ускалыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Прывесці ў рух, прымусіць калыхацца. Набег цёплы ветрык і ўскалыхнуў возера. Кандрусевіч. Раптам паветра ўскалыхнуў выбух. Сіняўскі. // перан. Ажывіць, абудзіць. Якія ж патрэбны навальніцы і громы, каб ускалыхнуць гэтую цішыню і абудзіць чалавечыя думкі, пачуцці, імкненні! Колас. [Салдат] паддаў ходу і праз паўгадзіны ўвайшоў у гарадок. Тут ён спаткаў ажыўленне: рэвалюцыя ўжо ўскалыхнула гэтае глухое месца. Чорны.
2. перан. Усхваляваць, устрывожыць. Але ў тым і справа, што Веньямін хоча сустрэць асаблівую дзяўчыну — прыгожую, разумную, якая б ускалыхнула ўсю яго душу. Навуменка. Разумнае, светлае, вечнае сеяць Лектар вядомы прыехаў да нас; Сяло ўскалыхнула такая падзея: Загадзя ў клубе сабраўся калгас. Непачаловіч. Тры дні назад увесь свет ускалыхнула цудоўная навіна: Савецкі касмічны карабель вярнуўся на Зямлю! «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ушчамі́цца, ушчамлюся, ушчэмішся, ушчэміцца; зак.
1. Аказацца заціснутым, сціснутым з двух бакоў; зашчаміцца. [Свіння] то ўшчэміцца ў плот, то ўлезе ў шкоду, то раптам выпрастаецца на дарозе і імчыцца нема-ведама куды. Чарнышэвіч. Левая нага мая ушчамілася паміж бярозак. Жычка. // Уціснуцца, усунуцца; прымасціцца дзе‑н. [Ірма:] — Ведаю, цябе зноў цягне мора. Але сёння пасля шторму, там [на пляжы] з лежаком не ўшчэмішся. Карамазаў. Ніхто ў цягніку не спаў. Нават тых, каму пашэнціла ўшчаміцца і расцягнуцца на верхніх паліцах, не браў сон. Грахоўскі.
2. Трапіць куды‑н., апынуцца ў цяжкім становішчы. [Шабета:] — К[о]жны, як толькі ў пастку ўшчэміцца, авечкай стаць хоча... Мележ. // перан. Уладкавацца на работу. — Хваліўся [Покат] мне, — падхапіў Галаўня, — што быў на Урале, у шахце. І адтуль, відаць, выкурылі. Цяпер да нас хацеў ушчаміцца. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уяві́ць, уяўлю, уявіш, уявіць; зак., каго-што.
1. У думках скласці вобраз каго‑, чаго‑н., узнавіць розумам, фантазіяй. Мне цяпер уявіць немагчыма — Нікне розум, маўчыць уяўленне. Дзяргай. [Юхім:] Мы зажывём з табою так багата, Як і ўявіць не можаш ты, сястра! З. Астапенка. Здараецца, што бывае цяжка ўявіць дарагія рысы блізкага чалавека, калі вельмі хочаш гэта зрабіць. Шамякін. На момант Мікалай Пятровіч уявіў сабе крануты ўсмешкай твар маці, уважлівыя позіркі гасцей, і яму зрабілася не па сабе. Каршукоў.
2. Палічыць, дапусціць. Я не верыў гэтаму, я не мог уявіць, што ў нас мог знайсціся такі чалавек. Кулакоўскі.
•••
Можаш (можаце) сабе ўявіць; уяві(це) сабе (у знач. пабочн.) — ужываецца з мэтай звярнуць увагу слухача на якую‑н. акалічнасць, зацікавіць яго чым‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цягані́на, ‑ы, ж.
1. Уст. Судовая справа. Злосць забірае Аксёна. Перад яго вачамі ўстаюць суды і доўгая цяганіна з панам Скірмунтам і гэты пройгрыш справы па ўсіх інстанцыях. Колас. [Мужык:] — Нічога не даб’ешся. Была і ў нас такая цяганіна з панам за выпас. Якімовіч. // Разм. Непрыемная, клапатлівая справа. [Галена:] — Я цяпер пачынаю ўпэўнівацца, што ўся тая мая цяганіна, уся тая мая універсітэцкая справа — гэта яго [Нахлябіча] работа. Мабыць, ён, здаецца мне, абвясціў мне сёння вайну. Чорны.
2. Разм. Наўмыснае зацягванне якой‑н. справы; маруднае рашэнне якога‑н. пытання. [Іллюк:] — Так лёгка мяне адпусцяць з Парэчча, ты [Люда] думаеш? Ой, не! Цяганіны і размоў хопіць. Хадкевіч. Прыстром.. стварыў непатрэбную і шкодную для справы цяганіну. Шынклер. Яшчэ нямала скаргаў на цяганіну з вырашэннем розных бытавых патрэб працоўных. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чума́, ‑ы, ж.
1. Вострая інфекцыйная хвароба, якая часта пашыраецца ў форме эпідэміі. А ў 1510 годзе на гарадок навалілася была страшэнная пошасць чумы. Лобан. А што, каб на свет нарадзіліся мы У стагоддзях да нашае эры У змрочнай паўдзікай пячоры На літасць звяроў і чумы? Чэрня. // Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. Ажно ўзмаліўся барадаты [казёл]: — Браток, хоць паўжывым ты адпусці ў двор! Дальбог, не я, а козы вінаватыя... Няхай на іх чума і мор! Валасевіч.
2. перан. Пра вельмі небяспечную, згубную грамадскую, сацыяльную з’яву. [Глінскі:] Усё цягне мяне паглядзець, упэўніцца, сапраўды ўжо адхлынула ад нас гэтая чума-навала, назусім ужо ці яшчэ толькі да часу? Кулакоўскі. Мы павінны тут, у глыбокім тыле фашыстаў, рабіць усё, .. каб хутчэй знішчыць праклятую карычневую чуму, ад якой пакутуе столькі людзей. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шэ́сце, ‑я, н.
1. Рух, паход куды‑н. паводле якога‑н. звычаю, урачыстасці і пад. [Людзі], не звяртаючы на нас увагі, прадаўжалі сваё шэсце. Няхай. Нарэшце паказаліся гордыя бела-блакітныя сцягі і раўнюткія рады фізкультурнікаў, якія замыкалі святочнае шэсце. Карпаў. Моладзь наладзіла факельнае шэсце да Дзвіны. Хадкевіч. Па насыпу.. рухаецца нечаканае шэсце. Жанчыну ў стракатым плацці кожны пазнае адразу.. Следам за ёю шыбуюць Грушаль і сяржант міліцыі. Савіцкі. Захарчанка ехаў конна з левага боку атары. Замыкалі шэсце Паўлік і Мікешка. Беразняк. / у перан. ужыв. Сонца толькі пачынае сваё шэсце, яно ўжо недзе купаецца прам[я]нямі далёка ў росным лесе. Пестрак.
2. перан. Развіццё чаго‑н. Пераможнае шэсце нафтахіміі стала магчыма дзякуючы .. павелічэнню вырабу высакаякаснага бензіну. «Полымя». Камунізм пачаў сваё пераможнае шэсце ва ўсіх сферах людскіх адносін. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ваґе́ра 1 ’зух’ (гук ґ выбухны) (Нас.), вогер, вогерка ’тс’ (КТС). Насовіч падае таксама вогер, якое тлумачыць, як ’жарабец’ і як ’угарь-молодец’. Ці не сюды рус. огурь, огурный, огуряться, якія прыводзіць Фасмер (3, 120), лічачы іх няяснымі, а таксама рус. ухарь? Укр. вагера ’тс’. Семантычна вогер, вагера можна наблізіць да агура ’неслух’ (Бяльк.), агурань ’грубіян, неслух’ (Нас.). Паводле версіі Карскага, Белорусы, 176, вогер ’жарабец’ < цюрк. ajge̥r. Далей семантычны пераход ’жарабец’ > ’зух (пра чалавека)’, што пацвярджаецца наступнай паралеллю: адлётныя (коні) (Нас.) — адлёт ’зух’ (Бір. дыс., КТС). Параўн. Рудніцкі, 1, 289.
Ваге́ра 2 ’танец на кукішках’ (Нас.). Няясна. Магчыма, звязана з папярэднім.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нішчы́мны ’посны, без тлушчу, без закрасы’ (Касп., Шат., Некр., Сцяшк., Янк. 1, Вешт., Сл. ПЗБ), ’пусты, парожні; посны; без нічога, з пустымі рукамі; дрэнны, слабы’ (ТС, Ян., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), нішчы́мный (нисчи́мный) ’пусты, звараны без закрасы’ (Нас., Бяльк.), сюды ж нішчы́мніца ’адсутнасць тлушчу, посніца’ (Бяльк., Касп., Мат. Гом., Янк. 1–2; бых., Янк. Мат.), ’посная ежа’ (Яруш., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ’нясмачная ежа’ (Нас.), нішчымно́та ’пустата, нястача’ (ТС), нішчы́мнік (нисчи́мникъ) ’бядняк, які харчуецца ўсухамятку’ (Нас.). Ад спалучэння ні з чым ’без нічога’, параўн. прыслоўе ў Насовіча з этымалагічным напісаннем: нисчи́мъ ’бедна, мізэрна; з пустымі рукамі’: Нисчимь всегды ядзим…; Нисчимъ жонку взявъ (Нас.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сваво́ля ‘гарэзлівасць, дураслівасць, гуллівасць’, ‘свавольныя ўчынкі, паводзіны’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Мал., Янк. БП), ‘неразважныя дзеянні’ (Варл.), сюды ж сваво́ліць ‘гарэзнічаць’ (Нас., Шымк. Собр., Сержп., Варл.), свово́ліць ‘тс’ (ТС), свавольнік ‘гарэза; неслух’ (Нас., Бяльк., Ласт.), сваво́льства ‘непаслушэнства’ (Нас., Бяльк.), ст.-бел. своволенство ‘тс’. Ад свой і воля; Карскі (2–3, 89) бачыў тут, як ва ўкраінскай і польскай, “слитие слов”. У гэтай форме, мабыць, запазычанне з польск. swawola ‘тс’. Махэк₂ (596) польскае слова і чэш. svávůle, дыял. svávoľa ‘сваволя’ лічыць спалучэннем або састаўным словам і адрознівае іх ад складаных слоў тыпу рус. своеволье, своеволить, параўн. сваяволіць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нацямкі́ (ны‑цямкі́) ’на вакамер’ (віц., Мат.). Са спалучэння на цямкі (назоўнік у він. скл. мн. л., гл. Карскі 2–3, 7), да цямкі́ ’прамая на вока дарога’ (Нас.), цеміць ’глядзець у цёмную далечыню з напружаннем’ (Нас.). Гл. нацянькі́.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)