сінтэтычныя палімеры, прадукты ўзаемадзеяння полівінілавага спірту з альдэгідамі.
Цвёрдыя аморфныя бясколерныя рэчывы. Паводле прыроды арган. радыкала R (вадарод, алкіл, фурфурыл і інш.) тэрмапласты ці тэрмарэактапласты, мал. м. (15—200)∙10. Раствараюцца ў многіх арган. растваральніках. Раскладаюцца пры t > 150 °C і апрацоўцы мінер. к-тамі. Атрымліваюць звычайна гідролізам полівінілацэтату з наступным далучэннем альдэгіду да полівінілавага спірту, (полівінілбутыраль); x, y, z — колькасць адпаведна ацэтальных, вінілспіртавых і вінілацэтатных звёнаў у макрамалекуле, што ўтварыўся пры гідролізе, таму макрамалекулы П. акрамя асн. ацэтальных звёнаў (гл.Ацэталі) маюць вінілспіртавыя і вінілацэтатныя звёны. Найважн. П. — полівінілфармаль (П. на аснове фармальдэгіду) і полівінілбутыраль (на аснове масленага альдэгіду). Тэрмапласты. Вызначаюцца высокай адгезіяй да металаў, шкла і інш. матэрыялаў. Выкарыстоўваюць полівінілфармаль пераважна для вырабу электраізаляцыйных лакаў, полівінілбутыраль — для вырабу сінт. кляёў (тыпу БФ), лакаў, грунтовак, эмаляў, атрымання антыкаразійных і дэкар. пакрыццяў на металах, у вытв-сці безасколачнага шкла трыплекс.
М.Р.Пракапчук.
Агульная формула полівінілацэталей. R — вадарод (полівінілфармаль) ці арганічны радыкал, напр., C3H7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТУБЕРА́НЦЫ (ад лац. protubero узнімаюся),
плазменныя ўтварэнні ў кароне Сонца; больш шчыльныя і халодныя за плазму кароны. Узнікаюць у месцах павышанай актыўнасці Сонца і выцягнуты ўздоўж сілавых ліній магн. поля. На краі Сонца назіраюцца ў выглядзе святлівых воблакаў, арак, струменяў, у праекцыі на сонечны дыск — у выглядзе цёмных валокнаў.
Паводле знешняга выгляду і характару рухаў адрозніваюць: спакойныя П. (даўж. каля 200 тыс.км, таўшчыня ~ 6 тыс.км, выш. над паверхняй Сонца ~ 40 тыс.км, т-ра (6—15) тыс. К. працягласць існавання ад 1—2 сут да некалькіх месяцаў); П. сонечных плям (назіраецца рух іх асобных частак, час жыцця ад некалькіх мінут да некалькіх гадзін); эруптыўныя П. (узнікаюць са спакойных. больш яркія. узмацняюцца ўнутр. рухі, т-ра (15—25) тыс.К, час жыцця ад некалькіх мінут да паўгадзіны). Колькасць П. на Сонцы і іх размеркаванне па шыротах адпавядаюць 11-гадоваму цыклу сонечнай актыўнасці. Існуе цесная сувязь паміж П. і формай сонечнай кароны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАХАДНЫ́Я РЫ́БЫ,
група рыб, якія робяць нераставыя міграцыі з мораў у рэкі (анадромныя міграцыі, характэрныя для асятровых, ласосевых ласасёвых, селядцовых, некат. карпавых і інш.) або з рэк у мора (катадромныя міграцыі, характэрныя для некат. бычкоў, рачных вугроў, трапічных відаў самоў). Сярод анадромных мігрантаў адрозніваюць азімыя расы (уваходзяць у рэкі з восені, падымаюцца ў вярхоўі, нерастуюць пасля зімоўкі) і яравыя (уваходзяць у рэкі вясной ці летам, падымаюцца значна ніжэй азімых рас, нерастуюць у тым жа годзе). На Беларусі ў сувязі з пабудовай на рэках плацін П.р. прыродным шляхам у вадаёмы не трапляюць.
Звычайна П.р. здольныя прыстасоўвацца ў шырокіх межах да ваганняў салёнасці вады. У час міграцыі большасць П.р. не корміцца. Перад міграцыяй яны назапашваюць рэзервовыя рэчывы (звычайна тлушч) у сувязі з вял. затратамі энергіі пры пераадольванні перашкод ( быстрыя цячэнні, парогі, вадаспады і інш.). Пасля нерасту пераважная колькасць гіне (ад знясілення і інш.). Многія віды П.р. — аб’екты промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫКАСПІ́ЙСКАЯ НІЗІ́НА.
На ПдУУсх.-Еўрапейскай раўніны, на паўн. узбярэжжы Каспійскага мора, у Расіі і Зах. Казахстане. Пл. каля 200 тыс.км². Асн. яе ч. — глыбокая тэктанічная ўпадзіна на паўд.-ўсх. ускраіне Усх.-Еўрапейскай платформы. Нізкая, плоская раўніна ва ўнутр. прыморскай частцы, паўд. частка якой ніжэй узр. акіяна (ад 0 да 28 м); на ўскраінах падымаецца да 100 м, у паўн. частцы — саляныя купалы (выш. да 149 м — г. Вялікае Багдо). У зах. частцы перасякаецца Волга-Ахтубінскай поймай. Уключае дэльты рэк Волга, Церак, Сулак, нізоўі Урала, Эмбы, Кумы, Саляныя азёры. Паверхня складзена з гліністых і сугліністых, а паўд. — з пясчаных адкладаў. Характэрны бэраўскія бугры (у вусцях Кума і Эмба), западзіны і лагчыны на З ад р. Волга. Клімат сухі, кантынентальны. Колькасць ападкаў на Пд і У менш за 200 мм у год. Пераважаюць пустыні і паўпустыні. У Волга-Ахтубінскай пойме бахчаводства, садаводства, агародніцтва. Здабыча нафты і газу (Урала-Эмбінскі нафтагазаносны раён), у азёрах (Эльтон і Баскунчак) — кухоннай солі. Астраханскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРЫ́ПЯЦКІЯ БАЛО́ТЫ»
(«Pripiatsee»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.фаш. захопнікаў супраць часцей Чырв. Арміі, якія трапілі ў акружэнне, партызан і мясц. насельніцтва на тэр. Брэсцкай, Пінскай і Мінскай абл. 19.7—31.8.1941 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 162-й і 252-й пях. дывізій, 1-й кав. брыгады СС на чале з нач. СС і паліцыі тылу групы арміі «Цэнтр» Бах-Зелеўскім паводле загаду рэйхсфюрэра СС Гімлера. Мэта: расстраляць западозраных у падтрымцы партызан, вывезці жанчын і дзяцей у балота, канфіскаваць жывёлу і прадукты, знішчыць у раёне Прыпяцкіх балот вёскі, дзе будзе аказана супраціўленне. Паводле звестак ням. камандавання, на 13 жн. было загублена 13 788 чал., спалена шмат нас. пунктаў, у т. л. вёскі Вял. Гаць (загублена 123 чал.), Святая Воля (436 чал.) Косаўскага р-на Брэсцкай, Запясочча (300 чал.), Пагост (69 чал.), Чэрнічы (40 чал.) Жыткавіцкага, Асташкавічы (120 чал.), Славань (72 чал.) Парыцкага р-наў Палескай, Хатынічы (73 чал.) Ганцавіцкага р-на Пінскай абл. Гітлер палічыў «надта нязначнай» колькасць загубленых жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНАЯ ЗБРО́Я,
від зброі, у якім сродкі паражэння дастаўляюцца да цэлі за кошт рэактыўнай цягі. Да Р.з. адносіцца наземная, авіяц. і марская рэактыўныя сістэмы залпавага агню, рэактыўныя гранатамёты. Пускавыя ўстаноўкі гэтых сістэм мнагаствольныя, малагабарытныя і простыя па канструкцыі (з-за выкарыстання прынцыпаў рэактыўнага руху адсутнічае аддача пры выстрале). Многазараднасць і залпавасць агню дазваляе паражаць цэлі адначасова на значных адлегласцях і плошчах, забяспечвае раптоўнасць, высокую эфектыўнасць і інш.Рэактыўная сістэма залпавага агню ўключае пускавую ўстаноўку, рэактыўныя снарады (некіравальныя ракеты, рэактыўныя глыбінныя бомбы), трансп. машыну і інш. Манціруецца на самаходных (баявыя машыны рэактыўнай артылерыі) і буксірных шасі, самалётах, верталётах (пускавыя ўстройствы), караблях (рэактыўныя бамбамётныя ўстаноўкі). Маюць калібр снарадаў да 375 мм, далёкасць стральбы да 45 км і больш, колькасць накіравальных 45—50 Сухап. войскі Беларусі маюць на ўзбраенні Р.з., у т. л. сістэмы БМ-21 «Град». Гл. таксама Рэактыўная артылерыя.
А.У.Аляхновіч.
Да арт.Рэактыўная зброя. Устаноўка БМ-21 «Град» у час пуску ракет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛІ́КТЫ (ад лац. relictum астатак),
віды і іншыя групы раслін і жывёл, што захаваліся ад флор і фаун мінулых геал. эпох. Р. адрозніваюць па геал. узросце (неагенавыя — метасеквоя, секвоя, хахуля, ледавіковыя — бакаплаў Паласа, карлікавая бяроза, мянтуз, рапушка еўрап., рэліктавая мізіда і інш.), па месцы паходжання (напр., міжземнаморскія, туранскія), экалагічных умовах (напр., гігра- і мезафільныя), па часе ранейшага панавання і пашырэння (напр., неагенавыя, мезазойскія, мелавыя) і інш. Для Р. характэрна ізаляванасць у філагенет. сістэме. Іх падзяляюць на кансерватыўныя (віды, якія амаль не змяніліся пры адносна нязменных умовах асяроддзя) і адаптыўныя, што змяніліся і прыстасаваліся да новых умоў. Таксама адрозніваюць сурэлікты (захоўваюць свой арэал), адаптаны (пашыраюць яго), дэграданты (скарачаюць арэал і колькасць відаў). Маюць у сабе багатую генет. і геагр. інфармацыю. Выкарыстоўваюцца пры даследаванні гісторыі ўзнікнення і фарміравання біягеацэнозаў, вывучэнні працэсаў відаўтварэння, выяўленні філагенет. сувязей. Найб. рэдкія Р. ўключаюць у Міжнар. і нац.Чырв. кнігі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САА́МСКАЯ МО́ВА, лапарская мова, лапландская мова,
адна з фіна-ўгорскіх моў, якая складае асобую галіну гэтай сям’і; мова саамаў. Блізкая да прыбалт.-фінскіх моў. Пашырана ў паўн. Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Расіі (на Кольскім п-ве). Мае 2 групы дыялектаў: зах. (на тэр. Нарвегіі, Швецыі, часткова Фінляндыі) і ўсх. (на тэр. Расіі і Фінляндыі). С.м. ўласцівы: у фанетыцы — розныя ступені працягласці галосных і зычных, вял.колькасць зычных фанем, сістэма чаргаванняў галосных па якасці, зычных па якасці і колькасці; у марфалогіі — наяўнасць у большасці дыялектаў парнага ліку; у сінтаксісе — адсутнасць дапасавання прыметнікаў-азначэнняў з назоўнікамі ў ліку і склоне.
Пісьменнасць С.м. Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі з 17 ст. на аснове лац. графікі; у Расіі з пач. 1930-х г. на аснове лац. графікі, пазней пераведзена на рус. графіку (існавала да 1937). У 1980-я г. пісьменнасць саамаў у Расіі адноўлена на аснове рус. графікі; створаны буквар і слоўнік для школ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САВЕ́ЦКІ ЭНЦЫКЛАПЕДЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК»
(«СЭС»),
першы аднатомны універсальны даведнік у СССР. Выдадзены ў Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя». Выйшлі 4 выданні: 1-е ў 1979 (дадатковыя тыражы ў 1981—82), 2-е ў 1983, 3-е ў 1984 (дадатковы тыраж у 1985), 4-е ў 1987 (дадатковы тыраж у 1989). Змяшчае каля 80 тыс. артыкулаў па пытаннях грамадска-паліт. жыцця, эканомікі, навукі, тэхнікі, літаратуры і мастацтва. Побач з артыкуламі пра саюзныя, аўтаномныя рэспублікі, краі, вобласці, гарады СССР уключана вял.колькасць артыкулаў пра розныя краіны свету, найбольшыя замежныя гарады, змешчаны біяграфіі дзярж., паліт., ваен. і культ. дзеячаў усіх часоў і народаў. У выданні 550 малюнкаў, фотаздымкаў і схем, 350 карт. «СЭС» паслужыў асновай для выдання «Вялікага энцыклапедычнага слоўніка» (т. 1—2, 1991; 2-е выд. 2000 у адным томе), «Расійскага энцыклапедычнага слоўніка» (кн. 1—2, 2000), «Новага энцыклапедычнага слоўніка» (2000). Перавыдаваўся за мяжой на англ., кіт. і інш. мовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАВІ́ЦКІЯ АРТЫ́КУЛЫ 1654, Артыкулы Войска Запарожскага,
акт, які юрыдычна аформіў далучэнне Украіны да Рас. дзяржавы паводле рашэння Пераяслаўскай рады 1654. Складзены гетманам Б.Хмяльніцкім ад імя Войска Запарожскага і прадстаўлены ў Маскве ўкр. пасольствам цару Аляксею Міхайлавічу, які 31 сак. зацвердзіў іх і 6 крас. дапоўніў спец. граматай. Паводле С.а. (23 пункты) Украіна ўваходзіла ў «вечнае падданства» да цара і яго нашчадкаў, але захоўвала пэўную аўтаномію — выбарнасць гетмана, яго права прымаць і адпускаць паслоў замежных краін (акрамя Рэчы Паспалітай і Турцыі) пры інфармаванні цара пра змест перагавораў, асобны казацкі суд, недатыкальнасць казацкіх маёнткаў, самакіраванне гарадоў і інш.Колькасць казацкага войска на службе ў цара вызначалася ў 60 тыс.чал.Правасл. царква рабілася пануючай на Украіне. С.а. да 1720-х г. былі асновай для пацвярджэння правоў Левабярэжнай Украіны пры выбранні новых гетманаў.
Літ.:
Голобуцкий В. Дипломатическая история освободительной войны украинского народа 1648—1654 гг. Киев, 1962.