МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,

прыродныя воды з мінералізацыяй больш за 1 г/л, а таксама воды любой мінералізацыі са спецыфічнымі ўласцівасцямі (радыеактыўнасць, рН, т-ра) або біялагічна актыўнымі мікракампанентамі (бром Br, жалеза Fe, вуглякіслы газ CO2, серавадарод H2S, радон Rn і інш.). Падзяляюцца на воды слабай (да 2 г/л), малой (2—5 г/л), сярэдняй (5—15 г/л) і высокай (15—35 г/л) мінералізацыі і расолы (>35 г/л). У бальнеатэрапіі М.в. ўжываюць на ванны, піццё, інгаляцыі, арашэнні.

На Беларусі М.в. выяўлены ва ўсіх гідрагеал. басейнах: Аршанскім, Брэсцкім, Прыбалтыйскім, Прыпяцкім, у межах Беларускага і Варонежскага гідрагеал. масіваў, дзе прымеркаваны да адкладаў юры, трыясу, пярмі, карбону, дэвону, кембрыю, верхняга пратэразою, а таксама трэшчынаватай зоны парод крышт. фундамента; на глыбінях ад 200—300 м да 600—800 м і больш. Магутнасць гарызонтаў ад некалькіх метраў да 260—530 м. Водаўмяшчальныя пароды — пяскі, пясчанікі, трэшчынавата-закарставаныя даламіты, мергелі, гіпсы, ангідрыты, трэшчынаватыя і выветралыя покрыўна-лававыя, метамарфічныя і інтрузіўныя. Больш пашыраны М.в., лячэбнае ўздзеянне якіх адбываецца за кошт макракампанентаў хім. саставу і мінералізацыі. Паводле хім. саставу воды хларыдна-натрыевыя, хларыдна-сульфатныя, кальцыева-натрыевыя, гідракарбанатна-хларыдныя натрыевыя, сульфатныя рознага катыённага саставу і інш. Са спецыфічнымі кампанентамі вылучаюцца радонавыя, серавадародныя, бромныя, борныя і воды з вял. колькасцю гумусавых рэчываў. Разведаны 103 радовішчы М.в. Эксплуатацыйныя рэсурсы складаюць больш за 20 тыс. м³/сут; выкарыстоўваюцца санаторыямі, прафілакторыямі, водалячэбніцамі («Беларусь», «Бярэсце», «Васільеўка», «Крыніца», «Лётцы», «Нарач», «Прыдняпроўскі», «Радон» і інш.). Выпускаюцца пітныя лячэбна-сталовыя воды больш як 60 найменняў («Мінская», «Бабруйская», «Усмешка», «Дарыда», «Рэчыцкая», «Фрост», «Ільдзінка», «Барысаўская», «Бярэзінская», «Брэсцкая» і інш.). Бліжэйшымі аналагамі бел. М.в. з’яўляюцца: «Міргарадская», «Крымская» (Украіна), «Іжэўская», «Кашынская», «Омская» (Расія), «Друскінінкайская» (Літва), «Вярска» (Эстонія).

М.​С.​Капора.

т. 10, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЛЯ́ВІН (Уладзімір Георгіевіч) (н. 12.1.1941, г. Екацярынбург, Расія),

бел. артыст эстрады, кампазітар. Нар. арт. Беларусі (1979). Засл. дз. культ. Польшчы (1980). Нар. арг. СССР (1990). Вучыўся ў Свярдлоўскім муз. вучылішчы (1956—58). З 1962 артыст Бел. філармоніі, з 1969 маст. кіраўнік Дзярж. бел. эстр. ансамбля «Песняры». У творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучаецца з глыбокім веданнем нар. песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак бел. нар. песень, якія вызначаюць стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку бел. нар. песеннасці і сучаснай эстр. музыкі («Касіў Ясь канюшыну», «Па ваду ішла», «А ў месяцы верасні», «Рэчанька», «Купалінка», «Перапёлачка», «А ў полі вярба», «Каліна» і інш.). Сярод твораў: опера-прытча «Песня пра долю» (1972), вак. цыкл «Я не паэта...» (1981) і песенна-інстр. кампазіцыя «Песня — бясцэнны дар» (1982) на словы Я.​Купалы, муз. спектакль «На ўвесь голас» на словы У.​Маякоўскага (1988), песенна-інстр. кампазіцыі «Ванька-Устанька» на словы Я.​Еўтушэнкі (1975), «Праз усю вайну» на словы бел. і рас. паэтаў (1985), «Вянок Багдановічу» на вершы М.​Багдановіча (1991), вак. кампазіцыя «Крык птушкі» на словы Ю.​Рыбчынскага, песні, у т. л. «Александрына», «Завушніцы», «Чырвона ружа», «Ой, калядачкі»; «Балада пра чатырох заложнікаў»; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976. Лаўрэат Усесаюзных конкурсаў артыстаў эстрады (1970), выканаўцаў сав. песні (1973, 1-я прэмія), міжнар. фестывалю песні «Залаты леў» (1973, Лейпцыг), 2-га фестывалю паліт. песні ў Хельсінкі (1978). Гал. прыз фірмы «Мелодыя» «Залаты дыск» (1982).

Літ.:

Бржазоўскі А. Лідэр «Песняроў» у сямейным ансамблі // Работніца і сялянка. 1991. № 6;

Завадская Н. Вокально-инструментальный ансамбль «Песняры» // Певцы советской эстрады. М., 1992. Вып. 3.

Г.​М.​Загародні.

У.Г.Мулявін.

т. 11, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАПЕРАПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

спецыялізаваная галіна прамысловасці па выпуску маторнага і кацельна-пячнога паліва, змазачных і электраізаляцыйных матэрыялаў, растваральнікаў, матэрыялаў для дарожнага пакрыцця, нафтахім. сыравіны і інш.

Упершыню нафтаперапрацоўка ў прамысл. маштабе ажыццёўлена ў Расіі на з-дзе, пабудаваным у 1745 на р. Ухта. Першы нафтаперагонны з-д з кубамі перыядычнага дзеяння пабудаваны прыгоннымі сялянамі братамі Дубінінымі паблізу г. Маздок. З-д для перагонкі бакінскай нафты дзейнічаў у 1837—39. У 1869 у Баку дзейнічалі 23 нафтаперагонныя з-ды, а ў 1873—80—80 з-даў, здольных даваць 16 350 т газы ў год. У дарэв. Расіі ў выніку слабага развіцця аўтамабільнай і авіяц. прам-сці попыт на бензін цалкам задавальняўся бензінам прамой перагонкі. Распрацоўка новых тэхналогій перапрацоўкі нафты з мэтай атрымання больш каштоўных прадуктаў пачаўся пазней і дасягнуў высокіх паказчыкаў у гады Сав. улады. У 1840-я г. нафтаперагонныя з-ды ўзніклі ў Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі. У наш час сусв. лідэрамі ў галіне Н.п. з’яўляюцца ЗША, Вялікабрытанія, Расія, Францыя, ФРГ, Японія, краіны Блізкага і Сярэдняга Усходу.

На Беларусі фарміраванне Н.п. пачалося з уводам у эксплуатацыю ў 1963 Полацкага нафтаперапрацоўчага з-да (Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Нафтан»), З 1975 прадукцыю дае Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Асн. прадукцыя гэтых з-даў: бензін, дызельнае паліва, газа, мазут, змазачныя маслы, бітумы і інш. Нафта для перапрацоўкі паступае на гэтыя з-ды па адгалінаваннях магістральнага нафтаправода «Дружба». У 1998 Н.п. Беларусі ажыццявіла першасную перапрацоўку 11 539 тыс. т нафты, у выніку атрымана (тыс. т); бензіну — 2018, дызельнага паліва — 3318, топачнага мазуту — 4453 і інш. матэрыялаў. Гл. таксама Нафтаздабыўная прамысловасць, Нафтаперапрацоўка.

Да арт. Нафтаперапрацоўчая прамысловасць. Нафтаперапрацоўчы комплекс у г. Наваполацк.

т. 11, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЖНІКАВА (Тамара Мікалаеўна) (н. 9.3.1925, г. Самара, Расія),

бел. спявачка (каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1964). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1949, клас. М.​Уладзіміравай). У 1951—76 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1964 адначасова выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1980 праф., у 1976—86 заг. кафедры). Валодае голасам чыстага серабрыстага тэмбру, філіграннай каларатурнай тэхнікай. Яе творчасці характэрны мяккі лірызм, жаноцкасць, шчырасць і шматграннасць у абмалёўцы вобразаў. Сярод партый у нац. операх: Марфачка, Баба-Лапатуха («Дзяўчына з Палесся» і «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Марынка («Марынка» Р.​Пукста), Ірына («Калючая ружа» Ю.​Семянякі); у класічным рэпертуары — Антаніда («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Валхава, Марфа, Шамаханская царыца («Садко», «Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава), Ганна («Страшны двор» С.​Манюшкі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Цэрліна («Фра-Д’ябала» Ф.​Абера), Лакмэ («Лакмэ» Л.​Дэліба), Лейла, Мікаэла («Шукальнікі жэмчугу» і «Кармэн» Ж.​Бізэ), Манон («Манон» Ж.​Маснэ), Цэрліна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Мюзета («Багема» Дж.​Пучыні); у класічных аперэтах — Адэль, Арсена («Лятучая мыш», «Цыганскі барон» І.​Штрауса), Жэрмен («Карневільскія званы» Р.​Планкета). У яе канцэртным рэпертуары значнае месца займалі творы бел. кампазітараў, напісаныя спецыяльна для яе (Л.​Абеліёвіча, Пукста, Семянякі, Цікоцкага), бел. нар. песні. Удзельнічае ў перадачах бел. тэлебачання і радыё. Сярод вучаніц: засл. артыстка Беларусі Л.​Лют, А.​Бундзелева, В.​Курбацкая, А.​Ніжнікава, А.​Шведава і інш.

Літ.:

Смольскі Б.С. Любімая спявачка // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;

Івашкоў Л. Артыстка, педагог, калега: Народнай артыстцы СССР Т.​Ніжнікавай — 60 гадоў // Мастацтва Беларусі. 1985. № 4.

А.​Я.​Ракава.

Т.М.Ніжнікава.
Т.Ніжнікава ў ролі Віялеты.

т. 11, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЗЫ (швед. ås літар. хрыбет, гара),

адносна вузкія, валападобныя, слабахвалістыя грады або ланцугі ўзгоркаў і валоў. Даўж. ад некалькіх дзесяткаў метраў да 7—10 км, шыр. каля падэшвы ад 20—30 да 150—200 м, адносныя вышыні ад 5—15 да 35—40 м, зрэдку да 80—90 м, стромкасць схілаў ад 5 да 30—45°. Грабяні пераважна вузкія, роўныя, зрэдку з няроўнай паверхняй, ускладненай купалападобнымі ўзвышшамі, тэрмакарставымі варонкамі і невял. катлавінамі.

Утварыліся ў час плейстацэнавых зледзяненняў ад намнажэння абломкавага матэрыялу ў рэчышчах і дэльтах водных патокаў, што цяклі на паверхні, у шчылінах ледавіка і пад ім. Паходжанне асобных О., складзеных з гліністых парод, звязана з выцісканнем парод знізу ў ледавіковыя поласці. Прымеркаваны да краявых утварэнняў, днішчаў і схілаў лагчын, былых зон «мёртвага» лёду. Арыентаваны прыблізна перпендыкулярна да краявых частак стараж. ледавікоў (радыяльныя О.) або цягнуцца паралельна ім (маргінальныя О.). Нярэдка перасякаюць азёры, утвараючы на іх выцягнутыя ланцугі астравоў і перашыйкаў, часам пераходзяць у камы. Складзены з пясчанага, жвірова-пясчанага матэрыялу з галькай і валунамі. У папярочным сячэнні тыповымі з’яўляюцца косая і перакрыжаваная слаістасці ў выглядзе кароткіх (да 3—8 м) слаёў, пачак і лінзаў магутнасцю да 1,5—3 м, у падоўжным — слаі і лінзы моцна выцягнутыя (да 10—20 м), слаістасць амаль гарызантальная. Адзначаюцца скіды і прасадкі слаістых серый, абумоўленыя нераўнамерным раставаннем пахаванага лёду, саліфлюкцыйнымі працэсамі і апоўзнямі О. могуць перакрывацца чахлом марэны. Пашыраны ў Канадзе, Германіі, Польшчы, на Скандынаўскім п-ве, у Прыбалтыцы, Карэліі (Расія) і інш.

На тэр. Беларусі каля 150 озавых град, найбольш на Беларускім Паазер’і, радзей у межах Беларускай грады. З О. нярэдка звязаны радовішчы пясчана-жвіровага матэрыялу.

В.​І.​Ярцаў.

т. 11, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВІЛЬЁН (франц. pavillon ад лац. papilio шацёр),

1) невялікая лёгкая пабудова, якая стаіць звычайна асобна ў парку; адзін з відаў архітэктуры малых формаў. Вядома са старажытнасці. Шматлікія храмавыя і палацавыя будынкі Усходу мелі характар П. У Зах. Еўропе (у 17—18 ст.) і Расіі (у 18 — пач. 19 ст.) П. стаў неад’емнай ч. палацава-паркавага ансамбля (П. на Ялагіным в-ве ў Пецярбургу, «Катальная горка» ў г. Ламаносаў Ленінградскай вобл. і інш.). На Беларусі П. пашыраны ў пейзажных парках 18—19 ст. (Залескі палацава-паркавы ансамбль, Столінская сядзіба «Манькавічы»), У сучасным садова-паркавым мастацтве П. гарманічна ўпісваецца ў ландшафт паркаў культуры і адпачынку (П. летняй кавярні ў Цэнтр. дзіцячым парку імя М.​Горкага ў Мінску).

2) Частка вял. будынка (звычайна палацавага тыпу), часцей квадратная або шматвугольная ў плане, з самаст. дахам. Пашыраны ў архітэктуры стыляў класіцызму і ампір (П. Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Сноўскага палацава-паркавага ансамбля).

3) Пастаянная ці часовая крытая пабудова аблегчанага тыпу для выставачнай экспазіцыі, гандлю і інш. Выставачныя П. вядомы з 19 ст., калі пачалі арганізоўваць буйныя міжнар. выстаўкі («Хрусталёвы палац» на Сусв. выстаўцы 1851 у Лондане; П выстаўкі 1896 у г. Ніжні Ноўгарад, Расія). У буд-ве сучасных выставачных П. выкарыстоўваюцца новыя буд. матэрыялы і канструкцыі, якія даюць магчымасць перакрываць вял. прастору залаў (П. Рэспубліканскага выставачнага цэнтра, Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа» ў Мінску).

4) Тэатральная дэкарацыя на рамках, якая паказвае інтэр’ер дома, палаца, хаты, замка і інш. 5) Памяшканне кінастудыі для здымкі або гуказапісу (П. кіназдымачны).

В.​Б.​Ангелаў, Г.​С.​Ларкін.

Павільён «Катальная горка» ў г. Ламаносаў Ленінградскай вобл. Арх. А.​Рынальдзі. 1762—74.

т. 11, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў (Іосіф Сцяпанавіч) (21.9.1915, с. Сояна Мязенскага р-на Архангельскай вобл., Расія —31.1.1984),

бел. рэжысёр, педагог. Нар. арт. Беларусі (1970). Скончыў Архангельскае тэатр. вучылішча (1938), вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1938—40). Працаваў у т-рах Расіі. У 1947—48 рэжысёр Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі. З 1953 гал. рэжысёр Брэсцкага, з 1955 Гродзенскага, у 1966—74 Гомельскага абл. драм. т-раў, у 1963—65 Бел. т-ра імя Я.​Коласа (у 1974—75 рэжысёр), у 1978—79 рэсп. т-ра юнага гледача. З 1976 выкладаў у Мінскім ін-це культуры (у 1976—77 заг. кафедры). Пастаноўкі вызначаліся ансамблевасцю, высокай рэж. культурай, тонкім Пранікненнем у драматургію твора, дэталёвай распрацоўкай характараў: у Брэсцкім т-ры — «Чайка» А.​Чэхава (1954), «Жаніцьба» М.​Гогаля (1977); у Гродзенскім т-ры — «Адна ноч» Б.​Гарбатава (1957), «Улада цемры» Л.​Талстога (1959), «Тры сястры» Чэхава (1960); у т-ры імя Я.​Купалы — «Жывы труп» Талстога (1961); у т-ры імя Я.​Коласа — «Дачнікі» М.​Горкага (1964), «Лёнушка» Л.​Лявонава (1975); у Гомельскім т-ры — «Грэшнае каханне» А.​Дзялендзіка (1968), «Жыццё ўсяго адно» А.​Маўзона (1969), «Беспасажніца» А.​Астроўскага (1970), «Залатая карэта» Лявонава, «Першы грэх» А.​Каламійца (абодва 1971), «Не трывожся, мама!» Н.​Думбадзе (1972), «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка, «Даходнае месца» Астроўскага (абодва 1973); у Т-ры юнага гледача — «Пойдзем у кіно?» А.​Алексіна (1978), «Жорсткія гульні» А.​Арбузава (1979) і інш. Аўтар п’есы «Легенда пра песню няспетую» (з М.​Пало, 1968), інсцэніровак аповесцей «Салавей» З.​Бядулі (з Я.​Рамановічам, 1955), «Рудабельская рэспубліка» С.​Грахоўскага (1968), рамана «Подых навальніцы» І.​Мележа (1978), пастаноўшчык гэтых твораў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

А.​В.​Сабалеўскі.

І.С.Папоў.

т. 12, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЦЁМКІН (Рыгор Аляксандравіч) (24.9.1739, б. в. Чыжова Духаўшчынскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 16.10.1791),

расійскі дзярж. і ваен. дзеяч. Граф (1774), святлейшы князь Таўрычаскі (1783), ген.-фельдмаршал (1784). Вучыўся ў гімназіі Маскоўскага ун-та (1756—60). Служыў у коннай гвардыі (1760—68). Удзельнік дварцовага перавароту, у выніку якога прастол заняла Кацярына II (1762). З 1769 удзельнік рас.-тур. вайны 1768—74 (валанцёр, ген.-маёр, ген.-паручнік), вызначыўся ў многіх бітвах. З 1774 фаварыт Кацярыны П. У тым жа годзе атрымаў тытул графа, званне ген.-аншэфа, пасады чл. Дзярж. савета і віцэ-прэзідэнта (з 1784 прэзідэнт) Ваен. калегіі. З 1776 ген.-губернатар Новарасійскай, Азоўскай і Астраханскай губ. У 1783 далучыў да Расіі Крым. Аддаваў вял. ўвагу каланізацыі стэпаў Паўн. Прычарнамор’я і буд-ву на Чорным м. рас. ваен. і гандл. флатоў, ініцыіраваў заснаванне гарадоў Екацярынаслаў, Херсон, Мікалаеў, Севастопаль. У рас.-тур. вайну 1787—91 камандаваў Екацярынаслаўскай арміяй, якая ў снеж. 1788 ўзяла тур. крэпасць Ачакаў, з 1789 — аб’яднанай Паўд. арміяй. У 1791 вёў у г. Ясы (сталіца Малдаўскага княства) мірныя перагаворы з туркамі (перапынены ў выніку смерці П.). Адзін з найбуйнейшых памешчыкаў Расіі. На Беларусі валодаў у 1774—83 мяст. Дуброўна, з 1776 — Крычаўскай воласцю, дзе былі заснаваны Крычаўская суднаверф і Крычаўскія мануфактуры. Па запрашэнні П. каля Крычава ў с. Задобра ў 1785—87 жыў англ. філосаф І.Бентам. У 1904—05 і 1917 імем П. наз. эскадраны браняносец (з 1907 лінейны карабель) рас. Чарнаморскага флоту, вядомы ўдзелам у рэвалюцыі 1905—07.

Літ.:

О приватной жизни князя Потемкина: Потемкинский праздник. М., 1991;

Лопатин В.С. Потемкин и Суворов. М., 1992;

Иоанн Грозный. Петр Великий. Меншиков. Потемкин. Демидовы: Биогр. очерки. Челябинск, 1994.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 12, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЖАВА́ЛЬСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (12.4.1839, в. Кімбарава Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 1.11.1888),

расійскі географ, падарожнік, натураліст, даследчык Цэнтр. Азіі. Са старадаўняга роду Пржавальскіх, якія атрымалі шляхецкае званне і землі ў Віцебскім ваяв. ВКЛ у канцы 16 ст. Ген.-маёр. (1886). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1878) і Рус. геагр. т-ва (1880), многіх рас. і замежных т-ваў. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1863). Кіраўнік экспедыцыі ва Усурыйскі край (1867—69), 4 экспедыцый ў Цэнтр. Азію: Мангольскую (1870—73), Лабнорскую і Джунгарскую (1876—77), першую (1879—80) і другую (1883—85) Тыбецкія. У час экспедыцый пройдзена больш за 30 тыс. км і праведзена здымка гэтай тэрыторыі. П. даследаваў і апісаў прыроду Цэнтр. Азіі, адкрыў некалькі хрыбтоў і катлавін у Куньлуні, Наньшані і Тыбецкім нагор’і, удакладніў паўн. межы нагор’я, даследаваў вярхоўі рэк Хуанхэ і Янцзы, азёры Лабнор і Кукунор, палажыў пачатак вывучэнню клімату, сабраў багатыя калекцыі флоры і фауны, апісаў шэраг невядомых жывёл (у т. л. каня П., дзікага вярблюда, мядзведзя-пішчухаеда і інш.), сабраў звесткі па этнаграфіі. У 1891 Рускае геагр. т-ва ўстанавіла сярэбраны медаль і прэмію імя П., у 1946 Геагр. т-ва СССР — залаты медаль імя П. У яго гонар названы горад (Каракол), сяло ў Смаленскай, вобл., горны хрыбет у сістэме Куньлуня, ледавік на Алтаі, мыс на в-ве Ітуруп (Курыльскія а-вы), некат. віды жывёл і раслін, апісаныя ім.

Тв.:

Монголия и страна тангутов: Трехлетнее путешествие в Восточной нагорной Азии. М., 1946;

От Кульджи за Тянь-Шань и на Лоб-нор. М., 1947;

От Кяхты на истоки Желтой реки: Исслед. северной окраины Тибета и путь через Лоб-нор по бассейну Тарима. М., 1948.

І.​Ф.​Пржавальскі, В.​А.​Ярмоленка.

М.М.Пржавальскі.

т. 13, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТНЫЯ ВО́ЙСКІ,

вайсковыя фарміраванні, аснашчаныя ракетнай зброяй.

Вядомы з 11—12 ст. (парахавыя ракеты выкарыстоўваліся ў Індыі і Кітаі ў час аблогі крэпасцей), у Еўропе — з канца 13 ст., у Расіі з 18—19 ст. Шырокае развіццё атрымалі ў 2-ю сусв. вайну (у СССР з’явіліся гвардз. мінамётныя часці, аснашчаныя «Кацюшамі», у Германіі падраздзяленні, на ўзбраенні якіх былі кіроўныя ракеты). У 2-й пал. 20 ст. Р.в. створаны ў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краінах.

Падзяляюцца на Р.в. стратэг. прызначэння, Р.в. сухап. войск, зенітныя ракетныя часці ВПС і ВМС. У СССР у канцы 1950-х г. створаны Р.в. стратэгічнага прызначэння (значная іх ч. дыслацыравалася на тэр. Беларусі; выведзены ў 1-й пал. 1990). Для іх уласцівы высокая боегатоўнасць, дакладнасць нанясення ўдараў, неабмежаваная далёкасць дзеяння, незалежнасць ад умоў надвор’я, часу і інш. Р.в. сухапутных войск — часці і падраздзяленні тактычнага і аператыўна-тактычнага прызначэння, здольныя наносіць масіраваныя, групавыя і адзіночныя ўдары па аб’ектах, недасягальных для артылерыі (першая ракетная часць у складзе сухап. войск створана ў 1946 на базе гвардз. палка рэактыўнай артылерыі). Зенітныя Р.в. прызначаны для проціпаветранай абароны адм.-паліт. цэнтраў, прамысл.-эканам. раёнаў, груповак войск і інш. аб’ектаў. Складаюцца з часцей і злучэнняў, якія маюць на ўзбраенні зенітныя ракетныя комплексы. Ва Узбр. Сілах Беларусі зенітныя ракетныя войскі і ракетныя войскі і артылерыя з’яўляюцца адпаведна родамі войск проціпаветранай абароны і сухап. войск Беларусі.

Літ.:

Гл. пры арт. Ракета.

А.​У.​Аляхновіч.

Да арт. Ракетныя войскі. На маршы пускавыя ўстаноўкі РС-12 М «Топаль» з ракетай РТ-2П (Расія).
Да арт. Ракетныя войскі. Ракетная сістэма аператыўна-тактычнага прызначэння «Плутон» (Францыя).
Да арт. Ракетныя войскі. Ракетны комплекс (зенітны) С-125 на стартавай пазіцыі (Беларусь).

т. 13, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)