бел. філосаф, палітэканом, перакладчык. Вучыўся ў Гал. школе ВКЛ (Віленскі ун-т). Быў ад’юнктам філасофіі, выкладчыкам палітэканоміі, з 1810 праф. Віленскага ун-та. Аддаваў перавагу філасофіі франц. асветнікаў, найперш Э. дэ Кандыльяка, «Логіку» якога з уласнымі каментарыямі і прадмовамі З. пераклаў на польск. мову і выдаў у Вільні ў 1802. Пры распрацоўцы курса палітэканоміі З. аддаваў перавагу ліберальным эканам. ідэям А.Сміта, у 1816 надрукаваў «Даследаванне пра палітычную эканомію, яе гісторыю і сістэмы». Удзельнічаў у падрыхтоўцы да друку перакладу на рус. мову Статута Вял. кн. Літ. 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУЙКІ́ (Charadrius),
род птушак сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. 23 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць З. жыве паблізу вадаёмаў, некаторыя — у пустынях і камяністых стэпах. Найб. вядомыя З.: гальштучнік, або зуёк вялікі; малы (Ch. dubius); мангольскі (Ch. mongolus); марскі (Ch. alexandrinus); таўстадзюбы (Ch. leschenaultii). На Беларусі 2 віды З.: гальштучнік, занесены ў Чырв. кнігу, і малы.
Даўж. цела 15—25 см, маса 30—90 г. Галава вял., дзюба прамая, кароткая, слабая, ногі тонкія, крылы доўгія. Верх цела шаравата-пясочны, брушка белае. Гняздо — невял. ямка ў пяску. Нясуць 2—4 яйцы. Кормяцца насякомымі, іх лічынкамі і інш. беспазваночнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБРАГІ́МАЎ (Мірза Аждар аглы) (н. 28.10.1911, с. Эве, Азербайджан),
азербайджанскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Акад.АН Азербайджана (1945). Нар. пісьменнік Азербайджана (1961). Герой Сац. Працы (1981). У раманах «Настане дзень» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Вялікая апора» (1957), «Пэрванэ» (1970), «Новыя часы» (1971) і інш. адлюстраваў перыпетыі гіст. лёсу азерб. народа (нац.-вызв. рух у Іране, станаўленне калгаснай вёскі, падзеі Вял.Айч. вайны). Вядомы як драматург, публіцыст і літаратуразнавец. Аўтар зб. «Кніга майго жыцця. Нарысы» (1982). На бел. мову асобныя творы І. пераклалі У.Анісковіч, П.Ізох, П.Кавалёў, А.Макаёнак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Канстанцін Канстанцінавіч) (21.5.1907, г. Яфрэмаў Тульскай вобл., Расія — 15.4.1984),
рускі дырыжор. Нар.арт.СССР (1958). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1937, клас Л.Гінзбурга). З 1941 дырыжор Вял.сімф. аркестра Усесаюзнага радыё, у 1946—65 гал. дырыжор Дзярж.сімф. аркестра Расіі. Цэнтральнае месца ў яго рэпертуары займалі сімф. творы рус. і зарубежнай класікі, творы сучасных айч. і зарубежных кампазітараў. Яго мастацтву былі ўласцівы яркая эмацыянальнасць, імкненне да манументальнасці, буйных форм. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу дырыжораў (1938). Аўтар сімфоніі, сімф. паэмы, канцэрта для кантрабаса з арк., вак. твораў, кн. «Чарадзейства музыкі» (1983). Дзярж. прэмія СССР 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЫ́ЛІЯ (ад грэч. eidyllion карцінка),
1) спакойнае, нічым не засмучанае, шчаслівае існаванне (часам — у іран. сэнсе).
2) У літаратуры жанравая разнавіднасць букалічнай паэзіі; верш з апісаннем спакойнага, сціплага жыцця звычайна на ўлонні прыроды. Стваральнік жанру стараж.-грэч. паэт Феакрыт. Яго І. вылучаюцца тонкасцю пачуццяў, майстэрствам адлюстравання быт. тыпаў і замалёвак прыроды, ідэалізацыяй побыту пастухоў, рыбакоў, сялян, што выклікала вял. колькасць перайманняў. У бел. паэзіі выкарыстоўваліся толькі ідылічныя матывы (вершы «Ціхі і сіні блішча над хатай...» М.Багдановіча, «Вясна», «Як я полем іду...» Я.Купалы, «Усход сонца», «Каханне» Я.Коласа і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКРАМІ́ (Джалол) (20.9.1909, г. Бухара, Узбекістан—11.6.1993),
таджыкскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Таджыкістана (1979). Друкаваўся з 1927. У кнігах апавяданняў і нарысаў «Жыццё і перамога» (1934), «Герой Дняпра» (1944), «Мухабат» (1951), «З Душанбе ў Кіеў» (1959), п’есах «Вораг» (1933), «Сэрца маці» (паст. 1942), «Гарнізон не здаецца» (1975), раманах «Шодзі» (ч. 1—2, 1940—49), «Дачка агню» (1962), трылогіі «Дванаццаць варот Бухары» (1961—74), «Вараннё жывучае» (1979) і інш. адлюстраваў паднявольны лёс жанчыны Усходу да рэвалюцыі, этапы станаўлення тадж. калгаснай вёскі, падзеі грамадз. і Вял.Айч. войнаў. Асобныя творы І. на бел. мову пераклаў У.Яцко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫ́ЙСКІЯ БЕГУНЫ́,
парода качак яечнага кірунку. Выведзена ў Паўд.-Усх. Азіі і на Малайскім архіпелагу; у Еўропу завезена ў 2-й пал. 19 ст. Па смаку яйцы нагадваюць курыныя. На Беларусі І.б. гадуюць аматары.
Ад інш. парод качак адрозніваюцца пінгвінападобнай пастаноўкай корпуса цела, высокімі аранжава-чырв. нагамі, доўгай тонкай шыяй. Хутка бегаюць (адсюль назва). Знішчаюць вял. колькасць насякомых і чарвей. Апярэнне пераважна белае, зрэдку бурае, чырвона-папялістае, пярэстае і чорнае. Жывая маса дарослых качараў 2 кг, качак 1,8 кг. Самкі адкладваюць за год каля 300 яец (маса яйца 75 г).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ БРЫГА́ДЫ,
баявыя злучэнні добраахвотнікаў з 54 краін, якія змагаліся на баку Іспанскай Рэспублікі ў час грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39. Усяго было 7 І.б. (11-я, 12, 13, 14, 15, 129, 150-я) з агульнай колькасцю асабовага складу 35—50 тыс.чал. Фарміраваліся ў асноўным паводле прынцыпу нац. прыналежнасці (напр., італьян.Гарыбальдзі батальён). Яны дапамагалі ісп. народу ў барацьбе супраць фашызму. Вял. дапамогу ў фарміраванні, узбраенні і падрыхтоўцы І.б. аказаў СССР. У кастр. 1938 па рашэнні рэсп. ўрада І.б. эвакуіраваны з Іспаніі.
Літ.:
Лонго Л. Интернациональные бригады в Испании: Пер. с итал. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСА́ЧАНКА (Аляксандр Лаўрынавіч) (14.3.1919, в. Хоўхла Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 8.10.1942),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Гомельскага камсамольска-маладзёжнага падполля і партыз. руху ў Гомельскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Рэчыцкае пед. вучылішча. Да вайны сакратар Гомельскага гаркома ЛКСМБ. Са жн. 1941 падрыўнік, разведчык у партыз. атрадзе «Бальшавік», адначасова сакратар Гомельскіх падп. абкома і гаркома ЛКСМБ, чл. Гомельскага падп. гаркома КП(б)Б. Група падрыўнікоў на чале з І. пусціла пад адхон 58 эшалонаў ворага, знішчыла 87 аўтамашын, танкаў, браневікоў. Загінуў пры падрыхтоўцы да задання. У в. Хоўхла яму пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІ́ЧНЫ КВАДРА́Т,
квадратная (n × n) табліца цэлых лікаў ад 1 да n2, у якой сума лікаў уздоўж любога радка, слупка і вял. дыяганалі табліцы ёсць велічыня пастаянная і роўная n(n2 + 1)/2. Лік n наз. парадкам М.к. Даказана, што М.к. можна пабудаваць для любога n>3. Існуюць М.к., якія задавальняюць дадатковыя умовы, напр., М.к. з n=8 можна разбіць на 4 меншыя па 16 лікаў, кожны з якіх таксама М.к. У абагульненым сэнсе пад М.к. разумеюць квадратныя табліцы, запоўненыя не абавязкова паслядоўнымі і першымі натуральнымі лікамі.