метро́вы, ‑ая, ‑ае.

Памерам, даўжынёю ў адзін метр. [Сабака] на момант прысеў, зноў падняўся і метровымі скачкамі сігануў у ельнік. Ляўданскі. — А-ах! Шчупак!.. Метровы, шырачэзны і гэтакі прыгожы — ажно зіхаціць увесь. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размя́класць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць і стан размяклага. Размякласць грунту. □ Карацей кажучы, навалілася на мяне сёння ўсякая ўсячына, — жаласна прамовіў Ваўчок, але праз момант размякласць у яго прайшла, ён натапырыўся зноў. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАТРО́КЛ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з удзельнікаў Траянскай вайны, сябар Ахіла. У небяспечны для грэкаў момант, калі траянцы на чале з Гектарам уварваліся ў іх лагер і імкнуліся падпаліць караблі, Ахіл з-за сваркі з Агамемнанам адмовіўся ўдзельнічаць у бітве, але аддаў П. свае даспехі. П. узначаліў контратаку грэкаў і адагнаў траянцаў ад лагера, забіўшы пры гэтым знакамітага героя Сарпедона, але і сам быў забіты Гектарам, які зняў з яго даспехі Ахіла.

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВА́ЛЕВЫ ПАКЕ́Т,

1) суперпазіцыя плоскіх монахраматычных хваль з блізкімі значэннямі частот і хвалевых вектараў. Займае абмежаваную вобласць прасторы. Можа ўзнікнуць у хвалях адвольнай прыроды (гукавых, эл.-магн. і інш.). Гл. таксама Салітон. 2) У квантавай механіцы — хвалевая функцыя, што апісвае свабодную рухомую часціцу, магчымая лакалізацыя якой у кожны зададзены момант часу абмежавана пэўнай вобласцю каардынат. Скорасць цэнтра Х.п. супадае з мех. скорасцю такой часціцы. Паступова Х.п. расплываецца, што адпавядае павелічэнню вобласці лакалізацыі дадзенай часціцы.

т. 16, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУЙКО́Ў Мікалай Пятровіч (снеж. 1922, пас. Ялоўскі Ярскага р-на Удмурцкай Рэспублікі — 1.3.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Камандзір асобнага кулямётнага артыл. батальёна лейтэнант Ж. у баі за вышыню каля в. Мормаль Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. ў рашаючы момант закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. Калі праціўнік зноў адкрыў агонь, ст. сяржант П.​М.​Мазілін паўтарыў подзвіг Ж., і батальён авалодаў вышынёй. У в. Мормаль на месцы іх подзвігу пастаўлены помнік.

т. 6, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

экспро́мт

(лац. expromtus = гатовы)

1) твор (паэтычны, музычны), створаны адразу, у момант выканання;

2) кароткая прамова, сказаная без папярэдняй падрыхтоўкі;

3) невялікая музычная п’еса, напісаная ў свабоднай форме.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Міг ’імгненне, момант’, мігам, мігом ’вельмі хутка, у адзін момант’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Яруш.; докш., Янк. Мат.), мігаць, мыга́ты ’хутка паднімаць і апускаць павекі’, ’мільгаць’, ’бліскаць (пра маланку)’, ’мігцець’, ’хутка праносіцца перад вачыма’ (ТСБМ, Анім., Бяльк., ТС; стол., Нар. лекс.). Укр. миг, ми́га́ти, рус. миг, мигать, ст.-рус. мигати, польск. mig, migać, палаб. mʼėgojĕ să vicaima, н.-луж. mikaś, migaś, в.-луж. mikać, чэш. mih, mihati, славац. mih, mihať, славен. mȋg, migati, серб.-харв. ми̏г, ми̏гати, макед. мига, балг. миг, мигам, ц.-слав. мьгнѧти, ст.-слав. по‑мизати очима. Прасл. migati (sę). Найбліжэйшыя адпаведнікі: літ. mìgti ’засынаць’, miegóti ’спаць’, miẽgas ’сон’, лат. miêgt ’заплюшчваць вочы’, ст.-прус. meicte ’спаць’, maiǫġun ’сон, спячка’, лац. micāre ’блішчэць, міргаюць’, сагдыйск. nimiž ’маргаць’, с.-перс. miž ’павека’, с.-н.-ням. micken ’накіроўваць позірк, назіраць’. І.‑е. аснова *meĭg‑/*meĭkʼ‑ (Бенвеніст, BSL, 38, 280; Ван–Вейк, IF, 28, 124; Бернекер, 2, 57; Фасмер, 2, 618–619; Скок, 2, 419–420; Махэк₂, 362; Бязлай, 2, 183; ЕСУМ, 3, 457; Мяркулава, Этимология–1973, 59). Фасмер і аўтары БЕР (3, 782–783) мяркуюць, што дзеяслоў migati ўтварыўся ад migъ, наадварот Махэк і Бязлай. Сюды ж мігунь! ’раптам, у адзін момант’, ’міг’ (Нас. Доп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́хваткам, пры́хваткамі ’ў перапынках паміж іншымі справамі і заняткамі; нерэгулярна, урыўкамі’ (ТСБМ, Янк. 1, Клім., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС, Сл. Брэс., ЛА, 5), пры́хваткай, пры́хваткаю, прі́хваткі ’тс’ (Янк. 1, Скарбы; карэліц., ушац., полац., ЛА, 5), пры́хватам, прі́хватым ’тс’ (гарад., іўеў., ЛА, 5), пры́хвытым ’у момант, адразу; адным махам’ (Бяльк.). Да прыхваці́ць < хваціць, хватаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шны́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм.

1. Тое, што і шнарыць. У наступны момант.. [немец] пачаў шнырыць па патайных кішэнях і пад падшэўкай свае адзежы. Чорны.

2. Тое, што і шныпарыць (у 2 знач.). Сярод дарослых усюды шнырылі малыя. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГІДРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ПЕРАДА́ЧА,

гідраўлічная перадача, якая складаецца з лопасцевых колаў з агульнай поласцю, дзе круцільны момант перадаецца за кошт змены моманту колькасці руху рабочай вадкасці. Служыць для перадачы і бесступеньчатай змены круцільнага моманту ад рухавіка (вядучага вала) да прыводнай машыны (вядзёнага кола).

Лопасцевыя колы гідрадынамічнай перадачы (помпавае, злучанае з рухавіком, і турбіннае, злучанае з прыводнай машынай) размешчаны сувосева і збліжаны так, што ўтвараюць торападобную поласць, запоўненую рабочай вадкасцю. Помпавае кола прыводзіць у рух вадкасць, энергія якой перадаецца турбіннаму колу. Гідрадынамічная перадача з двума гэтымі коламі наз. гідрамуфтай. У яе аднолькавыя круцільныя моманты на вядучым і вядзёным валах. Выкарыстоўваецца ў прыводах буравых установак, сілкавальных помпаў і дымасосаў ЦЭС і інш. для аховы рухавікоў ад перагрузак. Гідрадынамічная перадача з трыма і болей коламі (помпавым, накіравальнага апарата — рэактара і турбінным) наз. гідратрансфарматарам. У ім вадкасць дадаткова праходзіць праз рэактар, які мяняе напрамак патоку і дазваляе бесступеньчата рэгуляваць круцільны момант і частату вярчэння вядзёнага (турбіннага) вала. Гідратрансфарматары выкарыстоўваюць у сілавых перадачах аўтамабіляў, цеплавозаў і інш.

Да арт. Гідрадынамічная перадача. а — гідрамуфта (1 — помпавае кола на вядучым вале; 2 — турбіннае кола на вядзёным вале); б — гідратрансфарматар (1 — помпавае кола на вядучым вале, 2 — накіравальны апарат, або рэактар, 3 — турбіннае кола на вядзёным вале).

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)