КАМІ́ЧНАЕ (ад грэч. kōmikos смешны, вясёлы),

катэгорыя эстэтыкі, якая адлюстроўвае неадпаведнасць паміж недасканалым, нежыццёвым зместам з’явы або прадмета і яго вонкавым выяўленнем, што прэтэндуе на паўнацэннасць, значнасць або маскіруецца пад іх. Вытокі К. ў гульнёвым, калектыўным самадзейным смеху, напр. у карнавальных гульнях. У ходзе развіцця культуры адасабляюцца віды К. — іронія, гумар, сатыра. Мае сац. характар, яго вытокі ў аб’ектыўных супярэчнасцях грамадскага жыцця. Суадносіцца з прыгожым, агідным, нізкім, процілеглае трагічнаму і ўзнёсламу, але здольнае да сінтэзу з імі (трагікамічнае, камічны аспект узнёслага). Для К., дзе адлюстроўваюцца супярэчнасці рэальнасці, важна гульня на ўтрыроўцы велічы прадметаў (карыкатура), на фантаст. спалучэннях (гратэск), збліжэнні далёкіх паняццяў (досціп). Разнастайнасць смешнага ў жыцці абумоўлівае шматграннасць выяўлення К. ў мастацтве. На К. заснаваны адзін з гал. відаў драмы — камедыя.

Літ.:

Дземидок Б. О комическом: Пер. с пол. М., 1974.

т. 7, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫБУ́Т (у хрышчэнні Дзмітрый; ? — пасля 1404),

князь з дынастыі Гедзімінавічаў. Сын вял. князя ВКЛ Альгерда і Юльяны Цвярской. Упершыню ўпамінаецца ў 1382, калі разам з братамі Ягайлам, Скіргайлам і інш. падпісаў дагавор з крыжакамі на р. Дубіса. У 1386 у Луцку прысягнуў польскаму каралю Ягайлу. У 1390 дапамог яму пры аблозе Гродна, за што атрымаў у дзяржанне г. Ліда. Адмовіўся прысягаць Вітаўту як вял. князю ВКЛ, у 1392 разбіты яго войскамі, узяты ў палон, адпушчаны, але страціў Новагародскае княства. У хуткім часе памірыўся з Вітаўтам, удзельнічаў у яго паходах. Апошні раз упамінаецца ў 1404 як удзельнік паходу на Смаленск. Быў жанаты з удавой друцкага князя Дзмітрыя Васілевіча, з ёй меў сыноў Івана, Жыгімонта, Фёдара (гл. Карыбутавічы). У гістарыяграфіі часта блытаюць К. і яго брата Дзмітрыя Альгердавіча.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЗІАЛФАВІ́ТНАЕ ПІСЬМО́, кансанантнае пісьмо,

складовае пісьмо, кожны знак якога выражае адзін пэўны зычны гук з адвольным ці нулявым галосным. Вынайдзена ў 2-м тыс. да н.э. зах. семітамі на аснове стараж. пісьменнасцей Міжземнамор’я (егіп., крыта-мікенскай, лувійскай іерагліфічнай) і, магчыма, на аснове протабіблскага складовага пісьма. Вядома з канца 2-га — сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. (клінападобнае угарыцкае пісьмо, лінейныя сінайскае пісьмо, фінікійскае пісьмо, паўд.-аравійскае і інш. аравійскія віды пісьма). З усіх пісьменнасцей К.п. найб. эканомнае па колькасці знакаў (літар), што выкарыстоўваюцца ў ім, і па хуткасці вывучэння. Але тэксты, напісаныя К.п., цяжка было прачытаць адназначна, асабліва да ўвядзення словападзелу. Пазней К.п. паступова ўдасканалена. Было запазычана народамі М. Азіі (1-е тыс. да н.э.), грэкамі (9—8 ст. да н.э.), якія пераўтварылі яго ў алфавіт.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕНАФО́НТ (Xenophōn; каля 430 да н.э., Афіны — каля 354 да н.э.),

старажытнагрэчаскі гісторык, пісьменнік.

Вучань Сакрата. Праціўнік афінскай дэмакратыі, прыхільнік арыстакратычнага ладу Спарты. Удзельнік паходаў перс. палкаводца Кіра Малодшага супраць Артаксеркса II (401 да н.э.), вайны спартанскага цара Агесілая II супраць персаў (396—394 да н.э.), афінян і фіванцаў (394 да н.э), Карынфскай вайны 395—387 да н.э. на баку Спарты. У Афінах быў завочна прыгавораны да смерці. За заслугі перад Спартай атрымаў маёнтак у Элідзе, дзе займаўся земляробствам і літ. працай. Пасля 371 перасяліўся ў Карынф, пасля 369 адноўлены ў грамадз. правах, але ў Афіны не вярнуўся. Гал. творы: «Кірапедыя» (пра выхаванне Кіра), «Анабасіс» («Паход Кіра»), «Грэчаская гісторыя».

Літ.:

Фролов Э.Д. Огни Диоскуров: Антич. теории переустройства общества и государства. Л., 1984. С. 135—167.

т. 8, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГІ́ЧНЫ ЗАКО́Н,

любое сапраўднае лагічнае сцвярджэнне. Да Л.з. адносяцца законы логікі выказванняў (напр., закон несупярэчнасці, закон выключанага трэцяга, закон ускоснага доказу) або логікі прэдыкатаў. Напр., у выраз «няправільна, што р і не-р адначасова верныя» (закон несупярэчнасці) замест пераменнай р трэба падставіць выказванне; усе вынікі такіх падстановак уяўляюць сабой сапраўдныя выказванні (напр., «няправільна, што 11 — просты лік і разам з тым не з’яўляецца простым»). Кожная з лагічных сістэм утрымлівае бясконцае мноства Л.з. і ўяўляе сабой абстрактную знакавую мадэль, якая дае апісанне якога-н. пэўнага фрагмента або тыпу разважанняў. На фармалізаванай мове логікі ўсякі яе закон — гэта заўсёды сапраўдная, правільна пабудаваная формула; можна пабудаваць бясконцае мноства такіх формул, але Л.з. лічаць толькі тыя з іх, якія інтэрпрэтаваны на пазнаючае чалавечае мысленне. Гл. таксама Інтуіцыянізм.

В.М.Пешкаў.

т. 9, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГІ́ЧНЫ ПАЗІТЫВІ́ЗМ,

кірунак неапазітывізму, які сфарміраваўся ў 1920-я г. на базе Венскага гуртка. Яго тэарэт. вытокі ў вучэнні Э.Маха і Р.Авенарыуса аб «непасрэдна дадзеным» у вопыце суб’екта, логіка-гнасеалагічнай мадэлі ведаў Б.Расела і Л.Вітгенштэйна і інш. Адна з асн. задач Л.п. — матэматызацыя і фармалізацыя ведаў. Метад фармалізацыі прадстаўнікі Л.п. пашырылі і на філасофію, спрабуючы ачысціць яе ад метафізікі (г. зн. абстрактных, лагічна не абгрунтаваных палажэнняў) і зрабіць навуковай. Для гэтага выкарыстоўваўся т. зв. прынцып верыфікацыі (вызначэння сапраўднасці навук. сцвярджэнняў), які трактаваўся ў духу суб’ектывізму і канвенцыяналізму. У 2-й пал. 1930-х г. пасля пераезду ў ЗША асн. прадстаўнікоў Л.п. іх вучэнне часткова перагледжана, але захавала сваю суб’ектыўна-ідэалістычную сутнасць і стала больш вядома як лагічны эмпірызм. З 1960-х г. Л.п. перастаў існаваць як самастойны філас. кірунак.

Т.І.Адула.

т. 9, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЫФУ́НДЫІ (лац. latifundium ад latus вялізны + fundus маёнтак),

вялікія прыватнаўласніцкія зямельныя ўладанні. У Стараж. Рыме — вял. маёнткі з рысамі натуральнай гаспадаркі, дзе асн. рабочую сілу складалі рабы і калоны. У перыяд феадалізму Л. былі гал. формай вядзення сельскай гаспадаркі з залежнымі сялянамі. У новы час (17 — пач. 20 ст.) старыя і зноў утвораныя Л. як буйныя вытворцы с.-г. прадукцыі былі ўключаны ў сістэму рыначнай эканомікі, але захоўвалі пераважна паўфеадальныя формы эксплуатацыі. Былі пашыраны ў Германіі, Расіі, Іспаніі, Паўд. Італіі, краінах Лац. Амерыкі. У Беларусі з сярэдніх вякоў да пач. 20 ст. існавалі Л. ў выглядзе магнацкіх маёнткаў Радзівілаў, Сапегаў, Чартарыйскіх, Лацаў, Вішнявецкіх, Агінскіх і інш. Л. захоўваюцца ў наш час у шэрагу краін Лац. Амерыкі (Бразілія, Эквадор), Афрыкі (Паўд.-Афр. Рэспубліка) і інш.

т. 9, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАФЕЛІ́ТЫ (ад мона... + грэч. thelēma воля),

прыхільнікі рэліг.-філас. вучэння, якое склалася ў 7 ст. ў Візантыі. Было кампрамісам паміж артадаксальнай догмай, прынятай на Халкідонскім саборы, і монафізіцтвам. Паводле вучэння М., Хрыстос валодаў дзвюма прыродамі (чалавечай і божай), але адной воляй і адной «энергіяй» (богачалавечай), і самастойнасць чалавечай волі Хрыста знікла ў выніку яе паглынання божай воляй. Найб. вядомыя М.: Сергій, патрыярх канстанцінопальскі (610—638), Кір, епіскап Фасіса, Феодар, епіскап Фарана (Сінайскі п-аў). Улады Візантыі падтрымлівалі вучэнне М., бо разлічвалі з яго дапамогай умацаваць свае пазіцыі ў па-монафізіцку настроенага насельніцтва ўсх. правінцый, у 638 яго афіцыйна ўхваліў імператар Іраклій. Аднак М. былі асуджаны як ерэтыкі на Латэранскім (648) і Канстанцінопальскім (680—681) саборах. Пасля разгрому М. усталявалася містычнае вучэнне пра 2 прыроды і 2 волі Хрыста.

т. 10, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЬ ПЯЧО́РНЫ (Ursus spelaeus),

вымерлая млекакормячая жывёла сям. мядзведзяў атр. драпежных. Жыў у сярэднім і познім плейстацэне (300—10 тыс. гадоў назад). Першыя знаходкі рэшткаў выяўлены ў пячорах (адсюль назва). 2 падвіды: вялікі і малы. М.п. вялікі быў пашыраны ў Еўропе, на Каўказе, Урале, Зах. Сібіры, Паўн. Афрыцы; М.п. малы — у горных масівах Еўропы, паўн. Казахстане, на Алтаі. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі М.п. вялікага знойдзены каля г. Смаргонь і ў Гродзенскім р-не (урочышчы Мелавыя Горы, Румлаўка). Рэшткі маюць стратыграфічнае значэнне.

Вонкавым выглядам падобны на сучасных амер. мядзведзяў грызлі, але большых памераў. Галава вельмі вялікая адносна памераў цела, чэрап з уздутай лобнай часткай. Пераважна расліннаедны Аб’ект палявання чалавека каменнага веку, пра што сведчаць наскальныя малюнкі ў пячорах Зах. Еўропы і Расіі.

П.Ф.Каліноўскі.

Мядзведзь пячорны.

т. 11, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛІВА́ЙКА (Севярын) (Семярын; ?, г.п. Гусяцін Цярнопальскай вобл., Украіна — 21.4.1597),

кіраўнік антыфеад. казацка-сял. паўстання на Украіне і Беларусі ў канцы 16 ст. Служыў у войску К.Астрожскага сотнікам. Вясной 1594 стварыў казацкія атрады і ў 1595 на Правабярэжжы Украіны ўзняў казацка-сялянскае паўстанне (гл. Налівайкі паўстанне 1594—96). Калі ўлады паслалі супраць яго 7 тыс. рэестравых казакоў, ён перайшоў на тэр. паўд. Беларусі, дзе да яго далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта. Паўстанцы захапілі Петрыкаў, Слуцк, Магілёў, Давыд-Гарадок, Тураў, Лахву, Пінск і пайшлі на Валынь. Вясной 1596 пад націскам урадавых войск паўстанцы адышлі на Левабярэжную Украіну, але каля мяст. Лубны былі акружаны. 17.7.1596 частка казацкай старшыны, каб апраўдацца перад каралеўскімі ўладамі, схапіла Н. і інш. кіраўнікоў паўстання і выдала іх гетману С.Жалкеўскаму. Н. пакараны смерцю ў Варшаве.

т. 11, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)