РО́БІНСАН ((Robinson) Джаан Ваялет) (31.10.1903, г. Камберлі, Вялікабрытанія — 5.8.1983),
англійскі вучоны-эканаміст; прадстаўніца кейнсіянства, адзін з лідэраў кембрыджскай школы. Скончыла Кембрыджскі ун-т, у 1965—71 праф. гэтага ун-та. Распрацавала тэорыю недасканалай канкурэнцыі, паводле якой у сувязі з дыферэнцыяцыяй прадукцыі кожны вытворца павінен валодаць часткай манапольнай улады («Эканамічная тэорыя недасканалай канкурэнцыі», 1933). Зрабіла значны ўклад у тэорыю эканам. росту («Накапленне капіталу», 1956), крытыкавала ролю манаполій як стагнацыйных фактараў эканам. росту, тэорыі неўмяшання дзяржавы ў эканоміку і размеркавання даходу на аснове аналізу гранічнай прадукцыйнасці. Сярод інш навук. прац: «Эканамічная філасофія» (1962), «Нарысы тэорыі эканамічнага росту» (1963), «Эканамічныя ерасі» (1971) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Экономическая теория несовершенной конкуренции. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БІНСАН ((Robinson) Роберт) (13.9.1886, каля г. Чэстэрфілд, Вялікабрытанія — 24.2.1975),
англійскі хімік, адзін з заснавальнікаў фіз.-арган. хіміі і хіміі прыродных злучэнняў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1920; у 1945—50 яго прэзідэнт). Замежны чл.АНСССР (1966). Скончыў Манчэстэрскі ун-т (1906). З 1912 праф. розных ун-таў, у 1930—55 Оксфардскага ун-та. З 1955 у фірме «Шэл». Навук. працы па тэарэт.арган. хіміі, сінтэзе і даследаванні алкалоідаў і інш. біялагічна важных прыродных рэчываў (ізапрэноідаў, антацыянаў, гармонаў). Сінтэзаваў атрапін, какаін, берберын, бікукулін і інш. алкалоіды, а таксама андрастэрон (1951). Вызначыў малекулярную структуру марфіну (1925), стрыхніну (1945). Адкрыў рэакцыю атрымання біцыклічных ненасычаных кетонаў з цыклічных кетонаў (1937, рэакцыя Р.—Маніха). Нобелеўская прэмія 1947.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОС ((Ross) Рональд) (13.5.1857, г. Алмора, Індыя — 16.9.1932),
англійскі паразітолаг, мікрабіёлаг і ўрач. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў мед. школу пры Лонданскім шпіталі (1879). З 1881 працаваў урачом у Індыі, з 1899 кіраваў мед. экспедыцыяй у Зах. Афрыцы з мэтай вывучэння малярыі. У 1902—17 праф. школы трапічнай медыцыны ў Ліверпулскім ун-це, з 1926 дырэктар Ін-та трапічных хвароб у Лондане (цяпер Ін-т імя Р.). Навук. працы па вывучэнні прычын узнікнення і заканамернасцях распаўсюджвання малярыі. Ажыццявіў эксперым. заражэнне птушак трапічнай малярыяй праз укусы камароў, што дазволіла вызначыць цыкл развіцця ўзбуджальніка гэтай хваробы ў чалавека і ролю камароў роду анофелес у пераносе ўзбуджальнікаў ліхаманкі і малярыі. Нобелеўская прэмія 1902.
англійскі і польскі вучоны і грамадскі дзеяч. Скончыў Польскі свабодны ун-т (1932) і Варшаўскі ун-т са ступенню д-ра фіз.н. (1938). У 1933—39 працаваў у радыелагічнай лабараторыі Варшаўскага навук.т-ва, пам. дырэктара Ін-та атамнай фізікі (1937—39). У 1939—49 вёў навук. даследаванні ў галіне ядз. фізікі ў Ліверпулскім ун-це, супрацоўнічаў з лабараторыяй у Лос-Аламасе (ЗША), дзе вялася распрацоўка канструкцыі амер. атамнай бомбы. У 1950—73 праф. фізікі Лонданскага ун-та. Адзін з арганізатараў і актывістаў Пагуашскага руху, у 1957—73 яго ген. сакратар. З 1988 прэзідэнт Пагуашскага к-та. Нобелеўская прэмія міру 1998 (разам з Пагуашскім к-там).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТМАН (Давід Генрыхавіч) (н. 12.11.1944, г. Багародск Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. сацыёлаг і палітолаг. Д-р сацыялагічных н. (1992), праф. (1996). Скончыў БДУ (1972) і працаваў там з 1974 (у 1986—92 заг. аддзела). З 1997 дырэктар Цэнтра сацыялагічных і паліт. даследаванняў. Навук. працы па метадалогіі і тэхналогіі сацыялагічных даследаванняў, праблемах адукацыі, культуры і міжнац. адносін. Распрацаваў канцэпцыю аператыўных і сацыялагічных даследаванняў, шэраг методык арганізацыі электаральных сацыялагічных даследаванняў.
Тв.:
Оперативные социологические исследования. Мн., 1997 (у сааўт.);
Электоральные исследования: сущность и технология // Социол. исслед. 1998. № 9;
Общественно-политическая и экономическая ситуация в стране: Метод. подходы к анализу результатов исслед. // Социология. 1999. № 2;
Политика, выборы и электоральное поведение. Мн., 2000 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ШЭР ((Roscher) Вільгельм Георг Фрыдрых) (21.10.1817, г. Гановер, Германія — 4.6.1894),
нямецкі эканаміст, заснавальнік гістарычнай школы ў палітэканоміі. Праф. Гётынгенскага (з 1843) і Лейпцыгскага (з 1848) ун-таў. У працы «Кароткі нарыс курса палітычнай эканоміі паводле гістарычнага метаду» (1843) прапанаваў метад, згодна з якім эканам. навука грунтавалася на вывучэнні гіст. падзей і растлумачвала эканам. з’явы шляхам пошуку гіст. аналогій; пазней развіў свае ідэі ў працы «Сістэма эканомікі» (т. 1—5, 1854—94). Крытыкаваў законы, распрацаваныя класічнай школай палітэканоміі, якія абгрунтоўваліся пры дапамозе метадаў, аналагічных метадам дакладных навук. У «Тэорыі крызісаў» (1849) узняў праблему перавытворчасці, лічыў, што накапленні павінны павялічвацца паралельна з попытам на тавары і паслугі. Быў прыхільнікам ідэі натуральнай эвалюцыі грамадства, асуджаў практыку рэв. пераваротаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАБ’ЁЎ (Максім Нічыпаравіч) (6.8.1787, г. Пскоў, Расія — 29.8.1855),
рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1798—1809) і выкладаў у ёй (праф. з 1823). У складзе рус. арміі быў у Германіі і Францыі (1813—14), вандраваў па Б. Усходзе (1820—21), па Балканах (1828) і Італіі (1844—45). Некаторыя карціны пісаў па пуцявых замалёўках. Выканаў шэраг відаў Пецярбурга і Масквы. Дакладнасць арх. перспектывы спалучаў з узнёсла-эмацыянальным успрыманнем прыроды, выкарыстаннем разнастайных эфектаў асвятлення («Від на Маскоўскі Крэмль», 1815, «Восеньская ноч у Пецярбургу», «Узбярэжжа Нявы са сфінксамі каля Акадэміі мастацтваў», абедзве 1835, «Алея ў Альбана», 1845, і інш.). У яго пейзажах упершыню ў рус. мастацтве з’явіліся рысы рамант. бачання вобраза.
М.Вараб’ёў. Алея ў Альбана. 1845. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЫКА́Ш (Вікенцій Міхайлавіч) (9.8.1931, в. Саломерка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 17.10.1992),
бел. фізік, адзін з арганізатараў даследаванняў па фізіцы сегнетаэлектрыкаў. Д-р фізіка-матэм. н. (1985), праф. (1988). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1954). З 1958 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, з 1968 у Мінскім радыётэхн. ін-це. Навук. працы па тэхналогіі вырошчвання сегнетаэлектрычных крышталёў і вывучэнні ўплыву вонкавых уздзеянняў на іх уласцівасці.
Тв.:
Сборник задач по статистической физике. Мн., 1979 (разам з А.І.Болсунам, В.В.Аксёнавым);
Физика в живой природе. 2 изд. Мн., 1984 (разам з Б.А.Кімбарам, І.М.Варыкашам);
Кіраўніцтва да рашэння задач па агульнай фізіцы. Мн., 1995 (разам з М.С.Цэдрыкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСА́ДЗЕ (Акакій Аляксеевіч) (6.8.1899, г. Кутаісі — 23.3.1978),
грузінскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар.арт.СССР (1936). Праф. Тбіліскага тэатр. ін-та (1949). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1917. З 1920 у Груз. т-ры імя Ш.Руставелі (Тбілісі; у 1935—55 гал. рэжысёр). З 1958 гал. рэжысёр Груз.т-ра імя Л.Месхішвілі (Кутаісі). З 1969 акцёр груз.т-ра ў г. Руставі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў і пастановак: Ахма («Анзор» С.Шаншыяшвілі), Пэпія («Апавяданне жабрака» І.Чаўчавадзе), Яга («Атэла» У.Шэкспіра), Франц Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера), Шуйскі («Вялікі гасудар» У.Салаўёва; і рэж.), Шмага («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага; і рэж.). З 1924 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1951; Дзярж. прэмія Грузіі імя Руставелі 1975 (усе за тэатр. работы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕЎСКІ (Васіль Рыгоравіч) (2.2.1838, Яраслаўская вобл., Расія — 25.5.1899),
расійскі гісторык, візанцініст. Акад. Пецярбургскай АН (1890), праф. (1870). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1860). Паклаў пачатак вывучэнню сац.-эканам. гісторыі Візантыі. Абгрунтаваў тэзіс пра падабенства эвалюцыі сац. і паліт. ладу Візантыі і краін сярэдневяковага Захаду. Даказаў існаванне ў візант. вёсцы 8—9 ст. вольнай сял. абшчыны, вызначыў уплыў славян на грамадскі лад Візантыі. Звязваў гісторыю Візантыі з гісторыяй зах. і ўсх. свету. Зрабіў выснову, што паходы русаў на Візантыю пачаліся задоўга да з’яўлення на Русі нарманаў, што хрышчэнню Русі папярэднічаў яе ваен. саюз з Візантыяй. Даследаваў і выдаваў візант. крыніцы (жыціі святых). Заснавальнік і адзін з рэдактараў час. «Византийский временник» (1894).