МІНКО́ Васіль Пятровіч (14.1.1902, с. Мінкаўка Харкаўскай вобл., Украіна — 30.1.1989),
украінскі пісьменнік. Вучыўся ў Харкаўскім ун-це нар. адукацыі (1929—31). Дэбютаваў у 1924. Пісаў апавяданні, нарысы (зб-кі «Улада на месцах», 1928; «Поўная чаша», 1950), аповесці («Ярына Чаркас», 1936; «Над Харол-ракой», 1949) і інш. Актуальнасцю тэматыкі вызначаліся сатыр. камедыі «Не называючы прозвішчаў» (1953), «Маўчаць забаронена» (1955), «На хутары ля Дзіканькі» (1958), «Жаніх з Аргенціны» (1960), «Камедыя з двума інфарктамі» (1967), «Яго вялікасць — каравай» (1979) і інш. Аўтар драм, аўтабіягр. аповесці «Мая Мінкаўка» (ч. 1—2, 1962—70), мемуараў «З пяром, як з ружжом» (1981).
Тв.:
Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1981;
Рус. пер. — Драма и комедии. М., 1963.
В.А.Чабаненка.
т. 10, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАВЕ́ЙКА Іван Андрэевіч (н. 21.10. 1921, в. Таль Любанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. паэт. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Мінску (1939), скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1964). З 1948 у любанскай раённай газеце Друкуецца з 1936. Аўтар зб. вершаў «Песня над палямі» (1955). Піша пераважна для дзяцей: зб-кі «Ручаінкі» (1956), «Вось якія мы» (1958), «Пра работу і ляноту» (1960), «Дружная сямейка» (1961), «Сняжынкі-смяшынкі» (1962), «Сем колераў вясёлкі» (1965), «Лясное возера» (1970), «Мы таксама падрасцём» (1971), «Дуб і дубок» (1977), «Няхай сонца не заходзіць» (1981), «Я прыдумаў казку» (1985). У кн. «Прынёс з вайны» (1991) — франтавыя запісы, вершы, апавяданні пра аднапалчан і інш.
т. 11, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ Валерый Уладзіміравіч (16.3.1923, г. Ішым Цюменскай вобл., Расія — 16.2.1997),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (1940—43). Апавяданні і аповесці «Гусяня трэцяга сорту» (1960), «Баранкін, будзь чалавекам!» (1962; аднайм. мультфільм 1963), «Воўка Вяснушкін у краіне завадных чалавечкаў» (1964), «Працяжнік — працяжнік — кропка» (1965), раман «Вясельны марш» (1974), п’есы «Жах-жах — жахлівая гісторыя» (1966), «Двайнік чэмпіёна» (1978) і інш. пра жыццё дзяцей і падлеткаў, іх маральнае фарміраванне, юнацкае каханне і сяброўства. Аўтар вершаў, казак, інтэрмедый, клаунад, сцэнарыяў маст. і мультыплікацыйных фільмаў і інш. Дзярж. прэмія Расіі імя Н.К.Крупскай 1983.
Тв.:
Свадебный марш: Избр. М., 1983;
Баранкин, будь человеком: Повести. Мн., 1989;
Капитан Соври-голова: Повести. М., 1990.
т. 11, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́МЧАНД (сапр. Дханпатрай Шрывастаў; 31.7.1880, Ламхі, каля г. Варанасі, Індыя — 8.10.1936),
індыйскі пісьменнік. Скончыў Алахабадскі каледж (1904). Пісаў на мовах урду і хіндзі. Творчасць П. развівалася пад уздзеяннем інд. нац.-вызв. руху. Аўтар рэаліст. раманаў «Прытулак» (1918), «Прыстанак кахання» (1922), «Арэна» (1925), «Поле бітвы» (1932), «Ахвярная карова» (1936) і інш. Апавяданні (зб-кі «Сем лотасаў», 1914, «Ратны шлях», 1932, «Саван», 1937) і публіцыстыка адзначаны антыкалан. і антыфеад. накіраванасцю.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Дрэва вады. Мн., 1959;
Рус. пер. — Избранное. М., 1989;
Рассказы. Нирмала. М., 1958;
Ратный путь: Рассказы. М., 1969.
Літ.:
Рахбар Х. Жизнь и творчество Премчанда: Пер. с хинди. М., 1963;
Балин В. Премчанд-новеллист. Л., 1973;
Премчанд: Биобиблиогр. указ. М., 1962.
т. 13, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НАЎ Панцеляймон Сяргеевіч (5.8.1884, с. Пятроўскае Адоеўскага р-на Тульскай вобл., Расія —8.4.1938),
рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1911. У лірыка-псіхал. і сатыр. апавяданнях (зб-кі «Апавяданні», 1925, «Без чаромхі» і «Зачараваныя вёскі», абодва 1927); раманах пра інтэлігенцыю («Таварыш Кіслякоў», 1930; «Уласнасць», 1933) — дух паслярэв. эпохі з яе новай мараллю, сатыра на прыстасаванства, спекуляцыю, бюракратызм. У аўтабіягр. аповесці «Дзяцінства» (1926) і ліраэпічным рамане «Русь» (ч. 1—5, 1922—36) — маянтковая Расія перадрэвалюцыйнага часу. Аўтар рамана «Новая скрыжаль» (1928), аповесці «Пісьменнік» (1915), п’есы «Землятрус» (1924) і інш. Прозе Р. ўласцівы лірызм і гумар, майстэрства дыялогу.
Тв.:
Избр. произв. М., 1988;
Детство: Повесть. рассказы. Тула, 1986;
Повести и рассказы. М., 1990.
т. 13, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САІ́Д АХМА́Д (сапр. Саід Ахмад Хусанхаджаеў; н. 10.6.1920, Ташкент),
узбекскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Узбекістана (1980). Вучыўся ў Ташкенцкім ун-це (1940—41). Першы зб. апавяданняў «Падарунак» (1940). У творах «Ферганскія апавяданні» (1948), аповесці «Прыгавор» (1958) паказвае духоўнае аблічча рабочых і інтэлігенцыі, працу і гераізм народа. Раман «Гарызонт» (кн. 1—3, 1964—74) пра падзеі Вял. Айч. вайны. Аўтар зб-каў апавяданняў «Стэпавы беркут» (1960), «Мілыя маці» (1962), «Каштоўны камень Бадахшана» (1966), п’есы «Бунт нявестак» (1976) і інш. На бел. мову некат. творы С.А. пераклаў І.Сакалоўскі.
Тв.:
Рус. пер. — Журавли: Рассказы. Ташкент, 1964;
Пора возвращения аистов: Повесть и рассказы. Ташкент, 1979;
Горизонт. М., 1986.
Літ.:
Владимирова Н.В. Мастерство Саида Ахмада. Ташкент, 1973.
т. 14, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАХО́ВІЧ Алесь (Аляксандр Іосіфавіч; 3.7.1907, в. Кашына Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 7.2.1956),
бел. пісьменнік. Быў на камсамольскай і парт. рабоце. З 1938 у час. «Полымя рэвалюцыі». Друкаваўся з 1928. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Неспакойны гарадок» (1946), «Аповесці і апавяданні» (1952). Аповесці «Пампей Шчупак» (1940) пра калгасную вёску, «Шумяць лясы» (1944) пра партыз. барацьбу на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Раманы «Пад мірным небам» (1947—49) і «Шырокія гарызонты» (1952) пра бел. вёску першых пасляваен. гадоў. Пісаў для дзяцей: зб-кі апавяданняў «Маленькія героі» (1939), «Залаты карп» (1951). На бел. мову пераклаў «Аповесць аб сапраўдным чалавеку» Б.Палявога і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Мн., 1947;
Залаты карп. Мн., 1973.
т. 15, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́НДАР Крышан (19.11.1913, г. Вазірабад, Індыя — 7.3.1977),
індыйскі пісьменнік. Скончыў Лахорскі ун-т (1937). Пісаў на мове урду. Першы раман «Паражэнне» (1944) адметны спалучэннем рэалізму з рамант. ідэалізацыяй тагачаснага жыцця. У раманах «Пяцьдзесят дзве карты» (1956), «Сярэбраная рана» (1964), аповесцях «Дарога вядзе назад» (1961), «Перад другім снегападам» (1967), «Чынары маіх успамінаў» (1968) і інш. лёсы творчай інтэлігенцыі, жыццё сялян і гар. беднаты, надзённыя праблемы інд. рэчаіснасці. Аўтар сатыр. рамана-трылогіі «Прыгоды асла» (1958—65) і інш. На бел. мову асобныя яго апавяданні пераклаў У.Шчасны.
Тв.:
Бел. пер. — Выбранае. Мн., 1957;
Рус. лер. — Избранное. М., 1955;
Мать ветров. М., 1957;
Вор. М., 1962;
Когда пробудились поля;
Чинары моих воспоминаний;
Рассказы. М., 1972.
т. 17, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ДЗІН (сапр. Ліфшыц) Аляксандр Майсеевіч
(н. 10.2.1919, Мінск),
рускі драматург. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1949). Дэбют — зб. «Апавяданні» (1954). Аўтар п’ес «Фабрычная дзяўчынка» (паст. 1956), «Пяць вечароў» (1959), «У гасцях і дома» (1960), «Старэйшая сястра» (1961; аднайм. фільм 1967), «Прызначэнне» (1963), «З любімымі не расставайцеся» (1969), «Дульсінея Табоская» (паст. 1971), «Дзве стралы» (паст. 1980), «Бландзінка», «Графаман» (абедзве 1984), кінасцэнарыяў фільмаў «Звоняць, адчыніце дзверы» (1965), «Дочкі-маці» (1974), «Асенні марафон» (1979) і інш. У яго творах — маральна-філас. праблемы, будзённасць характараў і ўчынкаў людзей «непрыкметных» прафесій, права чалавека на сцвярджэнне свайго прызначэння ў жыцці і інш. П’есы Валодзіна, пераважна з элементамі камічнага, накіраваны супраць руціны, дагматызму, абывацельска-мяшчанскай псіхалогіі. Дзярж. прэмія СССР 1981.
Тв.:
Осенний марафон: Пьесы. Л., 1985.
С.Ф.Кузьміна.
т. 3, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНШЭ́НКІН Канстанцін Якаўлевіч (н. 17.12.1925, Масква),
рускі паэт. Скончыў Літаратурны ін-т імя Горкага (1953). Першая кніга «Песня пра вартавых» (1951). Любоў да чалавека і прыроды, успаміны пра Айч. вайну, абавязак перад сваім часам у зб-ках «Партрэт сябра» (1955), «Вокны» (1962), «Павароты святла» (1965), «Дотык» (1972), «Характар» (1973), «Познія яблыкі» (1980), «Галінка» (1981) і інш., паэме «Жыццё чалавека» (1980; Дзярж. прэмія СССР 1985). Аповесці і апавяданні ў кн. «Вялікія пажары», «Армейскае юнацтва» (абедзве 1964). Аўтар кнігі ўспамінаў, літ. нарысаў «Накіды да рамана» (1973), «Твары і галасы» (1978); тэкстаў папулярных песень «Я люблю цябе, жыццё», «Як праводзяць параходы» і інш.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84.
Літ.:
Михайлов А. Константин Ваншенкин. М., 1979.
т. 3, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)