АЛЬКО́Ў (франц. alcôve),

паглыбленне або ніша ў сцяне інтэр’ера для ложка ці спальнае памяшканне без вокнаў. Узнік у архітэктуры араб. краін. Пашыраны ў палацавым дойлідстве Іспаніі, з сярэдзіны 17 ст. ў інш. еўрап. краінах, у т. л. на Беларусі.

Алькоў палаца ў в. Нябораў (Польшча).

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВІЗІ́ЦЫЯ,

1) залучэнне новых кліентаў, грузаў, страхаванняў агентам транспартных або страхавых кампаній — аквізітарам.

2) Аквізіцыя на біржы — скупка акцыянерам (групай акцыянераў) усіх акцый прадпрыемства, што азначае куплю гэтага прадпрыемства. Набыццё адным прадпрыемствам другога ці зліццё без згоды прадпрыемства, якое траціць сваю самастойнасць, называюць «варожай» аквізіцыяй.

т. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНО́ВА ЗБУДАВА́ННЯ,

масіў грунту, які праз фундамент успрымае нагрузку ад збудавання. Бывае натуральная (выкарыстоўваецца грунт без змянення прыродных уласцівасцяў) і штучная (грунт замацоўваецца, ушчыльняецца, змяняецца). Аснова збудавання павінна забяспечваць агульную ўстойлівасць да геал. працэсаў і сейсмічных уздзеянняў (адсутнасць апоўзняў, зрушэнняў, выветранасці грунтоў і інш.).

т. 2, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСЛЯ́РНЫ СПОРТ,

адзін з водных відаў спорту; уключае веславанне акадэмічнае (на суднах з уключынамі), веславанне на байдарках і каноэ і вяслярны слалам (на суднах без уключын). Да вяслярнага спорту адносяць таксама гонкі на ялах, шлюпках, прагулачных лодках. На Беларусі развіваецца з 1930-х г.

т. 4, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІФО́РМ (ад камбій + лац. forma від, форма),

элементы лубу (флаэмы) пераважна травяністых раслін. Клеткі К. выцягнутай формы, танкасценныя, завостраныя, без папярочных перагародак, паводле функцыі адпавядаюць клеткам парэнхімнай флаэмы. Узнікаюць з клетак пракамбію ці верацёнападобных клетак камбію і захоўваюць характэрную для іх форму (адсюль назва).

т. 7, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНУРБА́ЦЫЯ (ад лац. соп разам + urbs горад),

разнавіднасць гарадской агламерацыі, якая мае ў якасці ядра некалькі аднолькавых па памерах і значнасці гарадоў без дамінуючага. Напр., вял. колькасць гарадоў у Рурскім басейне (ФРГ). Для К. характэрна агульнасць эканам. жыцця, цесныя трансп. сувязі, маятнікавая міграцыя жыхароў.

т. 8, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФАГРА́ФІЯ (ад марфа... + ...графія),

раздзел геамарфалогіі, які ўключае апісанне форм рэльефу зямной паверхні і сістэматызацыю іх па вонкавых прыкметах. Прадметам М. служаць звесткі аб вышынях, глыбінях, асаблівасцях расчлянення зямной паверхні, абрысах і ўзаемным размяшчэнні дадатных і адмоўных форм рэльефу без разгляду яго генезісу і ўзросту.

т. 10, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАНТЭ́НК, метантанк (ад метан + англ. tank бак, цыстэрна),

збудаванне для біялагічнай ачысткі сцёкавых вод з дапамогай анаэробных бактэрый (без прысутнасці кіслароду, з утварэннем метану). Звычайна гэта рэзервуар значнай (да некалькіх тысяч кубічных метраў) умяшчальнасці для мінералізацыі арган. рэчываў, што збіраюцца ў адстойніках ачышчальных збудаванняў.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РУЛА (новалац. morula ад лац. morum тутавая ягада),

стадыя зародкавага развіцця некаторых губак, кішачнаполасцевых, плоскіх чарвей, членістаногіх, большасці млекакормячых у перыяд драблення. На стадыі М. зародак уяўляе сабой шарападобнае ўтварэнне шчыльна прыціснутых (без поласці) адна да адной клетак (бластамераў). У млекакормячых М. ператвараецца ў бластацысту.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,

саюз шляхты ў ВКЛ супраць палітыкі абсалютызму, што намагаўся ўвесці ў Рэчы Паспалітай кароль Аўгуст II Моцны. Створана 23.3.1716 на шляхецкім з’ездзе ў Вільні. Яе маршалкам выбраны ашмянскі харунжы К.​Сулістроўскі. Віленская канфедэрацыя далучылася да Тарнагродскай канфедэрацыі, якая патрабавала вываду саксонскіх войск з Рэчы Паспалітай. Падтрымалі Віленскую канфедэрацыю войска ВКЛ, магнаты, якія і да гэтага выступалі за абмежаванне ўлады караля. Атрады канфедэратаў змагаліся з каралеўскімі войскамі на тэр. ўсёй Рэчы Паспалітай. 3.11.1716 пры пасрэдніцтве рас. дыпламатаў паміж каралём і абедзвюма канфедэрацыямі падпісана пагадненне, паводле якога саксонскія войскі выводзіліся з Рэчы Паспалітай, улада караля абмежавана (не меў права пачынаць вайну без згоды сейма, арыштоўваць шляхціца без суда, раздаваць пасады чужаземцам і некатолікам), а правы шляхты пашыраліся (пацверджана права ліберум вета, абмежавана вайсковая ўлада гетманаў). Пагадненне зацверджана Нямым сеймам 1717.

А.П.Грыцкевіч.

т. 4, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)