да́ўні, ‑яя, ‑яе.

1. Які быў, існаваў, адбыўся даўно, задоўга да цяперашняга часу; старадаўні. Даўнія часы. Даўнія парадкі. □ Пра даўні паход Ермака Хлапцы заспявалі ў вагоне. Аўрамчык. // Які існуе даўно, з даўняй пары. Даўні звычай. □ Дацэнт і Валіна маці, як пасля дазнаўся Міхась, былі даўнія знаёмыя. Шахавец. Ужо некалькі гадоў .. [стары] не выходзіў з дому, прыкуты да месца даўняй хваробай. Самуйлёнак.

2. у знач. наз. да́ўняе, ‑яга, н. Час, падзеі, якія папярэднічалі сучаснаму; мінулае. Успомнілася ўсё даўняе, мінулае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жаўце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Вылучацца сваім жоўтым колерам, віднецца (пра што‑н. жоўтае). На дрэвах у садзе золата жаўцелі адны толькі антонаўкі. Сабаленка. Убаку, дзе дарога падступала к зарасніку, нібы падфарбаваны, жаўцеў яшчэ новы масток. Мележ.

2. Станавіцца жоўтым, набываць жоўты колер. Жаўцець ад часу. // Паспяваць (пра плады, злакі). Лён на ўчастку пачаў жаўцець. // Вянуць, адміраць (пра лісце раслін). Стала восень, толькі пачыналі жаўцець і ападаць лісты. Скрыган. // Набываць нездаровы колер твару, цела. Жаўцець ад хваробы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няда́ўні, ‑яя, ‑яе.

1. Які адбыўся ў недалёкім мінулым, незадоўга да сучаснага моманту. Хай змываюць хмары чыстымі дажджамі След вайны нядаўняй, што прайшла лясамі. Куляшоў. // Які існуе мала часу, узнік, з’явіўся нядаўна. Нядаўняе знаёмства. □ Старэюць многія нядаўнія песні. Караткевіч.

2. Які быў кім‑н. незадоўга да сучаснага моманту. [Ніна] ішла.. па вуліцы Мінска і раптам сустрэла свайго нядаўняга педагога. Шчарбатаў. [Каця] чакала Аўдоццю, але тая доўга не выходзіла з хаты. — Каго пільнуеце? — Да яе падышоў хлопец, нядаўні сусед. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павява́ць, ‑ае; незак.

1. Дзьмуць злёгку або час ад часу. З поля павяваў лёгкі ветрык. Броўка. Ноч ціхая, ледзь-ледзь павявае вецер. С. Александровіч. / у безас. ужыв. Цёплым пахучым ветрыкам павявала з палёў. Чарнышэвіч. // звычайна безас. Абдаваць павевам чаго‑н. (цеплыні, пары і пад.). Недзе ў кустах звінеў на каменьчыках ручай. Адтуль павявала халадком. Асіпенка.

2. безас.; перан. Адчувацца (пра набліжэнне чаго‑н.); мець адзнакі чаго‑н. Гэта была мясцовасць, дзе павявала першымі адзнакамі Палесся. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паківа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Кіўнуцца некалькі разоў; ківацца на працягу нейкага часу. Мікалай Пятровіч сеў. Паспрабаваў паківацца — не скрыпіць. Устаў, падняў крэсла .., прыжмураным вокам агледзеў — добра зроблена! Нядзведскі. Галасок з таямнічай загадкавасцю паківаў пальцам, сам паківаўся, і яго тонкая, як жардзіна, постаць, здавалася, вось-вось пераломіцца ў поясе. Савіцкі.

2. Разм. Пайсці ківаючыся, перавальваючыся з нагі на нагу. Увішна тэпаючы трохкутнымі лапкамі па густой, нізка пагрызенай траве, .. сытыя качкі подбегам паківаліся на выган, да рэчкі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пама́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што. Распазнаючы, даследуючы, пакратаць каго‑, што‑н. Нупрэй памацаў рукою Панаса. — Ён жывы яшчэ. Ён толькі абамлеў. Колас. Карніцкі нахіліўся, памацаў дрот рукою, прамовіў здаволена: — Будуць свае цвікі! Паслядовіч. [Валя] падышла, памацала замок і невядома колькі часу стаяла каля дзвярэй, стомленая і спустошаная... Шамякін.

2. чым і без дап. Пашукаць некаторы час вобмацкам. Юрка памацаў рукой на паліцы і ўзяў кухонны нож. Курто. Сеў [Віця] у трамвай, памацаў у кішэнях — грошай ні капейкі. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасме́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Час ад часу, злёгку смяяцца. Збяруцца мужчыны — хто розныя смешныя штукі расказвае, на смех другога падымае, а Міходзя сядзіць сабе збоку, як чужы, слухае ды пасмейваецца. Ракітны. // з каго-чаго. Пакепліваць, насміхацца з каго‑, чаго‑н. Пан Вальвацкі лагодна пасмейваўся з Швэнцаравай ламанай гаворкі і з яго энтузіязму. Крапіва. У атрадзе .. было некалькі «храпуноў», з якіх заўсёды пасмейваліся і з якімі ніхто не хацеў разам жыць. Бураўкін.

•••

Пасмейвацца ў вусы — смяяцца ціха, непрыкметна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысмакта́цца, ‑смакчуся, ‑смокчашся, ‑смокчацца; зак.

Смокчучы, упіцца ў што‑н., моцна прыстаць да чаго‑н. П’яўка прысмакталася. Дзіця прысмакталася да грудзей. // перан. Разм. Прыстаць да чаго‑н., захапіцца чым‑н. Прыходзіцца па некалькі разоў перачытваць тое самае, нават і сумнаватае. Не дзіва, што прысмокчашся да Гогаля!.. Брыль. // перан. Разм. Прыдадзіцца да каго‑, чаго‑н. дзеля ўласнай выгады. — Вы, часам, не з тых недабітых афіцэраў Балаховіча, што рашылі да пары да часу прысмактацца да Савецкай улады? Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэля́цыя, ‑і, ж.

Уст.

1. Данясенне, паведамленне аб баявых дзеяннях. Напалеону засталося адно: сядзець на барабане з падзорнаю трубою, час ад часу паглядаць праз яе на дымавыя аблокі і чакаць паведамленняў-рэляцый аб выніках. Дубоўка. // Паведамленне пра якія‑н. падзеі, факты. Па суроваму загаду на ногі ўзнялася ўся жандармерыя і паліцыя Гродзеншчыны, паляцелі сакрэтныя дэпешы і рэляцыі ў Вільню. С. Александровіч.

2. Апісанне баявога подзвігу якой‑н. асобы ці воінскай часці пры прадстаўленні іх да ўзнагароды.

[Ад лац. relatio — паведамленне, даклад.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старажы́л, ‑а, м.

Той, хто жыве шмат гадоў па адным месцы. Я ж сустрэў Дземідзёнка, калі ён лічыўся ўжо на Ганчарнай вуліцы старажылам. Чыгрынаў. Таму спытаў я: — Хто тут жыў Перад вайной, у гэтым доме? — І адказаў мне старажыл: — Былі гаспадары, вядома, І гэты бэз іх і вішняк. Танк. // звычайна мн. (старажы́лы, ‑аў). Карэнныя жыхары якой‑н. мясцовасці (у адрозненне ад перасяленцаў). Ніхто з старажылаў вёскі Кастрыца на Лепельшчыне не памятае, з якога часу пагорак пачалі называць Царкавішчам. Штыхаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)