ГУСА́К (Мікалай Адамавіч) (н. 7.1.1940, в. Іванкаўшчына Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1988). Брат А.А.Гусака. Скончыў БДУ (1961). З 1961 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі, з 1987 у Міжгаліновым ін-це павышэння кваліфікацыі пры БПА (з 1989 праф.). Навук. працы па электраоптыцы і фізіцы паўправаднікоў. Распрацаваў электрааптычныя лінзы з аптычнай сілай, залежнай ад знешняга эл. поля, і электрааптычныя дыфлектары для адхілення лазернага пучка.

Тв.:

Релаксация заряда в анизотропном полупроводнике в квадрупольном электрическом поле // Ковариантные методы в теоретической физике. Оптика и акустика. Мн., 1986.

т. 5, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЦ ((Hertz) Густаў Людвіг) (22.7.1887, г. Гамбург, Германія — 30.10.1975),

нямецкі фізік. Чл. Германскай АН у Берліне (ГДР), замежны чл. АН СССР (з 1958). Пляменнік Г.Р.Герца. Вучыўся ў Мюнхенскім і Берлінскім ун-тах. У 1913—45 у НДІ і ун-тах Германіі і Фінляндыі. З 1945 працаваў у СССР, у 1954—62 дырэктар Фіз. ін-та ў г. Лейпцыг. Навук. працы па атамнай спектраскапіі і фізіцы плазмы. Сумесна з Дж.​Франкам эксперыментальна даказаў існаванне ў атамах дыскрэтных узроўняў энергіі (дослед Франка і Герца), што пацвердзіла тэорыю Бора. Распрацаваў дыфузійны метад раздзялення ізатопаў. Нобелеўская прэмія 1925. Дзярж. прэмія СССР 1951.

Г.Л.Герц.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РЦБЕРГ ((Herzberg) Герхард) (н. 25.12.1904, г. Гамбург, Германія),

канадскі фізік і фізікахімік. Чл. Канадскага каралеўскага т-ва (з 1939). Скончыў Тэхн. ін-т у г. Дармштат (1927), дзе працаваў у 1930—35. У 1935 эмігрыраваў у Канаду. З 1949 у Нац. даследчым цэнтры ў г. Атава. Навук. працы па атамнай і малекулярнай спектраскапіі. Вызначыў энергію дысацыяцыі малекулы кіслароду (1930), знайшоў малекулярны вадарод у атмасферы планет. Ідэнтыфікаваў спектры малекул аксіду і дыаксіду вугляроду, аксіду азоту (II), ацэтылену, метану (1946—48), даследаваў спектры больш як 30 свабодных радыкалаў. Аўтар кнігі «Спектры і будова простых свабодных радыкалаў» (1974). Нобелеўская прэмія 1971.

Г.Герцберг.

т. 5, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУД ((Wood) Роберт Уільямс) (2.5.1868, г. Конкард, штат Масачусетс, ЗША — 11.8.1955),

амерыканскі фізік-эксперыментатар, заснавальнік ультрафіялетавай і інфрачырвонай фатаграфіі. Чл. Нацыянальнай АН ЗША (1912), ганаровы чл. АН СССР (1930). Скончыў Гарвардскі ун-т (1891). У 1901—38 праф. ун-та Дж.​Хопкінса ў Балтымары. Навук. працы па фіз. оптыцы. Адкрыў аптычны рэзананс (1902). Заклаў асновы тэорыі атамных і малекулярных спектраў. Зрабіў значны ўклад у стварэнне аптычных прылад (спектрографаў, дыфракцыйных рашотак, установак для атрымання спектраў камбінацыйнага рассеяння і інш.).

Тв.:

Рус. пер. — Физическая оптика. М.; Л., 1936.

Літ.:

Сибрук В. Роберт Вуд: Пер. с англ. 5 изд. М., 1985.

Р.Вуд.

т. 4, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛ (Бенцыён Майсеевіч) (22.5.1903, г. Белая Царква, Украіна — 9.4.1985),

савецкі фізік. Акад. АН СССР (1972, чл.-кар. 1939). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1928). З 1932 у Фіз. ін-це АН СССР. Навук. працы па фізіцы дыэлектрыкаў і паўправаднікоў, квантавай электроніцы. Адкрыў сегнетаэлектрык тытанат барыю (1944). Устанавіў асн. заканамернасці змянення электраправоднасці ды электрыкаў пры гама-выпрамяненні. Пад яго кіраўніцтвам у СССР створаны паўправадніковыя дыёды, транзістары, сонечныя элементы. Удзельнічаў у стварэнні паўправадніковых лазераў. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Физики о себе. Л., 1990. С. 244—249.

т. 4, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБА́НАЎ (Яўген Міхайлавіч) (20.11.1913, с. Храшчоўка Самарскай вобл., Расія — 6.11.1976),

бел. фізік. Чл.-кар. АН Беларусі (1969), д-р фіз.-матэм. н., праф. (1968). Скончыў Ленінградскі ун-т (1938). З 1958 у Ін-це ядз. фізікі АН Узбекістана, у 1969—76 у Ін-це цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, адначасова ў 1969—74 праф. Мінскага пед. ін-та. Навук. працы па ўздзеянні ядз. выпрамяненняў на паўправадніковыя прылады, метадах нейтронна-актывацыйнага аналізу для вызначэння мікрадамешкаў у чыстых і звышчыстых матэрыялах, стварэнні радыеізатопных прылад.

Тв.:

Радиоизотопные приборы в промышленности строительных материалов. М., 1973 (у сааўт.).

Я.М.Лабанаў.

т. 9, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РМАР ((Larmor) Джозеф) (11.7.1857, Магерагал, Ірландыя — 19.5.1942),

англійскі фізік-тэарэтык. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1892). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1879), дзе і працаваў у 1885—1932 (з 1903 праф.). Навук. працы па электроннай тэорыі, электрадынаміцы рухомых асяроддзяў, матэм. фізіцы. Адкрыў прэцэсію электронаў у слабым магн. полі (1895; гл. Лармара прэцэсія). Незалежна ад Х.А.Лорэнца атрымаў рэлятывісцкія пераўтварэнні каардынат і часу (гл. Лорэнца пераўтварэнні) і закон складання скарасцей (1900). Яго манаграфія «Эфір і матэрыя» (1900) адыграла значную ролю ў развіцці электрадынамікі.

Літ.:

Спасский Б.И. История физики. 2 изд. М. 1977. Ч. 2. С. 164—166.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Уладзімір Іванавіч) (н. 13.4.1940, С.-Пецярбург),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Скончыў БДУ (1962). З 1962 у Ін-це фізікі, у 1970—93 у Магілёўскім аддз. Ін-та фізікі АН Беларусі, з 1993 у Магілёўскім дзярж. ун-це. Навук. працы па эксперым. оптыцы, фізіцы лазераў і светлаводаў, дынаміцы выпрамянення лазераў і прасвятленні асяроддзяў аптычным выпрамяненнем. Даказаў магчымасць атрымання рэгулярных звышкароткіх імпульсаў без выкарыстання метадаў актыўнай ці пасіўнай сінхранізацыі мод.

Тв.:

Регулярные автоколебания интенсивности в полупроводниковом лазере с внешним резонатором (разам з В.​І.​Барысавым, У.​А.​Юрэвічам) // Журн. прикладной спектроскопии. 1989. Т. 51, № 2.

т. 9, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НГМЮР, Лэнгмюр (Langmuir) Ірвінг (31.1.1881, Нью-Йорк — 16.8.1957), амерыканскі фізік і фізікахімік. Чл. Нац. АН ЗША (1918). Скончыў Калумбійскі ун-т (1903), Гётынгенскі ун-т (1906). З 1909 у лабараторыі кампаніі «Джэнерал электрык» (у 1932—50 дырэктар). Навук. працы па вывучэнні тэрмічных эфектаў у газах, тэрмаіоннай эмісіі, хім. рэакцый пры высокіх т-рах і нізкім ціску, паверхневых з’яў (адсорбцыя, монамалекулярныя слаі і інш.). Атрымаў малекулярны вадарод і распрацаваў працэс зваркі металаў у яго полымі (1911). Прапанаваў ф-лу для шчыльнасці эмісійнага току (1913; гл. Ленгмюра формула), ураўненне ізатэрмы адсорбцыі (ізатэрма Л.). Нобелеўская прэмія 1932.

І.Ленгмюр.

т. 9, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́НІН ((Cronin) Джэймс Уотсан) (н. 29.9.1931, г. Чыкага, ЗША),

амерыканскі фізік-эксперыментатар. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1967) і Нац. АН ЗША (1970). Скончыў Чыкагскі ун-т (1953). З 1955 у Брукхейвенскай нац. лабараторыі, з 1958 у Прынстанскім (з 1964 праф.), з 1971 у Чыкагскім ун-тах. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц і касм. прамянёў, астрафізіцы высокіх энергій. Вывучаў распады гіперонаў; удасканаліў іскравую камеру, адным з першых выкарыстаў яе як дэтэктар часціц. Эксперыментальна выявіў парушэнне CP-інварыянтнасці пры распадзе нейтральнага К-мезона (1964). Нобелеўская прэмія 1980 (разам з В.Фітчам).

М.​М.​Касцюковіч.

Дж.Кронін.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)