БАРАЦЫ́Т,
мінерал класа баратаў прыродных, хлорабарат магнію, Mg3[B7O12]OCl. Прымесі жалеза (да 36%), марганцу і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай (кубічнай пры т-ры больш за 265 °C) сінганіі. Крышталі, зярністыя масы. Белы, зялёны, шэры ці бясколерны. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Трапляецца ў асадкавых радовішчах. Другарадная руда бору.
т. 2, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АТЛАНТЫ́ЧНЫ ВАЛ»,
сістэма доўгатэрміновых ваенных умацаванняў, створаных Германіяй у 1940—44 уздоўж еўрап. ўзбярэжжа ад Даніі да Іспаніі (даўж. больш за 4 тыс. км, буд-ва не было завершана). Уяўляў сабой лінейную (без эшаланіравання ўглыб) сістэму абарончых збудаванняў са слаба ўмацаванымі ўчасткамі. Быў прарваны англа-амер. войскамі ў чэрв. 1944 пры высадцы ў Нармандыі.
т. 2, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАШЭ́ВІЧ Іван, арганізатар і кіраўнік аднаго з найбольш буйных на Беларусі Давыд-Гарадоцкага паўстання 1648—50 у час антыфеадальнай вайны 1648—51. Быў войтам Давыд-Гарадка. У час паўстання выбраны палкоўнікам войска, якое складалася з некалькіх тысяч чалавек. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы больш як 2 гады кантралявалі ўсю тэр. Давыд-Гарадоцкай вол.
т. 2, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКІЛІ́РАВАННЕ,
хімічная рэакцыя ўвядзення алкілу ў малекулу арган. або неарган. злучэння. Ажыццяўляецца з дапамогай каталізатараў, таксама пры высокім ціску і т-ры. Алкіліруючыя рэагенты: галагенавытворныя вуглевадародаў, алкены, эфіры неарган. кіслот, дыазазлучэнні. Дае магчымасць сінтэзаваць больш складаныя злучэнні з пажаданымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваецца для вытв-сці высокаактанавага паліва, паверхнева-актыўных рэчываў, антыаксідантаў, фарбавальнікаў, інсектыцыдаў, лекаў.
т. 1, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНАЯ ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ПАВЕ́ТРА,
колькасць вадзяной пары ў адзінцы аб’ёму паветра, адна з характарыстык вільготнасці паветра. Выражаецца ў грамах на кубічны метр. Вагаецца ад 0,1—1 г/м³ (зімой над мацерыкамі, у палярных шыротах) да 30 г/м³ і больш (у экватарыяльнай зоне). На Беларусі — ад 1,5 г/м³ зімой да 14 г/м³ летам.
т. 1, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВЫ ДОМ,
1) знешнегандлёвая арг-цыя, якая ажыццяўляе экспартна-імпартныя аперацыі па шырокай наменклатуры тавараў і паслуг, наладжвае міжнар. кааперацыю вытв-сці, навук.-тэхн. супрацоўніцтва, удзельнічае ў крэдытна-фін. аперацыях і інш. формах знешнеэканам. сувязей.
2) Гандлёвая арг-цыя, якая ажыццяўляе дробнааптовы гандаль пры дапамозе аб’яднання дробных камерцыйных прапаноў у больш буйныя.
т. 5, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДУРА́СКІ ЗАЛІ́Ў (ісп. Golfo de Honduras),
заліў Карыбскага м. Абмывае берагі Беліза, Гватэмалы, Гандураса. Даўж. каля 102 км, шыр. да 155 км. Глыб. 22—54 м, каля ўвахода — больш за 2000 м. Упадае рака Матагуа. Салёнасць каля 36 ‰. Прылівы мяшаныя (да 0,7 м). Асн. парты: Пуэрта-Картэс (Гандурас), Пуэрта-Барыяс і Лівінгстан (Гватэмала).
т. 5, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ ТАВА́РНАЯ,
радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу каля в. Перкавічы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Паклад з 3 лінзаў у канцовамарэнных адкладах сярэднеплейстацэнавага зледзянення. Разведаныя запасы больш за 15 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,5—24,2 м, ускрышы 0,2—9,5 м. Пяскі прыдатныя на буд. растворы, жвір — на выраб бетону.
А.П.Шчураў.
т. 5, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЫНСКАЯ КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я,
філіял Нац. маст. музея Беларусі. Адкрыта ў 1976 у в. Гурыны Мазырскага р-на Гомельскай вобл. як музей на грамадскіх пачатках, з 1978 галерэя, філіял Нац. маст. музея. Размешчана ў будынку б. Школы. 7 выставачных залаў, плошча 210 м²; больш за 200 твораў бел. жывапісу, скульптуры, графікі, дэкар.-прыкладнога мастацтва.
т. 5, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАЦЫЯНІ́НЫ,
дыхальныя пігменты гемалімфы некат. малюскаў і членістаногіх, якія ажыццяўляюць транспарт кіслароду ў арганізме. Паводле хім. прыроды — складаныя бялкі (металапратэіды). У гемалімфе знаходзяцца ў раствораным стане. Маюць больш нізкую кіслародную ёмістасць, чым гемаглабіны. Злучэнне кіслароду з гемацыянінамі абумоўлена прысутнасцю ў малекуле гемацыянінаў медзі, непасрэдна звязанай з бялком. Акісленыя гемацыяніны афарбаваны ў сіні колер, адноўленыя — бясколерныя.
т. 5, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)