ГРАВЕЛІ́Т,

сцэментаваны жвір, які мае тэкстуры, уласцівыя пясчаным пародам. Пашыраны сярод асадкавых утварэнняў. Наяўнасць гравеліту сведчыць аб інтэнсіўным размыванні больш стараж. тоўшчаў і блізкасці мелкаводдзя, сушы або падняцця (дадатных формаў рэльефу дна басейна). На Беларусі гравеліт пашыраны ў геал. адкладах венду, антрапагену і інш.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕПІСКАПА́Т,

у каталіцтве сістэма царк. кіравання праз епіскапаў. Е. кожныя 5 гадоў павінны з’яўляцца ў Рым для справаздачы аб справах у епархіі. 2-гі Ватыканскі сабор (1962—65) заснаваў у якасці калегіяльных органаў кіравання нац. і рэгіянальныя канферэнцыі епіскапаў і Сінод епіскапаў пры пале.

т. 6, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПЕРСТВА (ад галанд. kaper марскі разбойнік),

напад у адкрытым моры ўзбр. прыватных гандл. суднаў (але пад ваен. сцягам) ваюючай дзяржавы з яе дазволу на непрыяцельскія гандл. судны або судны нейтральных краін, якія перавозяць грузы для непрыяцельскай дзяржавы. К. забаронена Дэкларацыяй аб марской вайне 1856.

т. 8, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФАГРА́ФІЯ (ад марфа... + ...графія),

раздзел геамарфалогіі, які ўключае апісанне форм рэльефу зямной паверхні і сістэматызацыю іх па вонкавых прыкметах. Прадметам М. служаць звесткі аб вышынях, глыбінях, асаблівасцях расчлянення зямной паверхні, абрысах і ўзаемным размяшчэнні дадатных і адмоўных форм рэльефу без разгляду яго генезісу і ўзросту.

т. 10, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДНАЯ ТРЫБУ́НА»,

штотыднёвая грамадска-паліт. газета, орган Брэсцкага абл. Савета дэпутатаў і выканкома. Выходзіць са снеж. 1990 у Брэсце на бел. мове, са студз. 1993 — на бел. і рус. мовах. Інфармуе аб падзеях грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця Брэстчыны і рэспублікі, асвятляе міжнар. падзеі.

т. 11, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТО́НЫ [ад лац. pars (partis) частка],

гіпатэтычныя часціцы (ці квазічасціцы), элементы структуры адронаў. Гіпотэза аб існаванні П. выказана Р.Ф.Фейнманам (1969) для тлумачэння вынікаў эксперыментаў па глыбока няпругкім рассеянні часціц (рассеянні з вял. перадачай імпульсу другасным часціцам). Існуе меркаванне, якое атаясамлівае П. з віртуальнымі кваркамі.

т. 12, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́МНЕЗ (ад грэч. anamnēsis успамін),

сукупнасць звестак аб жыцці хворага і развіцці хваробы, атрыманых апытаннем хворага або з іншых крыніц. Выкарыстоўваецца для ўстанаўлення дыягназу, прагнозу хваробы, выпрацоўкі аптымальных метадаў лячэння і прафілактыкі; адзін з асн. метадаў комплекснага абследавання, вывучэння хворага як асобы, індывідуальнасці; прасцейшы спосаб устанаўлення кантакту паміж хворым і ўрачом. Паводле анамнезу дыягназ хваробы ўстанаўліваецца больш як у 50% выпадкаў. Анамнез хваробы ўключае звесткі аб узнікненні хваробы і цячэнні яе да моманту даследавання, скаргі і адчуванні хворага. Анамнез жыцця ўключае агульныя біягр. звесткі па перыядах жыцця, перанесеныя хваробы, спадчыннасць, сямейнае жыццё, умовы працы і быту, шкодныя звычкі. Асобна вылучаюць фармакалагічны, алергалагічны, экспертна-працоўны анамнез. Пры неабходнасці збіраюць эпідэміялагічны анамнез. Паняцце анамнезу ўжываюць таксама ў ветэрынарыі пры дыягностыцы хвароб свойскіх жывёл.

М.​Ф.​Сарока.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЦЫЁН [ням. Option ад лац. optio (optionis) выбар],

1) у міжнародным праве выбар асобай грамадзянства (гл. Аптацыя).

2) У аўтарскім праве апцыён выкарыстоўваецца пры заключэнні дагавораў пра выданне твораў аўтара адной дзяржавы ў інш. дзяржаве. Выд-ва пасля пагаднення пра апцыён з замежным аўтарам вывучае твор і вырашае пытанне пра магчымасць яго выдання. Канчатковы адказ выд-ва дае ва ўстаноўлены тэрмін, да заканчэння якога аўтар не можа заключыць дагавор з інш. выд-вамі аб выданні твора на той жа мове. Ніякіх плацяжоў пагадненне пра апцыён не прадугледжвае.

3) Агаворка ў дагаворы марской перавозкі аб праве замены аднаго грузу або аднаго порта назначэння іншым.

4) Прывілей на біржах, які даецца пры выплаце пэўнай прэміі на атрыманне тавару па раней устаноўленай цане на працягу пэўнага тэрміну.

т. 1, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДНЫ Бенеш, дзеяч бел. культуры 16—17 ст., пісьменнік, перакладчык. Нарадзіўся, верагодна, у мяст. Лоск (цяпер у Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Скончыў Кёнігсбергскі пратэстанцкі ун-т. Да 1594 жыў пры двары бел. магнатаў Ф.​Скуміна, А.​Храптовіча, потым служыў у М.​К.​Радзівіла. Яго асн. твор «Кароткія і ясныя аповесці, якія па-грэчаску называюцца «Апафегматы» (Вільня, 1599) у 17 ст. вытрымаў 11 выданняў, у 1711 па загадзе Пятра I перакладзены на рус. мову і надрукаваны ў Маскве. Гэта філас.-этычныя сентэнцыі з нагоды вучэння ці жыцця ант. філосафаў і паліт. дзеячаў. Будны спрабаваў хрысціянізаваць ант. этыку і на аснове сінтэзу духоўных каштоўнасцяў антычнасці і хрысціянства выпрацаваць агульначалавечыя прынцыпы і нормы маралі, карысныя для ўсіх эпох. Пераклаў трактаты Цыцэрона «Аб старасці» (1956 1596), «Аб дружбе» (1603).

т. 3, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НТАМ ((Bentham) Іерэмія) (15.2.1748, Лондан — 6.6.1832),

англійскі філосаф, сацыёлаг, юрыст. Заснавальнік утылітарызму — светапогляднай і сац.-філас. арыентацыі ў навуках аб чалавеку, якая зыходзіць з прынцыпу карыснасці як асноватворнага. У сваёй асн. працы «Дэанталогія, або Навука аб маралі» (т. 1—2, 1834) сцвярджаў, што крытэрый маралі — «дасягненне карысці, выгады, здавальнення, дабра і шчасця» і што імкненне кожнага клапаціцца толькі пра сябе прыводзіць да «найб. шчасця найб. колькасці людзей». Лічыў індывід. інтарэсы адзіна рэальнымі, грамадскія ж — сукупнасцю індывідуальных («Тэорыя пакаранняў і ўзнагарод», т. 1—2, 1811). Крытыкаваў тэорыю грамадскага дагавору Ж.​Ж.​Русо, бо яна, на думку Бентама, узбуджае дух паўстання, аднак абараняў патрабаванне рэформы англ. парламента на аснове пашырэння выбарчага права. Адстойваў ідэю свабоднага гандлю і канкурэнцыі, што павінна забяспечыць у грамадстве спакой, справядлівасць і роўнасць.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)