МІ́НСКІ АВІЯРАМО́НТНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1953 у Мінску як авіярамонтная база, з 1964 — завод № 407 грамадзянскай авіяцыі. З канца 1996 сучасная назва. Спецыялізаваўся на рамонце самалётаў грамадз. авіяцыі (Лі-2, Іл-14, Ту-124). З 1980-х г. рамантуе самалёты Ту-134, Як-40, Як-42 і іх мадыфікацыі авіякампаній Беларусі, краін СНД, замежных. Аказвае паслугі на рынку авіятэхнікі; мае банк даных, распрацоўвае авіяц. дакументацыю. Выпускае таксама складаную быт. тэхніку — пральныя машыны, мікрахвалевыя печы, электрацеплавентылятары, пластмасавыя рэчы і інш.

т. 10, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАЛЕ́ДЖ ГА́НДЛЮ.

Засн. ў 1957 у Мінску як тэхнікум сав. гандлю. З 1997 сучасная назва. Рыхтуе бухгалтараў гандл. прадпрыемстваў, юрыстаў, тэхнікаў-тэхнолагаў грамадскага харчавання, эканамістаў, таваразнаўцаў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): тэхналогія прадукцыі грамадскага харчавання; камерцыйная дзейнасць; правазнаўства; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль, эканоміка і кіраванне прадпрыемствам. Прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае. Мае філіял (з 1996), у якім на дзённым аддзяленні вучацца інваліды па спецыяльнасці эканоміка і кіраванне прадпрыемствам.

т. 10, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ТЭ́ХНІКУМ-ПРАДПРЫЕ́МСТВА ЛЁГКАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ.

Засн. ў 1945 у Мінску як тэхнікум лёгкай прам-сці. З 1989 сучасная назва. Рыхтуе тэхнікаў-канструктараў-тэхнолагаў, тэхнікаў-тэхнолагаў, тэхнікаў-механікаў, бухгалтараў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): тэхналогія і канструяванне вырабаў са скуры; апрацоўка тканіны; тэхн. абслугоўванне і рамонт абсталявання абутковай вытв-сці; бухгалтарскі ўлік у лёгкай прам-сці; прадзенне шэрсці і хім. валокнаў; тэхналогія тканіны і тканых вырабаў. Прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 10, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРАВІ́НГІ (позналац. Merovingi),

першая каралеўская дынастыя ў Франкскай дзяржаве ў 457—751. Назва ад легендарнага родапачынальніка Меравея (Merovaeus). У перыяд праўлення М. у франкаў зарадзіліся феад. адносіны. Гал. прадстаўнікі: Хільдэрык I [457—81] — фактычны заснавальнік дынастыі; Хлодвіг I [481—511], пры якім франкі заваявалі рым. Галію; Хлотар II [584—629], Дагаберт I [629—39]. Пераемнікі Дагаберта I, т.зв. «лянівыя каралі», былі фактычна адхілены ад улады сваімі маярдомамі (вышэйшымі саноўнікамі), адзін з якіх — Піпін Кароткі — скінуў апошняга караля з дынастыі М. Хільдэрыка III [743—51] і паклаў пачатак дынастыі Каралінгаў.

т. 10, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́СЯЦЫ-РЫ́БЫ (Molidae),

сямейства рыб атр. іголкабрухападобных. 3 роды (Masturus, Mola, Ranzania), 4 віды. Жывуць пераважна ў трапічных і субтрапічных водах адкрытага акіяна. Маларухомыя.

Даўж. да 3 м і больш, маса да 1,4 т. Цела высокае, сціснутае з бакоў, без хваста; нагадвае дыск месяца (адсюль назва). Функцыю хваста выконваюць заднія ч. спіннога і анальнага плаўнікоў. Скура тоўстая, эластычная, з касцянымі бугаркамі або пласцінкамі. Зубы злітыя ў пласціны. Кормяцца ракападобнымі, кальмарамі, дробнай рыбай і інш.

Месяц-рыба.

т. 10, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГА́ЙСКІ ШЛЯХ,

адзін з асн. шляхоў набегаў качэўнікаў на рас. землі. Назва вядома з пач. 16 ст., калі феадалы Нагайскай Арды карысталіся ім для перагону жывёлы на рас. рынкі. Пачынаўся ад нізоўяў Волгі і меў 2 напрамкі (зах. — уздоўж Дона да месца каля сучаснага г. Варонеж, усх. — праз міжрэчча Хапра і Суры), якія зыходзіліся каля Разані. Для прадухілення нападаў праз Н.ш. рас. ўрад рабіў засечныя лініі, засноўваў крэпасці: у 1586 Варонеж, у 1630-я г. Тамбоў, Казлоў і Ломаў.

т. 11, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІ́ХЕЛЬ»

(«Michel»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. атрадаў імя Шчорса, імя Дзімітрова, імя Варашылава і мясц. насельніцтва ў Косаўскім, Бярозаўскім, Ружанскім, Пружанскім р-нах Брэсцкай вобл. 30.8—4.9.1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 2 батальёнаў 11-га і 15-га паліцэйскіх палкоў, 2 матарызаваных узводаў жандармерыі, узвода процітанк. гармат. Партызаны нанеслі ўдары па варожых флангах і тыле, потым без страт адышлі ў суседнія лясы. 4.9.1942 карнікі атрымалі загад на правядзенне новай аперацыі «Трохвугольнік».

т. 10, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВЫ АКІЯ́Н,

умоўная назва паўд. частак Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў, якія прылягаюць да Антарктыды. Вылучаны ў 1650 нідэрландскім географам Б.Варэніусам. Да 1925 мяжой П.а. была прынята шырата Паўд. палярнага круга. Пасля мяжу праводзілі ад 35° паўд. ш. (паводле прыкметы цыркуляцыі вады і атмасферы) да 60° паўд. ш. (паводле характару рэльефу дна). У сав. Атласе Антарктыкі (т. 2, 1969) мяжа П.а. адзначана каля 55° паўд. ш. (паўн. мяжа зоны антарктычнай канвергенцыі). На сучасных картах і атласах П.а. не вылучаецца.

т. 12, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЕ АГЕ́НЦТВА ДРУ́КУ (ПАП; Polska Agencja Prasowa),

інфармацыйнае агенцтва Польшчы. Створана ў 1944 як Польскае агенцтва друку Польпрэс, з 1945 — сучасная назва. Знаходзіцца ў Варшаве. Збірае і распаўсюджвае айч. і замежную інфармацыю для газет, радыё, тэлебачання, дзярж. арг-цый і ўстаноў, замежных прадстаўніцтваў, выдае бюлетэні і даведнікі (на польскай і англ. мовах). Мае 24 айч. інфарм. бюро, 36 айч. і 18 замежных пастаянных аддзяленняў, у т. л. на Беларусі. Атрымлівае інфарм. і публіцыстычныя матэрыялы ад 44 агенцтваў.

т. 12, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Птах ’птушка (звычайна вялікая)’, ’птушка-самец’, ’птушкі; агульная назва дзікіх птушак’ (ТСБМ, Мік., Булг., Нас., Ласт., Байк. і Некр.; драг., З нар. сл.; стол., Нар. лекс.; Ян.; бяроз., ЛА, 1), пташ ’тс’ (Нас.), таксама пта́ха ’птушка; вялікая птушка’, ’птушкі; агульная назва дзікіх птушак’ (ТСБМ, Нас., Янк. 3., Мат. Гом.; маст., жабін., ЛА, 1), пта́шка ’птушка’ (Мат. Гом., ТС), ’дробная птушка; агульная назва дзікіх птушак’ (ТСБМ, ЛА, 1), пташʼё ’тс’ (дзятл., Сл. ПЗБ), пта́шы ’птушыны’ (Нас.). Ст.-бел. птахъ (1580, Карскі 2–3, 36). Укр. птах, пта́ха, пта́шка ’птушка’, рус. дыял. птах, пта́ха (птя́ха), пта́ша ’тс’. Вытворныя ад прасл. *pъta (гл. птушка) з рознымі агентыўна-пеяратыўнымі суфіксамі. Булыка (Запазыч., 270) ст.-бел. птахъ ’птушка’ лічыць запазычаннем з польск. ptach ’тс’, але шырокі дыяпазон вытворных з такімі суфіксамі ва ўсходнеславянскіх мовах паказвае, што птах магло ўтварыцца і на уласнай глебе. Німчук (Давньорус., 171) сцвярджае, што памяншальна-ласкальныя формы тыпу стараж.-рус. пътахъ, пътаха маюць яшчэ праславянскае паходжанне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)