археалагічная культура плямёнаў эпохі энеаліту (2-я пал. 5 — пач. 4-га тыс. да н.э.) у Верхнім і Сярэднім Егіпце. Назва ад паселішча каля мяст. Эль-Амра (Егіпет). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Для амрацкай культуры характэрны чырвоны глянцаваны посуд, на якім белай фарбаю нанесены «крыжалінейны» арнамент. Прылады працы вырабляліся з крэменю, косці, сустракаюцца медныя рэчы (шпількі, гарпуны, пацеркі). Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы, у магілы клалі посуд, упрыгожанні, грабяні, статуэткі са слановай косці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАВЕ́Ц,
5 стаянак эпохі неаліту і бронзавага веку каля в. Асавец Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобласці. Даследаваны ў 1934, 1960—80-я г. Выяўлены рэшткі жытлаў слупавой канструкцыі, агнішчы, апрацаваныя косці, гліняны посуд мясц. варыянта нарвенскай культуры і паўночнабеларускай культуры, крамянёвыя і касцяныя наканечнікі коп’яў і стрэл, крамянёвыя прылады працы, рэшткі драўляных чаўноў і вёслаў, упрыгожанні, а таксама самыя стараж. на тэр. Беларусі драўляныя і касцяныя мініяцюрныя фігуркі людзей, жывёл, птушак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРНАКРЫ́МСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі мезаліту (8—5 тыс.г. да н.э.) на тэр. Горнага Крыма (Украіна). Насельніцтва займалася паляваннем на высакародных аленяў, дзікоў і збіральніцтвам, жыло ў пячорах, а таксама на высокіх пласкагор’ях. Для ранняга этапу горнакрымскай культуры характэрны разцы, касцяныя вастрыі для стрэл і інш., у познім пераважалі крамянёвыя скрабкі, пласціны з рэтушшу, геаметрычныя мікраліты (трапецыі), гарпуны і дроцікі з косці і рогу. У пячорах выяўлены пахаванні — скурчаныя трупапалажэнні, пасыпаныя вохрай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЙМС-ГРЭЙВС (англ. Grimes Graves),
старажытны цэнтр здабычы крэменю эпохі неаліту (2300—1700 да н.э.) каля Брандана, на мяжы графстваў Норфалк і Суфалк (Англія). На плошчы каля 14 га знойдзены рэшткі 346 шахтаў, частка якіх мае глыб. 9—10 м. Ад вертыкальных тунэляў адыходзяць гарыз. галерэі. Здабыча вялася драўлянымі рыдлёўкамі і рагавымі прыладамі. У адной з шахтаў знойдзены алтар з крамянёвых глыб, вакол якога былі ўмацаваны рогі аленя, знаходзіліся прынашэнні (крэйдавыя шары, статуэтка жанчыны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯДЭ́МА (грэч. diadēma),
1) галаўная павязка стараж.-грэч. жрацоў.
2) Галаўны ўбор (лобная павязка з тканіны або металічны, расшыраны ў сярэдняй ч., абруч з аздобай) — сімвал улады ў старажытнасці і сярэдневякоўі. У Еўропе вядома з эпохінеаліту. На Беларусі знойдзены 2 Д. сярэднедняпроўскай культуры на могільніку Рудня-Шлягіна Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. (пляскатыя медныя пласціны, сагнутыя ў выглядзе абруча з завужанымі разамкнёнымі канцамі).
Медная дыядэма 22—14 ст. да н.э. з могільніка Рудня-Шлягіна Веткаўскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́МАС (ад грэч. demos народ),
у Стараж. Грэцыі назва насельніцтва вобласці (ці самой вобласці), а таксама супольнасць паўнапраўных грамадзян у адрозненне ад рабоў, метэкаў, перыэкаў і інш. У гамераўскую (11—9 ст. да н.э.) і архаічную (8—6 ст. да н.э.) эпохі Д. называлі нар. масы ў адрозненне ад радавой арыстакратыі — эўпатрыдаў, у 6—5 ст. да н.э. разам з сял. насельніцтвам — частку гар. (рамеснікі, гандляры), з канца 5—4 ст. — бедную (пераважна гар.) частку насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́К,
археал. помнікі (гарадзішча і селішча) каля в. Гарадок Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. На гарадзішчы ранняга жал. веку і сярэднявечча 2 культурныя пласты: на ніжнім знойдзена штрыхаваная кераміка і праслойка пажарышча; на верхнім — кераміка 16—17 ст. і фрагменты паліхромнай і аднаколернай зялёнай кафлі, арнаментаванай раслінным ці геам. малюнкам, узорам з гербам «Ружа», сцэнамі палявання, казачнымі сюжэтамі, выявамі чалавека, амура, цмока і інш. На селішчы знойдзены фрагменты посуду эпохі Кіеўскай Русі, кераміка 14—17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́МБА ФОЛС (Kalambo Falis),
старажытная стаянка на паўд. узбярэжжы воз. Танганьіка ў Замбіі, каля вадаспада Каламба (адсюль назва). Найб.стараж. слаі адносяцца да эпохі позняга ашэлю Знойдзены рэшткі камейна-драўлянай канструкцыі — ветравой заслоны, вял. колькасць. абпаленага дрэва, у т. л. драўляныя прылады (дубіны, нажы, палкі-апалкі); вял. набор каменных прылад: рубілы, буйныя скрэблы і інш.; упершыню выяўлены фрагменты расліннай ежы (фрукты). Выяўлены таксама слаі культур санго, уілтан і больш позніх земляробчых народаў, верагодна, сям’і банту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПА́ЦІН,
вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Стыр, каля аўтадарогі Пінск—Столін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПдУ ад горада і 25 км ад чыг. ст. Пінск, 196 км ад Брэста. 428 ж., 149 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. У Доме культуры музей рус. паэта А.А.Блока. Каля вёскі стаянка эпохі неаліту і бронз. веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі позняга палеаліту (каля 30—20 тыс.г. назад) у межах Валына-Падольскай пліты на Украіне. Назва ад стаянкі каля в. Ліпа Дубенскага р-на Ровенскай вобл.Асн. занятак насельніцтва — паляванне на каня і паўн. аленя, радзей маманта, шарсцістага насарога і інш. Для матэрыяльнай культуры характэрны сякерападобныя крамянёвыя прылады (вядучая форма), буйныя скрабкі на пласцінах і скрэблы, сіметрычныя вастрыі, прызматычныя і клінападобныя нуклеусы. Сярод касцяных вырабаў пераважаюць наканечнікі коп’яў і дроцікаў, вастрыі.