ГРАВІМЕТРЫ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,
метад колькаснага аналізу, заснаваны на дакладным вымярэнні масы рэчываў з дапамогай аналітычных вагаў. Выкарыстоўваюць для кантролю якасці сыравіны і гатовай прадукцыі, вызначэння хім. саставу горных парод, сплаваў і інш.
Пры гравіметрычным аналізе частку даследуемага цвёрдага рэчыва вядомай масы (навеска) пераводзяць у раствор, з якога вызначаемы кампанент вылучаюць у выглядзе практычна нерастваральнага рэчыва. Асадак аддзяляюць (напр., фільтраваннем), высушваюць ці награюць да ўтварэння ўстойлівага злучэння (вагавая форма) і ўзважваюць, потым разлічваюць колькасць (у% па масе) кампанента ў цвёрдым рэчыве. Адносная хібнасць гравіметрычнага аналізу ±0,1%.
т. 5, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́СА-КАСЦЯВА́Я МУКА́,
бялкова-мінеральны канцэнтраваны корм. Вырабляецца з нехарчовай жывёльнай сыравіны (напр., з туш дохлых жывёл), адходаў ад забою жывёл і перапрацоўкі мяса, з туш марскіх звяроў. Сыравіну апрацоўваюць гарачай парай пад ціскам або вараць, высушваюць і здрабняюць. Мае шаравата-буры колер, спецыфічны пах, да 10% вады, да 18% тлушчу, 30—55% пратэіну (багатага лізінам), 12—40% попелу (пераважае фосфарнакіслы кальцый), вітаміны групы B і інш. Хутка псуецца. Скормліваюць свінням, птушкам, пушным звярам, маладняку с.-г. жывёл у сумесі з інш. кармамі, уключаюць у камбікармы.
Л.Л.Галубкова.
т. 11, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЙКА (Аляксандр Пятровіч) (н. 22.10.1929, в. Савалуцк Любанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне лесакарыстання. Канд. тэхн. н. (1966), праф. (1988). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1953). З 1954 у Бел. тэхнал. ун-це (у 1971—85 заг. кафедры, адначасова ў 1977—81 дэкан лесаінж. ф-та). Навук. працы па безадходных тэхналогіях лесанарыхтовак і рацыянальным, комплексным выкарыстанні драўніннай сыравіны. Распрацаваў малаадходныя тэхнал. працэсы на высечках гал. і прамежкавага лесакарыстання.
Тв.:
Технология и машины лесосечных работ. Мн., 1984;
Справочник мастера лесозаготовок. М., 1993 (разам з АС.Федарэнчыкам, Р.І.Завойскіх).
т. 10, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПІЛЕ́Н, прапэн,
ненасычаны аліфатычны вуглевадарод, CH2=CHCH3. Бясколерны газ са слабым пахам, tкіп — 47,7 °C. Сумесі з паветрам (2—11,1% П. па аб’ёме) выбухованебяспечныя. Раствараецца ў этаноле, дыэтылавым эфіры, мала — у вадзе. Полімерызацыяй П. атрымліваюць поліпрапілен. У прам-сці П. атрымліваюць пры піролізе вуглевадародаў (напр., прапану) і крэкінгу розных відаў нафтавай сыравіны. Выкарыстоўваюць у вытв-сці пластмас, каўчукоў (гл. Этылен-прапіленавыя каўчукі), акрыланітрылу, гліцэрыны, прысадак, мыйных сродкаў (тры- і тэтрамеры П.), высокаактанавых кампанентаў маторнага паліва, растваральнікаў і інш. Аказвае слабае наркатычнае ўздзеянне, ГДК 30 мг/м³.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 13, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ленд-лі́з
(англ. lend-lease ад lend = пазычаць + lease = здаваць у арэнду)
сістэма перадачы ЗША ў пазыку або арэнду зброі, боепрыпасаў, сыравіны, харчавання краінам антыгітлераўскай кааліцыі ў час 2-й сусветнай вайны.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
сукупнасць біял. кампанентаў біясферы, якія складаюць асяроддзе пэўнай геагр. зоны, тэрыторыі (рэгіёна, краіны, вобласці), ландшафту або яго часткі (лесу, вадаёма) і інш.; від прыродных рэсурсаў. З’яўляюцца крыніцамі ці ствараюць перадумовы набыцця неабходных людзям біял. прадуктаў, жывёльнай і расліннай сыравіны і рэчываў; прамысл. аб’екты, культ. расліны, свойскія жывёлы, мікраарганізмы і інш. Існуюць у эстэт. і рэкрэацыйным аспектах. Біялагічныя рэсурсы — аб’ект інтэнсіўнага выкарыстання і эксплуатацыі і звязанай з гэтым прыродаахоўнай дзейнасці. Асн. прынцып аховы біялагічных рэсурсаў абумоўлены іх рацыянальным выкарыстаннем, заснаваным на зберажэнні (падтрымцы, стварэнні) аптымальных умоў іх натуральнага ці штучнага ўзнаўлення.
Я.В.Малашэвіч.
т. 3, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТЭРЫНА́РНАЯ ЛАБАРАТО́РЫЯ,
дыягнастычная ўстанова ў сістэме вет. службы. У ветэрынарнай лабараторыі ўстанаўліваюць дыягназ хваробы жывёлы, выяўляюць хворых жывёл, прычыны іх гібелі і масавых захворванняў, а таксама вызначаюць якасць і бясшкоднасць прадуктаў і сыравіны жывёльнага паходжання, кармоў і вады. Праводзяць таксама патолага-анатамічныя, гісталагічныя, бактэрыялагічныя, мікраскапічныя, вірусалагічныя, сералагічныя, мікалагічныя, хім., таксікалагічныя, біяхім., радыелагічныя, гельмінталагічныя і інш. даследаванні. Па тэрыторыі абслугоўвання адрозніваюць раённыя, міжраённыя, занальныя, гар., абласныя ветэрынарныя лабараторыі. Буйныя жывёлагадоўчыя комплексы і птушкафабрыкі маюць свае спец. ветэрынарныя лабараторыі. На Беларусі цэнтр. вет.-дыягнастычная ўстанова — рэспубліканская дзярж. ветэрынарная лабараторыя, якая ажыццяўляе арганізацыйна-метадычнае кіраўніцтва дзейнасцю ветэрынарных лабараторый абласцей, раёнаў, жывёлагадоўчых комплексаў.
т. 4, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬДЭГІ́ДЫ,
клас арганічных злучэнняў, у састаў якіх уваходзіць альдэгідная група — C(O)H, звязаная з вуглевадародным радыкалам. Найпрасцейшы — фармальдэгід. Ніжэйшыя альдэгіды — рэчывы з рэзкім пахам, вышэйшыя C8—C14 — з прыемным. Рэакцыйназдольныя: акісляюцца да кіслот, аднаўляюцца да спіртоў, уступаюць у рэакцыі замяшчэння, далучэння, кандэнсацыі, утвараюць ненасычаныя злучэнні, цыклічныя трымеры (паральдэгід, трыаксан), лінейныя палімеры (парафармальдэгід), прадукты полікандэнсацыі. Атрымліваюць з любых класаў злучэнняў; некаторыя вылучаюць з расліннай сыравіны. Выкарыстоўваюць у сінтэзе палімераў (поліфармальдэгіду, полівінілацэталяў, аміна- і фенолальдэгідных смолаў), карбонавых кіслот, спіртоў і інш.; у вытв-сці пестыцыдаў, выбуховых, духмяных рэчываў, лекаў, фарбавальнікаў. Гл. таксама Ацэтальдэгід, Фурфурол, Ванілін, Цытраль.
т. 1, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЛІЗ ХІМІ́ЧНЫ,
сукупнасць метадаў навук. даследавання, заснаваных на выкарыстанні хім. рэакцый; расшыфроўка структуры і саставу хім. злучэнняў ці рэчываў арган. і неарган. прыроды, колькаснага і якаснага іх вызначэння. Уключае колькасны аналіз і якасны аналіз. «Класічны» аналіз хімічны (гравіметрычны, цітрыметрычны, газавы і інш.) грунтуецца на выкарыстанні рэакцый асаджэння, нейтралізацыі, комплексаўтварэння, акіслення-аднаўлення, сучасны — на вывучэнні фізіка-хім., фіз. уласцівасцяў рэчываў метадамі спектраскапіі, мас-спектраметрыі, радыехім., радыяцыйнымі, электрахім., што дазваляе атрымліваць комплексную інфармацыю аб хім. злучэннях і рэчывах, аўтаматызаваць аналітычны кантроль працэсаў у вытв-сці, а таксама кантроль сыравіны, гатовай прадукцыі, вады, паветра і г.д.
т. 1, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЦІ́НЫ,
пігменты аранжава-жоўтага колеру з групы караціноідаў. Належаць да ізапрэноідных вуглевадародаў, якія маюць 40 атамаў вугляроду. Да асн. ізамераў належаць α-, β -, γ-К.; сінтэзуюцца ў раслінным арганізме, удзельнічаюць у фотасінтэзе, дыханні, росце. Багатыя К. зялёнае лісце (асабліва шпінату), морква, шыпшына, парэчкі, памідоры, абрыкосы і інш. Найб. біял. значэнне мае β-К.: з яго малекулы ў арганізме жывёл і чалавека ўтвараюцца 2 малекулы вітаміну A. Некат. млекакормячыя здольны выбіральна назапашваць β-К. ў тлустай клятчатцы, малацэ, жоўтых целах яечнікаў. У прам-сці К. атрымліваюць з расліннай сыравіны, хім. і мікрабіял. сінтэзам. Прэпараты выкарыстоўваюць пры авітамінозах.
т. 8, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)