарскай харугвы ў войску ВКЛ з 1780, староста мінскі з 1783, пасол на сеймы 1780 і 1784, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1782—83.
Антоні Генрык (13.6.1775, Вільня — 7.4.1833), гл.Радзівіл А.Г.
Міхал Гедэон (24.9.1778, Варшава —24.5.1850), гл.Радзівіл М.Г.
Дамінік Геранім (4.8.1786, г. Бяла-Падляска — 11.11.1813), сын Гераніма Вінцэнтага. Камергер імператарскага двара. З 1810 у войску Варшаўскага княства У 1812 удзельнічаў у паходзе Напалеона на Маскву, палкоўнік войска Варшаўскага княства і гвардыі Напалеона. У 1813 удзельнічаў у бітвах пад Лютцэнам, Дрэздэнам і Лейпцыгам, смяротна паранены пад Ганаў. Апошні прадстаўнік гал. нясвіжскай галіны Р.
Канстанцін (5.4.1793—6.4.1869), гл.Радзівіл К.
Вільгельм (Фрыдэрык Вільгельм Павел; 19.3.1797, Берлін — 5.8.1870), сын Антонія Генрыка. З 1813 на вайсковай службе ў Прусіі; ген. пяхоты (1855). З 1833 ардынат нясвіжскі. Сабраў каштоўную калекцыю манет і медалёў Польшчы і ВКЛ, старшыня Нумізматычнага т-ва ў Берліне.
Антоні Вільгельм (Фрыдэрык Вільгельм Фердынанд Антоні; 31.7.1833, г. Цепліцы, Чэхія — 16.12.1904), сын Вільгельма. З 1852 на вайсковай службе ў Прусіі; ген. артылерыі (1889), ад’ютант Вільгельма I, Фрыдрыха III, Вільгельма II. Меў вял. зямельныя ўладанні ў Прусіі, усе ардынацыі Р. на тэр. Беларусі і Украіны.
Станіслаў Вільгельм (6.2.1880, Берлін — 28.4.1920), сын Антонія Вільгельма. Валодаў Давыд-Гарадоцкай ардынацыяй, прыняў рас. падданства. Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05, 1-й сусв. вайны. Адзін з заснавальнікаў польскай Нац.-кансерватыўнай партыі ў Петраградзе (кастр. 1917), сакратар арг-цыі партыі ў Мінску. У лют. 1919 уступіў у 3-і полк уланаў у складзе Літоўска-беларускай дывізіі. Загінуў у баі на Украіне.
Альбрыхт (Антоні Альбрэхт Вільгельм; 30.10.1885, Берлін — 18.12.1935), сын Ежы Фрыдэрыка (1860—1914). У 1914 атрымаў ва ўласнасць Нясвіжскую і Клецкую ардынацыі. Пасля абвяшчэння Бел.Нар. Рэспублікі разам з Р.Скірмунтам ездзіў у Берлін і Швейцарыю, каб забяспечыць ёй падтрымку. Пазней — адзін з лідэраў кансерватыўнага лагера землеўладальнікаў, віцэ-прэзідэнт Саюз абаронцаў «крэсаў усходніх». З 1922 фінансаваў віленскую газ. «Słowo» («Слова»), дзе публікаваліся матэрыялы па гісторыі і сучасным стане Нясвіжа. Яго малодшы брат Леан Уладзіслаў (22.12.1886—8.4.1959) — апошні ардынат нясвіжскі і клецкі (да 1939). Памёр у Парыжы.
Літ.:
Kotłubaj E. Galerja Nieświeżska portretów Radziwilłowskich. Wilno, 1857;
Bartoszewicz K. Radziwiłłowie. Warszawa;
Kraków, 1928. SajkowskiA. Od Sierotki do Rybeńki: W kręgu radziwiłłowskiego mecenatu. Poznań, 1965;
Malczewska M. Latyfundium Radziwiłłów w XV do połowy XVI w. Warszawa;
Poznań, 1985;
Polski słownik biograficzny. T. 30. Wrocław etc. 1987;
Miscellanea historicoarchivistica. T. 3, 7. Warszawa;
Łódź, 1989, 1997. Mackiewicz S. Dom Radziwiłłów, Warszawa, 1990;
Канановіч У. Клецкія Радзівілы // Бел. мінуўшчына. 1994. № 3;
Badania księgozbiorów Radziwúuiow. Warezawa, 1995;
Chachaj M. Zagraniczna edukacja Radziwilłów od początku XVI do połowy XVII w. Lublin, 1995;
Radziwiłłowie herbu Trąby. Warszawa, 1996.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Радзівілы. Ян Радзівіл (каля 1474—1522). Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.Да арт.Радзівілы. Юрый Радзівіл (1556—1600).Да арт.Радзівілы. Станіслаў Казімір Радзівіл (1648—1690).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ГРАМАДА́ (БСГ),
нацыянальная партыя леванародніцкага кірунку. Створана ў канцы 1902 пад назвай Бел.рэв. грамада (БРГ) на аснове гурткоў бел. студэнцкай і вучнёўскай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу. Стваральнікі і кіраўнікі: браты І.І. і А.Луцкевічы, А.Пашкевіч (Цётка), А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), В.Іваноўскі і інш. На 1-м з’ездзе (Вільня, 1903) БРГ прыняла праграму, у якой характарызавала сябе як арганізацыю «беларускага працавітага народа». Сваёй канчатковай мэтай абвясціла знішчэнне капіталіст. ладу і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытв-сці, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі. У нац. пытанні формай забеспячэння нац. свабоды прызнавала незалежную дэмакр. рэспубліку. Выступала за прамое, агульнае, роўнае выбарчае права з тайным галасаваннем, нар. заканадаўства, раўнапраўе ўсіх людзей незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання, свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, 8-гадзінны рабочы дзень, бясплатную мед. дапамогу. У агр. пытанні праграма прадугледжвала скасаванне прыватнай зямельнай уласнасці, абвяшчала права кожнага чалавека на апрацоўку зямлі сваімі рукамі. У праграме спалучаўся рэв. дэмакратызм з народніцкім (сялянскім) сацыялізмам. Дакладны час перайменавання БРГ у БСГ не высветлены (па адных звестках у 1903, па другіх — у 1906). У 1903—04 БСГ узаемадзейнічала з Польскай партыяй сацыялістычнай (ППС), Партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР), Літоўскай с.-д. партыяй, выдавала разам з імі нелегальную л-ру. З канца 1905 у Мінску дзейнічала падп. друкарня БСГ. На 2-м з’ездзе (студз. 1906, Мінск) прынята новая праграма партыі. У ёй канчатковай мэтай БСГ абвясціла замену капіталіст. ладу сацыялістычным, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя і ўтварэнне Расійскай федэратыўнай дэмакр. рэспублікі з свабодным самавызначэннем і культ.-нац. аўтаноміяй народнасцяў. Для Беларусі яна патрабавала аўтаноміі з мясц. сеймам у Вільні. У агр. пытанні патрабавала адчужэння памешчыцкай зямлі і надзялення сялян зямлёю на правах пажыццёвай арэнды. Ажыццяўленне ўсіх паліт. і сац. пераўтварэнняў з’езд звязваў са скліканнем Устаноўчага сейма Беларусі.
Першым друкаваным органам БСГ і першым легальным перыяд. выданнем на бел. мове стала газ.«Наша доля» (1-ы нумар выйшаў 14.9.1906). Газета мела рэв.-дэмакр. характар, таму з 6 яе нумароў 5 былі канфіскаваны, а № 7 забаронены і раскіданы ў наборы. У ліст. 1906 БСГ пачала выдаваць новую легальную газету на бел. мове «Наша ніва». Асн. аб’ектам дзейнасці БСГ было бел. сялянства. Яе ўплыў на гар. рабочых, за выключэннем Мінска і Вільні, быў нязначны. У рэвалюцыю 1905—07 БСГ дзейнічала сярод сялян і сельскіх рабочых у паветах Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ., арганізавала шэраг паліт. сходак і мітынгаў у вёсках, удзельнічала ў правядзенні сял. забастовак. Ва ўмовах наступу рэакцыі нелегальная дзейнасць грамады спынена. З 2-й пал. 1907 лідэры БСГ засяродзілі сваю дзейнасць на выданні газ. «Наша ніва», якая стала ідэолагам і арганізатарам бел. нац.-культ. руху, разгарнула на сваіх старонках прапаганду нац. свядомасці, ідэі нац.-культ. адзінства беларусаў, дамагалася прызнання самастойнасці бел. нацыі, змагалася за ўвядзенне бел. мовы ў школе, царкве і касцёле. У 1-ю сусв. вайну на акупіраванай немцамі тэр. дзейнічала створаная членамі БСГБеларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група. На неакупіраванай тэр.БСГ аднавіла дзейнасць пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Яе паліт. курс у новай гіст. сітуацыі адлюстроўваў інтарэсы і настроі сярэдніх слаёў насельніцтва, якія былі зацікаўлены ў ажыццяўленні дэмакр. пераўтварэнняў. Канферэнцыя БСГ (сак. 1917, Мінск) выступіла ў падтрымку Часовага ўрада, выставіла патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Рас. рэспублікі, выказалася за агульнанародную ўласнасць на зямлю, 8-гадзінны рабочы дзень. У сак. 1917 прадстаўнікі БСГ удзельнічалі ў рабоце з’езда беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску, атрымалі 10 месцаў у Беларускім нацыянальным камітэце. Грамада пашырыла свой уплыў сярод інтэлігенцыі, сялян, гараджан, бежанцаў, ваеннаслужачых, рабочых; яе арганізацыі ўзніклі ў Мінску, Бабруйску, Слуцку, Віцебску, Гомелі, Петраградзе, Маскве і інш. Да сярэдзіны 1917 БСГ налічвала каля 5 тыс. членаў і спачуваючых, у маі—чэрв. 1917 выдавала газ.«Грамада», мела прадстаўнікоў у Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў і гар. думах Мінска, Петраграда, Бабруйска. У чэрв. 1917 канферэнцыя БСГ выбрала часовы ЦК, у які ўвайшлі П.Бадунова, А.Бурбіс, Я.Варонка, К.Душэўскі, З.Жылуновіч, У.Ігнатоўскі, Я.Колас, А.Смоліч. БСГ была ініцыятарам склікання ў ліп. 1917 з’езда беларускіх арганізацый і партый, займала кіруючае становішча ў Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Вялікай беларускай радзе, актыўна ўдзельнічала ў скліканні Усебеларускага з’езда 1917. У кастр. 1917 БСГ налічвала каля 10 тыс. членаў. Аднак у ёй нарасталі ўнутр. супярэчнасці паміж прыхільнікамі рэфармісцкага шляху і тымі, хто быў гатовы перайсці на леварадыкальныя пазіцыі, блізкія да бальшавіцкіх. У вер. 1917 частка левага крыла БСГ вылучылася і ўтварыла арганізацыю бальшавіцкага кірунку — Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю. У пач. 1918 адбыўся раскол БСГ. Прыхільнікі стварэння самастойнай бел. дзяржавы прынялі ўдзел у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Петраградская і Маскоўская арг-цыі сталі на шлях утварэння бел. дзяржаўнасці на савецкай аснове. Да лета 1918 БСГ распалася на Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў. Выхадцы з левага крыла БСГ удзельнічалі ў рабоце Беларускага нацыянальнага камісарыята, некаторыя ўступілі ў беларускія секцыі РКП(б). На пач. 1919 у Вільні пэўны час дзейнічала Левая фракцыя Бел.сацыяліст. грамады. Пераемніцай традыцый БСГ з 1991 стала Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада.
Літ.:
Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928): Успаміны аб працы першых бел.паліт.арг.: Бел.рэв. грамада, Бел.сац. грамада. Вільня, 1928;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (БНР),
абвешчана ў 1918. Ідэю афармлення бел. дзяржаўнасці выпрацоўвалі ў 1915—18 розныя партыі і арг-цыі, у т. л.Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група (БСДРГ), Беларускі народны камітэт, Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Напачатку разглядаліся варыянты: аўтаномія ў складзе дэмакр.Рас. федэрацыі, літоўска-бел. канфедэрацыя, незалежная бел. дзяржава. Ідэя БНР упершыню выказана на Усебеларускім з’ездзе 1917. Незалежніцкія настроі ў бел. руху ўзмацніліся пасля разгону Усебел. з’езда. Удзельнікі Беларускай канферэнцыі 1918 (Вільня) і выбраная на ёй Віленская беларуская рада (ВБР) не адмаўляліся ад ідэі бел.-літ. канфедэрацыі, але пасля абвяшчэння 16.2.1918 незалежнасці Літвы цалкам сталі на незалежніцкія пазіцыі.
Пасля зрыву мірных перагавораў у Брэсце і наступлення Германіі (18.2.1918) Аблвыкамзах і СНКЗах. вобласці і фронту 19.2.1918 перабраліся з Мінска ў Смаленск. Дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда абвясцілі сябе часовай уладай на Беларусі да склікання Устаноўчага сейма. 21.2.1918 Выканком Рады прыняў Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі і стварыў першы ўрад Беларусі — Народны сакратарыят Беларусі на чале з Я.Я.Варонкам. Аднак Выканком яшчэ трымаўся рэзалюцыі з’езда, паводле якой Беларусь павінна была ўвайсці ў склад Рас.дэмакр. рэспублікі як аўтаномная адзінка з рэсп. ладам. Пасля падпісання Брэсцкага міру 1918 незалежніцкія тэндэнцыі ўзмацніліся. Выканком Рады Усебел. з’езда прыняў 9.3.1918 Другую Устаўную грамату да народаў Беларусі, якой краіна фармальна абвяшчалася Бел.Нар. Рэспублікай. 18.3.1918 Рада Усебел. з’езда ператворана ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.3.1918 прынята Трэцяя Устаўная грамата, якой Беларусь была абвешчана незалежнай і свабоднай дзяржавай. Але незалежная Беларусь не адпавядала інтарэсам суседніх дзяржаў: Расія і Польшча лічылі яе часткай сваёй тэрыторыі; на часткі зямель Беларусі прэтэндавалі Літва, Украіна, Латвія. Праціўнікамі незалежнай бел. дзяржавы былі польск. і рус. арг-цыі на Беларусі, пэўныя яўр. колы. Германія таксама не прызнала акт 25 сак., бо разглядала Беларусь як заклад пад кантрыбуцыю, якую ёй абавязалася выплаціць РСФСР. Такія абставіны вымусілі кіраўніцтва БНР пайсці на аб’яднанне з апазіцыйнымі дзеячамі «Менскага беларускага прадстаўніцтва» (П.П.Аляксюк, Р.А.Скірмунт і інш.), што выступалі супраць нацыяналізацыі зямлі і за бел.-герм. збліжэнне. 25.4.1918 яны разам са старшынёй Рады БНР І.М.Серадой, старшынёй Нар. сакратарыята Варонкам, А.Аўсянікам, П.А.Крачэўскім, Я.Ю.Лёсікам ад імя ўсёй Рады ў тэлеграме на імя кайзера Вільгельма II заявілі, што добрую будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Гэта стала адной з прычын расколу БСГ і крызісу ўрада БНР. У маі 1918 створана часовая Рада пяцёх сацыялістаў-федэралістаў на чале з Варонкам, але правыя лідэры адхілілі яе і стварылі новы ўрад БНР на чале са Скірмунтам. Такім чынам, з’явіліся 2 урады БНР, што выклікала абурэнне левых. У чэрв. створаны кааліцыйны ўрад (увайшлі правыя і левыя) на чале з Серадой, старшынёй Рады БНР стаў Лёсік. Герм.ваен. камандаванне, разглядаючы Раду БНР як пасрэдніка паміж ням. ўладамі і бел. народам, перадало ў кампетэнцыю Нар. сакратарыята гандаль, прам-сць, сац. апеку, асвету і культуру. Нар. сакратарыят БНР прыкладаў намаганні для арганізацыі бел.нац. інстытутаў, прыняў пастанову аб дзярж. статусе бел. мовы. Працавалі ад 150 да 350 бел. школ, гімназіі ў Будславе, Мінску, Навагрудку, Слуцку, Гродне, Свіслацкая настаўніцкая семінарыя і Мінскі пед.ін-т. У крас. 1918 засн. Мінская вышэйшая муз. школа, Каталіцкая духоўная семінарыя, створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Бел. ун-та ў Мінску. У Вільні створана Бел.навук.т-ва. Працавалі выдавецтвы, выходзілі бел. газеты, ствараліся культ.-асв. т-вы, тэатр. калектывы. Летам 1918 адкрыты консульствы БНР на Украіне і ў Літве, дыпламат. місіі накіраваны ў шэраг еўрап. краін, уводзіўся пашпарт БНР, у т. л. дыпламатычны, узаконены бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Пасля паражэння Германіі на Зах. фронце і пачатку эвакуацыі ням. войскаў БНР засталася безабароннаю перад бальшавікамі і польск. легіёнамі. Гэтыя абставіны падштурхнулі да Рады БНР прадстаўнікоў нац. меншасцяў і іх правых партый. У такой сітуацыі на чале ўрада стаў дзеяч бел. руху А.І.Луцкевіч, Нар. сакратарыят перайменаваны ў Раду Народных Міністраў. 11.10.1918 Рада БНР зацвердзіла часовую канстытуцыю. Урад Луцкевіча гатовы быў увесці на Беларусі сав. канстытуцыю пры ўмове прызнання Сав. Расіяй незалежнасці БНР. Аднак гэта прапанова не была прынята Масквой. У снеж. 1918 урад БНР пераехаў у Вільню, потым у Гродна (лічылася сталіцай БНР да вер. 1919, пакуль Рада БНР не вярнулася ў Мінск). У Гродне дзейнічалі 2 дзярж. структуры: урад БНР і Міністэрства беларускіх спраў Літвы. У гэты час урад БНР выступаў супраць прэтэнзій Польшчы на бел. тэрыторыі і прызыву беларусаў у Войска Польскае, дамагаўся права на ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі. Абвяшчэнне 1.1.1919 Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі дзеячы БНР успрынялі як перамогу іх справы, аднак разглядалі гэты акт як тактычны крок бальшавікоў. У 1919 прадстаўнікі Рады БНР, ВБР, Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны вялі кансультацыі і перагаворы з польск. ўладамі, спадзеючыся на іх дапамогу ў будаўніцтве бел. дзяржавы і аб’яднанні бел. зямель. Аднак урад Пілсудскага не прызнаў права Беларусі на дзярж. самастойнасць, хоць у 1919—20 у Латвіі, Літве, Эстоніі, Чэхаславакіі, Балгарыі, Фінляндыі, Турцыі працавалі дыпламат. і вайскова-дыпламат. місіі, консульствы і прадстаўніцтвы БНР. Рада ў выніку складанага ваенна-паліт. становішча не змагла рэалізаваць ідэю дзярж. суверэнітэту БНР. Пазіцыю с.-д. кіраўніцтва БНР не падтрымалі сацыялісты-рэвалюцыянеры і сацыялісты-федэралісты, абвінаваціўшы яго ў згодніцтве і здрадзе, і патрабавалі дадатковых выбараў у Раду БНР. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У сак.—маі 1920 Найвышэйшая рада працягвала перагаворы з польск. ўладамі адносна дзярж. ўладкавання Беларусі. Нар. рада шукала кантакты з РСФСР, але іх намаганні аказаліся марнымі з прычыны савецка-польскай вайны 1920, падпісання Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР, Рыжскага мірнага дагавора 1921. Падзел тэр. Беларусі [далучэнне Зах. Беларусі да Польшчы і знаходжанне Віцебскай і Магілёўскай (Гомельскай) губ. у складзе РСФСР] прывёў да стварэння адзінага бел.нац. блока. Нар. рада была прызнана адзіным паўнамоцным прадстаўніком бел. народа і перайменавана ў Раду БНР. У канцы 1920 кіраўніцтва БНР пераехала ў сталіцу Літвы Каўнас. Першая Усебеларуская канферэнцыя (Прага, вер. 1921) пацвердзіла акт 25.3.1918, прызнала Раду і ўрад БНР як адзіныя законныя органы і ўладу Беларусі. У 1922 кіраўнікі ўрада БНР В.Ю.Ластоўскі і міністр замежных спраў А.І.Цвікевіч спрабавалі паставіць бел. пытанне на Генуэзскай канферэнцыі. У жн. 1923 сфарміраваны новы ўрад БНР на чале з Цвікевічам. У кастр. 1923 кіраўніцтва БНР выехала ў Прагу. Новая эканам. палітыка (нэп), утварэнне СССР, палітыка беларусізацыі, узбуйненне БССР спарадзілі ў Зах. Беларусі і бел. эміграцыі прасав. настроі. Пасля амністыі праціўнікам сав. улады некаторыя дзеячы БНР і бел. культуры вярнуліся ў БССР. У гэтых умовах у Берліне адбылася Другая Усебеларуская канферэнцыя, якая прызнала Мінск адзіным цэнтрам нац. адраджэння Беларусі, але рашэнні яе не былі прызнаны Прэзідыумам Рады БНР. Старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. В.І.Захарка не прызналі Сав. Беларусь. Дзярж. пячатка і дзярж. архіў БНР засталіся ў іх. Пасля смерці Крачэўскага старшынямі Рады БНР былі Захарка (з 1928), М.С.Абрамчык (з 1943), В.Жук-Грышкевіч (з 1970), Я.Сажыч (з 1982).
Літ.:
Цвикевич А. Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики. Киев, 1918 (репр. изд. Мн., 1990);
Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд.Мн., 1991);
Турук Ф. Белорусское движение. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928. Тое ж.Мн., 1991;
Зюзькоў А. Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі. Мн., 1931;
Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дакументы і матэрыялы... Лёндан, 1960;
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Яго ж. На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995;
Сташкевич Н.С. Приговор революции. Мн., 1985;
Byelorussian statehood: Reader and bibliography. New York,1988;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992.
А.М.Сідарэвіч.
Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі. Злева направа: сядзяць — А.Бурбіс, Я.Серада, Я.Варонка, В.Захарка; стаяць — А.Смоліч, П.Крачэўскі, К.Езавітаў, А.Аўсянік, Л.Заяц. Мінск. 1918.Члены Беларускай калегіі ў Латвіі і Вайскова-дыпламатычнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі і Эстоніі. Рыга. 1920. БДАМЛМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,
мова беларусаў, асноўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь; дзярж. мова Рэспублікі Беларусь. Паводле перапісу 1989 яе лічаць роднай 77,7% жыхароў Беларусі, у т. л. 80,2% беларусаў. Разам з рускай мовай і ўкраінскай мовай адносіцца да ўсх. групы славянскіх моў.
Сучасная бел. мова існуе ў літ. і дыялектнай формах. Дыялектная беларуская мова (гл. ў арт.Дыялект) захоўваецца пераважна сярод сельскага насельніцтва. Яна ўключае асн. масіў гаворак і т.зв. палескую (зах.-палескую) групу гаворак. Асн. масіў падзяляецца на 2 вял. дыялекты: паўн.-ўсходні і паўд.-заходні. Паміж імі знаходзіцца паласа пераходных, або сярэднебел., гаворак (з ПнЗ на ПнУ). Літаратурная мова генетычна грунтуецца на гаворках цэнтр. Беларусі, але ў працэсе свайго станаўлення сінтэзавала характэрныя для большасці бел. гаворак граматычныя і лексічныя рысы і ў сучасны момант не суадносіцца з пэўным тэр. дыялектам.
Арфаграфія беларускай мовы грунтуецца на фанет. прынцыпе ў спалучэнні з марфалагічным. У цесным узаемадзеянні з ёю ішло фарміраванне бел.арфаэпіі. У бел. фанетычнай сістэме (гл.Гукі мовы, Фанетыка) 5 галосных гукаў і 32 зычныя гукі. Марфалогія беларускай мовы сінтэтычная з рысамі аналітызму. Усе словы размяркоўваюцца па 10 часцінах мовы, якія падзяляюцца на знамянальныя (апрача прыслоўя маюць формы словазмянення) і службовыя. Спецыфіку сінтаксісу надаюць гал. чынам адметнасці ў дзеяслоўным і прыназоўнікавым кіраванні. У аснове бел. графікі — рус.грамадзянскі шрыфт, утвораны ў выніку рэформы кірыліцы. Беларускі алфавіт налічвае 32 літары.
Параўнальна-гіст. мовазнаўствам устаноўлена, што ў перыяд ад 3—2-га тыс. да нашай эры да 7—8 ст. нашай эры ў слав. плямёнаў існавала агульная праславянская мова, якая напачатку складалася з блізкароднасных дыялектаў. Шырокае рассяленне слав. плямёнаў у 6—7 ст. абумовіла паслабленне ўнутраных сувязяў. У выніку прыкладна ў 8—9 ст. адбыўся працэс ператварэння ранейшых дыялектаў у самастойныя слав. мовы. У гэты час пачала складвацца і стараж.-рус. мова як адзіная для ўсходніх славян. Яе адноснае адзінства захоўвалася да 13 ст., у т. л. ў эпоху Кіеўскай Русі. Ад праслав. мовы яна атрымала ў спадчыну фанетычную сістэму, граматычны лад і асн. слоўнікавы фонд. У перыяд з 6—7 да 9—10 ст. у стараж.-рус. мове развіўся шэраг спецыфічных рысаў у галіне фанетыкі: поўнагалоссе (берегъ, голова), пачатковае «о» на месцы спалучэння «jе» (озеро, олень), шыпячыя «ж» і «ч» на месцы спалучэння гукаў d, t, kt з j (межа, ночь) і інш. На працягу 11—14 ст.найб. значным фанетычным працэсам стала падзенне рэдукаваных галосных «ъ» і «ь», у выніку чаго фанетычная сістэма наблізілася да фанетычнага ладу сучасных усх.-слав. моў. У граматычным ладзе ранейшая сістэма скланення назоўнікаў па асновах выцяснялася новымі тыпамі скланення па родах, што адбілася на характары канчаткаў. У сістэме дзеяслова аформілася катэгорыя трывання, у сувязі з чым змянілася сістэма прошлых часоў: аорыст, імперфект і часткова плюсквамперфект выцеснены перфектам, які стаў асноўнай формай прошлага часу ў жывой стараж.-рус. мове. Развіццё грамадскай, культ. і ваен. дзейнасці ўсх. славян садзейнічала ўзбагачэнню слоўнікавага складу. Большасць новых слоў узнікла праз словаўтварэнне ад агульнаслав. каранёў, змяненне значэння старых слоў і запазычанняў з грэч., скандынаўскіх, фінскіх і цюркскіх моў.
Пісьменства ва ўсх. славян (на аснове кірыліцы) пашыралася з канца 10 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства і развіццём дзяржаўнасці. Для Кіеўскай Русі было характэрна літ.-пісьмовае двухмоўе. Яно ўключала царкоўнаславянскую мову богаслужэбнай л-ры, перакладзенай або створанай у Балгарыі і інш.слав. краінах і перапісанай на Русі (Евангелле, Псалтыр, Апостал), і славяна-рускую мову арыгінальных твораў, у якіх пераважала царк.-слав. стыхія, але прысутнічаў і ўсх.-слав. субстрат («Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Сказанне пра Барыса і Глеба», «Слова аб законе і божай ласцы» мітрапаліта Іларыёна). Стараж.-руская літ. мова на нар. аснове выкарыстоўвалася ў дзярж. справаводстве, дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», граматы), у творах апавядальнай л-ры («Аповесць мінулых гадоў», «Павучанне Уладзіміра Манамаха», «Слова аб палку Ігаравым»), шматлікіх дакументах, у прыватнай перапісцы на берасцяных граматах. Гэтыя віды пісьменства выкарыстоўваліся і на бел. землях эпохі Кіеўскай Русі. Вядучае месца тут належала царк.-слав. мове як мове правасл. набажэнства. Гэта пацвярджаюць выяўленыя на Беларусі помнікі пісьменства: Супрасльскі рукапіс і Тураўскае (11—12 ст.), Аршанскае, Друцкае, Мсціжскае, Полацкае (13—14 ст.) евангеллі. Арыгінальныя творы 12 ст. — «словы», казанні, павучанні і малітвы Кірылы Тураўскага, агіяграфічныя «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і «Жыціе Аўраамія Смаленскага». Стараж.бел. пісьменства на нар. аснове прадстаўлена гал. чынам мясцовымі летапісамі і дагаворамі 13—14 ст. з Полацка, Віцебска і цесна звязанага з імі Смаленска.
Феадальнае драбленне і распад Кіеўскай Русі садзейнічалі актывізацыі на бел. землях мясц. дыялектаў. На працягу 14—16 ст. у беларускай мове развіліся фанетычныя асаблівасці: цвёрдае «р», дзеканне і цеканне і інш. Адначасова выпрацаваўся шэраг спецыфічных рысаў беларускай мовы ў галіне лексікі. Агульнаўжывальнымі сталі словы, вядомыя з глыбокай старажытнасці як дыялектызмы («багна», «вавёрка», «воўна», «вырай», «гай», «грэбля», «жыта», «збожжа», «крыніца», «смага», «брахаць», «жадаць», «лагодзіць», «лаяць»). Многія агульнаслав. і агульнаўсх.-слав. словы на бел. глебе змяніліся ў выніку прыстасавання да бел. фанетычнай сістэмы («аржаны», «іржа», «возера», «вока», «дрыжыць», «крывавы»). Асноўная ж колькасць новых слоў утваралася афіксальным спосабам шляхам выкарыстання пашыраных у беларускай мове сродкаў словаўтварэння — суфіксаў і прыставак («авечка», «сцежка», «частка», «выбавіць», «выбраць»). У папаўненні слоўніка беларускай мовы значную ролю адыгралі запазычанні з інш. моў — паланізмы, лацінізмы, германізмы, літуанізмы (гл.Балтызм), цюркізмы. Бел. пісьмовыя помнікі 16 ст. сведчаць, што да гэтага часу склаліся ўсе важнейшыя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы, уласцівыя беларускай мове і цяпер.
З сярэдзіны 15 ст. пісьменства на Беларусі насычаецца спецыфічна бел. рысамі ў такой меры, што дае падставу сцвярджаць пра самастойную бел.літ. мову са сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі адзнакамі. Развіццю беларускай мовы спрыяла і тое, што ў ВКЛ яна выконвала функцыі дзяржаўнай мовы. Асабліва шырока беларуская мова выкарыстоўвалася ў канцылярска-юрыд. дакументацыі — актах, граматах, дагаворах і статутах (найб. важныя — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588). Буйны помнік канцылярска-юрыд. пісьменства — Метрыка Вялікага княства Літоўскага, дакументы якой да сярэдзіны 17 ст. афармляліся пераважна на беларускай мове. На ёй вялася таксама дакументацыя ў гар. управах, магістратах і магдэбургіях, у гар., земскіх і замкавых судах і інш. Да сярэдзіны 17 ст. беларуская мова выкарыстоўвалася таксама ў канцылярыях і судах на тэр. этнічнай Літвы, на ёй пісаліся дакументы ў каралеўскіх канцылярыях Кракава і Варшавы, што прызначаліся для ВКЛ. У канцы 14 — пач. 15 ст. на Беларусі вял. пашырэнне атрымала летапісанне, але ў летапісах, якія дайшлі да нашага часу ў больш позніх спісах [Нікіфараўскі, Слуцкі, Віленскі адносяцца да канца 15 — пач. 16 ст., астатнія (больш як 10) да 16—17 ст.], бел. мова адлюстравалася неаднолькава (раннія летапісы ў большай ступені захоўваюць архаічныя моўныя рысы, пазнейшыя — жывую нар. стыхію). Жывой нар. мовай напісаны Баркулабаўскі летапіс, мемуарныя творы («Дзённік» Ф.Еўлашоўскага, «Дыярыуш» А.Філіповіча), перакладныя аповесці («Александрыя», «Троя», «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), польск. гіст. хронікі канца 16 — пач. 17 ст. («Хроніка ўсяго свету» М.Бельскага, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага).
Паступовае збліжэнне з Польшчай у паліт. і культ. адносінах, насаджэнне на Беларусі каталіцызму паслабляла пазіцыі праваслаўя і царк.-слав. мовы. Гэтаму садзейнічала і распаўсюджанне рэфармацыйных плыняў, прыхільнікі якіх імкнуліся ўводзіць мясц. мовы ў набажэнства і богаслужэбную л-ру. Першапачаткова беларуская мова пранікла ў жыційную л-ру (напр., «Мінеі — Чэцці», 1489). У канцы 15 ст. пачалі з’яўляцца пераклады з польск. мовы агіяграфічных і апакрыфічных твораў («Страсці Хрыстовы», «Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага»). З пач. 16 ст. беларуская мова пранікае і ў кананічныя рэліг. творы. Пачатак гэтаму працэсу паклаў Ф.Скарына, які ў 1517—19 выдаў у Празе большую частку кніг Старога запавету. Захаваўшы ў гэтых выданнях царк.-слав. аснову, ён наблізіў іх мову да народнай. У часы Скарыны зроблены пераклады на беларускую мову асобных кніг Бібліі непасрэдна са стараяўр. мовы. Каля сярэдзіны 16 ст. з’явіўся пераклад Псалтыра — самай папулярнай кнігі ў паслядоўнікаў хрысц. веравызнання. Першапачаткова такія пераклады распаўсюджваліся ў рукапісных спісах. З 2-й пал. 16 ст. на беларускай мове з’яўляюцца друкаваныя творы рэліг. прызначэння. У 1562 С.Будны выдаў у Нясвіжскай друкарні першыя на Беларусі друкаваныя кнігі на беларускай мове «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (не захавалася). Каля 1580 В.Цяпінскі выдаў Евангелле, у якім бел. тэкст змешчаны паралельна з царк.-славянскім — унікальная з’ява ў тагачасным слав. свеце. З канца 16 ст. беларуская мова стала прадметам абавязковага вывучэння ў правасл.брацкіх школах, што садзейнічала яе паспяховаму выкарыстанню ў розных галінах грамадскага і культ. жыцця. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст. былі эпохай найб. выкарыстання беларускай мовы ў рэліг. сферы — пераважна ў т.зв. гамілетычнай л-ры, якая грунтавалася на павучальным тлумачэнні тэкстаў Свяшчэннага пісання. Захаваліся да нашага часу шматлікія рукапісныя зборнікі і друкаваныя кнігі: «Казанне Кірылы, патрыярха іерусалімскага, пра антыхрыста» С.Зізанія (Вільня, 1596), «Евангелле вучыцельнае» (Еўе, 1616), «Духоўныя гутаркі» Макарыя Егіпецкага (Вільня, 1627), «Гісторыя пра Варлаама і Іаасафа» (Куцейна, 1637) і інш. На беларускай мове былі надрукаваны і пахавальныя казанні, складзеныя паводле правілаў тагачаснай царк. рыторыкі. Беларуская мова выкарыстоўвалася ў разнастайных настаўленнях аб хрысц. рытуалах і ў царк. заканадаўстве.
Аднак у новых паліт. і культ. умовах жыцця бел. народа ў складзе Рэчы Паспалітай выкарыстанне бел.літ.-пісьмовай мовы паступова пайшло на спад. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел.-літоўская шляхта з мэтай захавання свайго паліт. і эканам. становішча імкнулася да ўстанаўлення ў ВКЛ важнейшых дзярж. інстытутаў на польскі ўзор. У сярэдзіне 17 ст. беларуская мова практычна выйшла з ужытку ў дзярж. канцылярыях. Юрыдычна гэта было аформлена рашэннем усеагульнай канфедэрацыі саслоўяў 1696. Разам з заняпадам беларускай мовы ў справаводстве пачала звужацца і яе роля ў інш. галінах грамадскага і культ. жыцця. Бел. кнігі не друкаваліся, рэліг.л-ра выдавалася выключна на царк.-слав. мове. У 2-й пал. 17 і на працягу 18 ст. на Беларусі панавала польска-лац. кнігадрукаванне. Адукацыя знаходзілася пераважна ў руках шматлікіх рымска-каталіцкіх ордэнаў: езуітаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, бернардзінцаў і піяраў, якія мелі свае школы і вучылішчы амаль ва ўсіх бел. гарадах і буйных мястэчках. Навучанне ў іх вялося на польск. і лац. мовах. Беларуская мова вывучалася толькі ва уніяцкіх базыльянскіх школах і выкарыстоўвалася ў неафіц. частках набажэнства. Жывой беларускай мовай працягвалі карыстацца сяляне, дробная шляхта, гар. рамеснае насельніцтва. На нар. мове ствараліся разнастайныя фалькл. творы: песні, казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі і інш. У 18 ст. беларуская мова атрымала пісьмовую фіксацыю толькі ў інтэрмедыях і інтэрлюдыях да драм. твораў, што ставіліся ў вучылішчах, гімназіях і калегіях (гл.Школьны тэатр). Панаванне польск. мовы ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця працягвалася да 1830-х г., пасля польск. мову ў гэтых сферах замяніла руская.
Новая бел.літ. мова на нар. аснове, без сувязі са стараж. пісьмовымі традыцыямі пачала складвацца на пач. 19 ст. Станаўленне яе праходзіла ў агульным кантэксце слав.адраджэння нацыянальнага. Але на Беларусі развіццё літ. мовы стрымлівалася адсутнасцю яе дзярж. самастойнасці, панаваннем у тагачасным грамадстве думкі, што бел. нар.-дыялектная мова з’яўляецца толькі дыялектам рус. ці польск. моў. Сведчаннем фарміравання новай бел.літ. мовы было з’яўленне ў 19 ст. ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», якія доўгі час бытавалі ў вуснай перадачы і ў рукапісах. Першая друкаваная кніга на новай беларускай мове «Кароткі збор хрысціянскай навукі» (Вільня, 1835). Аднак найперш беларуская мова прабівала сабе дарогу ў паэт. жанрах, якія былі вядучыя на працягу ўсяго 19 ст. Значны ўклад у развіццё новай бел.літ. мовы зрабілі Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч і інш. З канца 19 ст. на беларускай мове з’яўляюцца пераклады з рус., укр. і польск. моў.
Бел.літ. мова 19 ст. яшчэ не мела ўстойлівых графічных, арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў. На ёй не ствараліся падручнікі ці дапаможнікі, не вялося школьнае навучанне, яна не дапускалася ў дзярж. сферу. Пісьменнікі арыентаваліся на свае родныя гаворкі. Працэс нармалізацыі мовы стрымлівала выкарыстанне дзвюх графічных сістэм — лацінскага і кірылічнага шрыфтоў, што назіралася аж да 1917, а ў Зах. Беларусі — да 1939. Рэвалюцыя 1905—07 паскорыла разгортванне літ.-грамадскага руху на Беларусі, зняла абмежаванні з бел. друкаванага слова. З гэтага часу пачалі арганізоўвацца легальныя органы друку і бел. выд-вы. У развіцці бел.літ. мовы значную ролю адыграла «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), на старонках якой выступала новая плеяда бел. пісьменнікаў: Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка, М.Гарэцкі, З.Бядуля, Ц.Гартны, К.Каганец, Ядвігін Ш. і інш. Газета садзейнічала выпрацоўцы навук. стылю, на яе правапісныя, грамат. і лексічныя нормы арыентаваліся інш. перыядычныя выданні. Аднак сфера выкарыстання беларускай мовы ў гэты час была звужаная, бо ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця панавала рус. мова. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, абвяшчэння БНР (сак. 1918), а потым БССР (1.1.1919) беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. У выніку беларусізацыі беларуская мова стала мовай школьнага навучання, вышэйшых навуч. устаноў, дзярж. і грамадскіх арганізацый, перыяд. друку. Арфаграфія і граматычныя нормы яе былі кадыфікаваны «Беларускай граматыкай для школ» Б.Тарашкевіча (Вільня, 1918). Яе прынцыпы папулярызаваліся падручнікамі Я.Лёсіка. Беларуская мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац.літ. мове: развітая стылістычная дыферэнцыяцыя, апрацаванасць, упарадкаванасць літ. мовы ў параўнанні з нар.-дыялектнай, узаконеная грамадствам нарматыўнасць, стабільнасць, неперарыўнасць традыцый, наяўнасць пісьмовай і вуснай разнавіднасцяў. Для нармалізацыі бел.літ. мовы важнае значэнне мела прынятая СНКБССР у жн. 1933 пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» (гл. ў арт.Рэформы моўныя). Бел. дыяспара за межамі Беларусі не прызнала рэформу 1933 і працягвае карыстацца дарэформеннымі правапіснымі і граматычнымі нормамі. Так фактычна ўтварыліся два варыянты бел.літ. мовы, якія існуюць і ў наш час.
Самыя раннія спробы вывучэння беларускай мовы зроблены на пач. 19 ст., аднак яно не мела арганізаванага і сістэматычнага характару (гл. ў арт.Беларусазнаўства). Найбагацейшы збор бел. лексічнага матэрыялу дарэв. пары — «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча (1870). Пачатак грунтоўнаму навук. даследаванню беларускай мовы далі працы заснавальніка бел.мовазнаўства Я.Ф.Карскага, асабліва яго манаграфіі «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У сав. час апублікаваны фундаментальныя даследаванні беларускай мовы, падрыхтаваныя Інстытутам мовазнаўства імя Я.КоласаАН Беларусі, разнастайныя дапаможнікі для ВНУ па гісторыі мовы, дыялекталогіі сучаснай беларускай мовы, спец. кнігі па асобных праблемах фанет. сістэмы, грамат. ладу мовы беларусаў. Выдадзены вялікія перакладныя, тлумачальныя, гіст. і інш. слоўнікі (гл. ў арт.Лексікаграфія), аналізуюцца кантакты беларускай мовы з мовамі інш.слав. і неслав. народаў на розных этапах іх гіст. развіцця. У 1990 прыняты Закон «Аб мовах у Беларускай ССР», які надаў беларускай мове статус дзяржаўнай мовы.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Вып. 1—3. М., 1955—56;
Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков: Ист.-диалектол. очерк. Л., 1972;
Булахов М.Г., Жовтобрюх М.А., Кодухов В.И. Восточнославянские языки. М., 1987;
Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;
Воўк-Левановіч О.В. Лекцыі па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1994;
Нарысы па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1957;
Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;
Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;
Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;
Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;
Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд.Мн., 1984;
Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст. Мн., 1988;
Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;
Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн, 1985—86;
Беларуская мова: Энцыкл.Мн., 1994.
А.І.Жураўскі.
Да арт.Беларуская мова. Тытульны ліст «Беларускай граматыкі для школ» Б.Тарашкевіча. 1918.Да арт.Беларуская мова. Старонка з Баркулабаўскага летапісу. 17 ст.Да арт.Беларуская мова. Надпіс на Рагвалодавым камені. 1171.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЧЫ,
горад абл. падпарадкавання ў Беларусі ў Брэсцкай вобл., цэнтр раёна. Размешчаны на Баранавіцкай раўніне, у міжрэччы Шчары і яе прытока Мышанкі. За 206 км ад Брэста. Вузел чыгунак (напрамкі на Брэст, Ваўкавыск, Ліду, Мінск, Слуцк, Лунінец) і аўтадарог. 172,9 тыс.ж. (1995).
Узнікненне Баранавічаў звязана з буд-вам Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. Пачатак гораду дала чыг. ст. Баранавічы (назва ад вёскі ў Навагрудскім пав.), здадзеная ў эксплуатацыю ў ліст. 1871. Вакол яе ўзнік пасёлак, які ў сярэдзіне 1880-х г. налічваў каля 1,5 тыс. жыхароў, 120 дамоў. У маі 1884 пасёлку нададзены статус мястэчка пад назвай Развадова (ад прозвішча ўладальніцы мясц. маёнтка Развадоўскай). У снеж. 1884 пачаў дзейнічаць участак чыг.Вільня—Лунінец—Пінск, новая станцыя Баранавічы Палескай чыгункі стала другім цэнтрам фарміравання горада. Пасёлак, што пачаў фарміравацца вакол станцыі, атрымаў назву Новыя Баранавічы. У 1890-я г. пасёлкі зліліся і ўтварылі Баранавічы. Паводле перапісу 1897 у Баранавічах 8718 ж., 834 будынкі, 4 прадпрыемствы, двухкласныя школы чыг. і дабрачыннага т-ва. У рэв. 1905—07 адбылося Баранавіцкае выступленне рабочых і салдатаў 1905. У 1912 у Баранавічах каля 30 тыс.ж. Напярэдадні 1-й сусв. вайны працавалі 3 цагельныя, маслабойны, 2 лесапільныя, чыгуналіцейны з-ды, 3 ф-кі млынавых жорнаў. У пач. 1-й сусв. вайны ў Баранавічаз размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага рус. арміяй. З вер. 1915 да 5.1.1919 акупіраваны герм. войскамі. У ваколіцах Баранавічаў праходзіла лінія фронту. У чэрв.—ліп. 1916 рус. войскі правялі Баранавіцкую аперацыю 1916. 5.1.1919 устаноўлена сав. ўлада. З 6.2.1919 горад, цэнтр Баранавіцкага пав. Мінскай губ. У сак. 1919 — ліп. 1920 і з вер. 1920 акупіраваны польск. войскамі. У 1921 — 39 у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяв. З вер. 1939 у БССР, са снеж. 1939 цэнтр Баранавіцкай вобласці, каля 27 тыс.ж. Дзейнічалі Баранавіцкі абласны драматычны тэатр, Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. З 27.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў ваколіцах і горадзе 127,5 тыс.чал., дзейнічалі Баранавіцкая акруговая антыфашысцкая арганізацыя і Баранавіцкае гарадское патрыятычнае падполле. З 1954 у Брэсцкай вобл., цэнтр Навамышскага, з 1957 Баранавіцкага раёнаў. У 1959 — 58,1 тыс.ж., у 1970 — 101,5 тыс.ж.
Прадпрыемствы: Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне і вытв.дрэваапр. аб’яднанне, Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод, Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, Баранавіцкі завод бытавой хіміі, Баранавіцкі завод гандлёвага машынабудавання, Баранавіцкі завод станкапрылад, з-ды санэлектразагатовак, доследна-механічны, жалезабетонных вырабаў (2); фабрыкі трыкатажная, швейная, абутковая, мэблевая, маст. вырабаў, цацак; камбінаты мясакансервавы, харч. прадуктаў, малочны, жалезабетонных канструкцый, Баранавіцкі камбінат сянажных вежаў. Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці, тэхналагічны тэхнікум, муз., мед. і пед. вучылішчы. Баранавіцкі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і падпольшчыкаў, сав. ваеннапалонных і ахвяраў фашызму. Помнікі: Вызвалення, двойчы Герою Сав. Саюза С.І.Грыцаўцу. Помнік архітэктуры — Баранавіцкі Пакроўскі сабор. Мемарыяльны комплекс «Урочышча Гай».
польскі пісьменнік, гісторык, публіцыст, грамадскі дзеяч; пачынальнік польскай рэаліст. прозы. Брат К.Крашэўскага. Чл. Польскай АН у Кракаве (1872), Ганаровы чл. Чэшскай АМ (1873). У 1827—29 вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, у 1829—30 — у Віленскім ун-це. У 1830—32 за ўдзел у канспіратыўным гуртку зняволены ў турму. З 1833 жыў у маёнтку Доўгае каля Пружан (Брэсцкая вобл.), з 1837 на Валыні. Заснавальнік і рэдактар віленскага час.«Атэнэум» (1841—51). З 1859 у Варшаве. З 1863 у эміграцыі, дзе выдаваў публіцыстычны штогоднік «Rachunki» («Рахункі», 1866—70), часопісы. У 1884 асуджаны герм. ўладамі за супрацоўніцтва з франц. разведкай. Напісаў больш за 600 тамоў твораў; 223 раманы і аповесці, навук. працы па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, літ.-знаўстве, філасофіі і інш. Наватарская канцэпцыя чалавека-працаўніка ў цыкле аповесцей «Уляна» (1843), «Хата за вёскай» (1855), «Гісторыя калка ў плоце» (1860) і інш. Вострая крытыка шляхты і арыстакратыі ў сац.-быт. раманах «Чарадзейны ліхтар» (1843—44), «Два светы» (1856), «Morituri» (1874) і інш. Падзеі паўстання 1863—64 адлюстраваны ў раманах «Дзіця Старога Горада» (1863), «Мы і яны» (1865), «Дзядуля» (1869) і інш. Для раманаў «Апошняя з слуцкіх князёў» (1841), «Сеймавыя сцэны» (1875), «Кунігас» (1882), «Маці каралёў» (1883), «Кароль у Нясвіжы 1784» (1887) і інш. характэрны зварот да мінуўшчыны Беларусі, дакументальнасць. Сярод лепшых гіст. раманаў — саксонская трылогія «Графіня Козель» (1874), «Бруль» (1875), «З часоў Сямігадовай вайны» (1876), а таксама «Старое паданне» (1876) — першы твор з цыкла 29 раманаў, прысвечаных гісторыі Рэчы Паспалітай. Аўтар зб-каў «Паэзія» (т. 1—2, 1838) і «Гімны смутку» (1857), паэт. трылогіі з гісторыі Літвы «Анафеляс» (1840—45), 20 драм. твораў, у т. л. камедый з дзеяннем у Нясвіжы «Кастэлянскі мёд» (1860), «Пане Каханку» (1867). У падарожных нарысах «Пінск і Піншчына» (1837), «Успаміны пра Палессе, Валынь і Літву» (1840), «Карціны з жыцця і падарожжаў» (1841—42), «Друскенікі» (1848), этнагр. нарысе «Адзенне сялян і мяшчан з ваколіц Брэста, Кобрына, Пружан» (1860) апісаў бел. мясціны і жыхароў Беларусі. Аўтар гіст. прац «Вільня ад яе пачатку да 1750 г.» (т. 1—4, 1840—42), «Старажытная Літва. Яе гісторыя, законы, мова, вера, звычаі, песні...» (1847—50), «Барысаў» (1848), «Польшча ў час трох падзелаў» (т. 1—3, 1873—75) і інш.Прафес. мастак, музыкант. Паўплываў на творчасць Э.Ажэшкі, Б.Пруса, Г.Сянкевіча, Я.Купалы. На бел. мову творы К. перакладалі Я.Купала, П.Бітэль, В.Сёмуха.
Тв.:
Бел.пер. — Хата за вёскай. Мн., 1989;
Апошнія хвіліны князя ваяводы (Пане Каханку) // Крыніца. 1998. № 3;
Рус.пер. — Графиня Козель;
Брюль. Мн.. 1993;
Из времен Семилетней войны. Мн., 1994.
Літ.:
Малюковіч С.Дз. Беларускія старонкі нарысаў Ю.І.Крашэўскага // Веснік БДУ. Сер. 4 1989. № 1;
Danek W. Józef Ignacy Kraszewski. Warszawa, 1976;
Burkot S. Józef Ignacy Kraszewski. Warszawa, 1988;
Jarowiecki J. O powieści historycznej Józefa Ignacego Kraszewskiego. Kraków, 1991.