«РУНЬ»,

ілюстраваны літ.-мастацкі часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выходзіў з 2.5 да 4.7.1920 у Мінску на бел. мове штотыднёва. Рэдактар Янка Луцэвіч (Я.​Купала), выдавец В.​Іваноўскі. Выступаў за нац. дзяржаўнасць бел. народа, развіццё яго эканомікі, пашырэнне культуры і асветы на роднай мове. Актыўны ўдзел у выданні часопіса прымалі З.​Бядуля, Л.​Родзевіч, М.​Чарот, мастак Я.​Драздовіч. Упершыню апублікаваў цыкл вершаў Я.​Купалы «Песні на ваяцкі лад», «Брат і сястра», сцэнічны жарт «Прымакі», арт. «Справа беларускага нацыянальнага гімну», апавяд. М.​Багдановіча «Апокрыф», апавяданні, артыкулы, нарысы З.​Бядулі, арт. Ф.​Аляхновіча «Першае таварыства беларускай драмы і камедыі», сцэнічны абразок «Лес шуміць», нарыс «Тэатр на вёсцы», вершы А.​Гаруна, Чарота, К.​Буйло, А.​Петрашкевіча, І.​Піліпава, У.​Жылкі. Змясціў даследаванні Я.​Карскага («Духоўныя вершы і канты, штучна створаныя», «Беларускі пісьменнік-народнік А.​Р.​Пшчолка», «Арцём Вярыга-Дарэўскі»), У.​Ігнатоўскага («Кароткі гістарычны нарыс Гродзеншчыны»), І.​Гердэра («Штукарства мовы і красамоўства», пер. з ням.). Надрукаваў рэцэнзіі на творы М.​Гарэцкага, даведкі пра бел. пісьменнікаў, фатаграфіі і малюнкі бел. краявідаў, помнікаў гісторыі і культуры.

У.​М.​Конан.

т. 13, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СААДЗІ́ (сапр. Мусліх-ад-дзін Абу Мухамед Абдалах ібн-Мушрыф ібн-Мусліх ібн-Мушрыф Саадзі Шыразі; паміж 1203 і 1210, г. Шыраз, Іран — 9.12.1292),

персідскі пісьменнік, класік персідскай і таджыкскай літаратур. Пісаў і на араб. мове. Вучыўся ў Багдадзе. Вандраваў па краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу. У 1256 вярнуўся ў Шыраз. С. лічаць пачынальнікам «чыстай» газелі. Яго газелі вылучаюцца прастатой і яснасцю вобразаў, натуральнасцю пачуццяў, даступнасцю мовы, музыкальнасцю, глыбокім зместам і вытанчанай маст. формаю. Найб. значныя творы — паэма «Бустан» (1257) і зб. прытчаў у прозе і вершах «Гулістан» (1258), якія ахопліваюць розныя бакі рэчаіснасці і кодэкса маралі, апяваюць душэўную прыгажосць чалавека. «Гулістан» — першы помнік перс. л-ры пра жыццё і побыт сярэдневяковага ўсх. горада. Многія афарызмы С. сталі нар. прымаўкамі. Асобныя яго вершы на бел. мову пераклаў С.​Грахоўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1972;

Избранное. Ташкент, 1978;

Гулистан. М., 1959;

Бустан: Лирика. М., 1962;

Бустан: [Поэма]. Душанбе, 1971.

Літ.:

Алиев Р. Саади и его «Гулистан». М., 1958;

Кулматов Н.А. Этические взгляды Саади. Душанбе, 1968.

т. 14, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРА́ТАЎСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя М.​Г.​Чарнышэўскага,

адзін са старэйшых ун-таў Расіі, буйны адукацыйны і навук. цэнтр. Засн. ў 1909, з 1921 імя Чарнышэўскага. У 2000/01 навуч. г. больш за 22 тыс. студэнтаў і 1,5 тыс. выкладчыкаў; 19 ф-таў, у т. л. фіз.; хім.; механіка-матэм.; філал.; біял.; геагр.; геал.; філас.; гіст.; гуманіт. і сац. навук; камп’ютэрных навук. і інфарм. тэхналогій; сацыялогіі; нелінейных працэсаў і інш. Аспірантура з 1925. Дактарантура з 1992. Працуюць 15 спецыялізаваных саветаў па абароне дысертацый. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. У складзе ун-та Балашоўскі і Астраханскі філіялы; ін-ты — пед., Міжрэгіянальны грамадскіх навук, дадатковай прафес. адукацыі, Ін-т «Адкрытыя сістэмы»; каледж радыёэлектронікі; палітэхнікум; 4 НДІ (механікі і фізікі; геалогіі; хіміі; рус. мовы, л-ры і журналістыкі); Паволжскі рэгіянальны цэнтр новых інфарм. тэхналогій (у 1988 на яго базе створаны Цэнтр Інтэрнет), Цэнтр тэсціравання, Цэнтр міжнар. супрацоўніцтва і акад. мабільнасці, Цэнтр нелінейнай дынамікі і біяфізікі, Цэнтр еўрап. саюза, Цэнтр усходазнаўства, Цэнтр перспектыўных навук. даследаванняў; Занальная навук. б-ка (больш за 3 млн. экз. кніг; мае доступ да сусветных баз даных), бат. сад і інш.

т. 14, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРМА́ТЫ (лац. Sarmatac),

аб’яднанне качавых жывёлагадоўчых іранамоўных плямён (аланы, раксаланы, саўраматы, языгі і інш.). У 6—4 ст. да н.э. жылі ў стэпах і лесастэпах паміж рэкамі Табол (у Сібіры) і Волга. У 3 ст. да н.э. рассяліліся ў раёнах на Пн ад Каўказскіх гор і ў Паўн. Прычарнамор’і, дзе моцна пацяснілі скіфаў. Ў 2 ст. да н.э. разам са скіфамі ваявалі супраць Пантыйскага царства, але ў 1 ст. да н.э. падтрымалі пантыйскага цара Мітрыдата VI Еўпатара ў яго барацьбе з Рымам. У 1 ст. н.э. сярод С. асабліва ўзмацніліся аланы. У 3 ст. ўлада С. у Паўн. Прычарнамор’і падарвана готамі, у 4 ст. яны разгромлены гунамі. С. прынялі ўдзел у Вялікім перасяленні народаў (4—7 ст. н.э.), асобныя групы аланаў дасягнулі Іспаніі і Паўн. Афрыкі. У наступныя стагоддзі С. асіміляваліся з інш. народамі, у т. л. з цюркамоўнымі і славянскімі. У складзе асецінаў С. (аланы) захавалі аснову сваёй мовы. С. дасягнулі высокага майстэрства ў рамёствах, асабліва ў маст. апрацоўцы металаў і ювелірнай справе, аб чым сведчаць шматлікія знаходкі ў курганах.

т. 14, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З ПАЛЯ́КАЎ НА БЕЛАРУ́СІ,

(СПБ; Związek Polaków na Białorusi), добраахвотнае нац.-культ. аб’яднанне грамадзян Беларусі, якія лічаць сябе палякамі. Створаны ў 1986. Мэты саюза: адраджэнне і захаванне польскай мовы і культуры, ахова помнікаў гісторыі, архітэктуры і экалогіі, каардынацыя сумеснай дзейнасці дзярж. і грамадскіх арг-цый у вырашэнні праблем духоўнага развіцця польскага этнасу на Беларусі. На 1999 у СПБ больш за 30 тыс. членаў. Паводле статута вышэйшым органам СПБ з’яўляецца з’езд, які склікаецца 1 раз у 4 гады. У перыяд паміж з’ездамі саюзам кіруе Гал. праўленне (знаходзіцца ў г. Гродна) на чале са старшынёй. Мае абл., гар., раённыя, мясц. пярвічныя арг-цыі. Найб. абл. арг-цыя пасля гродзенскай — Саюз палякаў на Міншчыне. СПБ удзельнічае ў правядзенні фестываляў, конкурсаў, аглядаў маст. самадзейнасці і інш. Хадайнічае перад Мін-вам адукацыі аб адкрыцці польскіх школ, збірае сродкі на іх фінансаванне. Падтрымлівае сувязі з Польшчай і польскай дыяспарай у свеце. Выдае газ. «Глос знад Немна» і час. «Магазын польскі». Пра нац.-культ. дзейнасць СПБ гл. таксама ў арт. Палякі.

А.​І.​Валахановіч.

т. 14, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНО́НІМАЎ СЛО́ЎНІК,

тып лінгвістычнага слоўніка, што змяшчае рады сінонімаў з тлумачэннямі і ілюстрацыйным матэрыялам, які пацвярджае правільнасць ужывання сінонімаў з іх тонкімі сэнсавымі і стылістычнымі адценнямі.

Задача С.с. — вылучэнне і апісанне часткі лексікі, звязанай паміж сабой сінанімічнымі адносінамі. Кожны сінанімічны рад у С.с. складае асобны артыкул. Размяшчаюцца артыкулы па алфавіце загалоўных (апорных) слоў, якімі пачынаюцца сінанімічныя рады Першыя С.с. ва ўсх.-слав. народаў з’явіліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. Найб. раннія з іх — «Спроба расійскага саслоўніка» Дз.​І.​Фанвізіна (1783; 32 сінанімічныя рады) і «Спроба слоўніка рускіх сінонімаў» П.​Ф.​Калайдовіча (1818; 77 сінанімічных радоў).

У бел. філалогіі ўпершыню створаны «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.​К.​Клышкам (1976, 2-е выд. 1993). Ахоплівае каля 1900 сінанімічных радоў (больш за 11 тыс. слоў сучаснай бел. мовы). Асаблівасць яго: не вызначае сэнсавых адценняў, уласцівых словам сінанімічных радоў, а абмяжоўваецца прывядзеннем да кожнага з іх прыкладаў з маст. л-ры, фальклору, перыяд. друку. У канцы слоўніка прыводзіцца індэкс (алфавітны паказальнік слоў, што ўваходзяць у сінанімічныя рады).

М.​Р.​Суднік.

т. 14, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА АЎТАМАТЫЗАВА́НАГА ПРАЕКТАВА́ННЯ (САПР),

комплекс апаратна-праграмных сродкаў для аўтаматызацыі праектавання машын, абсталявання, збудаванняў і інш. З дапамогай САПР ажыццяўляецца распрацоўка праектных рашэнняў на ўсіх стадыях цыкла існавання аб’екта: ад разліку характарыстык запраектаванага вырабу да падрыхтоўкі тэхн. дакументацыі і аналізу вынікаў выпрабаванняў. САПР дазваляе павялічыць якасць канструктарскай дакументацыі і скараціць тэрміны праектавання. Класіфікацыя САПР залежыць ад тыпу вытв-сці і віду праектных аб’ектаў.

САПР уключае забеспячэнні: тэхн. сродкі (ЭВМ, камп’ютэрныя сеткі. графапабудавальнікі, сродкі кадзіравання графічнай інфармацыі і інш), матэм. (тэорыі праектавання вырабаў, матэм. мадэлі, алгарытмічныя мовы, тэрміналогію, метады і алгарытмы сінтэзу, аптымізацыі і рашэння праектных задач і інш.), праграмнае (аперацыйныя сістэмы, транслятары з алгарытмічных моў, пакеты прыкладных праграм), інфармацыйнае (базы даных і сродкі кіравання імі) і інш.

На Беларусі навук. даследаванні і распрацоўкі ў галіне САПР вядуцца ў Ін-тах тэхн. кібернетыкі і механікі машын Нац. АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш.

Літ.:

Автоматизация проектирования технологических процессов и средств оснащения. Мн., 1997;

Норенков И.П. Основы автоматизированного проектирования. М., 2000.

У.​І.​Махнач.

т. 14, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ляню́х ’гультай’ (вільн., Сл. ПЗБ). Відавочна, запазычанне з польск. мовы, хаця Слаўскі (4, 152) мяркуе, што гэта лексема праславянская, параўн. польск. leniuch (і lenioch), укр. ліню́х ’тс’, закарп. лінюхи́ ’трутні’; славац. leňúch, чак. lenjȗh, славен. lẹnúh ’гультай’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гантэ́ль ’гантэль’ (БРС, часцей у мн. л.). Рус. ганте́ли, укр. ганте́лі. Новае запазычанне з ням. мовы (у рус. мове засведчана з 1935 г.?). Параўн. ням. Hantel ’тс’. Крыніцай запазычання для бел. і ўкр. моў з’яўляецца рус. мова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ге́тры ’гетры’ (БРС). Рус. ге́тры, укр. ге́три. Запазычанне з рус. мовы. У рус. мове слова вядома з пачатку XX ст. і ўзята з франц. guêtre (паходжанне якога не вельмі яснае). Фасмер, 1, 403; Шанскі, 1, Г, 65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)