МАГДЭБУ́РГСКАЕ ПРА́ВА (майдэборскае права)

(лац. jus theutonicum magdeburgense),

феадальнае гарадское права. Склалася ў ням. горадзе Магдэбург у 12—13 ст. з розных крыніц, у т. л. з прывілеяў, выдадзеных архіепіскапам Віхманам гар. патрыцыяту (1188), Саксонскага зярцала, пастаноў суда шэфенаў Магдэбурга і інш. Мела універсальны характар, г.зн. трактавала розныя віды праваадносін: дзейнасць гар. улады, суда, яго кампетэнцыю і парадак судаводства, пытанні зямельнай уласнасці «ў межах горада», парушэнні ўладання, захопу нерухомасці, устанаўлівала пакаранні за розныя віды злачынстваў і г.д. Асобае месца займалі нормы, што рэгулявалі гандаль і рамесніцтва, дзейнасць цэхаў і купецкіх гільдый, парадак падаткаабкладання. М.п. з’явілася юрыд. замацаваннем поспехаў гараджан у барацьбе з феадаламі за самастойнасць. Яно давала гораду права на самакіраванне і ўласны суд, права зямельнай уласнасці і вызваленне ад большай часткі феад. павіннасцей. М.п. было перанята многімі гарадамі Усх. Германіі, Усх. Прусіі, Сілезіі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы.

З 14 ст. М.п. пашыралася на гарады ВКЛ. Жыхары гарадоў, якія атрымлівалі М.п., вызваляліся ад феад. павіннасцей, ад суда і ўлады ваяводаў, старостаў і інш. дзярж. службовых асоб. У прыватнаўладальніцкіх гарадах М.п. не вызваляла гараджан ад залежнасці і ўлады феадалаў, аднак залежнасць не мела рысаў прыгонніцтва. На аснове М.п. ў горадзе ствараўся выбарны орган самакіравання — магістрат. 3 увядзеннем М.п. адмянялася дзейнасць мясц. права, але не адмаўлялася правамернасць карыстання мясц. звычаямі, калі вырашэнне справы не прадугледжвалася М.п. У судовай практыцы магістратаў Беларусі разам з М.п. выкарыстоўваліся нормы агульнадзярж. права — Статутаў ВКЛ, судовых статутаў сталіцы — Вільні і ўласнай юрыд. практыкі. У ліку першых М.п. ў ВКЛ атрымалі Вільня (1387), Брэст (1390), Гродна (1391 няпоўнае, 1496 поўнае), Слуцк (1441), Высокае (1494), Полацк (1498), Мінск (1499), Браслаў (1500), Навагрудак (1511) і інш. М.п. мелі каля 60 гарадоў і мястэчак Беларусі. Граматы на М.п. дзярж. гарадам выдавалі вял. князі ВКЛ, прыватнаўладальніцкім гарадам — уладальнікі гарадоў або па іх хадайніцтве вял. князі. На Беларусі М.п. скасавана паводле ўказаў Кацярыны II у Магілёўскай губ. ў ліст. 1775, у Мінскай — у маі 1795, у зах. Беларусі — у снеж. 1795.

Літ.:

Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в., Мн., 1975;

Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (Соц. экон. исслед. истории городов). Мн., 1975.

Гарады і мястэчкі Беларусі, якія мелі магдэбургскае права
Гарады і мястэчкі Год выдачы граматы на магдэбургскае права Гарады і мястэчкі Год выдачы граматы на магдэбургскае права
Брэст 1390 Друя 1618
Гродна 1391 (няпоўнае, 1496 поўнае) Орша 1620
Слуцк 1441 Крычаў 1633
Высокае 1494 Бешанковічы 1634
Полацк 1498 Чавусы 1634
Мінск 1499 Мсціслаў 1636
Браслаў 1500, няпоўнае Ружаны 1637
Ваўкавыск 1503 Астрына 1641
Навагрудак 1511 Чэрыкаў 1641
Мілейчыцы 1516 Дзівін 1642
Камянец 1518 Лагішын 1643
Слонім 1531 Мальча 1645
Рэчыца 1561, няпоўнае Радунь 1649
Дзісна 1569 Жыровічы 1652
Радашковічы 1569 Капыль 1652
Сураж 1570 Стоўбцы 1729
Магілёў 1577 Ушачы 1758
Мазыр 1577 Бобр 1762
Уда 1577 Мядзел Стары 1762
Гарадная 1579 Шклоў 1762
Пінск 1581 Ашмяны 1792
Азярышча 1583, няпоўнае Воўпа 1792
Нясвіж 1586 Вугор 1792
Ліда 1587 Геранёны 1792
Гарадзец 1589 Пераброддзе 1792
Кобрын 1589 Прывалка 1792
Пружаны 1589 Цырын 1792
Любча 1590 Шарашова 1792
Віцебск 1597

т. 9, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ле́мех ’частка плуга, якая падразае пласт зямлі знізу’ (ДАБМ, к. 255; лудз., Сл. паўн.-зах.), ляме́х ’тс’ (ДАБМ, к. 255), ле́меш, ляме́ш, леміш (Нас., Грыг., Бяльк., Смул., Тарн., Яўс., ДАБМ, к. 255), ’адвал плуга’ (Сцяшк., Касп.), ’абібок, гультай’ (Яўс.), лемех, леме́ха ’таўстун, няўклюда’ (ТС), лемяшні́ца ’драўляная аснова ніжняй часткі сахі’ (лудз., Сл. паўн.-зах.), леме́хова́ты ’няўклюдны’ (ТС). Укр. лемі́ш ’лямеш’, ле́мехуватий ’непаваротлівы, павольны’, рус. ле́мех, лемёх ’лямеш’, вяц. ’лаянкавае слова’, ле́ме́ш, лемяш ’лямеш’, алан., наўг. о́межа, омежь, ст.-рус. емешь, уладз. лемешить ’араць сахою’, польск. lemiesz, lemisz, lemʼọš, lemiąz, ląmys, limiesz, limysz, jemiesz, ст.-польск. lemięsz, lemięże, lęmięsz, чэш. lemeš, ст.-чэш. lemech, славац. leṃeš, славен. lémež, lėmeš, ст.-славен. lemesh, lȇmésh, р. скл. lȇmeʃha, серб.-харв. лѐмеш, лѐмеж, lèmjež, lèmlješ, lèmiš, ljèmeš, jèmlješ, макед. лемеш, е́меш, е́миш, балг. леме́ж, йемеш, еме́ж, емеш, и́меш (р. скл. имежа), ц.-слав. лемешь, емешь ’рала, лямеш’. Прасл. lemežь: lemešь ’вострая частка плуга, якая разразае, ломіць глебу’ мае адпаведнікі ў балт. мовах, параўн. літ. lẽmežis, lamežis ’аснова лямеша’, лат. lemesis ’лямеш’ (Буга, РФВ, 71, с. 57). Этымалогія не зусім ясная. Звычайна супастаўляюць прасл. лексему з і.-е. коранем *lem‑ ’ламаць, крышыць, драбіць’ (Міклашыч., 164; Бернекер, 700; Слаўскі 4, 146–148), параўн. аналагічную семантыку ў ст.-інд. phā́la‑ ’лямеш’ < *(s)phel ’ламаць, лупіць, расшчапляць’. Форма омежь і інш. вылучаецца этымалагічна ў асобную лексему (Фасмер, 2, 480; Каліма, ZfslPh, 20, 406). Мяркуецца (Брукнер, KZ, 43, 304–305; Махэк₂, Slavia, 20, 210), што форма lemech з’яўляецца другасным утварэннем. Гл. таксама Дурыданаў, Stud. zur Lit. und Kultur in Osteur., Köln — Wien, 1983, 63–67. Сюды ж лемехава́ты ’дурнаваты’ (Ян.) — укр. ле́мехуватий. Да лемех (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяршо́к 1 ’верхняя частка чаго-небудзь’; ’вяршаліна’ (БРС, КТС; КЭС, лаг.); ’тое, чым накрываюць гаршчок’ (Інстр. I), укр., рус. вершок ’тс’, польск. wierszek, н.-луж., в.-луж. wjeršk, чэш. vršek, vršík, славац. vŕšok, славен. vršek, серб.-харв. вр̑шак, макед. вршка ’верхняя частка чаго-небудзь’, балг. връ́шка ’адрубленая вяршаліна сасны’, вършец ’верхняя частка чаго-небудзь’. Да верх (гл.). Утворана пры дапамозе дэмінутыўнага суф. ‑ок (< ‑ьkъ).

Вяршо́к 2 ’мера даўжыні ≈ 4,4 см’ (БРС, КТС, Касп., Бяльк., Сцяшк.), укр. вершок, рус. вершок, ст.-рус. вершок (з XVI ст.) ’тс’. Узыходзіць ад прасл. vьrx‑ьkъ ’верхняя частка чаго-небудзь, у прыватнасці верхняя частка ўказальнага пальца’ (Фасмер, 1, 302). Не пераконвае Праабражэнскі (1, 78), КЭСРЯ (77), Булахоўскі (Труды ИРЯ, 1, 151), якія развіццё семантыкі разглядаемай лексемы ўяўляюць наступным чынам: ’вяршыня’ → ’лішак, які з’яўляецца зверху пры насыпанні збожжа’ → ’мера даўжыні’. Бел. вяршок пранікла з рус. мовы (Шанскі, 1, В, 71).

Вяршо́к 3 ’верхні слой на адстоеным салодкім малацэ’ (Інстр. I, Шат.), выршо́к (драг., КЭС), укр. вершок ’тс’, рус. уладз., валаг., дан. вершок ’тс’. Усх.-слав. утварэнне. Да верх (гл.), вяршок 1 (гл.).

Вяршо́к 4 ’адтуліна, верхняе аконца пад столлю для выпуску чаду ў курных хатах, у лазнях’ (Нас., Серб., Інстр. I, КЭС, лаг.). Укр. чарніг. верх, рус. смал. вершок ’тс’, пск. вершнік ’невялікае ваконца ў лазні’. Бел. утварэнне. Да верх ’тс’ (гл.).

Вяршо́к 5 ’конусападобнае горла ці лаз у рыбацкіх пастках’ (Тарн.), ве́ршок (Крыв.). Рус. ленінгр. ве́ршник ’верх конусападобнай часткі невада’. Да верх (гл.). Сюды ж увершок, овершок (гл.).

Вяршо́к 6 ’першая маленькая булачка з хлебнага цеста, якую часцей за ўсё аддаюць скаціне’ (мазыр., Вешт.). Да верх, вяршок 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туля́цца ‘хавацца’, ‘бадзяцца без прытулку’ (Нас., Бяльк., Шат., Касп., Сержп. Прымхі, ТС, Ян., Байк. і Некр.), ‘ухіляцца ад работы, гультаяваць’ (Некр. і Байк., Жд. 2), ‘хадзіць без работы, ацірацца’ (Бір., ТС), ‘хадзіць, прыгнуўшыся ды за нешта хаваючыся’ (Варл.), ‘імкнуцца пазбегнуць чаго- або каго-небудзь, хавацца’: tulájecsa, jak sabáka ad much (Федар. 4), туляцца па завуголлю ‘хавацца ад непажаданых сустрэч, пазбягаць сустрэчы з кім-небудзь’ (Нік., Оч., ТС, Растарг.), ст.-бел. тулятися, тулатися, тулятисе ‘хадзіць без пэўнай мэты, бадзяцца’ (Скарына; Александрыя; 1610 г., ГСБМ). Укр. ту́лятися, туля́тися ‘блукаць, бадзяцца’, ‘гараваць, жывучы ў чужых людзей’, рус. дыял. туля́ться ‘хавацца, бадзяцца’, польск. tułać się ‘хадзіць без мэты’, чэш. toulati se, славац. túľaťsa ‘тс’, харв. tȕlati ‘бадзяцца’, túlati se ‘хадзіць ціха, нібы крадучыся’, макед. дыял. тула се ‘бадзяцца, валачыцца’ (МЈ, 10, 1–2, 105). Прасл. дыял. *tulati sę ‘бадзяцца, туляцца, хадзіць крадком, употайкі’, на думку Борыся (Etymologie, 365), адносна позняя інавацыя часткі праславянскіх дыялектаў (без лужыцкіх моў) — дзеяслоў шматразовага дзеяння ад прасл. *tuliti sę ‘завівацца’, ‘нагінацца, горбіцца’, гл. туліць, туліцца, першаснае значэнне было ‘згінаць, прыгінацца, хавацца ідучы’ (Борысь, 653–654; ЕСУМ, 5, 674; Брукнер, 584). Махэк₂ (648) выводзіць з *lutati ‘бадзяцца’, што цяжка даказаць, як і вывядзенне з лат. tūlʼat, tūlʼāties ‘хадзіць без працы, бадзяцца’ (Блесэ, SB, 5, 25) беларускага туляцца, што, паводле Лаўчутэ (Балтизмы, 149), вельмі сумніўна, бо не прымаецца пад увагу матэрыял іншых славянскіх моў. Сюды ж туля́ць ‘хаваць (напр., ад рэкруцтва)’ (Нас.), туле́нне ‘хаванне, прытулак’ (Нас.), туля́нне ‘хавацца ў розных кутках’ (Нас., Бяльк.); ту́ляннік, туля́ньніца ‘той, хто ўхіляецца (ад працы і інш.)’ (Юрч. СНЛ); туля́га ‘бадзяга, чалавек, які пазбягае сустрэчы’ (ТСБМ, Сцяшк.), ‘баязлівец, нерашучы чалавек’ (ТСБМ), ‘бяздомнік’ (Некр. і Байк.), туляя́ ‘гультай, нядбайнік’ (Шат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гара́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае высокую тэмпературу; моцна нагрэты. Гарачая вада. Гарачая печ. □ Поўныя тугія каласы важка пагойдваюцца пад гарачым павевам ветру, пругка выгінаючы спелыя сцябліны. Мележ. // Спякотны, душны. Гарачае летняе сонца. □ Дзень быў сухі, гарачы. Усё жывое хавалася ў цень. Ваданосаў. // З павышанай тэмпературай (пра цела, часткі цела). Дыханне Волкава было цяжкае, гарачае. Такія ж гарачыя выпі яго рукі, лоб. Шамякін. // Паўднёвы, трапічны. Гарачы клімат. Гарачыя краіны.

2. перан. Страсны, палкі. Гарачы прыхільнік. □ У асобе Купалы мы бачым вернага паслядоўнага і гарачага абаронцу той тэндэнцыі ў паэзіі, сутнасць якой была вызначана Някрасавым. Івашын. // Які вызначаецца глыбінёй пачуццяў, выражае глыбокія пачуцці. Гарачае прывітанне. Гарачае жаданне. □ Вочы .. [Ганны], сухія, гарачыя.., глядзелі на малую. Мележ. Толькі той заваёўвае заслужаны поспех, хто аддае творчай працы гарачае сэрца. Макаёнак.

3. Вельмі моцны, напружаны; інтэнсіўны. Гарачы бой. Гарачая работа. Гарачыя спрэчкі. // Які патрабуе выкарыстання ўсіх сіл і сродкаў (аб часе). Гарачая пара ўборкі.

4. перан. Запальчывы, нястрыманы. Характар у Юры і сапраўды не зусім удалы. Юра гарачы, упарты. Бяганская. // Рэзвы, шпаркі, імклівы (пра коней). Грымела зямля пад гусеніцамі магутных танкаў, слаўся пыл пад капытамі гарачых коней. Дамашэвіч.

5. Які робіцца пры высокай тэмпературы, апрацоўваецца з дапамогай высокай тэмпературы. Гарачая апрацоўка дэталей.

6. у знач. наз. гара́чае, ‑ага, н. Разм. Гарачая страва. З’есці гарачага.

•••

Гарачая галава гл. галава.

Гарачая кроў гл. кроў.

Па гарачых слядах гл. след.

Пад гарачую руку гл. рука.

Усыпаць гарачых гл. усыпаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зялёны, ‑ая, ‑ае; зелен, ‑а.

1. Адзін з колераў сонечнага спектра, сярэдні паміж жоўтым і блакітным; колеру травы, зелені. Зялёны колер. Зялёная фарба. Зялёная тканіна. □ Пад цяжарам.. яблыкаў нізка звісае зялёнае голле. Брыль. // Разм. Бледны, з зямлістым адценнем. Зялёны твар.

2. Утвораны зеленню (у 1 знач.), зялёнай расліннасцю; зарослы дрэвамі, кустамі, травой. Верхавіны.. дрэў былі такія пышныя, што спляталіся галлём угары і ўтваралі цяністы зялёны тунэль. Чарнышэвіч. Гарадок быў зялёны, чысты, амаль цэлы, з брукаванымі вуліцамі і тратуарамі. Арабей.

3. Які складаецца са свежай зелені, з’яўляецца зеленню (у 1 знач.). Зялёны корм. Зялёнае ўгнаенне. // Прыгатаваны са свежай травяністай часткі ядомых раслін. Зялёны боршч. Зялёнае варыва.

4. Недаспелы, няспелы. Зялёны яблык. Зялёнае жыта. Журавіны яшчэ зялёныя.

5. перан. Вельмі юны, нясталы; нявопытны з прычыны маладосці. Прыехаў да нас у будаўнічую кантору новы начальнік. Зусім зялёны, зірнеш на яго — гадоў васемнаццаць, больш не дасі! Каршукоў.

6. у знач. наз. зялёныя, ‑ых. Назва асобных атрадаў нерэгулярных войск, якія ў час вайны хаваюцца ў лясах і рабуюць насельніцтва. Нам — ні белых, ні зялёных, Мы з душою за чырвоных. З нар.

•••

Зялёнае мыла гл. мыла.

Зялёная маса гл. маса.

Зялёны гарошак гл. гарошак.

Зялёны канвеер гл. канвеер.

Зялёны стол гл. стол.

Зялёны тэатр гл. тэатр.

Зялёны чай гл. чай.

Зялёныя насаджэнні гл. насаджэнне.

Зялёнае дзіця гл. дзіця.

Зялёная вуліца гл. вуліца.

Молада-зелена гл. малады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзялі́цца, дзялюся, дзелішся, дзеліцца; незак.

1. Распадацца на часткі, на групы; раздзяляцца. Горад дзеліцца на пяць раёнаў. □ Усе хлапчукі пароўну дзяліліся і, разышоўшыся ў розныя бакі, пачыналі збіраць на полі каменне і шпурляць .. у свайго «праціўніка». Лобан. Пры выбарах у сельсавет сяляне дзяліліся на два лагеры. Бядуля. // Рабіць падзел гаспадаркі, маёмасці з кім‑н. — Мы як дзяліліся, дык хоць каб хто слова з нас адзін на аднаго дрэннае сказаў. Мы па-брацку разышліся. Чорны. Дзяліліся сыны з бацькамі, браты з братамі; так стала больш за дзве сотні двароў. Каваль.

2. чым з кім. Аддаваць каму‑н. частку чаго‑н. свайго; узаемна аддаваць адзін другому частку чаго‑н. свайго. Многія з гэтых людзей садзіліся побач і дзяліліся з .. [Норам і маці] апошнім кавалкам хлеба. Шамякін. Я не мог не наведаць і верных сяброў, Хто дзяліўся са мной І абоймай патронаў у часе баёў, І апошняй скарынкай, а ў часе піроў Звонкай песняй сваёй. Танк. // перан. Перадаваць, паведамляць каму‑н. што‑н.; узаемна абменьвацца чым‑н. Дзяліцца вопытам. Дзяліцца ведамі. □ Аб усім мог расказаць муж, але ён, як скупы ці няўважлівы чалавек, не хацеў дзяліцца з жонкай заводскімі навінамі. Шахавец. // Давяраць, раскрываць (думкі, пачуцці). Прыяцелі шапталіся, дзяліліся нейкімі сваімі сакрэтамі. Лынькоў.

3. Мець здольнасць да дзялення на які‑н. лік без астачы. Дзесяць дзеліцца на пяць.

4. Зал. да дзяліць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дра́цца, дзяруся, дзярэшся, дзярэцца; дзяромся, дзерацеся, дзяруцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раздзяляцца на часткі, на кавалкі; раздзірацца. Папера лёгка дзярэцца. // Зношвацца да дзірак; рвацца (пра адзенне, абутак). — Есці пры маёй рабоце хапае, абутак і вопратка не дзярэцца і не вельмі пэцкаецца. Кулакоўскі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знімацца, адрывацца. Дзяры лыка пакуль дзярэцца. Прыказка.

3. Мець прывычку драць (у 3 знач.); драпацца. [Зыгмусь:] Я да.. [Юзі], а яна або ўцякае, або пазурамі дзярэцца, як кошка. Чорны.

4. Драпаць адзін аднаго. Каты дзяруцца.

5. Разм. Чухацца, тручыся аб што‑н. або драпаючы пальцамі. Дзярэцца, як карослівы.

6. Разм. Паднімацца на што‑н. высокае, чапляючыся рукамі і нагамі; караскацца. Мне так захацелася пабываць на вяршыні кургана, як у маленстве: гоп-гоп! — некалькі падскокаў, і ты ўжо дзярэшся пад самую сасну. Кірэенка. // Вырастаючы, паднімацца ўверх, чапляючыся за што‑н. (пра расліны). Адбуяла ў агародах хмельная летняя зеляніна — павесілі галовы сланечнікі, не дзярэцца на платы гарбузнік. Навуменка. // Прабірацца праз што‑н. цяжкапраходнае. Драцца праз густы ельнік. // перан. Імкнуцца заняць як можна вышэйшае становішча ў грамадстве. Цяпер спакойны за сябе Пахом: «Палезу вышай — вывезе дыплом». І па службовай лесвіцы дзярэцца... Маеўскі.

7. Разм. Моцна крычаць, плакаць. Чаго .. [дзіця] дзярэцца на ўвесь лес? Васілевіч. Дарэктар рвецца на кавалкі. Зламаў на блясе ўжо дзве палкі, Дзярэцца, нема л[я]мантуе, — Такі там гвалт — хай бог ратуе! Колас.

8. Зал. да драць (у 1, 2 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пера..., прыстаўка.

Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і вытворных ад іх слоў і абазначае: 1) накіраванасць дзеяння, руху з аднаго месца на другое, з аднаго боку на другі, напрыклад: перабегчы, перавярнуць, перайсці, перакласці (са стала на паліцу); 2) накіраванасць руху цераз які‑н. прадмет, перашкоду, напрыклад: перакінуць (цераз сетку), пералезці (цераз плот), пераплыць, пераскочыць; 3) змену накіраванасці дзеяння, перадачу каму‑, чаму‑н., напрыклад: перадаць (у спадчыну), пераспаць; 4) паўтарэнне дзеяння яшчэ раз, нанава, напрыклад: перакрыць, перарабіць, перачытаць, перашыць; 5) празмернасць дзеяння, а таксама давядзенне дзеяння да адмоўнага выніку, напрыклад: пераесці, перапаліць, перасіліць, ператрымаць, перахваліць; 6) перавагу, першынство ў якім‑н. дзеянні, напрыклад: перакрычаць, ператанцаваць, перахітрыць; 7) паслядоўны ахоп дзеяннем усіх або многіх асоб, прадметаў і вычарпальнасць такога дзеяння, напрыклад: пералавіць, перамыць (увесь посуд), перапэцкаць (рукі), перастраляць, перахварэць (усімі дзіцячымі хваробамі); 8) надзел чаго‑н. на часткі, напрыклад: перагарадзіць, перакусіць (нітку), пераламаць; 9) запоўненасць дзеяннем якога‑н. прамежку часу або правядзенне пэўным чынам якога‑н. прамежку часу, напрыклад: перазімаваць, пераначаваць, перачакаць (дождж); 10) пераўтварэнне ў што‑н. іншае, пераход у іншы стан, від і інш., напрыклад: перакласці (на іншую мову), перарасло (сяброўства ў каханне), перамяніць (свой колер), перафразіраваць; 11) спыненне якога‑н. дзеяння, стану, напрыклад: перабалела (сэрца), перабаяцца, перабрадзіць; 12) слабае праяўленне дзеяння або яго кароткачасовасць, напрыклад: перадыхнуць, перакусіць (перад абедам); 13) (з часціцай ‑ся/‑ца) узаемнасць дзеяння, напрыклад: перамігвацца, перапісвацца, перасварыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плячо́, ‑а́; мн. пле́чы, Р мн. плячэй і плеч, Д пляча́м, Т пляча́мі і плячы́ма, М (аб) пляча́х; н.

1. Частка тулава ад шыі да рукі. Міколку, аднак, было не да смеху, бо ныла балюча плячо. Лынькоў. Рука Віктара ляжала на маім плячы. Савіцкі.

2. Верхняя частка рукі да локцевага сустава. Пералом пляча.

3. толькі мн. (пле́чы, плячэ́й і плеч). Тыльны бок тулава ад шыі да пояса; спіна. Немцы, спяшаючыся выскачыць з гэтай смяротнай стыхіі, усё часцей штурхалі людзей у плечы. Шчарбатаў.

4. Спец. Частка рычага ад пункта апоры да пункта прыкладання сілы, якая дзейнічае на рычаг.

5. Спец. Частка прадмета або ўчастак чаго‑н., размешчаны пад вуглом да яго асноўнай часткі. Плячо бастыёна.

•••

Браць ногі на плечы гл. браць.

Вынесці на сваіх плячах гл. вынесці.

Гара з плячэй звалілася гл. гара.

За плячамі — у мінулым (быць, стаяць, мець).

За плячамі не насіць гл. насіць.

Зваліцца з плячэй гл. зваліцца.

Зваліць з плячэй гл. зваліць.

З плеч далоў гл. далоў.

З чужых плячэй — які не падыходзіць па размеру, які раней насіў хто‑н. (пра адзежу).

Касы сажань у плячах гл. сажань.

Мець галаву (на плячах, на карку) гл. мець.

Націснуць плячамі гл. націснуць.

Плячо ў плячо — а) блізка, побач з кім‑н.; б) у цесным адзінстве, разам.

Расправіць плечы гл. расправіць.

Ускласці (узваліць) на плечы гл. ускласці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)