на Пд Аляскі, у Ціхаакіянскім поясе Кардыльераў Паўн. Амерыкі (ЗША). Даўж.каля 1000 км. Сярэдняя выш.каля 3000 м, найб. — 6191 м (г. Мак-Кінлі самая высокая вяршыня Паўн. Амерыкі). Восевая ч. хрыбта складзена з інтрузіўных (пераважна гранадыярытаў), па краях — з асадкавых парод. Схілы стромкія, моцна расчлянёныя. Аляскінскі хрыбет — важны клімата- і водападзел. На паўд. увільготненых схілах да выш. 800 м яловыя лясы, вышэй — вечныя снягі, буйныя ледавікі; на паўн. больш сухіх схілах мяжа лесу павышаецца да 1000—1200 м, вышэй — горныя тундры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗА́РЫЦКІЯ ЛА́ГЕРЫ СМЕ́РЦІ.
Тры лагеры, створаныя ням. фашыстамі ў сак. 1944, недалёка ад пярэдняга краю абароны, каляг.п. Азарычы, вёсак Дзерць і Падасіннік Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. Больш за 50 тыс. непрацаздольных грамадзян фашысты трымалі на адкрытых балоцістых мясцінах, размясціўшы сярод вязняў сыпна-тыфозных хворых з мэтай распаўсюдзіць эпідэмію сярод наступаючых часцей Чырв. Арміі. Да вызвалення (18—19.3.1944) жывымі асталіся 33 480 чал., з іх дзяцей да 13 гадоў 15 960, жанчын 13 072, старых 4448. На месцы лагераў каляг.п. Азарычы мемарыяльны комплекс.
Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫСТЫ́Д (Aristeidĕs; каля 540 — каля 467 да нашай эры),
палітычны і ваенны дзеяч Афінаў перыяду грэка-персідскіх войнаў 500—449 да нашай эры. Удзельнік Марафонскай бітвы. У 489 выбраны архонтам-эпанімам. Прыхільнік умацавання сухапутных ваенных сіл, праціўнік Фемістокла, ініцыятара стварэння марскога флоту. У 483—482 да нашай эры пасля перамогі Фемістокла Арыстыд выгнаны з Афінаў. Пасля амністыі (480 да нашай эры) удзельнічаў у Саламінскім баі, у 479 да нашай эры камандаваў афінянамі ў бітве пры Платэях. Як кіраўнік алігархічнай групоўкі меў вялікі палітычны ўплыў. Адзін з арганізатараў Дэлоскага саюза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАСЕ́ЛЬСКІ (Канстанты) (каля 1739, г. Львоў — 24.12.1809),
бел. тэатральны мастак і майстар дэкаратыўнага жывапісу. Каля 1780 запрошаны ў прыдворны тэатр К.Радзівіла (Пане Каханку) у Нясвіжы. Стварыў шэраг дэкарацый, у т. л. ў 1784 для аперэты «Агатка, ці Прыезд пана». З Нясвіжа пераехаў у Дзярэчын (Зэльвенскі р-н), дзе для прыдворнага тэатра кн. Сапегаў напісаў гал. заслону. З 1793 працаваў у Вільні, у 1796—1802 стварыў шэраг дэкарацый для Віленскага тэатра (оперы «Аберон, кароль эльфаў» П.Враніцкага, «Ладаіска» Л.Керубіні, «Уяўны цуд, ці Кракаўцы і горцы» Я.Стэфані).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКІ ((Bielski) Іахім) (каля 1540, в. Бяла, каляг. Серадз, Польшча — 8.1.1599),
польскі храніст і пісьменнік. Сын Марціна Бельскага. Вучыўся ў лютэранскай акад. гімназіі ў Бжэгу. З 1588 каралеўскі сакратар. У 1597 выдаў «Хроніку Польшчы» — грунтоўную пераробку з дапаўненнямі адной з кніг «Хронікі ўсяго свету» бацькі, якая даведзена да 1586 і асвятляе падзеі з пазіцый шляхты. Магчыма, з’яўляецца аўтарам «Далейшага працягу Польскай хронікі», дзе выкладзены падзеі 1587—98 (выд. ў Варшаве ў 1851). У творы падрабязна апісаны падзеі, звязаныя з Налівайкі паўстаннем 1595—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Б’ЁРКСКІ ДАГАВО́Р,
паміж Расіяй і Германіяй, падпісаны 24.7.1905 Мікалаем II і Вільгельмам II (па ініцыятыве апошняга) на царскай яхце каля в-ва Б’ёркё ў Балтыйскім м. (каля Выбарга). Прадугледжваў узаемную дапамогу бакоў у выпадку нападу на адзін з іх 3-й дзяржавы, супярэчыў існуючым рас.-франц. адносінам і ваен. пагадненням. Сілы не набыў. Рашучае пярэчанне супраць Б’ёркскага дагавора старшыні кабінета міністраў С.Ю.Вітэ і міністра замежных спраў У.М.Ламздарфа вымусіла Мікалая II у ліст. 1905 пайсці на фактычнае скасаванне Б’ёркскага дагавора, што канчаткова аформлена ў жн. 1907.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБРА́КТА (Bibracte),
галоўны горад стараж. племя эдуяў (цяпер гарадзішча Мон-Бёўрэ за 27 км ад г. Ацён, Францыя). Пл.каля 135 га, умацаваны валам, сцяной з каменю і дрэва, ровам. Раскопкамі выяўлены каменныя падмуркі жытлаў, майстэрняў, багатых віл. Знойдзена шмат керамікі, а таксама позналатэнскія фібулы, манеты, зброя і інш. У 58 да н. э. Юлій Цэзар разбіў тут кельцкае племя гельветаў. Каля 5 да н. э. насельніцтва горада перасялілася ў г. Аўгустадун (цяпер Ацён), у Бібракце да 4 ст.н. э. заставалася яшчэ свяцілішча мясц. багіні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́БНІК, грабеннік (Cynosurus),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ў краінах Міжземнамор’я, таксама ва ўмераных раёнах Еўропы. На Беларусі ўсюды трапляецца грэбнік звычайны (C. cristatus). Расце на лугах, лясных палянах, узлесках, пустках і каля дарог. Утварае густыя жоўта-зялёныя дзярнінкі.
Шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны без паўзучых падземных парасткаў. Лісце вузкае, пляскатае, лінейнае. Кветкі дробныя, сабраныя ў 2—5-кветныя каласкі, якія ўтвараюць агульнае аднабаковае коласа- ці яйцападобнае густое мяцёлчатае суквецце. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны, прыдатныя для стварэння газонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУАДАЛУ́ПЕ-ІДА́ЛЬГА МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1848,
паміж Мексікай і ЗША. Завяршыў амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48. Падпісаны пад націскам ЗША 2.2.1848 у населеным пункце Гуадалупе-Ідальга (на Пн ад Мехіка). Набыў сілу 30.5.1848. Юрыдычна аформіў заваяванне ЗША каля 55% тэр. Мексікі з багатымі зямнымі нетрамі і глебамі (Тэхас, Новая Мексіка, Верхняя Каліфорнія і інш., агульнай пл.каля 2,3 млн.км²), прызнанне паўн. граніцы Мексікі па р. Рыо-Грандэ, кампенсацыю ёй за страчаныя тэр. ў суме 15 млн.дол., адмову ЗША ад фін. прэтэнзій да Мексікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНС СКОТ ((Duns Scotus) Іаан) (каля 1266, Дунс, каляг. Берык-апон-Туід, Вялікабрытанія — 8.11.1308),
сярэдневяковы тэолаг, філосаф. Заснавальнік новай францысканскай школы. Вучыўся і выкладаў у Оксфардзе, Парыжы, Кёльне. Яго вучэнне (скатызм) процістаяла дамініканскай схаластыцы — тамізму. Імкнуўся аддзяліць філасофію ад тэалогіі, розум ад веры, даказваў немагчымасць рацыяналістычнага абгрунтавання тэалагічных ідэй стварэння з нічога. Адно з цэнтр. палажэнняў яго вучэння — свабода волі, сцвярджаў прымат волі над інтэлектам. У пазнанні лічыў галоўнай пачуццёвую інтуіцыю, на аснове якой інтэлект стварае індывід. вобраз рэчы, у працэсе абстракцыі ўтвараецца агульнае паняцце.