ГУ́Р’ЕЎ (Віктар Фёдаравіч) (н. 11.8.1926, с. Барысаўка Жытомірскай вобл., Украіна),
бел. спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Бел. кансерваторыю (1960). У 1960—92 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Выконваў партыі рознага плана, ад лірыка-драм. да характарных: Сяргей («Алеся» Я.Цікоцкага), Мікалай («Яснае світанне» А.Туранкова), Нунцый («Джардана Бруна» С.Картэса), Супонька («Калі ападае лісце» Ю.Семянякі, Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Арэст («Арэстэя» С.Танеева), Лыкаў, Гвідон («Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Атэла, Манрыка («Атэла», «Трубадур» Дж.Вердзі), Пінкертон, Каварадосі («Чыо-Чыо-сан», «Тоска» Дж.Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Катэ («Кето і Катэ» В.Далідзе), Міндыя («Міндыя» А.Тактакішвілі), Барклай дэ Толі («Вайна і мір» С.Пракоф’ева).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДЗІЁМАВА (Вольга Уладзіміраўна) (н. 5.8.1955, г. Гомель),
бел. гісторык музыкі. Канд. мастацтвазнаўства (1990). Дачка У.Дадзіёмава. Скончыла Бел. кансерваторыю (1978). З 1978 у Мінскім ін-це культуры, з 1993 дацэнт Бел. акадэміі музыкі. Даследуе гісторыю муз. культуры Беларусі 17—19 ст. Аўтар манаграфіі «Музычная культура гарадоў Беларусі ў XVIII ст.» (1992), навуч. дапаможніка «Гісторыя музычнай культуры Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст.» (1994), брашуры «Восіп Казлоўскі» (1995), укладальнік рэпертуарных зб. «Інструментальная музыка Беларусі XVIII ст.» (1990; 1991, і аўтар уступнага арт.), зб. «Помнікі музычнай культуры Беларусі» (1995, вып. 2) і інш. Выявіла больш за 50 помнікаў айч.муз. мастацтва, у т. л. оперу «Агатка, ці Прыезд пана» Я.Д.Голанда на лібр. М. Радзівіла. З 1995 аўтар і вядучая цыкла перадач «Галасы мінуўшчыны» Бел. тэлебачання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДЫШКІЛІЯ́НІ (Натэла Атараўна) (н. 2.12.1960, г. Чэлябінск, Расія),
артыстка бел. балета. Засл. арт. Беларусі (1990). Дачка А.Дадышкіліяні. Скончыла Бел. харэаграфічнае вучылішча (1979). З 1979 салістка Нац.акад.т-ра балета Беларусі. Танцоўшчыца класічнага плана. Найб. блізкія ёй партыі ў пастаноўках В.Елізар’ева: Фрыгія («Спартак» А.Хачатурана), Ева («Стварэнне свету» А.Пятрова), Джульета («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Каханая («Карміна Бурана» на муз. К.Орфа), Дзева-выбранніца («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага). Сярод інш. партый: Маша, Адэта—Адылія, фея Бэзу і Блакітная птушка («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Сільфіда («Сільфіда» Х.Левенскольда), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Уладарка дрыяд («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Дзяўчына («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Магнолія («Чыпаліна» К.Хачатурана).
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 151—156.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЛО́ВІЧ (Алена Мікалаеўна) (10.5.1906, г. Разань, Расія — 8.11.1957),
руская і бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1955). З 1923 працавала ў т-рах Расіі. З 1934 у Бел. трэцім дзярж. т-ры (БДТ-3), з 1937 у Мазырскім т-ры рабочай і калг. моладзі і створаным на яго базе ў 1938 Палескім абл.драм. т-ры. У 1945—46 дырэктар Брэсцкага абл.драм.т-ра імя ЛКСМБ. З 1946 актрыса Палескага і створаных на яго аснове Пінскага і Магілёўскага (1954) абл.драм. т-раў. Характарная актрыса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЫЁНАС, Дваронас (Dvarionas) Баліс Дамініка (19.6.1904, г. Ліепая, Латвія — 23.8.1972), літоўскі кампазітар, дырыжор, піяніст, педагог. Засл. дз. маст. Літвы (1947). Нар.арт.СССР (1954). Скончыў Лейпцыгскую кансерваторыю па класах фп. (1924) і дырыжыравання (1939, экстэрнам). З 1928 выступаў як піяніст. У 1935—38 гал. дырыжор сімф. аркестра Літ. радыё ў Каўнасе, у 1940—41 і 1958—61 — сімф. аркестра Літ. філармоніі, з 1946 і рэсп. свят песні. З 1926 выкладаў у Каўнаскім муз. вучылішчы, з 1933 у Каўнаскай, з 1949 у Літ. (з 1947 праф.) кансерваторыях.
Сярод твораў: опера «Даля» (1959); балет «Сватанне» (1933); кантата «Прывітанне Маскве» (1954); сімфонія (1947), 2 уверцюры (1946, 1967); канцэрты з аркестрам для фп. (1960, 1962), скрыпкі (1948), валторны (1963) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1949, 1952. Дзярж. прэмія Літвы 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫБІВА́ННЕ, дыфоўка,
тэхніка халоднай апрацоўкі ліставога металу, які ад удару малатка паддаецца дэфармацыі, набывае неабходную форму. Бывае ручное, механізаванае і па мадэлі. Вядома са старажытнасці (дэталі скульптур Фідзія і Паліклета), шырока выкарыстоўвалася ў Зах. Еўропе ў часы сярэднявечча і эпоху Адраджэння, стараж. Русі для вытв-сці кубкаў, чашаў, каўшоў, катлоў, рыцарскага ўзбраення; пазней для вырабу барэльефаў і круглай скульптуры. Мела адмысловыя назвы — «бітая медзь», «каваная медзь», «выбіўка» і інш.Найб. вядомыя творы ў тэхніцы выбівання: статуя «Свабоды» (Ф.А.Бартальдзі, 1886) у Нью-Йорку, скульпт. група «Рабочы і калгасніца» (В.Мухіна, 1935—37) у Маскве і інш.Бел. мастакі выкарыстоўваюць выбіванне ў скульптуры (барэльефы мемар. комплексу «Рыленкі») і ў дэкар.-прыкладным мастацтве (І.Курачыцкі, Ю.Любімаў і інш.).
І.М.Каранеўская.
Да арт.Выбіванне. І.Курачыцкі. Рэльеф «Цырк». 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫХАДНЫ́Я ДНІ,
дні штотыднёвага адпачынку, ва ўстаноўленыя заканадаўствам, правіламі ўнутр. працоўнага распарадку. У Рэспубліцы Беларусь пры 5-дзённым рабочым тыдні работнікам даюцца 2 выхадныя дні, пры 6-дзённым рабочым тыдні — 1 выхадны дзень. Агульным выхадным днём з’яўляецца нядзеля. Другі выхадны дзень, калі ён не вызначаны законам, устанаўліваецца графікам зменнасці. Абодва выхадныя дні даюцца, як правіла, запар. Працягласць штотыднёвага бесперапыннага адпачынку павінна быць не менш як 42 гадзіны. На бесперапынна дзеючых прадпрыемствах, ва ўстановах, арг-цыях выхадныя дні даюцца ў розныя дні пачаргова кожнай групе работнікаў у адпаведнасці з графікамі зменнасці. Прыцягненне да работы ў выхадны дзень дапускаецца толькі са згоды работніка і ў выпадках, спецыяльна прадугледжаных законам (арт. 63 КЗаП). Работа ў выхадны дзень можа кампенсавацца па дамоўленасці адгулам або ў грашовай форме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧЫ (Эдуард Мікалаевіч) (н. 19.10.1936, Мінск),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958), працаваў у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача (да 1961), Магілёўскім абл.драм. т-ры (1963—64). З 1965 у Рускім акад.драм. т-ры Беларусі. Выканаўца лірыка-драм. і характарных роляў. Яго мастацтву ўласцівыя дакладная распрацоўка малюнка ролі, стрыманасць і адначасова эмацыянальнасць, знешняя характарнасць, дасканалае валоданне сцэн. тэхнікай. Сярод лепшых роляў: Лявон («Знак бяды» паводле В.Быкава), Ігнат Крывіч («Соль» А.Петрашкевіча), Фірс («Вішнёвы сад» А. Чэхава), Конь, Васіль Дасцігаеў, Кастылёў («Ворагі», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.Горкага), Іван Афанасьеў («Хрыстос і Антыхрыст» паводле Дз.Меражкоўскага), Хрыстафор Блахін («Казкі старога Арбата» А.Арбузава), Рос, Гарацыо («Макбет», «Гамлет» У.Шэкспіра), Энгстран («Здані» Г.Ібсена).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСЦЮ́ХІН (Уладзімір Васілевіч) (н. 10.3.1946, г. Екацярынбург, Расія),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1996). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1970). Працаваў у Т-ры Савецкай Арміі. З 1981 акцёр Тэатра-студыі кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм». У кіно з 1970. Лепшыя работы вызначаюцца арганічнасцю, яркасцю індывід. характарыстык, глыбінёй спасціжэння характараў, дакладнасцю выразных сродкаў у стварэнні вонкавага малюнка ролі. Сярод роляў: Рыбак «Узыходжанне» (паводле аповесці В.Быкава «Сотнікаў»; прыз за лепшую мужчынскую ролю на Міжнар. кінафестывалі ў Сан-Рэма, Італія, 1982), Мяжэнін («Бераг»; Дзярж. прэмія СССР 1985), Сяргей («Урга — тэрыторыя кахання»). На кінастудыі «Беларусьфільм» зняўся ў фільмах: «Нас выбраў час» (Лазутнікаў; прэмія Ленінскага камсамола 1980; тэлевізійны), «Вазьму твой боль» (Іван Батрак; Дзярж. прэмія Беларусі 1982), «Наш браняпоезд» (Мікалай Кузняцоў), «Шляхціц Завальня» (гал. роля) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГЕ́ЛІЯС»
(ням. Helios),
назва аўтаматычных міжпланетных станцыйФРГ для даследавання калясонечнай прасторы з геліяцэнтрычнай арбіты. «Геліяс-1» запушчаны 10.12.1974, «Геліяс-2» — 15.1.1976. Перыяд абарачэння каля 190 сут, маса 371 кг. Корпус — правільная 16-гранная прызма выш. 0,5 м з папярочным памерам 1,7 м, з прымацаванымі сонечнымі батарэямі. «Геліяс» ў параўнанні з інш. станцыямі набліжаліся да Сонца на найменшую адлегласць (46,5 і 43,4 млн.км адпаведна). Паблізу перыгелія арбіты «Геліяс-2» выяўлена рэзкае павелічэнне канцэнтрацыі метэорнага пылу, звязанае са з’явай задыякальнага святла.
Да арт.«Геліяс». Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Геліяс-1»: 1, 2, 3 — усенакіраваная, маланакіраваная і востранакіраваная антэны; 4 — канічная частка корпуса з сонечнымі батарэямі і люстранымі адбівальнікамі; 5 — жалюзі; 6 — цяплоізалявальныя маты; 7 — магнітометр; 8 — балон са сціснутым газам для мікрарухавікоў; 9 — фатометр; 10 — антэны для рэгістрацыі радыёшумаў.