СЕЛЕНІ́Т (ад грэч. selēnē Месяц), сацінавы шпат,

мінерал, структурная разнавіднасць гіпсу. Тонкавалакністыя крышталі ўтвараюць субпаралельныя агрэгаты, якія запаўняюць трэшчыны ў мергелістых пясчаніках; валокны С. перпендыкулярныя сценкам трэшчын. Колер мядовы, ружова-жоўты, крэмавы, зменлівы ўздоўж валокнаў. Бляск шаўкавісты, узмацняецца пры паліроўцы, абумоўлівае з’яву светлавога «месяцавага» водбліску. Цв. 2. Вырабны камень. Буйное радовішча на Урале (Расія).

Селеніт.

т. 14, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЎТАЛАГІ́ЧНАЯ РЫ́ФМА,

паўтор у канцы вершаваных радкоў аднаго і таго ж ці некалькіх слоў, якія вызначаюць страфічную будову верша. Сустракаецца ў фальклоры і ў сучаснай паэзіі:

Слепіць вочы ён, снег,
І дарогі разбег.
І ты мружышся: «Снег!..
Што за студзеньскі снег!..»
(А.​Лойка. «Снег»)

Разнавіднасць Т.р. ва ўсх. паэзіі — рэдыф.

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫТАНАМАГНЕТЫ́Т,

мінерал падкласа складаных аксідаў; тытаназмяшчальная разнавіднасць магнетыту (Fe, Ti)Fe2O4; таксама магнетыт з уключэннямі ульвашпінелі (гл. Шпінель) або ільменіту. Комплексная руда на жалеза (да 50%), тытан (7—15, да 50%), ванадый (8—9%). Утварае скопішчы ў кантактавых зонах масіваў габра, піраксенітаў, лабрадарытаў. Радовішчы ў Расіі, ЗША, Канадзе, Швецыі, Нарвегіі, Танзаніі і інш.

т. 16, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯВА́НТРАП (ад Ява + грэч. anthrōpos чалавек),

выкапнёвы чалавек, які жыў каля 150 тыс. гадоў назад, разнавіднасць неандэртальца. Рэшткі Я. знойдзены ў 1931—37 на в-ве Ява. Да еўрап. неандэртальцаў падобны пакатым ілбом, малой вышынёй скляпення чэрапа, развітым валікам патыліцы, нізка размешчаным і прамым краем скроневай «лускі»; адрозніваецца ад іх больш прымітыўнымі рысамі.

т. 18, кн. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІЁМА (ад грэч. glia клей + ...ома),

пухліна ц. н. с. (галаўнога і спіннога мозга), што паходзіць з клетак нейрагліі. Да гліёмы адносяцца: астрацытома, алігадэндрагліёма, палярная спангіябластома (разнавіднасць астрацытомы з марудным ростам), эпендымома. Разнавіднасцю злаякасных гліём з’яўляюцца гліябластома і медулабластома (гліёма саркаматозная), якая найчасцей бывае ў дзяцей, лакалізуецца ў вобласці мазжачка з інфільтратыўным ростам і хуткімі неўралагічнымі расстройствамі. Лячэнне хірургічнае.

т. 5, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУСІДО́ (яп. шлях воіна),

у сярэдневяковай Японіі разнавіднасць няпісанага ганаровага кодэксу класа воінаў. Сярод асн. прынцыпаў бусідо — абсалютная вернасць свайму сюзерэну, адвага ў баі і пагарда да смерці, павага да праціўніка, выкананне прынятых на сябе абавязкаў і загартоўка духу. Сфарміравалася на аснове элементаў канфуцыянства, светапогляду будыйскай секты дзэн і сінтаізму. У наш час бусідо аказвае ўплыў на этыку японцаў.

т. 3, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́КСТЭР (Baxter) Рычард (12.11.1615, Роўтан, графства Шропшыр, Вялікабрытанія — 8.12.1691),

англійскі пурытанскі прапаведнік і багаслоў. У час. Англ. рэвалюцыі 17 ст. выступаў на баку парламента, служыў капеланам аднаго з палкоў індэпендэнтаў. Пазней спрыяў вяртанню на трон Сцюартаў. Развіваў вучэнне кальвінізму, заснаваў яго разнавіднасць — бакстэрызм, які вызначаўся менш строгай трактоўкай догмату аб прадвызначэнні. Аўтар каля 200 багаслоўскіх твораў.

т. 2, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙКІДО́ (яп. літар. шлях спасціжэння гармоніі),

разнавіднасць самаабароны без зброі. Адзін з найб. складаных у асваенні відаў адзінаборстваў усходніх. Сучасная сістэма айкідо створана яп. майстрам Марыхеі Уешыба (1883—1969). Прыёмы разлічаны на адбіццё нападу аднаго ці некалькіх праціўнікаў. Атакуючых прыёмаў ці дзеянняў у айкідо няма, таму спарт. спаборніцтвы не праводзяцца. На Беларусі развіваецца з пач. 1980-х г.

т. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВАТЫ́НТА (італьян. acguatinta),

тэхнічная разнавіднасць гравюры, у якой метал. дошка пратраўліваецца праз прыліплы да яе асфальтавы або каніфольны пыл. У акватынце дасягаюцца маляўнічыя эфекты, блізкія да тонавага малюнку. Выкарыстоўваецца ў спалучэнні са штрыхаваным афортам, узбагачаючы яго танальнымі і фактурнымі адценнямі. У бел. мастацтве выкарыстоўваецца з 17 ст. (асобныя творы Л. і А.​Тарасевічаў). У 19 ст. значна пацеснена літаграфіяй.

т. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАЗАНІ́Т (ад назвы р. Амазонка, дзе ўпершыню знойдзены),

мінерал, разнавіднасць мікракліну, афарбаваная іонамі свінцу. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае крышталі, часцей зярністыя масы з альбітам, кварцам і інш. Колер блакітнавата-зялёны, бірузовы ці ярка-зялёны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. больш за 2,5 г/см³. Трапляецца ў гранітах і гранітных пегматытах. Вырабны камень. Амазанітавыя граніты выкарыстоўваюцца як абліцовачны матэрыял.

Амазаніт.

т. 1, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)