1. Прыстасаваная для язды і хадзьбы паласа зямлі, якая злучае асобныя пункты мясцовасці. Прасёлачная дарога. □ Белая шырокая дарога віхлястаю стужкаю бегла далёка на ўсход, рэжучы зялёныя нівы.Гартны.Уся дарога была забіта аўтамашынамі, павозкамі, салдатамі.Мележ.Ляціць тройка па дарозе, толькі пыл курыць ды званок пад дугою звініць.Якімовіч.// Усякі камунікацыйны шлях, па якім адбываюцца зносіны; траса. Марская дарога. Паветраная дарога.
2. Працягласць шляху, адлегласць, якую патрэбна прайсці, праехаць і пад. Прайсці палавіну дарогі. □ Каб скараціць дарогу, .. [маці] звярнула з гасцінца і пайшла проста па полі, звонка шоргаючы пожняй.Ракітны.Дарогі было не больш, чым на паўгадзіны.Шахавец.
3. Месца для праходу, праезду. Стаць на дарозе. □ Гаспадыня нешта даставала з печы, перагарадзіўшы доўгім рагачом дарогу ў хату.Новікаў.Перад [Дамірам і Баранавым] адразу расступіліся, даючы дарогу.Асіпенка.//перан. Доступ куды‑н. Знайсці дарогу да сэрца. □ Нам дарогі ўсе адкрыты, Наш прастор бясконцы...Колас.
4. Падарожжа, паход, паездка. Сабрацца ў дарогу. Напісаць пісьмо з дарогі. Адпачыць з дарогі. □ Усю мінулую ноч і сённяшні дзень Новікаў прабыў у дарозе.М. Ткачоў.Снедалі рана, як снедаюць звычайна перад дарогай.Брыль.
5. Напрамак руху. Збіцца з дарогі. □ [Карнейчык:] Я, брат, дарогу тут ведаю, заплюшчыўшы вочы магу патрапіць.Крапіва.//перан. Накіраванасць, род дзейнасці. — Людзі, дзядзька Рыгор, ёсць. Назбіраць іх толькі трэба ды на добрую дарогу паставіць.Колас.[Маці] лічыла прыродазнаўчыя навукі вышэй усялякіх іншых і ўгаварыла сына ісці толькі па яе дарозе.Якімовіч.//перан. Сродак для дасягнення якой‑н. мэты. Вучэнне — гэта дарога да ведаў.Курто.
•••
Канатная дарога — збудаванне для перавозкі грузаў або пасажыраў у ваганетках, падвешаных да стальнога каната.
Апошняя дарога — пра смерць, пахаванне каго‑н.
Бітая дарога — уезджаная дарога; дарога, па якой многа ездзяць, ходзяць.
Ведаць дарогугл. ведаць.
Вывесці на дарогугл. вывесці.
Выйсці (выбіцца) на дарогугл. выйсці.
Вялікая дарога — а) бойкі, важны шлях зносін, магістраль (у адрозненне ад прасёлачнай дарогі); б) перан. галоўны, правільны шлях развіцця чаго‑н.
Грудзьмі пралажыць (пракласці) сабе дарогугл. пралажыць.
Дарогі разышлісячые — спыніліся зносіны, сувязь паміж кім‑н. з-за розніцы ў поглядах, інтарэсах і пад.
Даць (уступіць) дарогугл. даць.
Забыць дарогугл. забыць.
Загарадзіць дарогугл. загарадзіць.
Заступіць дарогугл. заступіць.
Збіцца з (правільнай) дарогігл. збіцца.
Збіць з дарогігл. збіць.
З дарогі — адразу пасля паездкі, падарожжа.
Знайсці дарогу кчыймусэрцугл. знайсці.
Ісці прамой дарогайгл. ісці.
Ісці сваёй дарогайгл. ісці.
Паставіць (навесці) на дарогугл. паставіць.
На дарогу — а) перад падарожжам, паездкай. Зноў вясна... А здаецца, нядаўна праводзілі выраі, Жураўлі на дарогу ваду з крыніцы пілі.Тармола; б) для выкарыстання, ужывання ў час падарожжа, паездкі. Маці панавала ў драўляны куфэрак бялізну і яду бацьку на дарогу.Якімовіч.
На дарозе не валяеццагл. валяцца.
Па дарозе — а) заездам, праездам, мімаходам. Па дарозе ў фатаграфію маці зайшла са мной на Нізкім рынку ў краму.А. Александровіч; б) камузкім у адным і тым жа напрамку. — Ну дык пойдзем, нам па дарозе, — сказала жанчына. — Я табе паднясу партфель.Юрэвіч; в) камузкім(задмоўем) пра адзінства поглядаў, імкненняў і пад. Нам з гультаямі не па дарозе.
Пайсці па дрэннай дарозегл. пайсці.
Перайсці (перабегчы) дарогукамугл. перайсці.
Прабіць сабе дарогугл. прабіць.
Пралажыць (пракласці) дарогугл. пралажыць.
Саступіць з дарогігл. саступіць.
Станавіцца папярок дарогікамугл. станавіцца.
Стаць на дарозечыёй, укаго; стаць папярок дарогі камугл. стаць.
Туды і дарогакаму-чаму — гэтага і заслужвае, нечага шкадаваць.
У адну дарогу — тое, што і па дарозе (б).
Шчаслівай дарогі! — добрае нежаданне ў дарогу.
Як гарох пры дарозегл. гарох.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1.каго. Ведучы, пераправіць на другі бок чаго‑н., памагчы перайсці цераз што‑н. куды‑н. Перавесці дзяцей цераз вуліцу. Перавесці сляпога цераз дарогу.
2.каго-што. Перамясціць з аднаго месца на другое, размясціць у іншым месцы. Перавесці хворага ў другую палату. Перавесці чыгуначныя саставы на запасныя пуці. □ Язэпа ўвесь час непакоіла думка, як жа сюды перавесці ўвесь лагер.Асіпенка.//каго. Накіраваць, назначыць на другое месца працы, вучобы, на іншую пасаду. Перавесці студэнта ў другі інстытут. □ Прыехаў з работы бацька, які працаваў у сельскагаспадарчай інспекцыі пры выканкоме, куды яго перавялі пасля ліквідацыі МТС.Ермаловіч.// Перамясціць, залічыць у іншую групу, змену, катэгорыю і пад. Перавесці на працу ў начную змену.// Дапусціць у наступны клас, на паступны курс і пад. Перавесці вучня ў сёмы клас. Перавесці студэнтаў на трэці курс. □ Пасля кароткай гутаркі, адказаў на запытанні настаўнікаў, адказаў разумных і сталых, Мініч трохі памяўся і нясмела папрасіў перавесці яго ў трэцюю групу.Колас.//што. Пераставіць, пераключыць які‑н. рычаг, прыстасаванне, рэгулюючы што‑н. Перавесці стрэлкі гадзінніка. Перавесці пас на другі шкіў.
3.што. Змяніць напрамак чаго‑н., пераключыць што‑н. на другі прадмет. Віця сачыў за.. [Бурмаковым] па тэлеэкране.. Лябёдка закруцілася спачатку павольна, потым усё хутчэй і хутчэй. Віця перавёў тэлекамеру.Шыцік.[Вахман] перавёў святло ліхтарыка з нашых вачэй убок...Брыль.[Хворы] строга паглядзеў ёй у вочы, перавёў позірк на беласнежную прасціну, нацягнутую яму да падбародка, потым паглядзеў зноў на сястру — і ў вачах яго адбілася жахлівае пытанне...Васілевіч.Ён коратка зірнуў на мяне, а пасля перавёў вочы на смалячок.Скрыган.//перан.; Пераключыць (гутарку, размову і пад.) на што‑н. іншае. Праз хвіліну Ладынін непрыкметна перавёў размову на іншую тэму.Шамякін.Заўважыўшы, што словы яе не спадабаліся сыну, яна перавяла гаворку на іншае.Карпаў.
4.каго-што. Паставіць у іншыя ўмовы, змяніць спосаб, характар чыёй‑н. дзейнасці, існавання; прымусіць дзейнічаць іначай. Перавесці маладняк на зімоўку. Перавесці чыгуначную магістраль на электрычную цягу. Перавесці калгасныя брыгады на гаспадарчы разлік.//што. Змяніць якасць, уласцівасць чаго‑н.; ператварыць у што‑н. іншае. Перавесці рэчыва ў растваральны стан. □ Сіманёнак, які ўвесь гэты час еў і маўчаў, нарэшце выцер аб далонь сваю лыжку, палажыў на край стала і ўсміхнуўся: — Пагуляй, цётка. Карове таксама патрэбен час, каб перавесці тваю бульбу на малако.Чыгрынаў.
5.што. Зрабіць, ажыццявіць перадачу чаго‑н. каму‑н. (якіх‑н. абавязацельстваў, правоў і пад.). Перавесці грашовыя ўклады на імя жонкі. □ Маці па пошце ўсе бацькавы грошы перавяла на будаўніцтва танкавай калоны.Гроднеў.// Пераслаць па пошце, тэлеграфам, праз банк.
6.што. Падаць што‑н. у іншых велічынях, знаках. Перавесці аршыны ў метры. Перавесці маркі ў рублі.
7.што. Перанесці, перарысаваць на што‑н. (малюнак, пераводную карцінку і пад.). Перавесці выкрайку. Перавесці рысунак на кальку.
8.каго. Знішчыць, вынішчыць, вывесці. Перавесці мышэй. □ Ад дзяцей Кірыла даведаўся, што на ўсю вёску.. было толькі тры каровы і сем коней, астатнюю жывёлу немцы перавялі.Гурскі.
9.што. Разм. Патраціць, расходаваць без асаблівай карысці або марна. Фашысты шалелі ад злосці, шмат перавялі куль і снарадаў, але збіць.. [сцяг] не маглі.Гурскі.
•••
Перавесці дух (дыханне) — а) глыбока ўздыхнуць, аддыхацца. На трэці паверх.. [Слава] узбег адным махам. А каля дзвярэй спыніўся, каб перавесці дыханне.Хомчанка; б) зрабіць кароткі перапынак, перадышку ў чым‑н. Чырвонаармейцы ледзь паспелі дух перавесці, як на іх рушыла зноў лавіна фашыстаў.Дудо.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АРХІТЭКТУ́РА (лац. architectura ад грэч. architektōn будаўнік),
дойлідства, мастацтва праектавання і будаўніцтва будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў, а таксама сістэма будынкаў і збудаванняў, якія фарміруюць прасторавае асяроддзе для жыцця і дзейнасці людзей. Архітэктура адначасова з’яўляецца і галіной матэрыяльнай культуры і маст. творчасці. Ствараецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі і магчымасцямі грамадства, якое вызначае функцыян. прызначэнне і маст. лад архітэктуры. Паводле функцыян. прызначэння падзяляецца на жылую архітэктуру (гл.Жыллё), прамысловую архітэктуру, архітэктуру грамадскіх будынкаў і збудаванняў (гл.Грамадскія будынкі), садова-паркавую (гл.Садова-паркавае мастацтва). У асобныя галіны вылучаюць планіроўку і забудову гар. і сельскіх населеных месцаў (гл.Горадабудаўніцтва, Сельская архітэктура). Пры стварэнні матэрыяльнага асяроддзя жыцця і дзейнасці людзей архітэктура зыходзіць з патрабаванняў карыснасці, трываласці і прыгажосці. Адзін з асн. яе крытэрыяў — мэтазгоднасць. Архітэктура мае спецыфічныя сродкі выяўлення ідэйна-маст. зместу, гал. з іх — фарміраванне прасторы і архітэктоніка. Для гарманізацыі прасторавых формаў выкарыстоўваюць кампазіцыйна-вобразныя прыёмы і сродкі: сіметрыю і асіметрыю, кантраст і нюанс, рытм, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў кампазіцыі, суразмернасць частак і цэлага і г.д.Маст. выразнасць твораў архітэктуры павышаецца падборам фактуры, колеру, дэкар. элементаў, выяўленнем формы з дапамогай святлаценю і інш. Асобны будынак, нават дасканалай маст. формы, успрымаецца сам па сабе, а разам з інш. аб’ектамі і ландшафтам стварае пэўную арх.-прасторавую сістэму, вышэйшай ступенню якой з’яўляецца арх. ансамбль. Найбольшы маст. эфект дасягаецца ў выніку сінтэзу архітэктуры з інш. відамі мастацтва (жывапіс, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, маст. канструяванне; гл.Сінтэз мастацтваў). Сукупнасць функцыян., канструкцыйных і маст. рысаў, уласцівых архітэктуры пэўнага народа ў вызначаны гіст. перыяд, складае яе стыль. Нац. характар архітэктуры выяўляецца ў яе асаблівасцях пэўнага народа або рэгіёна і звязаны з іх гіст. развіццём, эканомікай, культурай, этнічнымі і маст. традыцыямі. Найб. яскравы нац. характар маюць помнікі народнага дойлідства. Мясц. традыцыі архітэктуры часцей сінтэзуюцца з традыцыямі, агульнымі для многіх краін і народаў. У гэтым выяўляецца ўзаемаўплыў і ўзаемадзеянне мастацтва розных народаў, кожны з якіх робіць свой уклад ў сусветную архітэктуру.
Архітэктура зарадзілася, калі чалавек пачаў сам будаваць жыллё. Найб. раннія жылыя збудаванні на тэр. Беларусі адносяцца да часоў палеаліту (стаянкі каля вёсак Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл.). Пазней з’явіліся селішчы з наземнымі жытламі. Ад часоў бронз. і жал. вякоў у Англіі, Францыі, Арменіі і інш. краінах захаваліся культавыя мегалітычныя збудаванні — дальмены, менгіры, кромлехі (сусветна вядомы кромлех у Стоўнхенджы, Вялікабрытанія) і абарончыя збудаванні. У рабаўладальніцкіх дзяржавах, дзе ў руках маёмных класаў канцэнтраваліся сродкі і бясплатная рабочая сіла, былі дасягненні навукі і тэхнікі, ствараліся буйныя ірыгацыйныя сістэмы, абарончыя і культавыя забудаванні, манум. палацы і храмы (піраміды ў Гізе, храмы ў Луксоры і Карнаку ў Егіпце, зікураты Асірыі і Вавілоніі, Вялікая Кітайская сцяна, пячорныя храмы і ступы ў Індыі, храмы і палацы інкаў і ацтэкаў). У эпоху росквіту эгейскага мастацтва і гарадоў-дзяржаў (полісаў) Стараж. Грэцыі развівалася сістэма рэгулярнай планіроўкі гарадоў, узніклі разнастайныя тыпы жылых, культавых і грамадскіх будынкаў, грамадска-рэліг. цэнтры — акропалі (Афінскі акропаль), склалася сістэма арх.ордэра. Прасякнутая гуманіст. духам архітэктуры Стараж. Грэцыі значна паўплывала на далейшае развіццё сусветнага дойлідства. У Стараж. Рыме вял. значэнне набылі збудаванні, якія сведчылі аб магутнасці дзяржавы (форумы, амфітэатры, тэрмы, базілікі, палацы, аркі трыумфальныя), з’явіліся скляпеністыя перакрыцці, новыя буд. матэрыялы (Рымскі Калізей, Рымскі Пантэон). У эпоху сярэднявечча асн. тыпамі былі культавыя збудаванні (хрысц. цэрквы і манастыры ў Еўропе, мячэці і медрэсэ, маўзалеі ва ўсх. краінах), а таксама крапасныя і абарончыя замкі, крамлі. У Візантыі створаны буйныя купальныя збудаванні (Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). Візантыйская архітэктура зрабіла вял. ўплыў на дойлідства Балгарыі, Сербіі, Македоніі, Грузіі, Арменіі і Стараж. Русі. На землях Кіеўскай Русі ў 10—12 ст. будаваліся гарады, абарончыя ўмацаванні з магутнымі валамі і вежамі (Залатыя вароты ў Кіеве), храмы (Кіеўскі Сафійскі сабор, Наўгародскі Сафійскі сабор, Уладзімірскі Дзмітрыеўскі сабор), на бел. землях — Полацкі Сафійскі сабор, Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква, Віцебская Благавешчанская царква), княжацкія палацы. У 12—14 ст. на землях б.Стараж. Русі склаліся школы дойлідства: кіеўская, чарнігаўская, уладзіміра-суздальская, пскоўская, наўгародская, гродзенская, полацкая (гл. асобныя арт.). У 14—16 ст. фарміруецца руская, украінская, беларуская архітэктура. У 17—18 ст. высокага ўзроўню дасягнула рус., бел. і ўкр.драўлянае дойлідства (Кіжы, Новамаскоўскі Троіцкі сабор, Рубельская Міхайлаўская царква). Значны ўклад у развіццё архітэктуры сярэднявечча зрабілі народы араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (гл. ў арт.Арабская культура), Паўд.-Усх. Азіі (храмавы комплекс Ангкор у Камбоджы, маўзалей Тадж-Махал у Агры, Індыя). У Зах. і Цэнтр. Еўропе ў канцы 10 ст. склаўся раманскі стыль — манастырскія комплексы з замкнутымі дварамі-клуатрамі, масіўныя храмы базілікальнага тыпу з некалькімі манументальнымі вежамі (саборы ў Мілане, Вормсе, Ілі і інш.). У 12 ст. ў Францыі, а потым у краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы пашырылася архітэктура готыкі са своеасаблівай канструкцыйнай сістэмай — нервюрнымі скляпеннямі, стральчатымі аркамі, аркбутанамі і т.д. (саборы ў Парыжы, Рэймсе, Ам’ене, Шартры ў Францыі, Кёльне, Марбургу ў Германіі, у Празе, Кракаве і інш.).
Важны этап гісторыі архітэктуры ў краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы звязаны з эпохай Адраджэння, калі пашырылася буд-ва свецкіх будынкаў, ансамбляў, гарадскіх цэнтраў. На змену ананімнаму рамесніку-дойліду прыйшоў адукаваны спецыяліст-архітэктар, які ў сваіх праектах звяртаецца да ант. спадчыны і абапіраецца на дасягненні сучаснай яму культуры (Ф.Брунелескі, Д.Брамантэ, Мікелоца; тэорыю архітэктуры развівалі Л.Б.Альберці, Віньёла, А.Паладыо і інш.). На Беларусі стыль эпохі Адраджэння выявіўся ў культавых (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква) і замкава-палацавых (Мірскі замкава-паркавы комплекс, ратуша і замкавая брама ў Нясвіжы) пабудовах. У канцы 16 ст. ўзнік стыль барока са складанай сістэмай аб’ёму і прасторы, пластычнасцю і сакавітай дэкаратыўнасцю. Ён стаў пануючым у Італіі (арх. Л.Берніні, Ф.Бараміні), Германіі, Аўстрыі, Чэхіі, Іспаніі, Партугаліі, пашырыўся ў Расіі, а ў краінах Лацінскай Амерыкі набыў нац.маст. ўвасабленне. Першы помнік барока на Беларусі — Нясвіжскі касцёл езуітаў. Маст. сістэма позняга бел. барока мае назву віленскае барока. У 2-й пал. 17 ст. ў Францыі пачала складвацца архітэктура класіцызму, якая была гал. кірункам і ў 18 ст. пасля кароткачасовай успышкі дэкар. і вычварнага стылю ракако. Сярод франц. архітэктараў класіцызму вылучаліся Л.Лево, Ж.Ардуэн-Мансар, А.Ленотр, К.Перо, Ж.А.Габрыэль, К.Н.Леду. У Францыі класіцызм перыяду напалеонаўскай імперыі прыйшоў да халоднай параднасці ампіру. У Расіі ён адцясніў барока і праз абавязковыя «ўзорныя праекты» пашырыўся на звычайную забудову гарадоў. Росквіт рус. класіцызму на пач. 19 ст. адзначаны стварэннем манум. ансамбляў у Пецярбургу, Маскве і правінцыяльных гарадах. Яго прадстаўнікі — В.Бажэнаў, М.Казакоў, І.Староў, Дж.Кварэнгі, А.Захараў, А.Вараніхін, Ж.Тама дэ Тамон, К.Росі, В.Бавэ, Дж.Жылярдзі, А.Грыгор’еў. На Беларусі канца 18 — 1-й пал. 19 ст. ў ліку помнікаў сталага класіцызму ў жыллёвай грамадз. і культавай архітэктуры Гомельскі, Сноўскі (Нясвіжскі р-н), Жыліцкі (Кіраўскі р-н), Радзівілімонтаўскі (в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на) палацы, Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы. У сярэдзіне 19 ст. класіцызм прыйшоў у заняпад. Пачалі ўзнікаць новыя тыпы збудаванняў, заводскія цэхі, шматпавярховыя фабрычныя будынкі, вакзалы, універсальныя магазіны, выставачныя павільёны, даходныя дамы; будынкі з металу і шкла («Хрустальны палац» у Лондане), вышынныя інж.-тэхн. збудаванні з метал. каркасам (Эйфелева вежа ў Парыжы). Група архітэктараў т.зв. чыкагскай школы ў ЗША стварыла спецыфічную форму вышыннага канторскага будынка — небаскроб. Аднак наватарскія канструкцыі часта губляліся ў дэкар. формах, якія ўзнаўлялі стылі розных эпох (гл.Эклектызм). У архітэктуры Беларусі канца 19 — пач. 20 ст. ўпор рабіўся на вонкавую дэкаратыўнасць фасадаў, развіваліся рэтраспектыўныя плыні: неакласіцызм (будынкі духоўнага ведамства і т-вас.-г. страхавання ў Мінску, рэальнага вучылішча ў Гродне); неараманскі стыль (касцёл Сымона і Алены ў Мінску, касцёл у в. Воўчкавічы Мінскага р-на); несапраўдная готыка; неарускі стыль (Пазямельна-сялянскі банк у Віцебску, капліца ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.). Супярэчнасць паміж традыц. архітэктурай і новай тэхнікай спрабавалі вырашыць архітэктары стылю мадэрн, які ўзнік у 1890-я г. Выкарыстоўваючы новыя буд. і маст. магчымасці, яны аддавалі перавагу пластычнай форме, якая набывала жывапісна-дэкар. трактоўку (А.Гаўдзі ў Іспаніі, У.Макінтош у Вялікабрытаніі, В.Арта ў Бельгіі, Й.Ольбрых, Й.Гофман у Аўстрыі, Ф.Шэхтэль у Расіі). На пач. 20 ст. шэраг архітэктараў спалучалі тэхн. дасягненні з нац. традыцыямі і класічнымі прынцыпамі кампазіцыі (А.Перэ ў Францыі, О.Вагнер і А.Лоз у Аўстрыі, П.Берэнс у Германіі, Х.П.Берлаге ў Нідэрландах). У архітэктуры складваецца рацыяналізм, гал. прынцып якога — максімальная мэтазгоднасць і дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню. Рацыяналісты (Ле Карбюзье ў Францыі, прадстаўнікі арх. аб’яднання «Баўгаўз» у Германіі) шукалі выразнасці ў лаканізме формаў і іх кантрастах. У 1930-я г. рацыяналізм, пашыраны ў архітэктуры ўсіх развітых краінах, атрымаў назву функцыяналізм. Імкненню функцыяналістаў да універсальнасці формаў проціпастаўлялася т.зв.арганічная архітэктура, заснавальнікам якой быў Ф.Л.Райт. У пасляваенны час своеасаблівасцю нац. школ вылучаліся Фінляндыя (А.Аалта), Японія (К.Танге), Бразілія (О.Німеер). У ЗША арх. Л.Міс ван дэр Роэ стварыў канцэпцыю «універсальнай» архітэктуры, заснаванай на рытмічнай яснасці, прастаце геам. формаў і вял. унутраных прастораў. У процілегласць ёй развіўся кірунак бруталізму, які спалучаў функцыянальнасць пабудоў з наўмыснай масіўнасцю і грубай фактурай аголеных паверхняў (Л.Кан і інш. ў ЗША). Усё большыя магчымасці буд. тэхнікі, якія дазваляюць ствараць складаныя прасторавыя формы зборных жалезабетонных абалонак і вантавых пакрыццяў, набылі маст. асэнсаванне ў збудаваннях П.Л.Нерві ў Італіі, Ф.Кандэлы ў Мексіцы і інш. У 1970—80-я г. ў ЗША і Зах. Еўропе пашырыўся постмадэрнізм, які абвясціў вяртанне да рознастылёвых гіст.арх. формаў мінулых эпох (П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане).
У архітэктуры былога СССР таксама прасочваюцца пэўныя стылявыя змены. Рысы архітэктуры 1920 — пач. 30-х г. выявіліся ў пошуках новых формаў маст. выразнасці і рацыянальнага выкарыстання збудаванняў — лаканічнасць і прастата арх.-маст. вырашэння фасадаў (будынак Дзяржпрома ў Харкаве, Дом урада Рэспублікі Беларусь і інш.). Узніклі новыя тыпы грамадскіх будынкаў — палацы культуры, рабочыя клубы, фабрыкі-кухні, т.зв. дамы-камуны, у праектаванні якіх удзельнічалі групоўкі «канструктывістаў» (браты Весніны, М.Гінзбург, І.Леанідаў), «функцыяналістаў» (К.Мельнікаў, М.Ладоўскі) і інш. Дойліды старэйшага пакалення імкнуліся захаваць класічныя арх. традыцыі (А.Шчусеў, І.Жалтоўскі, І.Фамін). З пачаткам пяцігодак сав. архітэктура перайшла да масавага стварэння буйных прамысл. комплексаў, жылых масіваў і цэлых гарадоў. З 2-й пал. 1930-х г. у архітэктуры грамадскіх будынкаў узніклі тэндэнцыі да захаплення параднасцю, заснаваныя на выкарыстанні класічнай спадчыны, што прывяло да часовага адыходу ад наватарскіх прыёмаў. Дасягненнем гэтага перыяду была рэалізацыя шырокіх горадабудаўнічых ідэй (ген. планы рэканструкцыі Масквы, Ленінграда, Мінска, Гомеля, Віцебска і інш.). У пасляваенны час паралельна з вырашэннем грандыёзных задач па аднаўленні і рэканструкцыі разбураных гарадоў, ствараліся новыя ансамблі гарадскіх цэнтраў. Удасканальваліся віды і тыпы збудаванняў, шырока ўкараняўся метад тыпавога праектавання. Разам з тым назіраўся і зварот да класічнай арх. спадчыны, імкненне да трыумфальнасці, што адбівалася на вырашэнні функцыян., тэхн. і эканам. аспектаў і тэмпе буд-ва. З укараненнем індустр. метадаў буд-ва пашыралася колькасць тыпавых праектаў жылых дамоў з павялічаным наборам тыпаў кватэр. Імкненне да утылітарнасці і эканоміі прывяло да манатоннай аднастайнасці архітэктуры. З 1970-х г. пачынаюць стварацца новыя жылыя раёны, дзе ў буд-ве выкарыстаны больш эстэтычна выразныя формы і планіровачныя прынцыпы, у т. л.Зялёны Луг і Усход у Мінску. Перадавыя тэхн. прыёмы давалі магчымасць стварыць грамадскія збудаванні са свабодным аб’ёмна-планіровачным вырашэннем (Палац з’ездаў у Маскве, палацы мастацтваў і культуры ў Алматы, Ташкенце, Ерэване, Кіеве, Рэсп. інфармацыйна-культурны цэнтр, павільён міжнародных выставак і Палац спорту ў Мінску, аэравакзал ў Брэсце і інш.). Важную ролю ў фарміраванні горадабуд. структур адыгрываюць мемарыяльныя збудаванні і комплексы, якія арганічна ўваходзяць у ансамблі населеных пунктаў і ландшафтаў. Гл. таксама раздзелы «Архітэктура» ў арт. пра Беларусь і інш. краіны і вял. гарады.
Літ.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 1—12. 2 изд. М., 1970—75;
Витрувий. Десять книг об архитектуре: Пер. с лат.М., 1936;
Буров А.К. Об архитектуре. М., 1960;
Виолле ле Дюк. Беседы Об архитектуре: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1937—38;
Гропиус В. Границы архитектуры: Пер. с англ.М., 1971;
Мастера архитектуры об архитектуре. М., 1972;
Бэнэм Р. Взгляд на современную архитектуру: Эпоха мастеров: Пер. с англ.М., 1980;
Гидион З. Пространство, время, архитектура: Пер. с нем. 3 изд. М., 1984;
Ле Корбюзье. Архитектура XX в.: Пер. с фр. 2 изд. М., 1977;
Нимейер О. Архитектура и общество: Пер. с португ., англ. и фр.М., 1975;
Райт Ф.Л. Будущее архитектуры: Пер. с англ.М., 1960;
Архітэктура Беларусі: Энцыкл.давед.Мн., 1993;
Encyclopeadia of modern architecture. London, 1963;
History of world architekture. Vol. 1—14. New York, 1972—80;
Kraiewski K. Mala encyklopedia architektury I wnetrz. Wrocław etc., 1974;
Broniewski T. Historia architektury dła wszystkich. 2 wyd. Wrocław etc., 1980;
Benevolo L. Histoire de l’architecture moderne. [Vol.] 1—2. Paris, 1979—80;
Да арт.Архітэктура. Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку. 1152—61 (уверсе); Дзмітрыеўскі сабор ва Уладзіміры. 1194—97.Да арт.Архітэктура. Храм Геры ў Пестуме. Італія. 5 ст. да н.э.Да арт.Архітэктура. Сабор у Ілі (Вялікабрытанія). 12 ст. (уверсе); палацца Ручэлаі ў Фларэнцыі (арх. Л.Б.Альберці і Б.Раселіна). 1446—51.Да арт.Архітэктура. Сабор Нотр-Дам у Шартры (Францыя). 1194—1260.Да арт.Архітэктура. Палац Верхні Бельведэр у Вене. Арх. Л.Гільдэбрант. 1722.Да арт.Архітэктура. Мікалаеўская царква ў в. Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл. 1818.Да арт.Архітэктура. Царква Саграда Фамілія ў Барселоне. Арх. А.Гаўдзі. 1884—1926.Да арт.Архітэктура. Алімпійскі спартыўны комплекс у Токіо. Арх. К.Тангэ. 1960—64.Да арт.Архітэктура. Капэла Нотр-Дам-дэю-О ў Раншане (Францыя). Арх. Ле Карбюзье. 1950—53.Да арт.Архітэктура. П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане. Фантан. Арх. Ч.Мур. 1976.Да арт.Архітэктура. Галоўны корпус архітэктурна-будаўнічага факультэта БПА у Мінску. Арх. І.Есьман, В.Анікін. 1982.Да арт.Архітэктура. Павільён міжнародных выставак у Мінску. Арх. Л.Маскалевіч і інш. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШКІН (Аляксандр Сяргеевіч) (6.6.1799, Масква — 10.2.1837),
рускі пісьменнік; пачынальнік новай рус. літаратуры, заснавальнік сучаснай рус. літаратурнай мовы. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817). Ліцэйскія гады — перыяд інтэнсіўнага творчага развіцця П.: своеасабліва выкарыстаўшы каноны рацыяналіст. паэтыкі класіцызму, ён напісаў вершы «Успаміны ў Царскім Сяле», «Гарадок», «Ліцынію» і інш. Па заканчэнні ліцэя служыў у Калегіі замежных спраў. Уваходзіў у літ. гурткі «Зялёная лямпа», «Арзамас». У вершах гэтага часу вольналюбівыя настроі, імкненне пераадолець нарматыўнасць паэтыкі 18 — пач. 19 ст., адысці ад жанрава-стылявой рэгламентацыі, дасягнуць свабоды паэт. слова («Вольнасць», 1817, апубл. 1856, у Расіі цалкам 1906; «Да Чаадаева», 1818, часткова без ведама аўтара апубл. 1826; «Вёска», 1819, апубл. 1826 і інш.). У падобным кірунку напісана паэма «Руслан і Людміла» (1820), у якой карціны гераічнага мінулага прасякнуты рамант. патэтыкай і гумарам, умоўнасць жанру паэмы-казкі спалучаецца з жыццёвасцю характараў, стылістычным багаццем і моўнай свабодай. Вольналюбівыя і антытыранічныя матывы ранняй лірыкі, незалежнасць асабістых паводзін сталі прычынай ссылак: паўд. (1820—24, Екацярынаслаў, Каўказ, Крым, Адэса) і ў в. Міхайлаўскае (Пскоўская вобл., маёнтак маці, 1824—26). Паўд. ссылка — перыяд росквіту рамантызму П., які найб. выявіўся ў створаных тут паэмах. У творчасці П. «паўднёвыя паэмы» адыгралі вял. ролю: «Каўказскі нявольнік» (1820—21, апубл. 1822) у многім падрыхтаваў «Яўгена Анегіна»; важнае месца ў далейшым будзе адведзена тэме мяцежнай «волі» і маральнага закона, заяўленай у «Братах-разбойніках» (1821—22, апубл. 1825), супастаўленню і проціпастаўленню гармоніі і стыхіі, «анёльскага» і «дэманічнага», пачатыя ў «Бахчысарайскім фантане» (1821—23, апубл. 1824). У гэтых паэмах упершыню выразна акрэсліваецца філас. падыход П. да праблем свабоды, кахання, асобы. Шлях у Міхайлаўскае пралягаў праз бел. гарады Магілёў, Оршу, Віцебск і інш. У Міхайлаўскім стварыў шэраг паэт. шэдэўраў: «Перайманне Карана», «Да***» («Я помню дзіўнае імгненне...»), «Жаданне славы» і інш., сатыр. паэму «Граф Нулін» (1825, апубл. 1827), цэнтр. главы (3—6) рамана ў вершах «Яўген Анегін»; вывучаў гісторыю Расіі, летапісы, запісваў нар. песні і казкі.
Вырашальным момантам творчай эвалюцыі П. стала трагедыя «Барыс Гадуноў» (1824—25, апубл. 1831; паст. 1870), якая заклала асновы рэалізму, народнасці, гістарызму ў рус. л-ры. У ёй вял. колькасць рознахарактарных тыпаў, раскрыты высокі этычны сэнс «меркавання народнага», звернутага да наступных пакаленняў. Думкі пра драму, да якіх прыйшоў П. у час працы над трагедыяй (у накідах прадмовы да «Барыса Гадунова» і нататках «Пра народную драму...», 1830) маюць вял.эстэт. і філас. значэнне. Маніфест пушкінскага разумення творчасці — верш «Прарок». У вер. 1826, пасля пакарання і ссылкі дзекабрыстаў, П. атрымаў «дараванне», але за ім была ўстаноўлена асабістая царская цэнзура. У яго павялічылася цікавасць да гісторыі Расіі як дзяржавы, да дзейнасці Пятра I, да праблемы месца і ролі асобнага чалавека ў гісторыі краіны. Раман пра свайго продка «Арап Пятра Вялікага» (1827—28, не завершаны, апубл. 1837) — першая спроба працы П. ў буйных празаічных жанрах; гіст. мінулае ў ім паказана ў паўсядзённым побыце, у канкрэтных асобах і лёсах. Апафеоз дзярж. пачатку — паэма «Палтава» (1828, апубл. 1829), у якой асобы і лёсы людзей пятроўскай эпохі шмат у чым паглынаюцца гіст. працэсам. Восень 1830 П. правёў у в. Болдзіна (Ніжагародская вобл., маёнтак бацькі), дзе за 3 месяцы стварыў каля 50 твораў розных жанраў. Тут у асноўным завершаны «Яўген Анегін», у якім узноўлены вобраз жыцця і духоўны склад «тыповага» героя, уклад жыцця сталічнага і правінцыяльнага дваранства. У своеасаблівым жанры рамана ў вершах сюжэт непарыўна пераплецены з аўтарскімі роздумамі («адступленнямі»), а кожная страфа (асобай будовы «анегінская страфа»), з’яўляючыся часткай адзінага цэлага, у той жа час — завершаная маст. адзінка. Апавяданне пра эпоху і чалавечыя лёсы адначасова паўстае ў рамане як лірычная гісторыя аўтарскага духу і як філас. даследаванне жыцця грамадства і чалавечай душы. У «Казцы пра папа і пра работніка яго Балду» (1830, апубл. 1840), «Казцы пра цара Салтана...» (1831, апубл. 1832), «Казцы пра мёртвую царэўну і пра сем асілкаў» (1833, апубл. 1834), «Казцы пра рыбака і рыбку» (1833, апубл. 1835), «Казцы пра залатога пеўніка» (1834, апубл. 1835) П. упершыню выкарыстаў фальклор, у ярка нац. форме ўвасобіў шэраг агульначалавечых праблем. 1830—31 — перыяд актыўнай дзейнасці П. як журналіста і крытыка, гал.ч. у «Литературной газете», паглыблення цікавасці да тэарэт.літ. праблем.
У 1836 пачаў выдаваць час.«Современник». У паэме «Медны коннік» (1833, апубл. 1837) на велізарную вышыню абагульнення ўзнята тэма дзяржавы і асобы, гісторыі і асобнага лёсу, узаемаадносін чалавека і свету, у сімвалічным плане спрадвечна-трагедыйных калізій, якія ўзнікаюць у гэтых узаемаадносінах, глыбокі філас. сэнс набывае тэма вар’яцтва («Медны коннік»; «Пікавая дама» 1833, апубл. 1834; верш «Не дай мне божа страціць розум» і інш.). П. упершыню паставіў многія вядучыя праблемы рус. л-ры: народ як гіст. сіла і маральны крытэрый («Барыс Гадуноў»); асоба ў яе ўзаемаадносінах з асяроддзем і абставінамі («Яўген Анегін», 1823—31, цалкам апубл. 1833; «Медны коннік»); лёс «маленькага чалавека» (цыкл «Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна», 1830, апубл. 1831; «Стрэл», «Завея», «Трунар», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка»); улада грошай над чалавечымі душамі («Пікавая дама») і інш. У маленькіх трагедыях («Скупы рыцар», 1830, апубл. 1836; «Моцарт і Сальеры», 1830, апубл. 1831; «Каменны госць», 1830, апубл. 1839, і інш.) на матэрыяле розных краін і гіст. эпох у гранічна лаканічнай форме даследуюцца філас. і маральныя праблемы ўсечалавечага маштабу (свабода, страсць і мараль; асоба, грамадства і гісторыя; жыццё, смерць і бессмяротнасць), дадзены глыбокія ўзоры філас.-псіхал. драмы. У філас. лірыцы 1830-х г. зварот да карэнных пытанняў быцця: кахання, творчасці, смерці. Аўтар антырэліг.сатыр. паэмы «Гаўрыліяда» (1821, апубл. 1861, Лондан; у Расіі 1908 з купюрамі), паэм «Браты-разбойнікі» (1821—22, апубл. 1825), «Домік у Каломне» (1830, апубл. 1833), «Анджэла» (1833, апубл. 1834), раманаў «Дуброўскі» (1832—33, апубл. 1841), «Капітанская дачка» (1836), аповесці «Егіпецкія ночы» (1835, не завершана, апубл. 1837), трагедыі ў вершах «Русалка» (1829—32, не завершана, апубл. 1837), нарыса «Падарожжа ў Арзрум у час паходу 1829 года» (1835, апубл. 1836), «Гісторыі Пугачова» (1834) і інш. Памёр ад раны, атрыманай на дуэлі з Ж.Дантэсам. Эстэт. асваенне кантэкстаў рус. жыцця (інтэлектуальнага, сац.-гіст., бытавога) спалучалася ў П. з жывым успрыняццем разнародных еўрап. уплываў, дарам пранікнення ў інш. культуры і эпохі. Значэнне творчасці і маштабы генія П. дазваляюць назваць яго выключнай з’явай сусв. культуры. Яго маст. дасягненні вызначылі і шмат у чым абумовілі далейшае развіццё рускай і інш. л-р. Творы П. перакладзены амаль на ўсе мовы свету, большасць з іх інсцэніравана і экранізавана.
Пэўнае месца ў творчасці П. занялі гісторыя Беларусі, лёс бел. народа. У маі 1820 і жн. 1.824 паэт праязджаў праз бел. землі. У арт. «Збор твораў Георгія Каніскага, архіепіскапа Беларускага» (1836) ён пісаў пра пакуты «народа, спрадвечна нам роднага, але адлучанага ад Расіі лёсам вайны», сцвярджаючы адзінства рус. і бел. народаў. Добра ведаў бел. фальклор. Доказ таму — мова чарняца Варлаама («Барыс Гадуноў»), насычаная прымаўкамі, якія ў той час бытавалі на Беларусі. Ведаць пра Беларусь П. мог ад кіраўніка Болдзінскага маёнтка беларуса В М.Пянькоўскага. Сучаснікі сцвярджалі, што прататыпам гал. героя рамана «Дуброўскі» быў бел. дваранін Астроўскі (як спачатку і называўся раман). Творчасць П. зрабіла велізарны ўплыў на развіццё бел. л-ры. Гэты ўплыў адчуваўся ўжо ў паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» (абедзве нап. 4-стопным ямбам), якія ствараліся пад уплывам не толькі травестацый М.Осіпава і І.Катлярэўскага, але і вольналюбівай лірыкі П., яго парадыйных паэм «Бава» і «Гаўрыліяда». У паэме «Тарас на Парнасе» засведчана глыбокая сімпатыя да П. Мара пра вял.нац. л-ру — асн. ідэя і пафас гэтага твора, дзе імя П. пастаўлена першым сярод найвыдатных пісьменнікаў суседніх л-р. У канцы 19 ст. з’явіўся першы бел. пераклад верша П. «Рэха» (пер. А.Гурыновіч). Шырокае асваенне бел. л-рай ідэйна-маст. традыцый П. пачалося з прыходам у л-ру Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Творчасць Я.Купалы захавала і развівала характэрныя для пушкінскай паэт. школы традыцыі грамадзянскасці, народнасці, гуманізму. Тыпалагічна блізкія погляды П. і Я.Купалы на вырашэнне тэм «паэт і паэзія», «паэт і натоўп», ідэнтычнае асэнсаванне імі ролі паэта ў грамадстве («Чэрнь», «Помнік» П., «Я не для вас», «Блізкія і далёкія», «Песняру беларусу» Я.Купалы). У героіка-рамантычным эпасе Я.Купалы і рамант. паэмах П. выявіўся тоесны падыход да асэнсавання нар. творчасці як з’явы мастацтва, выкарыстанне фальклору ў літ. творчасці, адлюстраванне нац.-вызв. ідэалаў.
Пры стварэнні рамант. паэм «Курган», «Бандароўна», «Яна і я» і інш. Я.Купала апіраўся на пушкінскую традыцыю ўспрымання гіст. працэсу ў яго прычынна-выніковых сувязях; у спосабах адлюстравання жыцця, у імкненні да выключнага і гераічнага ён блізкі найперш да П.-рамантыка. Уплыў П. абумовіў фарміраванне рэалістычна-канкрэтнай паэтыкі ў дарэв. лірыцы Я.Коласа. Як і П., Я.Колас паэтызаваў простае слова, што памагло яму вывесці нац. лірыку на пушкінскі шлях прастаты як найбольшага маст. майстэрства. У шэрагу вершаў Я.Коласа 1920-х г., прысвечаных тэме паэта. назіралася непасрэдная пераклічка з творамі П. («Водгулле» Я.Коласа, «Рэха» П.), арыентацыя на яго маст. пафас. Многія Коласавы вершы ваен. і пасляваен. часу («Мая просьба», «Самому сабе», «У бяссонне» і інш.) сталі ўзорамі бел.філас. лірыкі, развіваюць традыцыю сцвярджэння перамогі разумнага пачатку — традыцыю. каля вытокаў якой стаяў П. У артыкулах і аўтабіягр. матэрыялах Я.Коласа нямала прызнанняў пра велізарны ўплыў на яго П. Бясспрэчная і тыпалагічная сувязь «Новай зямлі» і «Яўгена Анегіна» як энцыклапедый нар. жыцця; абедзве нап. 4-стопным ямбам. Вял. ўздзеянне паэзіі П. адчуў на сабе Багдановіч: распрацоўка тэмы «народ і гісторыя», традыцый вольналюбівай лірыкі, сцвярджэнне пафасу мастацкасці, пашырэнне тэм і форм бел. л-ры.
Творы П. на бел. мову перакладалі Багдановіч («Вязень»), Я.Купала («Медны коннік»), Я.Колас («Палтава»), К.Чорны («Капітанская дачка», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка», «Трунар», «Дуброўскі»), К.Крапіва («Капітанская дачка»), А.Куляшоў («Цыганы», «Яўген Анегін»), П.Глебка («Барыс Гадуноў»), А.Александровіч («Руслан і Людміла»), А.Якімовіч (казкі), Р.Барадулін, А.Бачыла, П.Броўка, А.Вечар, Ю.Гаўрук, М.Лужанін, М.Паслядовіч, Ю.Свірка, М.Танк, М.Хведаровіч, У.Шахавец і інш. Творчасць П. даследавалі і даследуюць бел.літ.-знаўцы І.Замоцін, Ф.Куляшоў, М.Ларчанка, Ю.Пшыркоў, А.Лойка, М.Тычына, А Шалемава і інш. Жыццё і творчасць П. — крыніца шматлікіх твораў л-ры, музыкі, выяўл. мастацтва. П’есы паводле твораў П. пастаўлены ў т-рах Беларусі: у Нац. т-ры імя Я.Купалы — «Капітанская дачка» (1937), спектакль па творах П. (сцэны «Келля», «Карчма», «Каля фантана» з трагедыі «Барыс Гадуноў» і «Скупы рыцар», 1949); у Нац.рус. т-ры — «Паненка-сялянка» і «Каменны госць» (абодва 1938), «Баляванне ў час чумы і...» (1999); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Дуброўскі» (1937); у Бел. т-ры юнага гледача — «Пушкінскія казкі» (1974), «Казка пра папа і работніка яго Балду» (1989); у Бел. т-ры лялек — «Казка пра папа і пра работніка яго Балду» (1939); у Нац. т-ры оперы — «Яўген Анегін» (1933), «Пікавая дама» (1934), «Мазепа» (паводле паэмы «Палтава») П.Чайкоўскага (1952), «Русалка» А.Даргамыжскага (1937), «Дуброўскі» Э.Напраўніка (1948), «Алека» (паводле паэмы «Цыганы») С.Рахманінава (1949), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава (1972); у Нац. т-ры балета — «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева (1939) і інш. На тэксты П. напісаны многія творы бел. кампазітараў М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, А.Клумава, П.Падкавырава, Р.Пукста. Ю.Семянякі, А.Туранкова. Я.Цікоцкага і інш. Кнігі П. ілюстравалі бел. мастакі М.Бельскі, Т.Беразенская, А.Волкаў, М.Гуціеў, А.Кашкурэвіч, М.Селяшчук, В.Славук і інш.; карціну «А.С.Пушкін у Міхайлаўскім» напісала Р.Кудрэвіч, «Пушкін у Магілёве» Ю.Падляскі, «Кветкі каханай» І.Пратасеня і інш. Помнікі П. пастаўлены ў Мінску і Магілёве.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—10. М., 1974—78;
Бел.пер. — Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1993;
Выбр. творы. Мн., 1949;
Выбр. творы: Вершы. Паэмы. Мн., 1999;
Выбр. проза. Мн., 1936;
Барыс Гадуноў. Мн., 1937;
Каўказскі нявольнік. Мн., 1937;
Медны коннік. Мн., 1937;
Цыганы. Мн., 1937;
Бахчысарайскі фантан. Мн., 1937;
Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна. Мн., 1938;
Палтава. Мн., 1938;
Капітанская дачка. Мн., 1948; Яўгеній Анегін. Мн., 1949; Вершы. Мн., 1949; Казка аб мёртвай царэўне і аб сямі асілках. Мн., 1955; Казка пра папа і пра работніка яго Балду. Мн., 1957; Руслан і Людміла. Мн., 1978; О муза... Мн., 1999; Прарок = Пророк: Вершы і казкі. Мн., 1999; Яўгеній Анегін = Евгений Онегин: Раман у вершах. Мн., 1999.
Літ.:
Белинский В.Г. Сочинения Александра Пушкина. М., 1985;
А.С.Пушкин в воспоминаниях современников. Т. 1—2. М., 1974;
Бэлза И.Ф. Пушкин и Мицкевич в истории музыкальной культуры. М., 1988;
Ахматова А.А. О Пушкине: Ст. и заметки. 3 изд. М., 1989;
Анненков П.В. Пушкин: Материалы для биогр. А.С.Пушкина. М., 1999;
Афонин В. Религия и А.С.Пушкин. Невинномысск, 1999;
Гаспаров Б.М. Поэтический язык Пушкина как факт истории русского литературного языка. СПб., 1999;
Духовный труженик: А.С.Пушкин в контексте рус. культуры. СПб., 1999;
Кибальник С.А. Художественная философия Пушкина. СПб., 1999;
Кожинов В.В. Великое творчество. Великая Победа. М., 1999;
Лотман Ю.М. Пушкин: Биогр. писателя: Ст. и заметки, 1960-1990;
«Евгений Онегин»: Коммент. СПб., 1999;
Пушкин и поэтический язык XX в. М., 1999;
Щеголев П.Е. Дуэль и смерть Пушкина. 5 изд. СПб., 1999;
Виноградов В.В. Стиль Пушкина. М., 1999;
Кондаков И.М. Психология в зеркале пушкинской судьбы. М., 2000;
Купала Я. Любімы паэт // Купала Я. Публіцыстыка. Мн., 1972;
Колас Я. Друг человечества. Сонца нашай паэзіі // Зб. твораў. Мн., 1976. Т. 12;
Замоцін І.І. А.С.Пушкін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1937;
Пшыркоў Ю.С. Уплыў творчасці А.С.Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры. Мн., 1949;
Барысенка В.В., Івашын В.У. Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст.Мн., 1963;
Степунин И. Прототип пушкинского Дубровского // Неман. 1968. № 8;
Лойко О. Его живые ветви // Там жа. 1974. №6;
Ларчанка М.Р. Пушкінскія традыцыі ў беларускай паэзіі // Ларчанка М.Р. Яднанне братніх літаратур. Мн., 1974;
Бярозкін Р. Звенні. Мн., 1976;
Симанович Д.Г. Подорожная Александра Пушкина. Мн., 1977;
Шалемава А.А. Пушкінскія традыцыі ў лірыцы Янкі Купалы // Песні беларускай валадар. Мн., 1981;
Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984. С. 101—116;
А.С.Пушкін і беларуская літаратура: Рэсп.навук.канф.: Матэрыялы і паведамл. Брэст, 1994;
Соломевич Я. «Нет, весь я не умру...» // Нёман. 1998. №6;
Лиокумович Т.Б. Потомки А.С.Пушкина в Беларуси. Мн., 1999;
Пушкін — беларуская культура — сучаснасць: Матэрыялы Міжнар.навук.канф.Мн., 1999;
А.С.Пушкін і Беларусь = А.С.Пушкин и Беларусь. Мн., 1999;
Тычына М.А. Аляксандр Пушкін і Якуб Колас. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТМАСФЕ́РА (ад грэч. atmos пара + сфера) Зямлі, газавая абалонка вакол Зямлі, якая ўтрымліваецца яе прыцяжэннем, верціцца разам з ёю і забяспечвае жыццядзейнасць расліннага і жывёльнага свету. Маса атмасферы каля 5,15×1015т (адна мільённая доля масы Зямлі). Палавіна яе заключана ў слоі да 5 км, 90% — да 16 км, вышэй за 100 км — толькі мільённая частка. Выразнай верхняй мяжы не існуе, атмасфера паступова пераходзіць у касм. прастору (гл.Космас). За фіз. мяжу прымаюць выш. 1000—1200 км, тэарэтычная мяжа — 42 тыс.км, дзе цэнтрабежная сіла вярчэння Зямлі ўраўнаважваецца яе прыцяжэннем. З вышынёй мяняюцца фіз. ўласцівасці атмасферы: ціск, шчыльнасць, т-ра. Ціск атмасферы на ўзр. м. на 1 см² 1013,25 гПа, на выш. 5 км ён змяншаецца на ½. Залежнасць ціску ад вышыні выражаецца бараметрычнай формулай. Шчыльнасць паветра на ўзр. м. 1,27—1,30 кг/м³, на паверхні Зямлі ў Еўропе ў сярэднім 1,25 кг/м³, на выш. 20 км 0,087 кг/м³, на выш. 750 км менш за 10-13 кг/м³. Т-ра характарызуецца больш складанай залежнасцю ад вышыні.
Будова. Атмасфера мае выразную слаістую структуру. У аснову падзелу пакладзена вертыкальнае размеркаванне т-ры, паводле якога вылучаюць сферы і слаі-паўзы паміж імі. Ніжняя частка атмасферы — трапасфера, знаходзіцца над паверхняй Зямлі да выш. 8—10 км у палярных, 16—18 км у экватарыяльных шыротах. Характарызуецца паніжэннем т-ры з вышынёй каля 6,5 °C на 1 км. Пераходнаму слою (таўшчынёй ад соцень метраў да 2 км) паміж трапасферай і стратасферай — трапапаўзе — уласціва ізатэрмія. Стратасфера распасціраецца да 50 км, у ніжняй частцы яе т-ра пастаянная, з выш. 25—30 км павышаецца ў сярэднім на 0,3 °C на 100 м (у азанасферы). Паміж стратасферай і мезасферай размяшчаецца стратапаўза, у якой т-ра блізкая да 0 °C. У мезасферы (да выш. 80 км) т-ра зніжаецца на 0,35 °C на 100 м вышыні (да -90 °C), развіваецца канвекцыя (вертыкальнае перамешванне), утвараюцца серабрыстыя воблакі. У мезасферы адзначаецца іанізацыя часцінак газу. Мезапаўза знаходзіцца на выш. 80—85 км, ёй уласціва ізатэрмія ці слабае зніжэнне т-ры. Вышэй размешчана тэрмасфера (да 800—1000 м), дзе т-ра зноў рэзка павышаецца за кошт паглынання прамога сонечнага выпрамянення і дасягае 1500—2000 °C. Тэрмасфера адпавядае іанасферы, дзе паветра моцна іанізаванае ў выніку дысацыяцыі малекул газаў пад уздзеяннем ультрафіялетавай, рэнтгенаўскай і карпускулярнай радыяцыі, што з’яўляецца прычынай высокай т-ры, палярных ззянняў, свячэння атмасферы. Знешняя атмасфера — экзасфера, дзе адбываецца дысіпацыя газаў, іх часцінкі (пераважна атамы вадароду) рассейваюцца ў касм. прасторы і ўтвараюць карону Зямлі.
Састаў. Атмасфера паветра — сумесь газаў з дамешкам завіслых цвёрдых і вадкіх часцінак. Паводле хім. саставу вылучаюць гамасферу (да 90—100 км) з нязменнымі суадносінамі асн. газаў і гетэрасферу, дзе стан газаў і іх суадносіны вельмі зменлівыя. У сухім паветры гамасферы азот складае 78%, кісларод — 21, аргон — 0,9, вуглякіслы газ — 0,03%, астатняе — крыптон, ксенон, неон, гелій, вадарод, азон, ёд, радон, метан, аміяк і інш. Сучасны састаў атмасферы спрыяльны для жыцця на Зямлі: кісларод служыць для дыхання жывых арганізмаў, вуглякіслы газ — для стварэння арган. рэчываў раслін у працэсе фотасінтэзу. У фіз. працэсах, якія адбываюцца ў атмасферы, найб. актыўныя вадзяная пара, азон, вуглякіслы газ і атм. аэразолі. Вадзяная пара канцэнтруецца ў ніжніх слаях трапасферы (ад 0,1—0,2% у палярных шыротах да 3% у экватарыяльных), з вышынёй яе колькасць памяншаецца (на выш. 1,5—2 км на 50%), у нязначнай колькасці ёсць да выш. 15—20 км. Азон затрымлівае асн. частку ультрафіялетавага выпрамянення Сонца, гібельнага для ўсяго жывога на Зямлі. Канцэнтруецца ў азанасферы. Вуглякіслы газ здольны паглынаць даўгахвалевае выпрамяненне Зямлі і ствараць парніковы эфект атмасферы. Колькасць вуглякіслага газу павялічваецца ў сувязі з узмацненнем антрапагеннага ўздзеяння на атмасферу (мяркуюць, што да 2000 г. яго будзе 0,0375%). Атмасферныя аэразолі (завіслыя ў паветры цвёрдыя і вадкія часцінкі) таксама затрымліваюць цеплавое выпрамяненне паверхні Зямлі і ўплываюць на бачнасць у атмасферы. Прымеркаваныя да прыземных слаёў, частка іх пранікае ў стратасферу, дзе на выш. 15—20 км утвараецца аэразольны слой Юнге.
У гетэрасферы павялічваецца колькасць лёгкіх газаў, адбываецца дысацыяцыя малекул паветра і значная іанізацыя. Выразная змена стану газаў атмасферы адбываецца на выш. 100—210 км, дзе пераважае атамарны кісларод над малекулярнымі азотам і кіслародам. На выш. 500 км малекулярнага кіслароду практычна няма, вышэй за 600 км пераважае гелій, на выш. ад 2 да 20 тыс.км пашырана вадародная карона Зямлі. З верхняй часткай атмасферы звязаны радыяцыйныя паясы Зямлі: унутраны на выш. 500—1600 км і вонкавы, утвораныя электронамі з высокай энергіяй.
Паветраныя плыні. Вынікам неаднароднасці т-ры атмасферы па вертыкалі і нераўнамернага награвання палярных і экватарыяльных шырот, сухазем’я і мора з’яўляецца сістэма буйнамаштабных працэсаў — агульная цыркуляцыя атмасферы. Да яе належаць плыні ніжняй часткі трапасферы: пастаянныя — пасаты і сезонныя — мусоны, заходні перанос паветраных мас, канвекцыя, цыклоны і антыцыклоны і інш. Паблізу трапапаўзы, дзе існуе кантрастнасць т-ры, а таксама ў азонавым слоі на выш. 20—25 км утвараюцца магутныя струменныя плыні. Скорасць ветру ў верхняй стратасферы дасягае 100—150 м/сек. У тэрмасферы яна павялічваецца, тут адбываюцца прыліўныя рухі пад уздзеяннем Месяца і Сонца. Рухомасць атмасферы надае ёй ролю рэгулятара цеплаабмену Зямлі з космасам, радыяцыйнага і воднага балансу. Працэсы ўзаемадзеяння атмасферы і акіяна істотна ўплываюць на клімат Зямлі. Атмасфера мае электрычнае поле, якое фарміруецца пад уздзеяннем адмоўнага электрычнага поля Зямлі.
Паходжанне. Сучасная зямная атмасфера мае другаснае паходжанне, яна ўтварылася пасля ўзнікнення Зямлі ў выніку ўзаемадзеяння працэсу дэгазацыі з пародамі літасферы. Састаў атмасферы зменьваўся на працягу ўсёй гісторыі Зямлі, у т. л. і пад уплывам дзейнасці чалавека. Вылучаюць 2 асн. этапы — бескіслародны (2 млрд. гадоў назад) і кіслародны; маса кіслароду значна павялічылася ў фанеразоі пасля з’яўлення расліннасці на сушы.
Вывучэнне атмасферы пачалося ў антычны час. Навука пра атмасферу — метэаралогія сфарміравалася ў 19 ст. Для назіранняў за атмасферай створана сетка метэаралагічных станцый і пастоў, выкарыстоўваюцца метады вертыкальнага зандзіравання атмасферы, радыёлакацыя, пеленгацыя, самалёты, аўтам. аэрастаты, спец. судны, ракеты і метэаралагічныя спадарожнікі. У Беларусі назіранне за атмасферай праводзіцца на метэастанцыях гідраметэаралагічнай службы, у прамысл. цэнтрах вывучаюць і прагназіруюць ступені тэхнагеннага забруджвання; праводзяцца даследаванні радыенукліднага забруджвання атмасферы пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Літ.:
Атмосфера: Справ. Л., 1991;
Будыко М.И., Ронов А.Б., Яншин А.Л. История атмосферы. Л., 1985;
Бримблкумб П. Состав и химия атмосферы: Пер. с англ.М., 1988.
Г.В.Валабуева.
Атмасфера: 1 — шары-зонды; 2 — метэоры; 3 — серабрыстыя воблакі; 4 — палярныя ззянні; 5 — адбіццё радыёхваляў дэкаметровага дыяпазону ад іанасферных слаёў; 6 — распаўсюджанне радыё-хваляў дэцыметровага дыяпазону (10 см — 1 м); 7 — штучныя спадарожнікі Зямлі; 8, 9 — унутраны радыяцыйны пояс, які ўтвараецца пратонамі, электронамі і іншымі зараджанымі часціцамі; 10 — сілавыя лініі магнітнага поля Зямлі (у зоне экватара).
Створаны ў 1932 у Бабруйску на базе вандроўнай рус. трупы як Дзярж.рус.драм.т-рБССР, у 1955—92 імя М.Горкага, з 1994 акадэмічны. У 1935—41 і 1944 працаваў у Магілёве, з крас. 1945 у Гродне, з ліп. 1947 у Мінску. Заснавальнік і маст. кіраўнік (1932—36) У.Кумельскі. Праграму і творчае аблічча т-ра 1-й пал. 1930-х г. вызначалі яго сцэн. індывідуальнасць, ідэйна-маст. і эстэт. погляды, якія склаліся пад уплывам абвешчанага закліку да дзеячаў мастацтва краіны падначаліць т-р інтарэсам рэвалюцыі. Гэта абумовіла яго рэпертуар і прынцыпы сцэн. ўвасаблення, класава-сац. падыход да інтэрпрэтацыі тагачаснай драматургіі, класічнай рус. і сусв. спадчыны. Кумельскі імкнуўся спалучаць акрэсленую грамадзянскую пазіцыю т-ра з маляўнічай формай спектакляў, дасягаць глыбокага пранікнення ў характары персанажаў. У рэпертуары пераважала сав. драматургія: «Чапаеў» паводле Дз.Фурманава, «Гібель эскадры» А.Карнейчука, «Мой сябра» М.Пагодзіна, «Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава, «Любоў Яравая» К.Транёва, «Браняпоезд 14-69» У.Іванава, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага. Асаблівай увагай карысталася драматургія М.Горкага. Праграмным і этапным спектаклем т-ра стаў «Ягор Булычоў і іншыя». Поспех пастановак гэтага перыяду шмат у чым вызначаўся ўдзелам у іх Кумельскага — акцёра яркай індывідуальнасці. Трупа фактычна кожны сезон фарміравалася нанава, пастаянна мяняліся маст. кіраўнікі. Найб. плённы перыяд звязаны з дзейнасцю рэжысёра А.Данаці (1936—38). У 1939 калектыў узначаліў Дз.Арлоў, была праведзена рэарганізацыя т-ра, ён папоўніўся выпускнікамі Ленінградскага і Маскоўскага тэатр. вучылішчаў. Сярод спектакляў «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага, «Каварства і каханне» Ф.Шылера. З пач.Вял.Айч. вайны т-р спыніў дзейнасць. Адноўлены летам 1943 у Маскве як франтавы. Сярод пастановак першых пасляваен. гадоў: «Сустрэча ў цемры» Ф.Кнорэ, «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра. «Тры сястры» А.Чэхава, «Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога. Вызначальнымі ў рэпертуары канца 1940-х г. былі пастаноўкі класічных твораў: п’ес Астроўскага «Жаніцьба Бялугіна» (нап. з М.Салаўёвым), «Апошняя ахвяра» і «На бойкім месцы», Чэхава «Дзядзька Ваня», М.Горкага «Дзеці сонца», Шэкспіра «Атэла». З пастановак тагачасных п’ес найб. поспехам карысталася «Старыя сябры» Л.Малюгіна. У 1950 т-р у другі раз пасля інсцэнізацыі «Сымона Карызны» М.Зарэцкага ў 1935 звярнуўся да бел. драматургіі: пастаўлена п’еса В.Палескага «Песня нашых сэрцаў», у 1953 адноўлена пад назвай «Што пасееш, тое і пажнеш». 1950-я г. ў творчасці т-ра адметныя дзейнасцю рэжысёра высокай тэатр. культуры В.Фёдарава. Сярод лепшых пастановак гэтага перыяду: «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча, «Порт-Артур» паводле А.Сцяпанава, «Каменнае гняздо» Х.Вуаліёкі. Асаблівае месца сярод іх займалі «Варвары» М.Горкага (пасля паказу гэтага спектакля на Дэкадзе бел. мастацтва ў Маскве т-ру было прысвоена імя М.Горкага) і «Кароль Лір» Шэкспіра, прызнаныя дасягненнем тэатр. мастацтва краіны 1950-х г. Спектакль «Кароль Лір» і найперш выкананне А.Кіставым гал. ролі былі высока ацэнены дзеячамі тэатр. мастацтва Англіі.
У канцы 1950 — пач. 1960-х г. плённым было супрацоўніцтва т-ра з рэжысёрамі М.Співаком («Галоўная стаўка» Губарэвіча, «Аптымістычная трагедыя» Вішнеўскага, «Барабаншчыца» А.Салынскага, «Улада цемры» Л.Талстога) і В.Рэдліх («Беспасажніца» Астроўскага, «Дзеці сонца» М.Горкага, «Дванаццатая гадзіна» А.Арбузава, «Антоній і Клеапатра» Шэкспіра). Рэпертуар папоўніўся п’есамі бел., сав. і тагачасных замежных драматургаў. У 2-й пал. 1960-х — 1-й пал. 1970-х г. назіралася стракатасць рэпертуару, з’яўляліся спектаклі сярэдняга ўзроўню. Поспехі калектыву ў гэты перыяд звязаны з асобнымі пастаноўкамі класічных твораў: «Маскарад» М.Лермантава, «Звычайная гісторыя» паводле І.Ганчарова, «Марыя Сцюарт» Шылера. Вылучаліся таксама спектаклі: «А досвіткі тут ціхія» паводле Б.Васільева, «Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.Айтматава і К.Мухамеджанава, «Варшаўская мелодыя» Л.Зорына, «Мілы лгун» Дж.Кілці, «Двое на арэлях» У.Гібсана. Творчы ўздым т-ра 1970-х г.
звязаны з дзейнасцю рэжысёра Б.Луцэнкі, праграмнымі спектаклямі якога сталі «Макбет» Шэкспіра (паказаны на міжнар. шэкспіраўскім фестывалі ў ФРГ, 1981), «Трохграшовая опера» Б.Брэхта, «Трагедыя чалавека» І.Мадача, «Лазня» У.Маякоўскага. Т-р набывае сваё адметнае аблічча. Павышаная цікавасць да маральна-этычных аспектаў, асэнсаванне сутнасці чалавечага быцця, барацьба дабра і зла па-мастацку даследуюцца ў спектаклях «Пайсці і не вярнуцца» паводле В.Быкава, «Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча, «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага, «Апошнія» М.Горкага, «Салодкагалосая птушка юнацтва» Т.Уільямса і інш. Творчы дыяпазон т-ра пашырылі спектаклі рэжысёраў У.Маланкіна, М.Сулімава, А.Даброціна, А.Каца, М.Кавальчыка, А.Кузняцова, Б.Глаголіна, А.Карпава. 1980-я г. ў дзейнасціт-ра найперш звязаны з пастаноўкамі рэж. В.Маслюка («Знак бяды» паводле аповесці В.Быкава, Дзярж. прэмія Беларусі 1986. «Гамлет» Шэкспіра). Сярод інш. спектакляў гэтага перыяду: «Начныя карлікі і Антыгона» («Дарагая Алена Сяргееўна») Л.Разумоўскай, «Зоркі на ранішнім небе» А.Галіна, «І быў дзень» («Звалка») А.Дударава, «Незвычайныя прыгоды салдата Івана Чонкіна» паводле У.Вайновіча. Ставяцца п’есы такіх буйных сучасных драматургаў, як Э.Олбі, Ф.Дзюрэнмат, Т.Уільямс, Ю.О’Ніл, К.Чапек. У пач. 1990-х г.т-р зноў узначаліў Луцэнка. Сярод спектакляў: «Блаславі нас, госпадзі...» С.Бельцюкова і А.Залётнава, «Драўляны рыцар» С.Кавалёва, «Перпетум мобіле, ці Вечар яўрэйскіх анекдотаў» Луцэнкі, «Хрыстос і Антыхрыст» паводле Дз.Меражкоўскага, «Букееў і кампанія» М.Горкага, «Прасцячкі нечаканых астравоў» Б.Шоу, «Амфітрыён» паводле Плаўта. У 1981 у т-ры адкрыта Малая сцэна (спектаклі «Вячэра» Ж.К.Брысвіля, «На Залатым возеры» Э.Томпсана).
Важкі ўклад у развіццё т-ра зрабілі нар.арт.СССР Я.Палосін, нар. артысты Беларусі Г.Абуховіч, Арлоў, А.Кістаў. У розныя гады ў т-ры працавалі: Ф.Шмакаў, нар. артысты Беларусі Я.Карнавухаў, Р.Качаткоў, Ю.Ступакоў, В.Філатаў, І.Шаціла, нар.арт. Расіі К.Шышкін, засл. артысты Беларусі М.Аблаў, А.Бялоў, К.Верамейчык, Л.Весніна, В.Воінкаў, В.Захарава, А.Кашкер, В.Краўчанка, М.Кузьменка, І.Лакштанава, І.Лакштанаў, Г.Някрасаў, І.Ражба, М.Сокал, Т.Трушына, В.Чэмберг, А.Шапс, А.Шкапскі, засл. работнік культуры Беларусі Б.Вішкароў, засл. дзеячы маст. Беларусі акцёры і рэжысёры Ю.Арынянскі і Кумельскі, сцэнографы В.Галубовіч, А.Грыгар’янц, Ю.Тур.
У складзе трупы (1997): нар. артысты СССР А.Клімава, Р.Янкоўскі, нар. артысты Беларусі В.Клебановіч, Б.Масумян, Ю.Сідараў, засл. артысты Беларусі З.Асмалоўская, В.Бандарэнка, Л.Былінская, Э.Гарачы, А.Ткачонак, А.Шах-Парон, У.Шэлестаў, засл. арт. Расіі А.Брухацкі, акцёры У.Курган, Я.Лявонцьеў, Г.Маланкіна, А.Пастрэвіч, Н.Чамадурава і інш.Гал. рэжысёр (з 1991) нар.арт. Беларусі Луцэнка, гал. мастак У.Чарнышоў.
Б.Л.Бур’ян.
Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Макбет» У.Шэкспіра.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Варвары» М.Горкага.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «На Залатым возеры» Э.Томпсана.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Начныя карлікі і Антыгона» Л.Разумоўскай.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Майстры» паводле М.Булгакава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТАЛІ́ЗМ,
адна з гіст. стадый развіцця чалавецтва; паліт., сац. і эканам. сістэма, заснаваная на прыватнай уласнасці, таварнай вытворчасці і канкурэнцыі. У розных плынях грамадскай думкі вызначаецца як этап у развіцці індустрыяльнага грамадства, сістэма свабоднага прадпрымальніцтва, сучасная ступень К. — постіндустрыяльнае грамадства, інфармацыйнае грамадства, «змешаная эканоміка» і інш. Марксізм разглядае К. як грамадска-эканамічную фармацыю, якая змяняе феадалізм і папярэднічае сацыялізму — першай фазе камунізму; аснову такой фармацыі складаюць прыватная ўласнасць класа буржуазіі (капіталістаў) на асн. сродкі вытв-сці і эксплуатацыя ім наёмнай працы рабочых (пралетарыяту), якія пазбаўлены такіх сродкаў. Паводле гэтай канцэпцыі, К. у сваім развіцці ў Зах. Еўропе прайшоў стадыі: генезісу (узнікнення, 16—1-я палова 18 ст.), даманапалістычную (сярэдзіна 18—19 ст.), манапалістычную (склалася на мяжы 19—20 ст.). Элементы К. спарадычна праяўляліся ў гарадах Італіі (гандаль) і Нідэрландаў (мануфактура) ужо ў 14—15 ст. у перыяд т.зв.першапачатковага накаплення капіталу. Аднак як грамадска-эканам. ўклад К. узнік у эпоху разлажэння феадалізму ў пач. 16 ст., калі натуральная гаспадарка стала ператварацца ў простую таварную, а апошняя — у капіталістычную. Гэтаму садзейнічала развіццё таварна-грашовых адносін, якія спрыялі паглыбленню маёмаснай дыферэнцыяцыі, пашырэнню выкарыстання наёмнай працы ў прамысловасці і земляробстве. Для атрымання максімальнага прыбытку ва ўмовах рыначнай канкурэнцыі прадпрымальнікі павінны пастаянна развіваць прадукц. сілы, навуку і тэхніку, павялічваць капітал і ўдасканальваць вытв-сць. У выніку прамысл. перавароту і індустрыяльнай рэвалюцыі, якія адбыліся першапачаткова ў Вялікабрытаніі (апошняя трэць 18—1-я чвэрць 19 ст.), потым у ЗША, Францыі, Германіі і інш. краінах, была створана буйная машынная вытв-сць, усталявалася панаванне капіталіст. спосабу вытв-сці. Рост канцэнтрацыі і цэнтралізацыі вытв-сці і капіталу прыводзіць да ўзнікнення буйных капіталіст.манаполій, банкаўскіх карпарацый, падзелу рынкаў збыту, вывазу капіталу, пашырэнню урбанізацыі, абвастрэнню сац. супярэчнасцей (гл.Імперыялізм). У працэсе далейшага развіцця К. рыначная канкурэнцыя дапаўняецца механізмам дзярж. рэгулявання эканомікай, узнікненнем побач з буйнымі ўласнікамі і работнікамі наёмнай працы, сярэдняга класа ўласнікаў. Пасля 1-й сусв. вайны 1914—18 і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі К. перастаў быць усеахопнай сістэмай гаспадаркі; сфера яго ўплыву значна звузілася пасля 2-й сусв. вайны 1939—45 і распаду каланіяльнай сістэмы (гл.Каланіялізм). Аднак К. выявіў здольнасць прыстасоўвацца да новых умоў, выкарыстоўваць магчымасці сучаснай НТР, забяспечваць больш высокі ў параўнанні з ранейшым жыццёвы ўзровень людзей, пераадольваць складаныя сац.-эканам. супярэчнасці. Паліт. і сац.-эканам. змены, якія адбыліся ва Усх. Еўропе і краінах былога СССР у 1990-я г., аб’ектыўна спрыялі паскарэнню працэсу рыначных рэформ і пераўтварэнняў на аснове выкарыстання вопыту развітых капіталіст. краін. Сучасныя формы арг-цыі капіталіст. гаспадаркі ўключаюць: кароткатэрміновае (антыцыклічнае, антыінфляцыйнае) і доўгатэрміновае (макраэканамічнае) рэгуляванне; галіновыя і рэгіянальныя праграмы (планы), прамое (заканад. і адм. акты) і ўскоснае (падаткі, расходы дзярж. бюджэту, амартызацыйная палітыка) рэгуляванне. З ростам інтэрнацыяналізацыігасп. жыцця, узмацненнем транснац. карпарацый пачынаюць развівацца рэгіянальная і сусв.інтэграцыя, міждзяржаўнае рэгуляванне эканомікі. Гэта выявілася ва ўзнікненні такіх спец. устаноў, як Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскі саюз і інш. Характэрнымі асаблівасцямі сусв. эканомікі ў канцы 20 ст. сталі глабалізацыя вытв-сці і яе рэгіяналізм, крызіс сусв. запазычанасці, небывалая міграцыя рабочай сілы, інвестыцый і капіталаў, нераўнамернасць эканам. развіцця, крымінагеннасць дзелавога жыцця і інш. негатыўныя з’явы.
У развіцці К. ў Беларусі вылучаюць 2 асн. перыяды: генезіс капіталіст. адносін (16 ст. — 1861) і ўсталяванне капіталіст. спосабу вытв-сці (1861—1917). Капіталіст. адносіны тут складваліся па тых жа законах, што і ў інш. краінах, хоць былі і пэўныя асаблівасці — запаволены генезіс К. ва ўмовах панавання феад. адносін у эканоміцы, існаванне прыгонніцкіх форм найму ў прам-сці. Генезіс К. мае 2 этапы: узнікненне і пашырэнне капіталіст. адносін (16 — сярэдзіна 18 ст.) і станаўленне капіталіст. ўкладу (сярэдзіна 18 ст. — 1861). На 1-м этапе пракапіталіст. тэндэнцыі ў сац.-эканам. развіцці феад. горада і вёскі праяўляліся ў росце рыначных сувязей, спецыялізацыі і кааперацыі рамяства, пашырэнні гандлю, грамадскага падзелу працы, маёмаснай дыферэнцыяцыі рамеснікаў і сялянства. На 2-м этапе назіралася фарміраванне капіталіст. ўкладу ў нетрах феадалізму, развіваліся першасныя формы капіталіст. вытв-сці, мануфактуры паступова выцясняліся фабрыкамі, заснаванымі на выкарыстанні машын. Да пач. 1860-х г. колькасць дробных прадпрыемстваў капіталіст. тыпу (разам з рамеснымі майстэрнямі з пераважна наёмнай працай) павялічылася да 7,8 тыс. (27,7% ад усіх прадпрыемстваў, у т. л. рамесных), колькасць рабочых — да 23,4 тыс. (38%), колькасць мануфактур узрасла да 140 (каля 4,7 тыс. рабочых); дзейнічала 76 фабрычных прадпрыемстваў (3075 рабочых). Першыя фабрычныя прадпрыемствы з вольнанаёмнай працай з’явіліся ў сярэдзіне 1840-х г. На капіталіст. сектар фабрычнай вытв-сці прыпадала 2/5 прадукцыі ўсіх фабрык. У выніку адмены прыгону ў Беларусі пачалося больш хуткае выцясненне дробнай вытв-сці і мануфактуры, што суправаджалася паскоранымі тэмпамі росту фабрычна-заводскай прам-сці, фарміравання прамысл. пралетарыяту і буржуазіі. Разам з тым характэрнай рысай прамысл. развіцця Беларусі было захаванне і пашырэнне дробнай вытв-сці і мануфактур, параўнальна невял. памеры фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў. З 1860 да 1900 агульная колькасць фабрык і заводаў тут павялічылася ў 15 разоў, колькасць рабочых на іх — у 10,8 раза, колькасць мануфактур — у 5,4 раза, рабочых на іх — у 6,1 раза, колькасць дробнакапіталіст. прадпрыемстваў — у 2,2 раза, рабочых на іх — у 2,7 раза, рамесных майстэрняў — у 2,9 раза, рамеснікаў — у 3,6 раза. Агульная колькасць прамысл. рабочых на Беларусі ў 1900 склала 236,8 тыс. У выніку ўдзельная вага бел. прам-сці дасягнула ў прадукцыі прам-сці Расіі 5%, а колькасць рабочых — амаль 10%. Узмацнялася роля банкаўскага капіталу ў арг-цыі і развіцці капіталіст. прам-сці. Пасля пераадолення крызісу і дэпрэсіі 1900—07 сярэднегадавы рост валавой прадукцыі фабрычна-заводскай прам-сці ў Беларусі дасягнуў 13,9%. За 1900—13 колькасць буйных (цэнзавых) прадпрыемстваў павялічылася на 61,2%, іх валавая прадукцыя — на 229,6%. Характэрныя рысы развіцця К. гэтага перыяду — інтэнсіўнае тэхн. і тэхналаг. пераабсталяванне прадпрыемстваў, канцэнтрацыя вытв-сці і цэнтралізацыя прамысл. капіталу, узнікненне манапалістычных аб’яднанняў, пашырэнне працэсу акцыяніравання прадпрыемстваў, стварэнне спрыяльных умоў для замежных інвестыцый і інш.
У сучасны перыяд у Рэспубліцы Беларусь дзяржава стварае роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, у т. л. прыватнай, і гарантуе ўсім грамадзянам роўныя магчымасці для прадпрымальніцкай і іншай эканам.дзейнасці.
Літ.:
Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;
Яго ж. Теории прибавочной стоимости // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 26, ч. 1—3;
Смит А. Исследование о природе и причинах богатства народов. М., 1962;
Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв.Т. 3 (Полн. собр. соч.Т. 3);
Яго ж. Імперыялізм, як вышэйшая стадыя капіталізму // Там жа. Т. 22 (Там жа. Т. 27);
Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1—2. Мн., 1972;
История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1. Мн., 1984;
Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;
Экономическая история капиталистических стран. М., 1986;
Капитализм на исходе столетия. М., 1987;
Экономика зарубежных стран: Капиталист. и развивающиеся страны. М., 1990;
Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм, XV—XVIII вв.: Пер. с фр.Т. 1—3. М., 1986—92;
Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сі́ла, ‑ы, ж.
1. Здольнасць жывых істот напружаннем мышц рабіць фізічныя рухі, дзеянні; фізічная энергія чалавека, жывёліны. Быў.. [малодшы брат] дужы, як тур, і спадзяваўся на сваю сілу.Якімовіч.[Яўген Лубян] зрабіўся маўклівым, панурым, схуднеў, выцягнуўся, але не страціў сваёй фізічнай сілы і рухавасці.Шамякін.А бедны воўк, вадой падцяты, Скрабе па лёдзе кіпцюрамі І носам рые, рве зубамі, І ўвесь пружыніцца і рвецца, Але нічога не ўдаецца, І ўсё слабее ў воўка сіла.Колас.//звычайнамн. (сі́лы, сіл). Фізічная магчымасць дзейнічаць, рабіць што‑н. Рука заблыталася ў водарасцях, і.. [Андрэй Міхайлавіч] раптоўна страціў сілы.Самуйлёнак.Пад цёплым душам да Шуры вярнуліся сілы.Ставер.Да работы ёсць ахвота, Сілы маю — хоць адбаў.Гурло.// Фізічнае ўздзеянне, насілле. [Сухадольскі:] А я вам заяўляю, што ніякая сіла не прымусіць мяне прыняць вашы бязглуздыя прапановы.Крапіва.Праўду бо кажуць: бярэ не сіла, а смеласць.Якімовіч.// Жыццёвая энергія, жыццяздольнасць каго‑, чаго‑н. Усё зацвіло, загаманіла, Бы жыватворчая тут сіла Ад сну прыроду абудзіла.Колас.
2. Здольнасць чалавека да духоўнай дзейнасці, да праяўлення сваіх разумовых ці душэўных уласцівасцей (волі, розуму, характару і пад.). Сіла характару. Сіла волі. □ Вечаровай часінай Зазвінела [песня] ў цішы Нерастрачанай сілай Чыстай юнай душы.Гілевіч.Вялікія ідэі ў творы можа несці на сабе толькі чалавек з усімі яго супярэчнасцямі, слабасцямі і сілаю духу.Скрыган.// Сукупнасць фізічнай, духоўнай і разумовай энергіі чалавека, неабходнай для якога‑н. дзеяння, учынку і пад. Там галасы абуджэння. — Звонам вясны ў вушах, Сілай жыцця нятленнай Там маладзее душа!Звонак.Ва ўсім абліччы.. чалавека.. было столькі ўпэўненасці, столькі глыбокай унутранай сілы.Лынькоў.//звычайнамн. (сі́лы, сіл). Здольнасць, магчымасць дзейнічаць, рабіць што‑н. Палохала адказнасць, не ставала веры ў свае сілы.Карпаў.
3. Энергія, здольная выконваць якую‑н. работу, выводзіць цела, матэрыю са стану спакою або змяняць кірунак, хуткасць руху. Сіла цяжару. Цэнтрабежная сіла. □ Магутная сіла зямнога прыцяжэння пераадолена!Гамолка.Ракі непакорнай Грымучая сіла Днямі, начамі Турбіны няспынна круціла.Танк.
5. Улада, магутнасць. Сіла дзяржавы. Сіл калектыву. Сіла кіраўніцтва. □ [Бандароўна пану:] — Пі, гуляй з сваёй раўнёю, Покі ваша сіла, — Бандароўне больш да твару — Чымся ты — магіла.Купала.[Сымон:] — Ой, не, дзедку: проціў сілы Можна ставіць толькі сілу.Колас.// Здольнасць рабіць уплыў, уздзейнічаць на каго‑, што‑н. Сіла прывычкі. □ Пісьменнік раскрывае актыўную, жыццядзейную, сцвярджальную сілу шчырага кахання.Дзюбайла.Гунава глядзеў на.. [Тапурыя] ва ўпор, неадрыўна і востра, добра ведаючы сілу гэтага погляду.Самуйлёнак.// Здольнасць рабіць уражанне, пераконваць. Сіла доказаў. □ Здавён, аднак, у сілу слова веру!Лойка.Глядзіцца сцэна з неаслабнай увагай. Сіла яе — у глыбокай, хвалюючай дынаміцы.«Полымя».// Пра таго, хто (або тое, што) адыгрывае галоўную ролю ў чым‑н. Камуністы — магутная сіла Радзімы, У агні, быццам сталь, яны загартаваны.Танк.Нарэшце людзей на палетак Паклікала спелае лета. Камбайны — галоўная сіла, Пара і для іх наступіла.Смагаровіч.
6.Разм. Самае істотнае, галоўнае; сутнасць, сэнс. Чалавек павінен адчуваць сябе паўнапраўным гаспадаром у калгасе, — вось у чым сіла.Кулакоўскі.А сіла ў тым, на мой погляд, Які выконваеш загад.Колас.
7. Ступень праяўлення чаго‑н.; інтэнсіўнасць, напружанасць. Сіла ветру. Сіла выбуху. □ Стук паўтарыўся з большаю сілаю і настойлівасцю.Колас.Гэты купалаўскі верш літаральна абляцеў усю Беларусь. Сіла яго дзейснасці была незвычайная.Кудраўцаў.// Велічыня, значнасць, глыбіня (разумовых ці душэўных якасцей, уражанняў, перажыванняў). Сіла таленту. Сіла гневу. □ Сіла і слабасць Талстога з вычарпальнай паўнатой ускрыты Леніным.«Маладосць».[Зёлкін:] Якая сіла канструктыўнага розуму ў Аляксандра Пятровіча.Крапіва.Сцёпкаў непакой дасяг[нуў] сваёй найбольшай сілы тады, калі ён ехаў апошнюю станцыю.Колас.Гэта тэма невымерная... У ёй і выпрабаванне волі, і боль адчаю, і сіла надзей, і веліч перамог.Скрыган.
8. Тое, што вымушае каго‑н. дзейнічаць так ці інакш. Карп рушыў на сваю сялібу — невядомая сіла цягнула яго туды.Шамякін.Нейкая сіла штурханула Пятра Сарокіна ў хату.Данілевіч.
9.часцеймн. (сі́лы, сіл). Матэрыяльная аснова, якая можа быць крыніцай якой‑н. энергіі. Сілы прыроды. Цяглавая сіла. □ Упёрся Даніла сваім целам на мосце на парэнчу ды стаяў, поглядам мераў вадзяную сілу.Баранавых.
10.звычайнамн. (сі́лы, сіл). Частка грамадства, група, якая вызначаецца якімі‑н. характэрнымі прыкметамі ці накіраванасцю ў сваёй дзейнасці. Рухаючыя сілы рэвалюцыі. Сілы міру. Сілы сацыяльнага прагрэсу. □ У 90‑я гады XIX ст. на гістарычную арэну ў якасці самастойнай палітычнай сілы выходзіць расійскі рабочы клас.Івашын.Пісьменнік зусім не выпадкова паказаў сутыкненне процілеглых класавых сіл тагачаснай заходнебеларускай вёскі — рэвалюцыйна настроенага сялянства і яго антыпода — кулацтва.Майхровіч.
11.часцеймн. (сі́лы, сіл). Войскі. Узброеныя сілы. Марскія сілы. □ Асноўныя сілы і спыніліся на ўскраіне лесу.Лынькоў.На вакзале .. [Дзічкоўскага] чакалі прадстаўнікі паветраных сіл.Алешка.Як высветлілася, усе [партызаны] былі жывы-здаровы і толькі яшчэ раз адчулі, чаго варт для іх той, хто лучыў іх у адну баявую сілу.Брыль.Прыйшлі дні вялікіх партызанскіх баёў з грознай сілай ворага.Чорны.
12.звычайнамн. (сі́лы, сіл). Людзі, якія складаюць які‑н. вытворчы калектыў; людзі падобнай прафесіі. Педагагічныя сілы. Артыстычныя сілы. □ Наша беларуская літаратура мае добрыя творчыя сілы.Дуброўскі.
13.узнач.прысл.сі́ламі. Пры дапамозе, з удзелам каго‑н. Сіламі калектыву. □ Многа ўвагі Ірына аддавала спектаклям у Мінскай гімназіі, дзе яна вучылася. Тут часта арганізоўваліся сіламі навучэнцаў пастаноўкі, якімі кіравалі педагогі.«Полымя».
14.каго-чаго. Разм. Велізарная колькасць, мноства. Кожную восень збіраўся вялікі кірмаш, сіла людзей з’язджалася...Грахоўскі.[Валодзя:] — Бачыце ж, ні за што сам [сусед] не ўзяўся. Відаць, грошай сілу мае, а грошы, яны, брат, такія ўчэпістыя, што могуць не толькі шафу ці канапу на пяты паверх зацягнуць.Сабаленка.
•••
Адваротная сіла закона — пашырэнне дзеяння закона на тое, што адбылося да яго выдання.
Жывая сіла — людзі і жывёла (пры супрацьпастаўленні тэхніцы, механічнай сіле).
З пазіцыі сілыгл. пазіцыя.
Конская сіла (уст.) — адзінка вымярэння магутнасці.
Прадукцыйныя сілы — сукупнасць сродкаў вытворчасці і людзей, якія прыводзяць іх у рух.
Рабочая сіла — здольнасць чалавека да працы, г. зн. сукупнасць яго фізічных і духоўных магчымасцей, якія выкарыстоўваюцца ім у працэсе вытворчасці.
Агульнымі сіламі — усе разам, супольна.
Ад сілы — самае большае. Чалавек быў яшчэ зусім малады, яму было ад сілы гадоў васемнаццаць.Лынькоў.
Брацца (убірацца) у сілугл. брацца.
Выбіцца з сілгл. выбіцца.
Высмактаць (усе, апошнія) сілыгл. высмактаць.
З апошніх (астатніх) сіл — колькі ёсць магчымасці, з гранічным напружаннем (рабіць што‑н.).
З сілай — з вялікім уздымам, пачуццём (гаварыць, спяваць і пад.).
З усёй сілай — з выкарыстаннем усіх магчымасцей. Я таксама з усёй сілай Крыкнуў бы раз-пораз.Колас.
З усёй (усяе) сілы; на ўсю (поўную) сілу; з усіх сіл — з найбольшым напружаннем, інтэнсіўнасцю; што ёсць моцы.
(Не) па сілекаму; (не) пад сілукаму — пра адпаведнасці (неадпаведнасць) магчымасцей, здольнасцей каго‑н. рабіць што‑н. Гарэнка вырашыў, што адна работа яму па сіле, работа вартаўніка.Вышынскі.Калі справа не пад сілу, Дык на плечы не бяры.Лужанін.
Не сіла — пра немагчымасць зрабіць што‑н. Не сіла яго [Яначкі] на гэтую работу: ногі дрыжаць, рукі млеюць.Крапіва.
(Не) у сілах — (не) магчы зрабіць што‑н.
Не шкадуючы сілгл. шкадуючы.
Нячыстая сіла — чорт, д’ябал.
Па меры сілгл. мера.
Сваімі (уласнымі) сіламі — самастойна.
Увайсці (увабрацца) у сілугл. увайсці.
У сіле — а) у стане фізічнага і духоўнага росквіту; з вялікімі магчымасцямі. Навошта мне піць ваша зелле: Я ў сіле, яшчэ малады.Смагаровіч; б) у разгары, у росквіце. Хоць сведчаць грымоты. Што жнівень У сіле яшчэ і красе, Ды ўжо нашай вуліцай лівень Лісты да рачулкі нясе.Гілевіч.
Усімі сіламі — прыкладваючы ўсе намаганні, усё старанне.
Уступіць у сілугл. уступіць.
Цераз (праз) сілу — звыш магчымасцей, жадання.
Цёмныя сілы — пра тое, што прыпыняе зло, шкоду.
Што (колькі) ёсць сілы — тое, што і што (колькі) ёсць духу (гл. дух).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзень, дня; Рмн. дзён; м.
1. Частка сутак, час ад усходу да заходу сонца, ад раніцы да вечара. Ціхія ясныя дні, пасля дажджоў, палалі сонцам.Чорны.Ад лагера да Кромані.. не больш дваццаці кіламетраў, аднак на гэты пераход быў затрачаны доўгі летні дзень.Брыль.// Дзённае святло. [Маці] устала да дня, напякла бліноў ды прылегла адпачыць.Ваданосаў.— Уцякай жа за пагодай, Донька маладая, Покі дзень засвеціць ясны, Покі сіл хапае!Купала.
2. Суткі, прамежак часу ў 24 гадзіны. У тыдні сем дзён. □ Ужо колькі дзён, як ціхімі вечарамі глуха гудзе зямля, і гэты гул нарастае штодня.Лынькоў.// Прамежак часу ў сутках або цэлыя суткі, прысвечаныя пэўнаму роду заняткаў, дзейнасці. Дзень адпачынку. Святочны дзень. Кірмашовы дзень. Прыемны дзень.
3. Дакладна вызначаны тэрмін, дата, прысвечаная якой‑н. падзеі, святкаванню чаго‑н. Дзень Канстытуцыі. Міжнародны жаночы дзень. □ У той вечар яны адзначалі дзень нараджэння аднаго з таварышаў; у брыгадзе з’явілася і такая традыцыя — калектыўна адзначаць дні нараджэння.Лось.
4.толькімн. (дні́, дзён). Пэўны час, перыяд жыцця. Дні дзяцінства. □ Апошнія канікулы былі самымі шчаслівымі, светлымі днямі жыцця.Шамякін.Дні прайшлі, На галаву апалі Замаразкі першай сівізны.Панчанка.
•••
Дзень адкрытых дзвярэй — дзень вольнага доступу (з мэтай азнаямлення з прадпрыемствам, навучальнай установай і г. д.).
Павестка днягл. павестка.
Палярны дзень — частка года за палярным кругам, на працягу якой сонца не заходзіць.
Парадак днягл. парадак.
Посны дзень — дзень, у які згодна з царкоўнымі законамі нельга есці скаромнае.
Рабочы (працоўны) дзень — пэўная колькасць часу, прызначаная для работы, службы.
Разгрузачны дзень — дзень з аблегчанай дыэтай, які назначаецца для асоб, схільных да паўнаты.
Санітарны дзень — дзень, у які праводзіцца санітарны агляд службовага памяшкання.
Светлавы дзень — частка сутак, на працягу якой свеціць сонца.
Скаромны дзень — дзень, у які згодна з царкоўнымі законамі дазваляецца есці малочную і мясную ежу.
Абы дзень да вечара — абы-як, не выяўляючы старання, зацікаўленасці да работы, да жыцця.
Белым днём — удзень, днём.
Грош цана (у базарны дзень)гл. цана.
Гэтымі днямі; на гэтых днях — некалькі дзён таму назад або праз некалькі наступных дзён.
Да канца дзён (сваіх)гл. канец.
Дзень ада дня — а) з кожным днём, паступова. — Дык вот я нешта не бачу, каб дзень ада дня лепш рабілася, — падцвяліў Конан.Лобан; б) штодзень, кожны дзень. Ты гары, ты рвіся дзень ада дня, з цямна да цямна, а ёй — хоць бы што!Мележ.
Дзень добры!; Добры дзень! — прывітальны зварот пры сустрэчы раніцай або днём.
Дзень за днём — з кожным днём, паступова.
Дзень і ноч — увесь час, пастаянна, бесперапынна.
Дзень у дзень; дзень пры дні — штодзень, кожны дзень.
Дні злічанычые — мала засталося жыць каму‑н.
Жыць сягонняшнім днёмгл. жыць.
Заглянуць у заўтрашні дзеньгл. заглянуць.
Заднім днём — больш раннім, чым было на самой справе.
Заўтрашні дзень — недалёкай будучыня; тое, што будзе.
З дня на дзень — а) у бліжэйшыя дні (чакаць каго‑, чаго‑н. і пад.). З дня на дзень чакаўся прыезд меліяратараў.Дуброўскі; б) увесь час, з аднаго дня на другі (адкладваць і пад.). [Ганна] збіралася з дня на дзень паўтарыць паездку, ды... усё не магла сабрацца.Гартны; в) з кожным днём, паступова.
З дня ў дзень — а) кожны дзень, некалькі дзён запар. Над полем, над дарогаю — з дня ў дзень пяшчотная сонечнасць.Мележ; б) з кожным днём, паступова. З дня ў дзень губляла блакітную празрыстасць неба.Краўчанка.
Злоба днягл. злоба.
Кожны божы дзень — штодзённа.
Лічаныя дні — мала часу; нядоўга.
Навесці цень на ясны дзеньгл. навесці.
На злобу днягл. злоба.
На схіле дзёнгл. схіл.
Не па днях, а па гадзінахгл. гадзіна.
Судны дзень — а) паводле рэлігійных уяўленняў, дзень «страшнага» суда, дзень канца свету; б) час расплаты за злачынствы. Судны дзень набліжаецца. З хмары хутка грозных маланак штыкі Па варожых галовах удараць.Куляшоў.
Сярод белага дня — удзень, днём.
Учарашні дзень — былое, мінулае.
Чорны дзень — перыяд нястачы, беднасці ў жыцці; цяжкая часіна.
Чуць дзень — вельмі рана, як толькі пачало світаць.
Як дзень белы — увесь дзень, цэлы дзень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шлях, ‑у, м.
1. Шырокая, прыстасаваная для руху транспарту дарога. За дзесяць кіламетраў праходзіў вялікі шлях, на якім мала калі заціхаў рух машын і людзей.Чорны.— Праедзеш палявою дарогаю, а там выедзеш на шлях.Скрыган.Ранкам чутны на марозе Гул матораў, скрып палоззяў, — Шлях ажно гудзе.Кірэенка.// Дарога наогул. Пясчаны шлях, насыпаны ўзбоч чыгункі, вядзе ў лес і ў мястэчка, прасёлкавая дарога — у мястэчка і ў поле.Навуменка.Пругка ступае на цвёрды, убіты шлях нага, спружыніцца роўны крок.Мурашка.// Прастора, па якой адбываецца рух, перамяшчэнне каго‑, чаго‑н. Паветраны шлях. Чыгуначны шлях. □ Бяжыць вада каналамі, — Вялікі волжскі шлях...Колас.Па гэтаму воднаму шляху лес з паўночнай лясістай часткі былой Мінскай губерні сплаўляўся ў Рыгу.В. Вольскі.// Адлегласць, якую трэба прайсці, праехаць, пэўная колькасць пройдзенага, праеханага. Прайсці немалы шлях.
2. Месца для праходу, праезду і пад. Высокая плаціна ўжо перагарадзіла шлях вадзе.Шамякін.Ім [юнаку і дзяўчыне] значылі шлях маякі, запаленыя Міканорам Іванавічам.Даніленка.Перагароджваючы.. [Марыльцы] шлях, па вуліцы прайшла адна, другая, трэцяя машына.Брыль.//перан. Доступ куды‑н., магчымасць глыбей пранікнуць куды‑н. Клімава-камісар шукае шлях да сэрца Аляксея ў сяброўскай гутарцы.«Маладосць».
3.перан. Вялікі перыяд, этап развіцця каго‑, чаго‑н. [Мірон:] — Я думаю, мы за гэтую гадзіну прайшлі шлях, які першабытны чалавек праходзіў гады, стагоддзі...Маўр.
4.толькімн. (шляхі́, ‑о́ў). Орган у выглядзе каналаў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць арганізма. Дыхальныя шляхі. Выдзяляльныя шляхі.
5. Падарожжа, перамяшчэнне куды‑н. Ззаду застаўся доўгі і небяспечны шлях праз гнілыя стаячыя рэкі, праз небяспечныя багны, дзе на кожным кроку чакае пагібель.Самуйлёнак.
6. Напрамак, маршрут. Мы ішлі, не зналі страху, Каб не збіцца хоць са шляху.Бядуля.А калі раніцой Страляніну пачуў [Змітрок], То падаўся па ёй, Шлях трымаў на яе Ад сасны да сасны.Куляшоў.//перан. Напрамак дзейнасці, развіцця чаго‑н. Найбольш значныя.. творы [Зм. Бядулі] — аповесць «Салавей» і раман «Язэп Крушынскі», напісаныя пасля рэвалюцыі, сведчаць аб тым, што пісьменнік авалодаў марксісцка-ленінскай ідэалогіяй, пайшоў па шляху сацыялістычнага рэалізму.Каваленка.Блуканні маладога музыкі — гэта вехі на шляху яго духоўнага росту.Гіст. бел. сав. літ.//перан. Сродак, спосаб, магчымасць дасягнення, здзяйснення чаго‑н. Першыя творы на новай беларускай літаратурнай мове звычайна былі ананімныя і распаўсюджваліся рукапісным або вусным шляхам.Гіст. бел. літ. мовы.Прафесар пачаў шукаць шляхі прымірэння з дачкой.Шахавец.
7.перан. Напрамак, дзейнасць, учынкі каго‑н. Баявы шлях кожнага з.. людзей — і ў падполлі, і потым у атрадзе — быў.. звязан з работай Марусі Данілавай.Брыль.Тры стужкі — адзнакі аб раненнях, ордэны і медалі на гімнасцёрцы самі сабой сведчылі аб.. шляху [Паходні] ў гады вайны.Хадкевіч.Шлях Максіма Багдановіча ў літаратуры не быў простым і роўным.Шкраба.// Жыццё каго‑н.; дзейнасць, заслугі каго‑н. у час жыцця. Ён [радавы] не баяўся нават смерці, Ды куля адарвала шлях На полі бою ў сорак трэцім.Смагаровіч.Не мне пра шлях ягоны [У.І. Леніна] гаварыць, Нібы кіно, манціраваць па частках: Я не сучаснік ленінскай пары, Я трыццаць год хаджу ў яго нашчадках.Тармола.[Дырэктар тэхнікума:] — Папярэджваю: не адны ружы, але і шыпы будуць на вашым шляху.Васілевіч.
8.перан. Жыццёвы лёс каго‑, чаго‑н. Радасна было ўсведамляць, што ўсё між.. [Юркам і Лёдзяй] асталося па-ранейшаму, хоць так па-рознаму вызначылася іхнія шляхі.Карпаў.Душою і сэрцам вызнаў Я праўду сваёй Радзімы, І як груганы б ні віслі, З ёй шлях у мяне — адзіны!Гілевіч.
•••
Млечны Шлях — мноства зорак, падобнае ў ясныя ночы па светлую паласу, расцягнутую па небе.
Тармазны шлях — адлегласць, якую праязджае машына пасля пачатку тармажэння.
Шляхі зносін — сукупнасць якіх‑н. шляхоў (у 1 знач.) і пуцей, як сродкаў, спосабаў перамяшчэння. З усіх відаў шляхоў зносін рэспублікі, як і ў цэлым па краіне, найбольш важнае народнагаспадарчае значэнне мае чыгуначны транспарт.Лыч.
Апошні шлях — пра пахаванне каго‑н.
Жыццёвы шлях — жыццё.
Кружным (абходным) шляхам — у абход (рабіць, дамаўляцца аб чым‑н. і пад.).
На шляхудачаго — дзейнічаючы, развіваючыся ў якім‑н. напрамку.
Саступіць з (свайго) шляхугл. саступіць.
Стаць на шлях чаго, якігл. стаць.
Стаць (стаяць) на шляхучыім, укагогл. стаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)