РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць прыродных, сацыяльных, духоўных магчымасцей, сродкаў і даходаў, якія могуць быць выкарыстаны ў працэсе стварэння матэрыяльных даброт і каштоўнасцей (тавараў, паслуг і інш.). Адрозніваюць Р. прыродныя, матэрыяльныя, працоўныя і фінансавыя. Прыродныя Р. — частка прыродных багаццяў, прыдатная для выкарыстання ў вытв-сці або для задавальнення патрэб людзей. Да іх адносяцца: зямля, вада, атмасфера, карысныя выкапні, раслінны і жывёльны свет, натуральныя крыніцы энергіі (сонца, вецер, прылівы і адлівы, унутрызямное цяпло і інш.). Падзяляюцца на вычарпальныя і невычарпальныя; вычарпальныя бываюць узнаўляльныя ці неўзнаўляльныя. Матэрыяльныя Р. — сукупнасць сродкаў і прадметаў працы, якія прызначаны для выкарыстання ў працэсе вытв-сці (машыны, абсталяванне, сыравіна, матэрыялы, паліва, энергія і інш.). Працоўныя Р. — частка насельніцтва, здольная да мэтазгоднай прац. дзейнасці. Фінансавыя Р. — грашовыя сродкі, якія грамадства мае магчымасць выкарыстоўваць. Сродкі, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе стварэння матэрыяльных даброт або інш. каштоўнасцей, наз. фактарамі вытв-сці (зямля, праца, капітал, прадпрымальніцтва). У якасці спецыфічных фактараў вытв-сці вылучаюць навуку і інфармацыю.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 14, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

odpadki

мн.

1. адкіды; адходы; адыходы;

odpadki użytkowe — адыходы, прыдатныя для карыстання; другасная сыравіна;

odpadki w produkcji — адыходы пры вытворчасці

2. смецце; абіркі (шалупінне і да т.п.)

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

бу́льба, ‑ы, ж.

1. Аднагадовая агародная расліна сямейства паслёнавых. Адганяць бульбу. □ [Лабановіч] радаваўся, калі бачыў шнуры добрай збажыны ці бульбы. Колас.

2. зб. Падземныя клубні гэтай расліны, якія выкарыстоўваюцца як харч, корм і сыравіна. Абіраць бульбу. Капаць бульбу. Кармавая бульба. Насенная бульба. Сопкая бульба. // Страва, прыгатаваная з клубняў гэтай расліны. Маладзіца выняла з печкі чыгунок і паставіла на стол. Запахла бульбай. Мележ.

3. Назва беларускага народнага танца. Дружна будзем на сцэне «Бульбу» мы танцаваць. Нядзведскі.

•••

Бульба ў мундзірах — звараная з лупінамі бульба. Раніцай Якавіха высыпала на стол чыгун-вядзёрнік бульбы ў мундзірах, налівала міску малака — садзіцеся і ешце. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДРАЖДЖАВА́Я ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

вытворчасць пякарскіх дражджэй роду Saccharomyces cerevisiae, якія выкарыстоўваюць у хлебапячэнні і мед. прам-сці. Сыравіна для Д.в. — адходы цукр. вытв-сці (мелес), вугляводы мелесу ў прысутнасці кіслароду і азоцістых рэчываў у выніку біяхім. працэсаў ператвараюцца ў клетачную біямасу. У заводскіх умовах выхад біямасы дражджэй складае 70—90% у адносінах да масы мелесу.

Таварныя дрожджы вырошчваюць у дрожджавырошчвальных апаратах у водным растворы мелесу пры аэрацыі. Перад падачай у вытв-сць мелес асвятляюць на сепаратарах ачышчальніках (для выдалення прымесей), разбаўляюць вадой, дабаўляюць мінер. пажыўныя кампаненты, што маюць азот і фосфар(напр., сульфат амонію, дыамонійфасфат і інш.), сумесь мікраэлементаў, кукурузны экстракт (крыніца роставых рэчываў) і матачныя дрожджы з чыстых культур для размнажэння. Дрожджы са зброджанага сусла выдаляюць на сепаратарах-раздзяляльніках у выглядзе густога дражджавога малака, з якога фільтр-прэсамі ці вакуум-фільтрамі выдаляюць вільгаць. На аўтам. лініях ажыццяўляюць фармаванне і расфасоўку прасаваных дражджэй у брыкеты (т-ра захоўвання 1—4 °C). З прасаваных дражджэй высушваннем пры т-ры да 70 °C атрымліваюць сухія дрожджы (т-ра захоўвання 15 °C).

М.​В.​Грыц.

т. 6, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎБА́СНЫЯ ВЫ́РАБЫ,

харчовыя прадукты з папярэдне апрацаваных мяса, тлушчаў і інш. сыравіны жывёльнага і расліннага паходжання. Адрозніваюць К. в. вараныя (у т. л. сасіскі і сардэлькі), паўвэнджаныя, вэнджаныя, варана-вэнджаныя, ліверныя, крывяныя, сальцісоны, вантрабянкі, паштэты і студзені. Да К. в. адносяць таксама вэнджаніну.

Сыравінай для К. в. служаць нятлустая ялавічына, свініна, сала, часам бараніна і мяса птушкі, каніна, субпрадукты (печань, мазгі, сэрца, рубец і інш.). Сыравіна праходзіць мех. апрацоўку (выдаленне неядомых і малапажыўных частак, здрабненне) і фізіка-хім. апрацоўку (саленне, выспяванне, абсмажванне, варку, вэнджанне). У каўбасны фарш да даюць плазму харч. крыві, неразведзенае і абястлушчанае малако, малочны бялок, муку, крухмал. крупы, яйцы, а таксама соль, цукар, спецыі, вострыя прыправы. Выкарыстоўваюць кішачныя і штучныя (бялковыя, з цэлюлозы, палімерных плёнак) абалонкі (некаторыя вырабы фармуюць без абалонак). К. в. выпускаюцца і ў выглядзе кансерваў. Вядомыя са старажытнасці. У Стараж. Грэцыі невял. каўбаскі і напханыя свіныя страўнікі служылі закускай, у Рыме былі вядомыя вараныя каўбасы, маленькія вэнджаныя каўбаскі, свіныя каўбаскі колцам і ланцужком. З сярэдневякоўя К. в. сталі пашыранай стравай.

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МПЛЕКСНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

угнаенні, якія маюць 2—3 пажыўныя элементы, найб. неабходныя для раслін (азот і фосфар, азот і калій, фосфар і калій ці 3 элементы разам). У састаў К.ў. часам уключаюць і мікраэлементы (бор, марганец, медзь і інш.). У асн. К.ў. — высокаканцэнтраваныя ўгнаенні, якія выкарыстоўваюць пад усе с.-г. культуры.

К.ў. падзяляюць на складаныя, змяшаныя і складаназмяшаныя. Складаныя К.ў. — асобныя солі, абодва іоны якіх маюць пажыўны элемент (напр., фасфаты амонію; гл. Амафос, Дыамафос), ці ўгнаенні, атрыманыя сумеснай крышталізацыяй ці сплаўленнем некалькіх солей (напр., нітрафос, нітрафоска). Асн. сыравіна для вытв-сці складаных К.ў. — газападобны і вадкі сінт. аміяк, чыстыя фосфарная і азотная к-ты, хларыд калію, сінт. мачавіна. Змяшаныя К.ў. — мех. сумесь грануляваных простых тукаў. Рыхтуюць іх непасрэдна ў гаспадарках ці на вял. складах. Складаназмяшаныя К.ў. атрымліваюць грануляваннем сумесей гатовых простых угнаенняў пасля іх хім. апрацоўкі фосфарнай ці сернай к-тамі і аміякатамі.

На Беларусі складаныя (амафос, аманізаваны суперфасфат) і складаназмяшаныя К.ў. (азотнафосфарна-калійныя) з рознымі суадносінамі пажыўных рэчываў вырабляюць на Гомельскім хімічным заводзе. Гл. таксама Вадкія ўгнаенні, Мінеральныя ўгнаенні.

Р.​У.​Васілюк.

т. 8, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНТЭТЫ́ЧНЫХ СМОЛ І ПЛАСТЫ́ЧНЫХ МАС ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна хімічнай прамысловасці па вырабе сінт. палімераў і пластмас. Базавая сыравіна для іх вытв-сці — вуглевадароды нафтаперапрацоўкі.

У 1872 у ЗША выраблены цэлулоід (пластмаса са штучнага палімера нітрату цэлюлозы). У 1906—10 у Расіі і Германіі наладжаны выпуск матэрыялаў на аснове фенола-фармальдэгіднай смалы, у 1930-я г. ў ЗША, Германіі, СССР і інш. — полівінілхларыду, поліамідаў, полістыролу. Шырокае развіццё прам-сці пачалося пасля 2-й сусв. вайны; з 1950-х г. выпускаецца поліэтылен.

На Беларусі станаўленне прам-сці адбылося ў 1960-я г., калі пачаў працаваць Полацкі хім. камбінат. У 1975 на яго базе створана Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір», дзе выпускаюць поліэтылен высокага ціску. Прадукцыя галіны вырабляецца на Гродзенскім вытворчым аб’яднанні «Азот» (капралактам), Магілёўскім вытворчым аб’яднанні «Хімвалакно» (дыметылтэрафталат, поліэтылентэрафталат), Лідскім лакафарбавым заводзе (алкідныя і поліэфірныя смолы, полівінілацэтатная дысперсія). Асн. спецыялізацыя галіны — вытв-сць палімераў для выпуску сінт. валокнаў, нітак, лакафарбавых матэрыялаў. У 1990 выраблена 751 тыс. т сінт. смол і пластмас (у т. л. 138 тыс. т поліэтылену), у 2000—480 тыс. т (у т. л. 109 тыс. т поліэтылену).

В.​П.​Сідоранка.

т. 14, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

матэрыя́л

(лац. materialis = прадметны)

1) рэчыва, сыравіна, з якіх вырабляецца, будуецца што-н. або якія прымяняюцца для пэўнай мэты (напр. будаўнічы м., перавязачны м.);

2) розныя звесткі, якія служаць асновай або доказам чаго-н. (напр. ілюстрацыйны м.);

3) тое, што і матэрыя 3.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Руда́ 1 ’прыродная мінеральная сыравіна з металамі або іх злучэннямі’ (ТСБМ). У тым жа значэнні ўкр., рус. руда́, польск., в.-луж. ruda, чэш., славац. ruda, славен. rúda, серб.-харв. ру́да, балг. ру́да́. Прасл. *ruda ад і.-е. кораня *reudh‑ (*roudh‑/*rudh‑) ’чырвоны, руды, рыжы’. Суадносіцца з прасл. *rudъjь ’руды, чырвоны, рыжы’, гл. руды (Трубачоў, Этимология–1988–1990; ESJSt, 13, 781). Адносна сувязі з і.-е. *r(e)udh‑ ’медзь’ гл. Глухак, 533; Нов. в рус. этим., 1, 199.

Руда́ 2 ’красільнае рэчыва, што змяшчаецца ў ільняным палатне, выводзіцца з палатна вымочваннем і адбельваннем’ (Сл. Брэс.). Ад руды (гл.) як чэрня ’чорная фарба, чорнае адзенне’ < чорны, голя ’голае месца’ і пад.

Руда́ 3 ’рудая вада на балоце’ (навагр., Нар. сл.; Сл. ПЗБ), ’іржа, іржавы налёт’ (ТС), ’гразь’ (Нас., Мат. Маг., Касп.). Гл. руда 2, руды.

Руда́ 4 ’кроў’ (Нас., Гарэц.). Укр., рус. руда́ ’тс’. Выводзяць з руда 3, магчыма, у выніку табуізацыі слова кроў (Фасмер, 3, 513 з літ-рай), або з першаснага значэння ’штосьці чырвонае’ (Борысь, SEK, 4, 188), параўн. ст.-інд. rudhirám ’кроў’ (< і.-е. *roudh‑ ’чырвоны, руды’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГАЗІФІКА́ЦЫЯ ПА́ЛІВА,

ператварэнне арган. часткі цвёрдага або вадкага паліва ў гаручыя газы шляхам няпоўнага акіслення пры высокай т-ры паветрам (кіслародам, вадзяной парай, іх сумесямі). Пашырылася ў 19 ст. з-за пераваг газавага паліва над цвёрдым і вадкім. Газіфікуюць бурыя і каменныя вуглі, драўніну, торф, гаручыя сланцы, кокс, мазут і інш. Газіфікацыя паліва вядзецца ў газагенератарах, таму атрыманыя газы наз. генератарнымі.

У залежнасці ад саставу газаў, якія падаюцца ў газагенератар, атрыманыя газы наз. паветранымі (пры газіфікацыі паветрам), парапаветранымі, паракіслароднымі і г.д. Састаў дуцця падбіраецца так, каб цяпла, што выдзяляецца ў экзатэрмічных рэакцыях, хапіла на ўвесь працэс. Пры газіфікацыі цвёрдага паліва кіслародам або вадзяной парай акісляецца непасрэдна вуглярод, пры газіфікацыі вадкага паліва пад уздзеяннем высокай т-ры вуглевадароды расшчапляюцца да нізкамалекулярных злучэнняў або элементарных рэчываў, якія акісляюцца. Пашырана таксама падземная газіфікацыя паліва — ператварэнне выкапнёвага паліва пад зямлёй, на месцы залягання, у гаручы газ, які выводзіцца на паверхню праз свідравіны (гл. Падземная газіфікацыя вугалю). Газы, атрыманыя газіфікацыяй паліва, выкарыстоўваюцца як паліва і як сыравіна для вытв-сці вадароду, аміяку, метанолу, штучнага вадкага паліва і інш. Газіфікацыя паліва ўжываецца пераважна ў раёнах, бедных гаручымі прыроднымі газамі і аддаленых ад магістральных газаправодаў.

т. 4, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)