АПІЯ́Н (Appianos; каля 100, Александрыя — каля 170 н.э.),

гісторык Стараж. Рыма. Грэк па паходжанні. Пры Адрыяне рым. грамадзянін, адвакат фіску ў Рыме, пазней — імператарскі пракуратар у Егіпце. Напісаў на грэч. мове «Гісторыю Рыма» ў 24 кнігах (ад заснавання горада да пач. 2 ст.), дзе праслаўляў магутнасць Рым. дзяржавы і даказваў справядлівасць захопу ёю чужых тэрыторый. Унутр. гісторыю Рыма паказваў праз вял. войны, праз гісторыю асобных абласцей. Захаваліся 6—9-я і 11—17-я кнігі, 18—24-я невядомыя, інш. дайшлі ў фрагментах.

Тв.:

Рус. пер. — Гражданские войны. Л., 1935.

т. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАГУА́Я (Araguaia, Araguaya),

рака ў Бразіліі, левы прыток р. Такантынс (сістэма р. Амазонка). Даўж. 2630 км, пл. бас. каля 370 тыс. км². Пачынаецца на паўд.-зах. ускраіне Бразільскага пласкагор’я, цячэ па ім з Пд на Пн, у сярэднім цячэнні разгаліноўваецца на 2 рукавы, утварае самы буйны рачны в-аў Бананал (даўж. больш за 300 км, шыр. 75 км). У нізоўі — парогі. Паўнаводная ў перыяд дажджоў (з ліст. да сакавіка). Сярэдні расход вады каля 8,5 тыс. м³/с. Суднаходная (у сярэднім цячэнні) на працягу 1300 км.

т. 1, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫСТЫ́Д (Aristeidĕs; каля 540 — каля 467 да нашай эры),

палітычны і ваенны дзеяч Афінаў перыяду грэка-персідскіх войнаў 500—449 да нашай эры. Удзельнік Марафонскай бітвы. У 489 выбраны архонтам-эпанімам. Прыхільнік умацавання сухапутных ваенных сіл, праціўнік Фемістокла, ініцыятара стварэння марскога флоту. У 483—482 да нашай эры пасля перамогі Фемістокла Арыстыд выгнаны з Афінаў. Пасля амністыі (480 да нашай эры) удзельнічаў у Саламінскім баі, у 479 да нашай эры камандаваў афінянамі ў бітве пры Платэях. Як кіраўнік алігархічнай групоўкі меў вялікі палітычны ўплыў. Адзін з арганізатараў Дэлоскага саюза.

т. 2, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДГАСТА́ЙН (Badgastein),

бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у Аўстрыі. На Пд ад г. Зальцбург ва Усх. Альпах на выш. каля 1000 м. Развіваецца з 14 ст., міжнар. вядомасць набыў у 19 ст. Клімат горны, з мяккай зімой і халаднаватым летам. Каля 20 крыніц тэрмальных (да 50 °C) радонавых мінер. водаў (адкрыты ў 7 ст.), якія выкарыстоўваюць пры лячэнні органаў руху і апоры, кровазвароту, нырак і мочаправодных шляхоў. Спелеатэрапію (пры хваробах суставаў, сасудаў, перыферычнай нерв. і эндакрыннай сістэм) праводзяць у штольнях з павышанай радыеактыўнасцю паветра. Цэнтр міжнар. турызму і зімовага спорту.

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛХА́Н Вялікі і Малы,

хрыбты на З Туркменістана. Вялікі Балхан даўж. каля 70 км. Выш. да 1880 м (г. Арлан). Складзены пераважна з вапнякоў і пясчанікаў юры і мелу. Моцна расчлянёны, стромкі, цэнтр. ч. з плоскімі вяршынямі. Ландшафты пустынныя, паўпустынныя, горнастэпавыя. Малы Балхан — адасобленая сухім рэчышчам Узбой горная града на Пд ад Вялікага. Даўж. каля 30 км. Выш. да 777 м. Складзены з вапнякоў і мергеляў. Стромка абрываецца на Пн і спадзіста апускаецца на Пд. Схілы расчлянёныя ярамі і рэчышчамі часовых рэк. Палыновая і палынова-салянкавая пустыня.

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАСЕ́ЛЬСКІ (Канстанты) (каля 1739, г. Львоў — 24.12.1809),

бел. тэатральны мастак і майстар дэкаратыўнага жывапісу. Каля 1780 запрошаны ў прыдворны тэатр К.​Радзівіла (Пане Каханку) у Нясвіжы. Стварыў шэраг дэкарацый, у т. л. ў 1784 для аперэты «Агатка, ці Прыезд пана». З Нясвіжа пераехаў у Дзярэчын (Зэльвенскі р-н), дзе для прыдворнага тэатра кн. Сапегаў напісаў гал. заслону. З 1793 працаваў у Вільні, у 1796—1802 стварыў шэраг дэкарацый для Віленскага тэатра (оперы «Аберон, кароль эльфаў» П.​Враніцкага, «Ладаіска» Л.​Керубіні, «Уяўны цуд, ці Кракаўцы і горцы» Я.​Стэфані).

Г.​І.​Барышаў.

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́ЧНАЯ СТУПЕ́НЬ, бараметрычная ступень,

паказчык стану атмасферы, роўны адлегласці па вертыкалі ў метрах, якая адпавядае змяненню атм. ціску на 1 гПа. З памяншэннем атм. ціску і ростам т-ры барычная ступень павялічваецца. Так, пры ціску 1000 гПа і т-ры 0 °C барычная ступень 8 м/гПа, пры ціску 500 гПа (на выш. каля 5 км) і той жа т-ры — каля 16 м/гПа. З ростам т-ры на 1 °C барычная ступень павялічваецца на 0,4%. Барычная ступень выкарыстоўваецца пры разліках па бараметрычнай формуле і пры бараметрычным нівеліраванні.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІ ((Bielski) Іахім) (каля 1540, в. Бяла, каля г. Серадз, Польшча — 8.1.1599),

польскі храніст і пісьменнік. Сын Марціна Бельскага. Вучыўся ў лютэранскай акад. гімназіі ў Бжэгу. З 1588 каралеўскі сакратар. У 1597 выдаў «Хроніку Польшчы» — грунтоўную пераробку з дапаўненнямі адной з кніг «Хронікі ўсяго свету» бацькі, якая даведзена да 1586 і асвятляе падзеі з пазіцый шляхты. Магчыма, з’яўляецца аўтарам «Далейшага працягу Польскай хронікі», дзе выкладзены падзеі 1587—98 (выд. ў Варшаве ў 1851). У творы падрабязна апісаны падзеі, звязаныя з Налівайкі паўстаннем 1595—96.

т. 3, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Б’ЁРКСКІ ДАГАВО́Р,

паміж Расіяй і Германіяй, падпісаны 24.7.1905 Мікалаем II і Вільгельмам II (па ініцыятыве апошняга) на царскай яхце каля в-ва Б’ёркё ў Балтыйскім м. (каля Выбарга). Прадугледжваў узаемную дапамогу бакоў у выпадку нападу на адзін з іх 3-й дзяржавы, супярэчыў існуючым рас.-франц. адносінам і ваен. пагадненням. Сілы не набыў. Рашучае пярэчанне супраць Б’ёркскага дагавора старшыні кабінета міністраў С.Ю.Вітэ і міністра замежных спраў У.​М.​Ламздарфа вымусіла Мікалая II у ліст. 1905 пайсці на фактычнае скасаванне Б’ёркскага дагавора, што канчаткова аформлена ў жн. 1907.

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБРА́КТА (Bibracte),

галоўны горад стараж. племя эдуяў (цяпер гарадзішча Мон-Бёўрэ за 27 км ад г. Ацён, Францыя). Пл. каля 135 га, умацаваны валам, сцяной з каменю і дрэва, ровам. Раскопкамі выяўлены каменныя падмуркі жытлаў, майстэрняў, багатых віл. Знойдзена шмат керамікі, а таксама позналатэнскія фібулы, манеты, зброя і інш. У 58 да н. э. Юлій Цэзар разбіў тут кельцкае племя гельветаў. Каля 5 да н. э. насельніцтва горада перасялілася ў г. Аўгустадун (цяпер Ацён), у Бібракце да 4 ст. н. э. заставалася яшчэ свяцілішча мясц. багіні.

А.​В.​Іоў.

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)