РАДЗІЕ́ЎСКІ (Аляксей Іванавіч) (13.8.1911, г. Умань Чаркаскай вобл., Украіна — 30.8.1979),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген. арміі (1972), Герой Сав. Саюза (1978). Канд. ваен. н. (1947), праф. (1961). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1938) і Генштаба (1941). У Вял. Айч. вайну на Зах., Паўд.-Зах., 2-м Укр. і 1-м Бел. франтах. 2-я танк. армія на чале з Р. удзельнічала ў вызваленні Украіны, контрнаступленні войск Зах. фронту, у Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944, Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацыях. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі, выкладчык Ваен. акадэміі імя Фрунзе. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1958—62.
т. 13, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЎФМАН (Канстанцін Пятровіч) (3.3.1818—16.5.1882),
расійскі дзярж. дзеяч. Інжынер-генерал (1874). Скончыў Гал. інж. вучылішча ў Пецярбургу (1836) і афіцэрскія класы пры ім (1839). У час Крымскай вайны 1853—56 у дзеючай арміі. З 1861 дырэктар канцылярыі ваен. міністра, памочнік Дз.А.Мілюціна ў правядзенні ваен. рэформ. З 17.4.1865 віленскі, ковенскі, гродзенскі і мінскі ген.-губернатар, гал. начальнік Віцебскай і Магілёўскай губ. і камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. Як гал. начальнік Паўн.-Зах. краю працягваў палітыку, пачатую М.М.Мураўёвым. Пры ім у Беларусі зачынены апошнія кляштары, умацавана становішча правасл. царквы. К. быў адным з гал. ініцыятараў прыняцця закону ад 22.12.1865 аб забароне асобам польскага паходжання купляць маёнткі ў Зах. краі і аб абавязковым продажы ўсіх маёнткаў, секвестраваных у час паўстання 1863—64. З ліп. 1867 камандуючы войскамі Туркестанскай акругі. Правёў шэраг паспяховых ваен. аперацый на працягу 1868—76 і далучыў да Рас. імперыі значную частку Сярэдняй Азіі.
А.М.Лукашэвіч.
т. 8, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАНСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ АБ ЧАРНАМО́РСКІХ ПРАЛІ́ВАХ міждзяржаўныя пагадненні аб умовах міжнар. рэжыму Чарнаморскіх праліваў Басфор і Дарданелы
(іх берагі належаць Турцыі),
падпісаныя ў Лондане ў 19 ст. 1) Канвенцыя ад 13.7.1841 паміж Расіяй, Вялікабрытаніяй, Аўстрыяй, Прусіяй і Турцыяй абавязвала Турцыю ў мірны час не прапускаць праз Чарнаморскія пралівы замежныя ваен. судны, у т. л. расійскія. Фактычна скасавала Ункяр-Іскелесійскі дагавор 1833, які прадугледжваў сумеснае выкарыстанне і абарону праліваў Расіяй і Турцыяй; рас. ваен. флот быў запёрты ў Чорным м. 2) Канвенцыя ад 13.3.1871 паміж Расіяй, Турцыяй, Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Італіяй, Вялікабрытаніяй і Францыяй у асноўным пацвердзіла ўмовы канвенцыі 1841, але Турцыі дазвалялася ў мірны час прапускаць праз пралівы ваен. судны «дружалюбных і саюзных дзяржаў», што аб’ектыўна было накіравана супраць Расіі. Санкцыяніравала адмену артыкулаў Парыжскага мірнага дагавора 1856, якія забаранялі Расіі трымаць на Чорным м. ваен. флот і будаваць умацаванні.
Літ.:
Дранов Б.А. Черноморские проливы: Междунар.-правовой режим. М., 1948. С. 95—124.
т. 9, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ТНА (Вітаўт Казіміравіч) (24.4.1893, в. Мацканяй Уценскага пав., Літва — 12.6.1937),
савецкі военачальнік, камкор (1935). Скончыў школу прапаршчыкаў (1917), ваен.-акад. курсы (1923). З 1915 у арміі, з 1918 у Чырв. Арміі. З мая 1918 ваен. камісар Віцебскай губ. З вер. 1918 на Усх. фронце камісар дывізіі, камандзір палка, брыгады. Са снеж. 1919 на Зах. фронце, нач. 27-й дывізіі. Удзельнічаў у баях супраць войск Калчака, у сав.-польскай вайне 1920, задушэнні антысавецкіх паўстанняў у Кранштаце і Паволжы. З 1923 нач. пяхотнай школы, ва ўпраўленні ваен.-навуч. устаноў РСЧА, камандзір корпуса. З 1927 ваен. аташэ ў Японіі, Фінляндыі, Германіі, у 1934—36 — у Вялікабрытаніі. У 1931—34 камандаваў корпусам і Прыморскай групай войск на Д.Усходзе. У 1936 арыштаваны па т.зв. справе «паралельнага трацкісцкага цэнтра» ў групе «кіраўнікоў ваеннай змовы» на чале з М.М.Тухачэўскім, 11.6.1937 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1957. Аўтар прац па гісторыі грамадз. вайны.
П.А.Селіванаў.
т. 13, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЎВАЕНСАВЕ́ТЫ, Рэвалюцыйныя ваенныя саветы (РВС),
вышэйшыя калегіяльныя органы ваен. улады і паліт. кіраўніцтва ў франтах, арміях, флатах і флатыліях у Сав. Расіі ў 1918—21 (на Д. Усходзе да ліст. 1922, у Сібіры да студз. 1923, на Зах. фронце да крас. 1924, у Сярэдняй Азіі да чэрв. 1926). Упершыню створаны на Усх. фронце паводле пастановы СНК ад 13.6.1918 у складзе каманд. фронтам і 2 камісараў. Прызначаліся з мэтай арганізацыі ваен. дзеянняў, кіраўніцтва, падрыхтоўкі і забеспячэння войск, парт.-паліт. і культ.-выхаваўчай работы. Мелі правы органаў сав. улады на тэр. дыслакацыі дадзенага аб’яднання; праводзіць мабілізацыю людскіх і матэрыяльных рэсурсаў на патрэбы фронту, забяспечваць рэв. парадак; у выпадку неабходнасці маглі ўмешвацца і адмяняць распараджэнні камандуючага і нават адлучаць яго ад пасады, аб чым павінны былі неадкладна рапартаваць вышэйстаячаму РВС. Непасрэдна РВС падпарадкоўваліся: штаб, рэв. ваен. трыбунал, палітаддзел, ваен. кантроль, нач. забеспячэння, нач. санітарнай службы і кіраўніцтва інспектараў родаў войск.
С.А.Фамін.
т. 14, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т АБАРО́НЫ ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУСІ́ Створаны ў Вільні 19.4.1919 урадам Літ.-Бел. ССР у сувязі з нападам на рэспубліку польскіх войск і цяжкім ваен. становішчам. З 28.4.1919 знаходзіўся ў Мінску. Старшыня В.С.Міцкявічус-Капсукас, чл. І.С.Уншліхт, М.І.Калмановіч, Я.Б.Бош, В.Г.Кнорын, К.Г.Цыхоўскі. Сканцэнтраваў усю дзярж. і ваен. ўладу і дзейнічаў у кантакце з РВС Літ.-Бел. арміі (з чэрв. 1919—16-й арміі). 2.5.1919 аб’явіў усеагульную мабілізацыю ў армію, 22 мая прыняў пастанову аб тэрміновых мерах па абароне Мінска, 31 мая падтрымаў прапанову ЦК РКП(б) аб стварэнні ваен. і паліт. саюза паміж усімі сав. рэспублікамі (1.6.1919 ЦВК Літ.-Бел. ССР ухваліў гэты дагавор). 17.7.1919 Савет скасаваны паводле рашэння ЦК КП(б)Б ЛіБ ад 14.7.1919 у сувязі з акупацыяй большай ч. тэр. рэспублікі польскімі войскамі і перабудовай вышэйшых сав. і парт. органаў Літ.-Бел. ССР. На неакупіраванай тэр. Беларусі ўлада перададзена Мінскаму губ. ваен.-рэв. к-ту і РВС Зах. фронту.
П.А.Селіванаў.
т. 14, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ НАВУ́КА,
сістэма ведаў пра законы і заканамернасці, спосабы падрыхтоўкі і вядзення ваен. Дзеянняў. Даследуе характар і заканамернасці ўзбр. барацьбы, абагульняе яе вопыт, вывучае законы вайны, працэсы яе падрыхтоўкі і вядзення, распрацоўвае тэарэт. асновы і практычныя рэкамендацыі па будаўніцтве і падрыхтоўцы ўзбр. сіл; вызначае шляхі развіцця новых сродкаў барацьбы, найб. эфектыўныя формы і спосабы вядзення ваен. дзеянняў і прынцыпы ваен. майстэрства. Асн. часткі ваеннай навукі: тэорыя ваеннага майстэрства, тэорыя ваеннага будаўніцтва, тэорыя ваен. навучання і выхавання, тэорыя ваен. эканомікі, а таксама ваенная геаграфія, ваенная гісторыя і ваенна-тэхн. навукі. На развіццё ваеннай навукі ўплываюць дасягненні грамадскіх, прыродазнаўчых, тэхн. і інш. навук. Сумесна з інш. навукамі вывучае таксама праблемы грамадз. абароны. У кожнай дзяржаве ваенная навука мае пэўныя асаблівасці, абумоўленыя грамадска-паліт. ладам, станам эканомікі, геагр. размяшчэннем і нац. асаблівасцямі. Ваенная навука зарадзілася ў часы рабаўладальніцкага ладу. Яе станаўленне адносіцца да канца 18 — пач. 19 ст., калі ў некаторых краінах Зах. Еўропы сталі стварацца значныя па колькасці пастаянныя арміі. Вынікі ваеннай навукі ў Рэспубліцы Беларусь выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ваеннай дактрыны, абагульненні гіст. вопыту вядзення вайны і аналізе практычнай дзейнасці войск у мірны час, а таксама на прадбачанне магчымай узбр. барацьбы, формаў і спосабаў яе вядзення.
В.А.Юшкевіч.
т. 3, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРАЛІТЭ́Т (ням. Neutralitāt ад лац. neuter ні той, ні іншы) у міжнародным праве, палітыка няўдзелу ў вайне, у мірны час — адмаўленне ад удзелу ў ваен. блоках. Нейтральная дзяржава мае правы на недатыкальнасць яе тэрыторыі, грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у ваен. дзеяннях тых бакоў, якія ваююць, і маёмасці, якая не аднесена да ваен. кантрабанды. Нейтральная дзяржава можа абараняць свой Н. з дапамогай зброі (Н. узброены).
Н. у час вайны — прававое становішча дзяржавы, пры якім яна не ўдзельнічае ў вайне і не аказвае непасрэднай дапамогі тым, хто ваюе. Краіна можа зрабіць спец. заяву аб Н., хоць гэта неабавязкова. Правы і абавязкі нейтральных дзяржаў у час вайны, а таксама бакоў, якія ваююць, адносна нейтральных дзяржаў, а таксама фіз. асоб як нейтральных, так і тых дзяржаў, што ваююць, рэгламентуюцца Гаагскімі канвенцыямі 1907 аб правах і абавязках нейтральных дзяржаў на выпадак сухапутнай і марской войнаў. У гэтых дакументах забараняюцца любыя ваен. дзеянні, якія б маглі разглядацца як садзейнічанне бакам, што ваююць. Н. пастаянны — прававое становішча дзяржавы, паводле якога яна абавязана ўстрымлівацца ад вайны (апрача выпадкаў самаабароны), у мірны час — праводзіць міралюбівую знешнюю палітыку, не ўдзельнічаць у ваен. саюзах і кааліцыях, не заключаць пагадненняў, накіраваных на ўцягванне яе ў вайну. Пастаянна нейтральнымі дзяржавамі з’яўляюцца Швейцарыя (з 1815), Аўстрыя (з 1955), Мальта.
І.М.Таніева.
т. 11, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАЎ (Эдуард Трафімавіч) (1811, Эстонія — 17.7.1884),
расійскі дзярж. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1869). Скончыў Царскасельскі ліцэй (1829). З 1838 флігель-ад’ютант імператара Мікалая I. З 1844 у дзеючай арміі на Каўказе, у 1849 у Венгрыі, у 1853—56 на Балтыйскім тэатры ваен. дзеянняў Крымскай вайны. З крас. 1866 ліфляндскі, эстляндскі і курляндскі ген.-губернатар, камандуючы войскамі Рыжскай ваен. акругі. У кастр. 1866 — сак. 1868 віленскі, ковенскі, гродзенскі і мінскі ген.-губернатар, гал. начальнік Віцебскай і Магілёўскай губ., камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. З мэтай пашырэння ў краі сац. базы самадзяржаўя лічыў неабходным аслабіць рэпрэсіі і абмежаванні ў адносінах да ўдзельнікаў паўстання 1963—64. З 1868 член, з 1881 старшыня дэпартамента дзярж. эканоміі Дзярж. савета Расіі.
т. 2, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́ДАЎ (Дзяніс Васілевіч) (27.7.1784, Масква — 4.5.1839),
герой вайны 1812, ваен. пісьменнік і паэт, ген.-лейт. (1831). З 1801 на ваен. службе ў кавалерыі (з 1804 у гусарах). У час вайны 1812 камандаваў атрадам гусараў і казакоў, паспяхова дзейнічаў у тыле ворага. Удзельнік замежных паходаў 1813—14. З 1823 у адстаўцы. У 1826—1827 зноў служыў на Каўказе. Удзельнічаў у падаўленні паўстання 1830—31, у т. л. ў Беларусі. Аўтар ваен.-гіст. прац: «Дзённік партызанскіх дзеянняў 1812» (1860), «Вопыт тэорыі партызанскіх дзеянняў» (1821) і інш. Як паэт выступаў з 1803. Стварыў жанр «гусарскай лірыкі» (зб. «Вершы», 1832).
Тв.:
Военные записки. М., 1982;
Избранное. М., 1984;
Стихотворения. Л., 1984.
Літ.:
Серебряков Г. Денис Давыдов. М., 1985.
т. 5, с. 566
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)