БІЯГЕАГРА́ФІЯ (ад бія... + геаграфія),

навука пра заканамернасці геагр. пашырэння і размяшчэння ў межах рэгіёнаў жывых арганізмаў і іх згуртаванняў (біяцэнозаў), уваходзіць у комплекс навук пра біясферу. Біягеаграфію падзяляюць на зоагеаграфію і геаграфію раслін.

Пачатак біягеаграфіі пакладзены ў 19 ст. працамі натуралістаў (А.Гумбальт, А.Дэкандоль, А.Уолес, Ф.​Склетэр, П.​Палас, М.​А.​Северцаў і інш.), якія вывучалі флору і фауну розных рэгіёнаў зямнога шара. Сучасныя біягеагр. даследаванні маюць некалькі кірункаў: арэалаграфія вывучае тыпы арэалаў, іх структуру і паходжанне, размяшчэнне асобін унутры відавых арэалаў, што дае магчымасць стварэння кадастравых картаў; рэгіянальная біягеаграфія займаецца фларыстычным і фауністычным раянаваннем на аснове вывучэння сістэматычнага складу флоры і фауны пэўных раёнаў Зямлі; экалагічная біягеаграфія вывучае залежнасць пашырэння арганізмаў ад экалагічных фактараў асяроддзя, пераважна клімату, але таксама і гасп. дзейнасці чалавека; гістарычная біягеаграфія высвятляе ўплыў мінулых геал. эпох Зямлі на сучасны склад згуртаванняў арганізмаў і іх цяперашняе размяшчэнне па планеце. Вынікі даследаванняў на біягеаграфіі ўлічваюцца пры ахове і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, а таксама правядзенні мерапрыемстваў па знешнім каранціне, ахове раслін і барацьбе з пераносчыкамі прыродна-ачаговых захворванняў чалавека і свойскіх жывёл.

На Беларусі значны ўклад у развіццё біягеаграфіі зрабілі І.Д.Юркевіч, М.​Дз.Несцяровіч, В.І.Парфёнаў, А.Е.Агаханянц і інш. Пытанні біягеаграфіі распрацоўваюцца ў н.-д. ін-тах АН Беларусі (эксперым. батанікі, заалогіі, лесу, геал. навук, праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, Цэнтр. бат. садзе), Бел. геолагаразведачным НДІ.

Літ.:

Воронов А.Г., Дроздов Н.Н., Мяло Е.Г. Биогеография мира. М., 1985;

Лопатин И.К. Зоогеография. 2 изд. Мн., 1989.

І.​К.​Лапацін.

т. 3, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

варсі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Валасок ворсу.

2. Тонкі валасок на паверхні раслінных і жывёльных арганізмаў. Шырокая агрубелая далонь з цьмянымі варсінкамі і сінімі набраклымі вугламі [вен] адбілася на бліскучай паверхні кафейніка. Хадкевіч.

3. Спец. Мікраскапічны выраст на слізістай абалонцы тонкіх кішак, праз які ўсмоктваюцца пажыўныя рэчывы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гіпабіёз

(ад гіпа- + -біёз)

стан паніжанай жыццядзейнасці арганізмаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эмбрыягене́з

(ад эмбрыён + -генез)

працэс эмбрыянальнага развіцця арганізмаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эндасімбіёз

(ад энда- + сімбіёз)

сімбіёз арганізмаў аднаго віду.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БІЯПАШКО́ДЖАННЕ,

непажаданае змяненне ўласцівасцяў і якасцяў прамысл. матэрыялаў, вырабаў, збудаванняў, кармавых і харч. прадуктаў і г.д. пад уздзеяннем жывых арганізмаў. Напр., парушэнне драўніны грыбкамі і насякомымі, плесненне прадуктаў, тканіны, паперы, парушэнне цаглянай або бетоннай муроўкі каранямі раслін, падводных частак караблёў, збудаванняў пры іх абрастанні і г.д. Часам у паняцце «біяпашкоджанне» ўключаюцца праявы парушэнняў структуры біягеацэнозаў пад уздзеяннем біягенных фактараў.

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЦЫХО́ЎСКІ (Уладзімір Мартынавіч) (8.7.1876, Жытомір, Украіна — 13.6.1931),

батанік. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1900). Праф. Данскога політэхн. ін-та (1907—22). З 1922 у Лясным НДІ драўніны ў Маскве. Навук. працы па стэрылізоўным дзеянні ядаў на насенне, экалогіі пустынных раслін, марфалогіі і біялогіі ніжэйшых арганізмаў, пігментах, пошуку хларафілу на інш. планетах, заснавальнік фізіялогіі драўнінных парод. Распрацаваў метад аэрапонікі (1910).

т. 1, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯКАРО́ЗІЯ (ад бія... + карозія),

працэс пашкоджання (парушэння) металаў у выніку жыццядзейнасці жывых арганізмаў (пераважна анаэробных бактэрый; гл. Анаэробныя арганізмы). Бывае на вода- і нафтаправодах, падводных частках гідратэхн. збудаванняў, днішчах караблёў і інш. Найб. агрэсіўныя для металаў аблігатныя сульфатрэдукавальныя бактэрыі (Desuflobrio desulfuricans, D. rubentschitckii, D. aestuarii). Для аховы ад біякарозіі выкарыстоўваюцца кантактныя і лятучыя фунгіцыды. Гл. таксама Біяпашкоджанне і Біядэградацыя.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНІ́ЧНА ДАПУШЧА́ЛЬНАЯ ДО́ЗА,

максімальная колькасць шкоднага агента, якая пры ўздзеянні на жывыя арганізмы (праз дыхальную сістэму, ежу і да т.п.) ці іх згуртаванні яшчэ не выклікае істотных змен іх стану і парушэнняў працэсаў жыццядзейнасці. Вызначаюць гранічна дапушчальную дозу аднаразовую або ў пераліку на азначаны прамежак часу (гадзіну, дзень і г.д.). Для розных відаў жывых арганізмаў гранічна дапушчальная доза неаднолькавая.

т. 5, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛО́ІД (ад грэч. diploos двайны + eidos від),

асобіна або клетка з двайным (поўным) наборам гамалагічных пар храмасом. Утвараецца ад зліцця 2 гаплоідных гамет (мужчынскай і жаночай), кожная з якіх мае па аднаму набору храмасом. Дыплоіднымі з’яўляюцца спарафіты вышэйшых раслін, пераважная большасць жывёл, гаметы паліплоідных арганізмаў (гл. Поліплаідыя) або гаметы, якія ўзніклі ў дыплоідных асобін з парушаным меёзам.

т. 6, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)