Трамплі́н ’спартыўнае прыстасаванне для адштурхоўвання пры скачках’ (ТСБМ). З рус. трампли́н ’тс’, якое праз нова-в.-ням. Trampoline ці франц. tremplin было запазычана з італ. trampolino ’тс’ < trampolo ’дыба, хадуля’ (Фасмер, 4, 93; Голуб-Ліер, 486), што ўзыходзіць да германскіх моў, параўн. нова-в.-ням. trampeln ’тупаць’, англ. trample ’цяжка ступаць’, гукапераймальнага паходжання (ЕСУМ, 5, 618).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́нспарт ’сродкі перавозу грузаў і людзей’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), тра́ншпарт ’тс’ (бярэз., Сл. ПЗБ). Запазычана праз польскую ці рускую мовы з заходнееўрапейскіх (параўн., франц., нідэр. transport, ням. Transport), у якіх утворана на аснове лац. transportāre ’пераносіць, перапраўляць’ (Фасмер, 4, 94; Чарных, 2, 257–258; Цыганенка, 361; ЕСУМ, 5, 620). У народнай мове адаптаванае як пашпарт, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэлья́ж ‘трохстворкавая люстра’ (ТСБМ). З рус. трельяж, якое з франц. treillage ‘крацістая загарадка’ < treille ‘альтанка з вінаграднай лазы’ < лац. trichila ‘альтанка’, у выніку скарачэння tricla ‘павільён’ — слова trīclīnium ‘трохмесны стол’ (SWO, 1980, 774; Голуб-Ліер, 488; Фасмер, 4, 98). Значэнне ‘трохстворкавае люстра’ развілося ў рускай мове, дзе ўзнікла ў выніку дзеяння народнай этымалогіі (ЕСУМ, 5, 628).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Турбуле́нтны ‘бурлівы, бурны, хаатычны, віхравы (рух часцінак вадкасці, газу)’, турбуле́нцыя ‘віхравы, хаатычны рух часцінак (газу, вадкасці)’ (ТСБМ). Запазычаны з польскай (абодва словы) ці з рускай (турбулентны) мовы, у якія слова прыйшло з англ. ці франц. turbulent ‘тс’; апошнія паходзяць ад лац. turbulentus ‘бурлівы, бязладны, неспакойны’, якое з turbō ‘віхор, вір’, ‘кола’ (Голуб-Ліер, 494; Даза, 732; ЕСУМ, 5, 679).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэлефо́н ‘апарат для перадачы і прыёму галасавых паведамленняў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Еўрапеізм, распаўсюдзіўся разам з вынаходствам першапачаткова з франц. téléphone (1834 г.), пазней праз англ. telephone (з 1880 г.), утвораны з грэч. τῆλε (гл. тэле-) і φωνή ‘гук, голас’ (Арол, 4, 57). Сюды ж тэлефанава́ць ‘гаварыць праз тэлефон’ (Некр. і Байк.), разм. тэлефо́ніць ‘тс’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́нар ‘высокі тэмбр мужчынскага голасу’ (ТСБМ, Пятр.), тэно́р ‘тс’ (Некр. і Байк.). Хутчэй за ўсё, праз польскую мову, дзе tenor ‘самы высокі мужчынскі голас’, якое з італ. tenore ‘тс’. Форма з канцавым націскам з франц. tenor, якое таксама з італьянкай мовы (Арол, 4, 60), што ад лац. tenēre ‘тэнар; трымаць’, бо высокі голас «трымае» мелодыю (Фасмер, 4, 42).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРСЕНА́Л (франц. arsenal),

установа для захоўвання ваеннай зброі і боепрыпасаў. Узніклі ў 16 ст. Да канца 19 ст. займаліся таксама вырабам, рамонтам і зборкай узбраення і боепрыпасаў. У Расіі гал. арсеналы былі ў Маскве, Пецярбургу, у Англіі — у Вуліджы, у Францыі — у Ліёне, у Германіі — у Мюнхене, у Італіі — у Турыне, у ЗША — у Спрынгфілдзе. У 20 ст., калі вытв-сць зброі была вылучана ў самастойную галіну прам-сці, арсеналы сталі выконваць функцыі базаў і складоў рознага прызначэння. У Францыі і ЗША арсеналамі наз. некаторыя суднабуд. заводы.

На Беларусі арсеналы (цэйхгаузы) будавалі ў вял. замках, абарончых вузлах гарадоў, сядзібна-палацавых комплексах. У мураваных або драўляных 1- або 2-павярховых будынках вылучаліся памяшканні, дзе захоўваліся гарматы, ручныя стрэльбы, халодная зброя, запасы пораху, ядраў, куль і інш. У 17—18 ст. арсеналы існавалі ў Слуцку, Крычаве, Бабруйску і інш. гарадах, у 19 ст. — у Бабруйскай і Брэсцкай крэпасцях.

т. 1, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТУ́РЫЯ (Asturias),

аўтаномная вобласць на Пн Іспаніі ўздоўж Біскайскага заліва, у Кантабрыйскіх гарах. Пл. 10,6 тыс. км². Нас. 1,1 млн. чал. (1981). Адм. ц. — г. Аўеда. На тэр. Астурыі — сучасная правінцыя Аўеда. Вырошчваюць кукурузу, садавіну; жывёлагадоўля. Здабыча вугалю (50% ад патрэб Іспаніі), цынку, жалеза.

У старажытнасці — вобласць рассялення астураў. У 1 ст. да нашай эры заваявана рымлянамі, у 216 разам з ч. Галісіі вылучана ў асобную правінцыю. У Астурыі пачалася Рэканкіста. Пасля перамогі над арабамі ў бітве 718 Астурыя — незалежнае каралеўства, з 924 наз. Леон, у 1230 далучана да Кастыліі. З 15 ст. ў складзе Іспаніі. У 1808—13 Астурыя — цэнтр узбр. супраціўлення франц. агрэсіі. З 19 ст. адзін з гал. прамысл. раёнаў Іспаніі. У 1934 адбылося паўстанне рабочых у абарону рэспублікі. У час грамадз. вайны 1936—39 захоплена франкістамі, адзін з асн. цэнтраў партыз. барацьбы. З 1981 мае статус аўт. абшчыны.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІСКА́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў (франц. Golfe de Gascogne, ісп. Golfo de Vizcaya),

заліў у Атлантычным ак. каля зах. берагоў Еўропы. Уразаецца ў сушу на 400 км, абмывае берагі Францыі і Іспаніі. Пл. каля 194 тыс. км². Сярэдняя глыб. 1715 м, найб. — 5120 м. У Біскайскі заліў упадаюць рэкі Луара і Гарона. Берагі на Пн ад вусця р. Гарона скалістыя, на Пд — нізкія, слаба парэзаныя; берагі Пірэнейскага п-ва скалістыя і абрывістыя. Найбольшыя а-вы Бель-Іль, Нуармуцье, Рэ, Алерон і інш. Т-ра паверхневых водаў у лют. на Пн 5—6 °C, на Пд 12—13 °C, у жн. адпаведна 10 °C і 20—22 °C. Салёнасць 35‰. Прылівы паўсутачныя (выш. да 6,7 м). Моцныя цячэнні, частыя штормы. Рыбалоўства (сардзіны, камбала), промысел вустрыц. Курорты (Біярыц і інш.). Асн. парты: Брэст, Сен-Назер, Ла-Рашэль, Бардо (Францыя), Сан-Себасцьян, Більбао, Сантандэр, Хіхон (Іспанія).

З.​Я.​Андрыеўская.

т. 3, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГНЯЦВЕ́Т (Эдзі) (сапр. Каган Эдзі Сямёнаўна; н. 11.10.1913, Мінск),

бел. паэтэса. Скончыла Мінскі пед. ін-т (1936). Друкуецца з 1929. Выдала зб-кі лірыкі «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Беларуская рабіна» (1959), «Жаданне» (1971), «Закаханым» (1986) і інш. Шмат піша для дзяцей: «Васількі» (1947), «Твае таварышы» (1959), «Доктар Смех» (1977), «На двары алімпіяда» (1984, Міжнар. ганаровы дыплом 1986), «Рэчка-рэчанька мая» (1991) і інш. На бел. мову пераклала творы франц. паэзіі («Краіна Паэмія», для дзяцей, 1962; «Выбраныя песні» П.​Ж.​Беранжэ, 1960; «Зямны акіян» Г.​Апалінэра, 1973; «З табой» П.​Элюара, 1980); у 1993 выдадзены зб. перакладаў «З французскай і бельгійскай паэзіі»). Па яе лібрэта пастаўлены оперы для дзяцей «Джанат» (1942, муз. Л.​Шварца) і «Марынка» (1955, муз. Р.​Пукста).

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1976.

Літ.:

Барсток М.М. Эдзі Агняцвет // Беларуская дзіцячая літаратура. 2 выд. Мн., 1980.

Э.Агняцвет.

т. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)