СТЭРЭАТЫ́ПІЯ (ад стэрэа... + грэч. typos адбітак, форма),

выраб копій друкарскіх форм (стэрэатыпаў) высокага друку. Дае магчымасць друкаваць выданні з аднолькавых форм-копій адначасова на некалькіх машынах, вырабляць формы для высокапрадукцыйных ратацыйных машын. Прыдатная для друкавання вял. тыражамі кніжна-часопісных, ілюстраваных і інш. масавых выданняў, а таксама набраных дробным кегелем (энцыклапедый, слоўнікаў), перавыданняў (з захаваннем матрыц).

Стэрэатыпы — копіі арыгінальнай друкарскай формы з адліўнога набору і клішэ, вырабленыя ў маштабе 1:1. Маюць форму маналітнай пласціны або часткі цыліндра з друкарскага сплаву (гарту), медзі, пластмасы або гумы з рэльефнымі друкавальнымі элементамі. Працэс С. ўключае: цісненне матрыц (на спец. матрычных прэсах); атрыманне стэрэатыпаў ліццём (матрыцу заліваюць спец. сплавам на стэрэатыпных адліўных станках), электралітычным спосабам (на матрыцу ў гальванічнай ванне нарошчваюць слой металу, які ўтварае паверхневы друкавальны слой стэрэатыпа; гл. Гальванастэрэатыпія), упрасоўваннем матрыцы ў тэрмапластычную пластмасавую або гумавую пласціну ў падагрэтым стане; аддзелку стэрэатыпа (апрацоўка па росце або таўшчыні, паглыбленне буйных прагалаў, апрацоўка тарцоў і інш.). Для павышэння тыражаўстойлівасці літыя стэрэатыпы пакрываюць хромам або нікелем, гальванастэрэатыпы часам храміруюць. У сувязі з апераджальным развіццём афсетнага друку, флексаграфскага друку і ўжываннем фотапалімерных форм у высокім друку з канца 20 ст. выкарыстанне С. скарачаецца.

Літ.:

Колосов А.И. Наборные и стереотипные процессы. М., 1977;

Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. 2 изд. М., 1991.

У.​М.​Сацута.

Стэрэатыпія: а — схема прасавання матрыц-штампаў з наборнай формы (1 — металічны ліст; 2 — зменныя абмежавальнікі; 3 — матрычны прэс-пакет; 4 — прэс-форма; 5 — арыгінальная форма); б — схема прасавання стэрэатыпаў (1 — матрыца; 2 — ліст пластмасы; 3 — пліта халоднага прэса; 4 — прэс-форма).

т. 15, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,

ваенна-паліт. аб’яднанне часткі шляхты і некаторых магнатаў Рэчы Паспалітай супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Рас. імперыі ў 1768—72. Засн. 29.2.1768 у г. Бар (зараз Вінніцкая вобл., Украіна) па ініцыятыве Ю.​Пуласкага, А. і М.​Красінскіх і інш. Канфедэраты выступілі з кансерватыўнай праграмай адмовы ад паліт. рэформаў, на якія пайшоў кароль і яго аднадумцы, патрабавалі скасавання закону 1768 пра ўраўнаванне ў правах з католікамі шляхты правасл. і лютэранскага веравызнання, захавання шляхецкіх вольнасцяў і прывілеяў каталіцкай царквы. Разам з тым яны дамагаліся спынення ваен. інтэрвенцыі Расіі, умяшання яе ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай, аднаўлення незалежнасці краіны. Патрыят. заклікі далі шырокі прыток у рады канфедэратаў шляхты, мяшчан, сялян. Масавай з’явай стала партыз. барацьба, якая ахапіла польскія, бел. і літ. землі (на Украіне Барская канфедэрацыя стрымлівалася паўстаннем «калііўшчына»). Увосень 1769 створана Гал. рада Барскай канфедэрацыі («Генеральнасць») з рэзідэнцыяй у г. Прэшаў (Славакія). Дзейнасць канфедэратаў на тэр. Беларусі і Літвы каардынавалі чл. Гал. рады маршалак канфедэрацыі М.​Пац і камандуючы войскамі Ю.​Сапега. У чэрв. 1770 атрад Ш.​Касакоўскага перайшоў з Літвы на Беларусь, дзе папоўніўся дробнай шляхтай, сялянамі і інш. Дзейнічаў у раёне Мядзела, Радашковіч і Мінска, разбіты пад Навагрудкам. У 1771 рух канфедэратаў на Беларусі ўзмацніўся ў сувязі з далучэннем да іх вял. гетмана літ. М.​К.​Агінскага. 12.9.1771 яго невял. войска разбіта А.​В.​Суворавым пад в. Сталовічы. Пасля гэтага барацьба пайшла на спад. Тысячы канфедэратаў, 70% з якіх складалі мяшчане і сяляне, былі сасланы ў Сібір. Разгром Барскай канфедэрацыі садзейнічаў першаму падзелу Рэчы Паспалітай у 1772.

Літ.:

Konopczyński W. konfederacja Barska. Т. 1—2. Warszawa, 1936—38.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 2, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГРА́ЦЫЯ (ад лац. integratio аднаўленне, папаўненне),

адзін з бакоў працэсу развіцця, калі асобныя часткі ці элементы аб’ядноўваюцца пад дзеяннем пэўнага фактара ў адно цэлае. Працэсы І. могуць адбывацца ва ўжо існуючых сістэмах або весці да стварэння новых сістэм на падставе некаторай колькасці сістэмастваральных элементаў. І. — універсальная з’ява. Яна назіраецца ў прыродных, касм. і сац. працэсах. Тыповыя яе прыклады: сінтэз атамаў у тэрмаядзерных рэакцыях, сінтэз малекул пры стварэнні хім. рэчываў, аб’яднанне ў адзіны комплекс розных відаў вытв-сці (гл. Інтэграцыя эканамічная), аб’яднаўчыя сувязі паміж суб’ектамі грамадства — асобамі, сац. групамі, дзяржавамі, грамадскімі арг-цыямі і інш. (гл. Інтэграцыя сацыяльная). У выніку І. павялічваецца аб’ём і інтэнсіўнасць сувязей паміж элементамі ўнутры сістэмы, што прыводзіць да паяўлення новых узроўняў кіравання сістэмай. Што датычыць частак новай сістэмы, то ў залежнасці ад характару сістэмы іх пач. самастойнасць або змяняецца пэўнай ступенню аўтаноміі, або цалкам знікае на карысць цэлага. У залежнасці ад складу ўдзельнікаў інтэграцыйных працэсаў, прынцыпаў, мэт і спосабаў іх рэалізацыі адрозніваюць пэўныя ўзроўні, формы і віды І. У апошняй чвэрці 20 ст. хуткімі тэмпамі развіваецца міждзярж. І. ў галіне эканомікі і фінансаў, асабліва ў Зах. Еўропе, а таксама ў сферах палітыкі, абароны і інш. Аб’ектыўнай асновай І. выступае інтэрнацыяналізацыя эканам. і інш. сувязей.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЬ (Mill) Джон Сцюарт (20.5.1806, Лондан — 8.5.1873),

англійскі філосаф, логік, эканаміст, грамадскі дзеяч ліберальна-дэмакр. кірунку. Яго філас., эканам. погляды сфарміраваліся пад уплывам ідэй Дж.​Берклі, Д.​Юма, А.​Конта, Д.​Рыкарда, І.​Бентама. У «Аглядзе філасофіі сэра Вільяма Гамільтона...» (1865) М. з пазіцый фенаменалістычнага пазітывізму рабіў спробу пераадолець «метафізічныя» крайнасці матэрыялізму і ідэалізму шляхам абвяшчэння вопыту чалавека крыніцай ведаў, а іх прадметам — пачуцці. Матэрыя ў М. атаясамлівалася са сталай магчымасцю перажывання пачуццяў; сцвярджалася існаванне рэчаў у працэсе іх успрымання суб’ектам пазнавальнай дзейнасці і даступнасць пазнанню выключна «з’яў», межы якіх яно не ў стане пераадолець. Навук. ўклад М. — індуктывісцкая трактоўка логікі як агульнай метадалогіі навук і распрацоўка метадаў індуктыўнага даследавання прычыннай сувязі. Этычныя погляды М. абапіраліся на утылізатарысцкую этыку Бентама і служылі яе развіццём у кірунку прызнання грамадскай каштоўнасці бескарыслівых імкненняў асобы, неабходнасці ўлічваць разнастайныя інтарэсы, што стрымліваюць эгаізм («Утылітарызм», 1863). У паліт. эканоміі выступаў супраць класічнай эканам. тэорыі А.​Сміта, абгрунтоўваў канцэпцыю вытв. затрат, абараняў тэорыю народанасельніцтва Мальтуса («Падставы палітычнай эканоміі...», т. 1—2, 1848).

Тв.:

Рус. пер. — Обзор философии сэра Вильяма Гамильтона и главных философских вопросов... СПб., 1869;

Основания политической экономии. СПб., 1909;

Система логики силлогистической и индуктивной. 2 изд. М., 1914.

В.​І.​Боўш.

т. 10, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УО́ГА ТА́ЙЛЕРА ПАЎСТА́ННЕ 1381,

найбуйнейшае сялянскае паўстанне ў сярэдневяковай Англіі. Выклікана ўзмацненнем феад. эксплуатацыі сялян у сувязі з развіццём таварна-грашовых адносін. Важную ролю ў яго ідэалаг. падрыхтоўцы адыгралі пропаведзі Дж.Уікліфа і лалардаў. Пачалося ў маі 1381 у паўд.-ўсх. Англіі і неўзабаве ахапіла 25 графстваў. Кіраўнікі: рамеснік (верагодна, былы салдат) Уот Тайлер і святар Дж.​Бол. Паўстанцы пры дапамозе рамеснікаў і гар. беднаты 13 чэрв. ўвайшлі ў Лондан, дзе забілі многіх чыноўнікаў. Кіраўнікі паўстання 14 і 15 чэрв. падалі каралю Рычарду II петыцыі, у якіх патрабавалі знішчэння прыгонніцтва, устанаўлення цвёрдай грашовай рэнты, свабоднага гандлю, вяртання сялянам адабраных феадаламі абшчынных угоддзяў, а таксама ўраўнавання саслоўяў, секулярызацыі царк. і манастырскіх зямель і падзелу іх паміж сялянамі, амністыі паўстанцам. У час перагавораў Уот Тайлер па-здрадніцку забіты. Паўстанне жорстка задушана рыцарскім апалчэннем, Дж.​Бол пакараны смерцю. У.Т.п. нанесла моцны ўдар па феад. ладзе, паскорыла працэс вызвалення сялян ад прыгону і замены паншчыны грашовай рэнтай.

Літ.:

Ивонин Ю.Е. «Когда Адам пахал, а Ева пряла, кто был в Англии дворянином?» // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987.

М.​Г.​Нікіцін.

Да арт. Уота Тайлера паўстанне 1381. Забойства Уота Тайлера 15.6.1381. Гравюра 15 ст.

т. 16, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРЭ́Ц,

вёска ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Карэлічы—Мір. Цэнтр сельсавета і с.-г. вытв. кааператыва. За 13 км на ПдУ ад г.п. Карэлічы, 198 км ад Гродна, 32 км ад чыг. ст. Гарадзея. 653 ж., 285 двароў (2002). Унітарнае прадпрыемства «Лес». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Брацкія могілкі рас. воінаў 1-й сусв. вайны, брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, і І.Д.Чарняхоўскаму. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Турэцкая Пакроўская царква.

Упершыню ўпамінаецца ў Валынскай хроніцы пад 1276. У 14 ст. ўласнасць кіеўскага кн. Уладзіміра Альгердавіча. Яго сын Аляксандр, родапачынальнік Слуцкіх-Алелькавічаў, каля 1420 перадаў землі ў наваколлі мястэчка Т. Лаўрышаўскаму манастыру. З 16 ст. належаў Хадкевічам. У 17 ст. ў Т. меліся касцёл, уніяцкая і правасл. цэрквы. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Навагрудскага пав. У 1848 прыгонныя сяляне Т. належалі памешчыкам Хадкевічу, Ліпінскаму, Букатовічу і інш. У 1863 у Т. 794 ж., царк.-прыходская школа, у 1890 адкрыта нар. вучылішча; у 1897—1596 ж., 229 двароў, царква, капліца, 2 яўр. малітоўныя дамы, 2 ветраныя млыны, 7 заезных дамоў, хлебазапасны магазін, пошта, 18 крам, 2 кірмашы штогод; у 1908—1893 ж., 363 двары. У 1-ю сусв. вайну ў 1915—18 каля Т. праходзіла лінія фронту, што прывяло да вял. разбурэнняў у мястэчку. З 1921 у Польшчы, 1290 ж., 218 двароў. З 1926 цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 12.10.1940 вёска, цэнтр сельсавета Мірскага р-на, з 17.12.1956 у Карэліцкім, у 1962—65 у Навагрудскім р-не. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў Т. 463 чал.

У.​У.​Бянько.

т. 16, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫГАВІЧЫ́,

адно з племянных аб’яднанняў усх. славян, вядомых па пісьмовых крыніцах і археал. помніках. Займалі тэр. на У да Дняпра, на Пн да лініі Барысаў—Лагойск—Заслаўе—вярхоўе Нёмана; на Пд мяжа пераходзіла за Прыпяць, на З — за Зах. Буг (паводле інш. даных да Выганашчанскага балота, на Пн ад Пінска). У 6—8 ст. папярэднікамі Д. на сярэдняй Прыпяці былі славянскія плямёны пражскай культуры. На Пн ад Прыпяці ў гэты час жылі балцкія плямёны (гл. Балты). На тэр. рассялення Д. захаваліся археал. помнікі: гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі з пахавальным абрадам трупаспалення, з 10 ст. — могільнікі з пахавальным абрадам трупапалажэння на гарызонце або падкурганнай яме. Зрэдку ў курганах трапляюцца збудаванні ў выглядзе невысокага драўлянага зруба, накрытага дахам. Пахавальны інвентар: гліняныя гаршкі, спражкі, крэсівы, сякеры, наканечнікі коп’яў і інш.; у жаночых пахаваннях пераважаюць упрыгожанні: шкляныя каляровыя разнастайныя па памерах і форме пацеркі, бронзавыя скроневыя кольцы з заходзячымі канцамі, пярсцёнкі, бранзалеты і інш. Характэрныя племянныя адзнакі — вял. медныя або сярэбраныя пацеркі, аздобленыя зерню, і скроневыя кольцы-завушніцы з круглага дроту, на якіх замацаваны па 3 металічныя пацеркі невял. памераў.

Упершыню Д. названы ў «Аповесці мінулых часоў» у сувязі з падзеямі, якія папярэднічаюць 9 ст. У 10 ст. (948) іх упамінае візантыйскі гісторык Канстанцін Багранародны, у 12 ст. (1149) стараж.-рус. летапісы. Д. належалі да найб. развітых у сац. адносінах плямён, знаходзіліся на заключнай стадыі распаду родаплемяннога ладу, мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, агародніцтвам, былі развіты промыслы і гандаль. Найб. гарады: Тураў, Пінск, Давыд-Гарадок, Брэст, Мінск, Мазыр, Клецк, Слуцк, Капыль, Рагачоў, Камянец, Кобрын. У 10 ст. землі Д. увайшлі ў склад Кіеўскай Русі, з канца 10 ст. на іх землях узнікла Тураўскае княства, у канцы 12 ст. з яго вылучыліся ўдзельныя Пінскае княства, Клецкае, Дубровіцкае, верагодна, Нясвіжскае княства. Частка паўн.-ўсх. зямель Д. увайшла ў Полацкае княства, а паўд.-ўсх. — у Кіеўскае княства.

П.​Ф.​Лысенка.

т. 6, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛЬВІЯ (грэч. Olbia),

антычны горад-дзяржава ў Паўн. Прычарнамор’і, паблізу вусцяў Дняпра і Паўд. Буга. Рэшткі О. знаходзяцца каля с. Паруціна Ачакаўскага р-на Мікалаеўскай вобл. (Украіна). Засн. ў пач. 6 ст. да н.э. выхадцамі з Мілета (другая назва О. — Барысфен). Сфарміравалася як дэмакр. поліс; росквіт прыпадае на 5—4 ст. да н.э. Гораду належалі землі на абодвух берагах Бугскага лімана са шматлікімі паселішчамі. У цэнтры верх. ч. горада знаходзіліся агора (гандл. плошча) і тэменас (храмы і алтары), у ніжняй — порт і рамесніцкія кварталы. Горад быў абнесены абарончай сцяной. Развіваліся рамёствы, гандаль (пшаніцай і рабамі), рыбалоўства. О. мела сувязі са скіфамі. У 331 да н.э. жыхары О. (разам са скіфамі) адбілі нападзенне Запірыёна (палкаводца Аляксандра Македонскага). У 3 ст. да н.э. плаціла даніну скіфскаму цару Сайтафарну, у 2 ст. да н.э. падпарадкавана скіфскім царом Скілурам. У канцы 2 ст. да н.э. пасля разгрому скіфаў войскам Мітрыдата VI Еўпатара О. ў складзе яго дзяржавы. У сярэдзіне 1 ст. да н.э. зруйнавана племем гетаў. У 2 ст. н.э. ў О. стаяў рым. гарнізон. У пач. 3 ст. н.э. ўвайшла ў склад рым. правінцыі Ніжняя Мёзія. Жыццё ў О., верагодна, прыпынілася ў 4 ст. Археал. раскопкі вядуцца з 1901.

Літ.:

Леви Е.И. Ольвия: Город эпохи эллинизма Л., 1985;

Крыжицкий С.Д. Оливия: Историогр исслед. архит.-строит. комплексов. Киев, 1985;

Виноградов Ю.Г. Политическая история Ольвийского полиса, VII—I вв. до н.э.: Ист.-эпиграф. исслед. М., 1989.

т. 11, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЭ́ЙДА-СУМІ́ЦКІ Міхаіл Іванавіч (14.6.1900, в. Шэйпічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 21.12.1981),

бел. спявак (лірычны тэнар). Скончыў Маладзечанскую семінарыю (1918, на той час пераведзена ў Смаленск). Вакальную падрыхтоўку атрымаў у Харбіне (1920—22). У 1929—32 у Харбінскай оперы, у 1932—34 у Мілане, удасканальваўся ў Ф.​Карпі, канцэртаваў у Міланскай кансерваторыі. У 1935—36 у Пазнанскай оперы (Польшча), з 1937 саліст Варшаўскага радыё, з 1940 саліст Нар. т-ра ў Празе, пазней канцэртны спявак. Адзін з яркіх прадстаўнікоў еўрап. вак. школы. Меў гнуткі, прыгожага тэмбру голас, яркую сцэн. знешнасць, акцёрскі талент; спяваў заўсёды на мове арыгінала. Сярод партый: Сінадал («Дэман» А.​Рубінштэйна), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Уладзімір («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Пінкертон, Рудольф («Мадам Батэрфляй», «Багема» Дж.​Пучыні). У канцэртным рэпертуары значнае месца займалі бел. нар. песні, творы бел. кампазітараў (М.​Аладава, А.​Багатырова, М.​Чуркіна, Р.​Пукста і інш.). Першыя грампласцінкі, якія наспяваў З.-С., уключалі бел. нар. песні («Малады дубочак», «Чаму ж мне не пець», «Лявоніха» і інш.), у 1968 запісаў грампласцінку з бел. нар. песнямі. У гады 2-й сусв. вайны канцэртаваў у Ваўкавыску (1943), Вільні (1944) і інш. У 1963 канцэртаваў у розных гарадах Беларусі. На працягу многіх гадоў не парываў сувязі з Беларуссю, цікавіўся творчасцю бел. пісьменнікаў, быў асабіста знаёмы з М.​Танкам, Р.​Шырмам. Пераможца многіх конкурсаў вакалістаў. Архіў З.-С. захоўваецца ў Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва.

Тв.:

Песня сталася маёю моваю // Мастацтва Беларусі. 1990. № 6—7.

Літ.:

Станкевіч А. Міхаіл Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песня. Вільня, 1938;

Плавінскі М. Салавей бацькаўшчыны мілай // Беларусь. 1990. № 2;

Сачанка Б. Беларуская эміграцыя: Факты і меркаванні // Маладосць. 1988. № 10.

Л.​Ф.​Голікава.

М.І.Забэйда-Суміцкі.
М.​Забэйда-Суміцкі ў ролях Ленскага (злева) і Герцага.

т. 6, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДАШКО́ВІЧЫ,

гарадскі пасёлак у Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., пры зліцці рэк Вязынка і Гуйка (утвараюць р. Рыбчанку), на Вілейска-Мінскай воднай сістэме. На аўтадарозе Мінск—Маладзечна. За 32 км ад Маладзечна, за 41 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Радашковічы. Вузел аўтадарог на Аляхновічы, Пралескі, Рагаву. 5,7 тыс. ж. (2000).

Вядомы з 1447, калі віленскі кашталян заснаваў тут касцёл. З 1499 уласнасць кн. В.​М.​Вярэйскага, Гаштольдаў, Боны Сфорца, Глябовічаў, Агінскіх, Радзівілаў. З 1539 да сярэдзіны 19 ст. штогод праводзіліся кірмашы. У 1549 горад, 150 двароў, 18 корчмаў, майстэрні, Радашковіцкі замак. У 1569 Р. атрымалі магдэбургскае права, у 1792 — герб: на сярэбраным полі паясная выява св. Стафана, пабітага камянямі. З 1793 у Рас. імперыі, заштатны горад Вілейскага пав. Мінскай губ., з 1842 цэнтр воласці Віленскай губ. У 1897—2615 ж., гар. і рэальнае вучылішчы, бровар. У 1921—39 у складзе Польшчы, горад Віленскага ваяв. У 1922—28 працавала Радашковіцкая беларуская гімназія. З канца 1939 у БССР. З 1940 гар. пасёлак і да 1960 цэнтр Радашковіцкага раёна. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Р. і раёне загубілі 6433 чал.; у 1941 у абарончых баях каля Р. вызначыліся экіпажы самалётаў Героя Сав. Саюза М.Ф.Гастэлы, Героя Рас. Федэрацыі А.С.Маслава і інш. З 1960 у Маладзечанскім р-не.

Працуюць Радашковіцкі завод «Белмастацкераміка», хлебазавод, міжгасп. прадпрыемства керамічных вырабаў, камбінат быт. паслуг; сярэдняя і мастацтваў школы, школа-інтэрнат, 3 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, Дом дзіцячай творчасці, 2 б-кі, кінатэатр, бальніца, паліклініка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы ахвяр фашызму. Помнікі: землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну, М.​Ф.​Гастэлу, яго экіпажу, сав. лётчыкам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну, Я.​Купалу, Ядвігіну Ш. Помнікі архітэктуры: Радашковіцкі касцёл, царква пач. 20 ст. Археал. помнік — гарадзішча жал. веку і эпохі Кіеўскай Русі.

т. 13, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)