АХЛО́ПКАЎ (Мікалай Пятровіч) (15.5.1900, г. Іркуцк — 8.1.1967),

рускі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1948). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1918. З 1923 акцёр Т-ра імя У.​Меерхольда. З 1930 узначальваў Рэалістычны т-р, з 1938 рэж. і акцёр т-ра імя Я.​Вахтангава. У 1943—66 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра драмы (з 1954 т-р імя У.​Маякоўскага). Яго спектаклі вызначаліся яскравай тэатральнасцю, публіцыстычнасцю, манументальнасцю, шырокім выкарыстаннем умоўнасці і сінт. сродкаў выразнасці, пошукамі новых тэатр. формаў. Сярод пастановак: «Арыстакраты» М.​Пагодзіна (1935), «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева (1947), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1954), «Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава (1960), «Медэя» Эўрыпіда (1961). Акцёрскае мастацтва Ахлопкава адметнае спалучэннем арганічнасці пачуццяў з экспрэсіўнай выразнасцю вобраза. Здымаўся ў кіно: Васіль Буслаеў («Аляксандр Неўскі»), камісар Вараб’ёў («Аповесць пра сапраўднага чалавека»), Батманаў («Далёка ад Масквы») і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1949 (двойчы), 1951 (двойчы).

М.П.Ахлопкаў.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА НЕ́ТРАЎ,

комплекс арганізацыйных, тэхнічных, эканам., прававых і інш. мерапрыемстваў, накіраваных на рацыянальнае выкарыстанне зямных глыбінь; састаўная частка аховы прыроды. Уключае: выкананне ўстаноўленага заканадаўствам парадку давання нетраў у карыстанне і недапушчэнне самавольнага карыстання імі, паўнату геал. вывучэння, бяспечнае вядзенне работ па выкарыстанні нетраў (ахова атмасферы, водаў, зямной паверхні і інш. аб’ектаў ад шкоднага ўплыву работ); прывядзенне парушаных зямельных участкаў у стан, прыдатны для далейшага выкарыстання; найб. поўнае і рацыянальнае выкарыстанне запасаў карысных выкапняў і спадарожных ім кампанентаў; прадухіленне забруджвання нетраў пры падземным захоўванні, пахаванні адходаў і скіданні сцёкавых водаў; бяспечнае карыстанне нетрамі для насельніцтва і навакольнага асяроддзя. На Беларусі ахова нетраў знаходзіцца на стадыі арганізацыі і юрыд. афармлення. Дзярж. кантроль за аховай нетраў і іх рацыянальным выкарыстаннем ажыццяўляюць органы дзярж. горнага нагляду і інш. Парадак карыстання і аховы нетраў суб’ектамі гаспадарання незалежна ад формаў уласнасці, падпарадкавання і прыналежнасці замацаваны ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб нетрах (праект; 1995).

т. 2, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗІ́НСКАЯ МО́ВА,

адна з іберыйска-каўказскіх моў (картвельская група). Мова грузін, дзярж. мова Грузіі. Пашырана таксама на Паўн. Каўказе, у Азербайджане, Турцыі і Іране. Мае 2 групы дыялектаў, адрозненні паміж якімі нязначныя: горскія (хевсурскі, пшаўскі, тумскі і інш.) і плоскасныя (картлійскі, кахецінскі, імерэцінскі, рачынскі, гурыйскі, аджарскі і інш.). У развіцці літ. грузінскай мовы вылучаюць або 2 перыяды — старажытны (5—11 ст.) і новы (з 12 ст.), або 3 — стараж. (5—11 ст.), сярэдні (12—18 ст.) і новы (з 19 ст.). З 1860-х г. развіваецца адзіная літ. грузінская мова (аснова — картлійскі і кахецінскі дыялекты).

У фанетыцы грузінскай мовы 5 галосных і 28 зычных; у сістэме зычных назіраецца 5 траічных проціпастаўленняў звонкі — глухі — змычна-гартанны; асобна вылучаюцца фарынгальны і ларынгальны. Слабы сілавы націск на пачатковым складзе слова. У марфалогіі — аглюцінацыя з мноствам прэфіксальных формаў. У сінтаксісе — эргатыўная канструкцыя. Грузінская мова мае стараж. арыгінальнае пісьменства (гл. Грузінскае пісьмо).

т. 5, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ФМАНСТАЛЬ ((Hofmannsthal) Гуга фон) (1.2.1874, Вена — 15.7.1929),

аўстрыйскі пісьменнік і драматург, прадстаўнік т.зв. венскай школы імпрэсіянізму. Вывучаў права і раманскія мовы і л-ры ў Вене. У 1906 пачаў супрацоўніцтва з кампазітарам Р.Штраусам, для якога напісаў п’есы-лібрэта «Электра» (1906, паводле аднайм. драмы 1904) і «Кавалер руж» (1911). У 1917 разам з М.Райнгартам заснаваў Зальцбургскі муз. фестываль. Аўтар аднаактовых вершаваных драм «Смерць Тыцыяна» (1892), «Дурань і смерць» (1894), п’ес «Эдып і сфінкс» (1906), «Вяртанне Крысціны дамоў» (1910), «Зальцбургскі вялікі тэатр жыцця» (1922), «Вежа» (1925), у якіх захапленне артыстычнай атмасферай і культурай вытанчаных формаў старой Вены спалучаецца з трывожным роздумам аб праблемах сучаснасці. У лірычных вершах (зб. «Вершы і маленькія драмы», 1907), апавяданнях (зб. «Казка 672 начы і іншыя апавяданні», 1895), кнізе эсэ «Паэт і наш час» (1907) па-імпрэсіянісцку тонка перадаў уражанні быцця, нюансы стану душы, непарыўнае адзінства чалавечай гісторыі і культуры.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Нядо́шлы ’кволы, слабы, хваравіты’ (стаўб., З нар. сл., Крыў., Дзіс.), недо́шлы ’тс’ (Сл. ПЗБ, ТС), нядо́шлы, нідэшлы ’тс’ (дзярж., Нар. сл.), няду́шлы ’тс’ (Мат. Гом.), нядэшлы ’благі, мізэрны’ (Сцяшк. Сл.). Зыходнае значэнне, відаць, у беласт. нэдо́шлы ’які хацеў стаць кім-небудзь, але не стаў’ (Сл. ПЗБ), што, паводле аўтараў слоўніка, з польск. niedoszły ’былы кандыдат на якое-небудзь месца’; аднак для большасці формаў нельга выключыць самастойнае развіццё ад не дайсці адно са значэнняў дайсці ’памерці, зачахнуць’, г. зн. ’той, хто блізкі да смерці, але яшчэ не дайшоў да яе’, параўн. недо́йда ’дахадзяга’ (Сл. ПЗБ), магчымы ўплыў прыметніка до́хлы (гл. дохнуць) ці дзеяпрыметніка ад няду́жыць ’хварэць’ (гл. нядуга).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́дала ’пудзіла’ (лях., Янк. Мат.; Жд. 2; ветк., Мат. Гом.), пу́дало (карэліц., Нар. лекс.), пу́дайло ’тс’ (петрык., Цыхун, вусн. паведамл.). Укр. опу́дало, дпуд ’тс’, утвораныя ад опу́дитися ’спалохацца’, сведчаць пра магчымы шлях утварэння названых беларускіх слоў, параўн. апу́дзіла (гл.), з адпадзеннем прыстаўнога а-. Аднак семантыка лельч. апу́дала ’чалавек неахайнага выгляду, сонны, непаваротлівы’ (Куч.), а таксама драг. опу́дына ’шырокае не па памеры адзенне’ (Клім.) і асабліва тураў. опу́дало (пра адзенне): наклаў на себе этэ опудало, tuo страх! пры опу́‑гаіцца ’спужацца’: я ўжэ опугаласа, як та кура і напу́гацца ’празмерна надзець на сябе, начапляць лішняга; надзьмуцца, натапырыцца; абкружыцца імглістым кругам (пра месяц)’ (гл.) сведчаць пра магчымую кантамінацыю формаў з пуд- і пуг‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пэ́ртацца ’рабіць няякасна, з агрэхамі, без ведання справы’ (Скарбы). Няясна; параўнанне з пэркало ’капун, капуха’ (карэліц., Жыв. сл.), польск. pertać, варыянт pyrtač ’піхаць, тыркаць’, дазваляе звязаць усе названыя формы з другій, параўн. растаны́‑рыць і пырта ’нос’ (гл.) (рус. распырить ноздри); у такім выпадку беларускія словы з пэр- — вынік польскага уплыву, параўн. perzyć się ’натапырвацца’. У аснове, магчыма, імітатыў тыпу тыр‑пыр (пра няўклюднае i̯ няўмелае дзеянне), што звязаны чаргаваннем з пароць і рус. портить (*рыШі), параўн. партач, партачыць (гл.). Меркаванне Банькоўскага (2, 531) пра паходжанне польскіх формаў з pyr(s)tać (*parstać) ’штурхаць пальцам’ ад ст.-польск. parst ’палец’ здаецца менш верагодным. Гл. таксама поркацца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трасі́на ‘дрыгва, топкае балота’ (шчуч., ЛА, 2), ‘багна’ (Мат. Гом., Цых.), ‘плаў на балоце, каля возера, дзе калышацца верхняе покрыва’ (слонім., навагр., ЛА, 2), трэсіна́ ‘топкае месца на балоце’ (бяроз., драг., ЛА, 5), трасі́на ‘тс’ (хойн., Шатал.; карэліцк., лельч., лоеў, ЛА, 2), трасы́на ‘тс’ (пін., ЛА, 2), трясі́на́ ‘тс’ (шуміл., віц., чэрык., клім., ЛА, 2). Укр. дыял. трасі́на ‘дрыгва’, рус. тряси́на ‘наплаўнае балота, зыбучае месца, дзе глеба (з раслін) хістаецца і пад нагой выступае вада’. Да трэсці (гл.), першапачатковымі, відаць, былі формы з канцавым націскам з прасторавым значэннем тыпу цаліна́, навіна́, цвердзіна́ і пад., аднак у арэальным плане размежавання формаў не назіраецца. Гл. і трахіна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БРУНЕЛЕ́СКІ, Брунелеска (Brunelleschi, Brunellesco) Філіпа (1377, г. Фларэнцыя, Італія — 15.4.1446), італьянскі архітэктар, скульптар і вучоны. Адзін з заснавальнікаў архітэктуры Адраджэння і стваральнікаў тэорыі перспектывы. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі. Сярод работ: грандыёзны 8-гранны купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (1420—36), які стаў арх. дамінантай Фларэнцыі, першым буйным помнікам рэнесансавага дойлідства і дасягненнем інж. думкі ў Італіі; арачная лоджыя Выхавацельнага дома (1421—44), перакрытыя лёгкімі рабрыстымі купаламі і расчлянёныя ордэрам цэнтрычныя інтэр’еры Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца (1422—28) і капэлы Пацы (з 1429), у якіх Брунелескі ўпершыню ўвасобіў у арх. вобразах маст. ўяўленні эпохі гуманізму; цэрквы Сан-Ларэнца (1422—46) і Санта-Спірыта (з 1444). Сваімі творамі зрабіў прыклад у вольным выкарыстанні ант. арх. формаў для вырашэння функцыян., ідэйных і канструкцыйна-буд. задач свайго часу.

Літ.:

Данилова И.Е. Брунеллески и Флоренция. М., 1991.

Ф.Брунелескі. Купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. 1420—36.
Ф.Брунелескі. Капэла Пацы ў Фларэнцыі. Інтэр’ер.

т. 3, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРО́К’Ё (Verrocchio) Андрэя дэль [сапр. Чоні

(Cioni) Андрэады Мікеле ды Франчэска; 1435 ці 1436, г. Фларэнцыя, Італія — 7.10.1488], італьянскі скульптар, жывапісец і ювелір ранняга Адраджэння. Вучыўся ў ювеліра Верок’ё, чыё імя ўзяў сабе. Зазнаў уплыў Дэзідэрыо да Сетыньяна і А.​Палаёла. Майстэрня Верок’ё ў Фларэнцыі была цэнтрам маст. жыцця. Адсюль выйшлі Леанарда да Вінчы, П.Перуджына і інш. Выканаў шэраг твораў па заказах сям’і Медычы (надмагілле Джавані і П’ера Медычы, 1472; статуя Давід, 1473—75; «Дама з кветкамі», бюст Джуліяна Медычы, абедзве каля 1475, і інш.),

якія вылучаюцца арыстакратычнай вытанчанасцю, крохкай гармоніяй ліній і аб’ёмаў. Аўтар кампазіцыі «Нявер’е Фамы» (1476—83) на фасадзе будынка Арсанмікеле ў Фларэнцыі, помніка кандацьеру Б.​Калеоні (1479—83) у Венецыі і інш. Жывапіс Верок’ё вызначаецца дакладнасцю малюнка, дасканалай мадэліроўкай формаў, панарамнасцю пейзажных фонаў («Мадонна», каля 1470; «Хрышчэнне», пасля 1470, у сааўт. з Леанарда да Вінчы, і інш.).

В.​Я.​Буйвал.

А.Верок’ё. Дама з кветкамі. Каля 1475.

т. 4, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)