мало́дшы, ‑ая, ‑ае.
1. Якому менш год у параўнанні з кім‑н.; самы малады сярод іншых. Іх было дзве сястры: Марынка і малодшая Ніна. Шыцік.
2. Ніжэйшы чынам, ніжэйшы па службоваму становішчу. Малодшы персанал. □ [Вейс] успомніў, што да гэтага часу не з’явіліся ў камендатуру яго два малодшыя афіцэры. Лынькоў.
3. Пачатковы, ніжэйшы (пра клас, курс і пад.). [Андрэй:] — У малодшых класах я марыў вывучыць мовы ўсіх народаў зямлі. Шамякін.
•••
Малодшы лейтэнант гл. лейтэнант.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
до́пыт, ‑у, М ‑пыце, м.
Апытанне падследнага, сведкі і пад. для высвятлення чаго‑н., атрымання патрэбных звестак аб кім‑, чым‑н. Выклікаць на допыт. □ Допыт вёў Гнядкоў і рабіў гэта паважна, па ўсіх правілах. Шамякін. Немцы і пасаджаныя ў вёску паліцаі цягалі на допыт жонку Міхала і яго суседзяў. Васілевіч. // Разм. Настойлівае падрабязнае распытванне. Тут, вядома, пачаліся допыты: як і што, дзе быў, чаму загуляўся так позна? Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мільён, ‑а, м.; ліч. і наз.
1. Ліч. кольк. Лік і лічба 1.000.000. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 1.000.000. Два мільёны рублёў.
2. звычайна мн. (мільёны, ‑аў). Вельмі вялікая колькасць каго‑, чаго‑н.; мноства. Па франтонах, па карнізах І па трубах сонца льецца І ва ўсіх фантанах знізу На мільёны пырскаў б’ецца. Гілевіч. // Разм. Вельмі вялікая сума грошай. Атрымліваць мільёны рублёў даходу. // Пра народ, людскія масы. Мільёны паўсталі супроць каланіялізму.
[Фр. million.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падбухто́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
Разм. Падгаварыць каго‑н. да якога‑н. дзеяння. Падбухторыць да бунту. □ [Валя] ведала, што сам .. [Лёня] не здольны на такія ўчынкі — хіба падбухторыць хто ... Васілевіч. [Паходня:] — Пярэчу, і калгаснікаў падбухтору, каб не адпускалі [Зосю]. Такога намесніка страціць? Хадкевіч. // Настроіць супроць каго‑н. [Верамейчык:] А ты хочаш за калгасны кошт для ўсіх добрым быць? Каб людзі пра твае грахі маўчалі? І таму падбухторыў супроць мяне ўсю камсамольскую арганізацыю? Губарэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падстаўны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які падстаўляюць пад што‑н. або прыстаўляюць да чаго‑н. Падстаўны столік.
2. Падабраны для якой‑н. мэты замест сапраўднага. Яшчэ і цяпер захаваўся ў літоўскіх сёлах звычай, што, пакуль сапраўдныя маладыя рэгіструюцца, іх месца займаюць падстаўныя, звычайна пажылыя людзі. Броўка.
3. Уст. Прызначаны для замены (пра коней). [Кастусь з Алесем] ехалі адны, далёка паперадзе ўсіх астатніх. Логвін з падстаўнымі быў відаць ледзь не за вярсту. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазано́сіць, ‑ношу, ‑носіш, ‑носіць; зак., каго-што.
1. Занесці, даставіць куды‑н. усіх, многіх або ўсё, многае. Пазаносіць у кладоўку інструменты. □ Прыехаўшы на двор,.. [Наста] кінула нераспрэжанага [каня] і пазаносіла на руках у хату дзяцей. Пташнікаў.
2. Упісаць, запісаць куды‑н. усіх, многіх або ўсё, многае. Пазаносіць студэнтаў у спісы. Пазаносіць рахункі ў рэестр.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Засыпаць, замесці ўсё, многае або ўсіх, многіх. Вецер пазаносіў снегам усе дарогі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазаця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Зацягнуць куды‑н. або ў што‑н. усё, многае або ўсіх, многіх. На другую ноч пчаляры пазацягвалі ў лазу і ў прыбярэжныя ядлоўцавыя кусты ўсе чаўны і лодкі. Кулакоўскі.
2. пераважна безас. Пакрыць тонкім слоем чаго‑н. усё, многае. Сажалку пазацягвала бросняй. // Загаіць усё, многае. [Салвесь:] — А хай вам толькі пазацягвае раны — забяру да сябе. Карпюк.
3. Туга сцягнуць усё, многае. Пазацягваць рукзакі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Качаць некаторы час. Пагуляюць [дзеці] у хаце, пры лучыне, а потым ідуць на вуліцу. Вядома, малыя: трэба ж ім і кацёлку пакачаць, і на рэчку збегаць. Якімовіч. [Камандзір:] — Акурат там, я чуў, трэба рабочыя, то і ты трохі разам з іншымі бярвенне пакачай. Сачанка.
2. Разгладзіць, выпрастаць пры дапамозе качалкі ўсё, многае. Пакачаць бялізну.
3. Паваліць на зямлю, перамагчы пры дужанні ўсіх, многіх.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папячы́ся, ‑пякуся, ‑пячэшся, ‑пячэцца; ‑пячомся, ‑печацеся; пр. папёкся, ‑пяклася, ‑пяклося; зак.
1. Пячыся некаторы час. Калі ўлетку на сонцы не папячэшся, то ўзімку з холаду натрасешся. Прыказка.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Спячыся — пра ўсё, многае.
3. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Атрымаць пашкоджанні ў выніку ўздзеяння чаго‑н. гарачага, едкага, пякучага — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Папякліся дзеці на пляжы. Папяклося лісце на дрэвах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пашале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Ашалець, стаць шалёным — пра ўсіх, многіх. Коні ўжо як бы пашалелі, яны не беглі, а ляцелі, і здавалася, што ўжо ніякая сіла не спыніць іх, не затрымае. Сабаленка.
2. Разм. Пабыць некаторы час у стане крайняга раздражнення. [Беразоўскі:] — Ты, Макар, у пакой не лезь! Ацірайся на кухні. Забаўляй гэтую рыжую Мар’яну. Няхай трохі пашалее Кашч. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)