ТУРЭ́ (Touré) Ахмед Секу (9.1.1922, г. Фарана, Гвінея — 26.3.1984),

дзяржаўны дзеяч Гвінеі. Адзін са стваральнікаў першых афр. прафсаюзаў; з 1956 ген. сакратар Усеагульнай канфедэрацыі працоўных Чорнай Афрыкі. Чл. Дэмакр. партыі Гвінеі, з 1959 яе ген. сакратар. З 1955 мэр г. Конакры. З 1958 першы прэзідэнт незалежнай Гвінеі. Абвясціў курс на пабудову сацыялізму і супрацоўніцтва з сацыяліст. краінамі. Усталяваў жорсткі рэжым сваёй асабістай улады, праводзіў масавыя паліт. рэпрэсіі.

т. 16, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́НТЭЙН (Fonteyn) Маргат [сапр. Маргарэт Хукем

(Hookham); 18.5.1919, г. Райгіт, Вялікабрытанія — 1991], англійская артыстка балета. Прэзідэнт Каралеўскай акадэміі танца (з 1954). З 1934 у трупе «Сэдлерс-Уэлс бале» (з 1957 Каралеўскі балет). Адна з вядучых англ. танцоўшчыц. Сярод партый: Аўрора («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага),

Жар-птушка («Жар-птушка» І.​Стравінскага), Маргарыта («Маргарыта і Арман» на музыку Ф.​Ліста), Ундзіна («Ундзіна» Х.​Хенцэ). Партнёрша Р.Нурыева.

т. 16, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЕ МЕДЫЦЫ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

навуковая грамадская арг-цыя ў 1805—1939. Засн. 12.12.1805 пры Віленскім універсітэце па ініцыятыве прафесараў мед. ф-та. Аб’ядноўвала выкладчыкаў ун-та (пасля яго закрыцця ў 1832 — Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі) і медыкаў-практыкаў Вільні і інш. гарадоў Беларусі і Літвы. Т-ва заснавалі і ўзначалілі прафесары А.​Снядэцкі (прэзідэнт), Я.​Лобенвейн (віцэ-прэзідэнт), І.​Франк (сакратар). Мела на мэце вывучэнне праблем медыцыны, хірургіі, фармакалогіі, даследаванне мясц. мінер. крыніц, барацьбу з заразнымі хваробамі. Як цэнтр навук. мед. думкі Беларусі і Літвы спрыяла разгортванню ў краі даследаванняў у розных галінах медыцыны і прыродазнаўства. Па яго ініцыятыве ў Вільні засн. Ін-т вакцынацыі (1808), Ін-т мацярынства (1809), бактэрыяхім. лабараторыя (1887), Пастэраўская станцыя (1897); у 1807—10, 1860—64 дзейнічала бясплатная амбулаторыя для бедных. Працы т-ва друкаваліся ў навук. зб-ках «Веснік Віленскага медыцынскага таварыства» (т. 1—2, 1818—21), «Дзённік медыцыны, хірургіі і фармацыі» (т. 1—2, 1822—24), «Віленскі фармацэўтычны веснік» (1920, усе на польск. мове), рус. мед. газ. «Друг здравия» (С.-Пецярбург); выдавала час. «Pamięnik Wileńskiego towarzystwa lekarskiego» («Веснік Віленскага медыцынскага таварыства», 1925—39).

А.П.Малчанаў.

т. 4, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭ́ФЕРСАН (Jefferson) Томас (11.4.1741, Шадвел, штат Віргінія, ЗША — 4.7.1826),

дзеяч амерыканскага нац.-вызв. руху, адзін з заснавальнікаў ЗША, паліт. філосаф, асветнік. Адвакат, плантатар. Член заканад. сходу брыт. калоніі Віргінія (1769—74), выступаў за вызваленне неграў-рабоў. У вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 дэп. 2-га Кантынент. кангрэса (1775—76, 1783), распрацаваў праект Дэкларацыі незалежнасці 1776 (у ёй значнае месца адвёў канцэпцыі правоў чалавека); член заканад. сходу (1776—79) і губернатар штата Віргінія (1779—82), падрыхтаваў «Статут аб рэлігійнай свабодзе». Пасланнік ЗША у Францыі (1785—89). Лідэр (разам з П.​Генры) антыфедэралістаў. Ініцыіраваў прыняцце кангрэсам ЗША закону аб забароне рабства на ПнЗ краіны (1787). Дзярж. сакратар ЗША у 1-м урадзе Дж.​Вашынгтона (1790—93). Віцэ-прэзідэнт (1797—1801) і прэзідэнт ЗША (1801—09). У часы прэзідэнцтва Дж. скасаваны антыдэмакр. законы папярэдняга ўрада Дж.​Адамса аб іншаземцах і здрадзе, скарочаны ўзбр. сілы і дзярж. апарат, набыта Луізіяна (1803), устаноўлены дыпламат. адносіны з Расіяй (1808—09) і інш. Садзейнічаў развіццю архітэктуры і сістэмы адукацыі ў ЗША, у т. л. буд-ву Віргінскага ун-та ў г. Шарлатсвіл (1817—26).

Літ.:

Печатнов В.О. Гамильтон и Джефферсон. М., 1984;

Согрин В.В. Джефферсон: Человек. мыслитель, политик. М., 1989.

Т.Джэферсан.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КРАЁВЫ З’ЕЗД,

выдуманы форум «дэлегатаў беларускіх грамадзянскіх і палітычных арганізацый, сялянскіх радаў», членаў «быўшай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ... іншых краёвых арганізацый цэлай Беларусі», які нібыта адбыўся 28—30.1.1919 у зоне «бальшавіцкай акупацыі» — у Навагрудку. «Прэзідэнт» нібыта абранай на Беларускім краёвым з’ездзе Беларускай краёвай народнай рады У.​Цвірка-Гадыцкі меў у той час сталыя кантакты з дзеячамі БНР і нават супрацоўнічаў з імі. Легенда аб Беларускім краёвым з’ездзе ўзнікла ў сак. 1919, калі дэлегацыя БНР на чале з А.​Луцкевічам дамагалася ўдзелу ў Парыжскай мірнай канферэнцыі. 23.3.1919 Цвірка-Гадыцкі і член Бел. краёвай нар. рады А.​Янсан накіравалі міністру-прэзідэнту Польшчы І.​Падарэўскаму ліст, у які ўключылі «рэзалюцыю з’езда», што тычылася справы бел. дзяржаўнасці. Аўтары «рэзалюцыі» пісалі, што «Беларусь у сваіх этнаграфічных межах... увойдзе ў сціслы звязак з Польскай Рэчы Паспалітай». Спасылкай на гэтую «рэзалюцыю» міністр-прэзідэнт Польшчы даводзіў на Парыжскай мірнай канферэнцыі, што дэлегацыя БНР не мае паўнамоцтваў і не можа ўдзельнічаць у перагаворах. «Рэзалюцыя» істотнага ўплыву на работу Парыжскай мірнай канферэнцыі не зрабіла. Фіктыўнасць Беларускага краёвага з’езду была даказана, і ў чэрв. 1919 прадстаўнікі бел. народа былі дапушчаны на канферэнцыю.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 2, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫ СУД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

судовы орган канстытуцыйнага нагляду ў дзяржаве. Утвораны ў 1994. Кампетэнцыя і парадак яго дзейнасці замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 і Законам «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь» ад 30.3.1994. Фарміруецца з 12 суддзяў, 6 з якіх назначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, 6 выбірае Савет Рэспублікі. Старшыню Канстытуцыйнага суда назначае Прэзідэнт са згоды Савета Рэспублікі. Тэрмін дзейнасці членаў суда — 11 гадоў.

Канстытуцыйны суд па прапановах Прэзідэнта, парламента, Вярх. суда, Вышэйшага гасп. суда, урада Рэспублікі Беларусь дае заключэнні: пра адпаведнасць законаў, дэкрэтаў і ўказаў Прэзідэнта, міжнар. дагавораў і інш. абавязацельстваў дзяржавы Канстытуцыі і міжнар.-прававым актам; пра адпаведнасць актаў міждзярж. утварэнняў, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь, дэкрэтаў і ўказаў Прэзідэнта, выдадзеных у мэтах выканання закона, Канстытуцыі, міжнар.-прававым актам і нац. заканадаўству; пра адпаведнасць пастаноў урада, актаў Вярх. і Вышэйшага гасп. судоў, Ген. пракурора, любога інш. дзярж. органа Канстытуцыі, міжнар.-прававым актам і нац. заканадаўству. Нарматыўныя акты або іх асобныя палажэнні, прызнаныя неканстытуцыйнымі, страчваюць юрыд. сілу. У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй, Канстытуцыйны суд па прапанове Прэзідэнта дае заключэнне аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі палатамі парламента.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 597

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КСАН (Nixon) Рычард Мілхаўс (9.1.1913, Іорба-Лінда, штат Каліфорнія, ЗША — 22.4.1994),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Скончыў (1937) ун-т Дзьюка (г. Дарэм), займаўся юрыд. практыкай. У 1942—46 афіцэр ВМС. З 1947 чл. палаты прадстаўнікоў ад Рэсп. партыі, у 1951—53 сенатар. У 1953—61 віцэ-прэзідэнт ЗША у адміністрацыі Д.Д.Эйзенхаўэра. У 1969—74 прэзідэнт ЗША ад Рэсп. партыі. Урад Н. палепшыў адносіны з Кітаем (1972), падпісаў Парыжскае пагадненне 1973 пра спыненне вайны і аднаўленне міру ў В’етнаме (з 1969 паводле дактрыны Н. аб «в’етнамізацыі» вайны паступова скарачаўся амер. ваен. кантынгент у Паўд. В’етнаме), заключыў шэраг дагавораў і пагадненняў з СССР пра абмежаванне стратэг. узбраенняў, прадухіленне ядз. вайны, супрацоўніцтва ў розных галінах навукі, тэхнікі, культуры (1972—74) і інш. У час афіц. візіту ў СССР 1.7.1974 наведаў Мінск. 9.8.1974 добраахвотна пайшоў у адстаўку (першы выпадак у гісторыі ЗША) перад пагрозай імпічменту з-за паліт. скандалу па справе «Уотэргейт». У 1974 амнісціраваны прэзідэнтам Дж.​Фордам. Аўтар кніг «Мемуары» (1978), «Ніякіх больш В’етнамаў» (1985), «1999: перамога без вайны» (1988) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — На арене: Воспоминания о победах, поражениях и возрождении. М., 1992.

Р.М.Ніксан.

т. 11, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ЗВЕЛЬТ (Roosevelt) Тэадор (27.10.1858, Нью-Йорк — 6.1.1919),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Скончыў Гарвардскі ун-т (1880), вучыўся ў Калумбійскай (Нью-Йорк) юрыд. школе. Належаў да Рэсп. партыі (з 1880). У 1881—84 дэп. асамблеі штата Нью-Йорк. З 1889 чл. камісіі палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША па грамадз. прызначэннях. У 1895—97 паліцэйскі камісар Нью-Йорка. У крас. 1897 — маі 1898 нам. ваенна-марскога міністра. Удзельнік ісп.-амер. вайны 1898 на Кубе. З 1899 губернатар штата Нью-Йорк. З 1900 віцэ-прэзідэнт ЗША, пасля забойства прэзідэнта У.​Мак-Кінлі (з 1897) — прэзідэнт ЗША (26-ы, 1901—09). Праводзіў экспансіянісцкі знешнепаліт. курс у Лац. Амерыцы (палітыка «вял. дубінкі», захоп амер. войскамі зоны Панамскага канала ў 1903, акупацыя ўзбр. сіламі ЗША Кубы ў 1906—09 і інш.). Пасрэднік на перагаворах паміж Японіяй і Расіяй па заключэнні Портсмуцкага мірнага дагавора 1905. Аўтар гіст.-літ. прац «Ваенна-марскія дзеянні ў вайну 1812 г.» (1880), «Заваяванне Захаду» (т. 1—4, 1889—96) і інш., публіцыстыкі, артыкулаў па арніталогіі, біяграфій паліт. дзеячаў ЗША Г.​Морыса, Т.​Х.​Бентана. Нобелеўская прэмія міру 1906.

Літ.:

Уткин А.И. Теодор Рузвельт: Полит. портрет. Свердловск, 1989.

Т.Рузвельт.

т. 13, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙГАН (Reagan) Рональд Уілсан (н. 6.2.1911, г. Тампіка, ЗША),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Скончыў каледж у г. Юрыка (1932). З 1932 радыёрэпарцёр, у 1937—64 кінаакцёр у Галівудзе (зняўся ў 54 маст. фільмах), у 1947—52 і 1959—60 прэзідэнт гільдыі (прафсаюза) кінаакцёраў. Да 1962 належаў да Дэмакр. партыі. У 1967—75 губернатар штата Каліфорнія. У 1981—89 прэзідэнт ЗША ад Рэсп. партыі. У час яго прэзідэнцтва праводзіўся курс на лібералізацыю эканомікі краіны, скарачэнне падаткаў на даходы, федэральнага бюджэту, абмежаванне дзярж. сац. праграм, што выклікала значны эканам. рост («рэйганоміка»). У знешняй палітыцы ажыццяўлялася т.зв. дактрына Р. (падтрымка антыкамуніст. рухаў, у т. л. ў Нікарагуа, Грэнадзе, Цэнтр. і Усх. Еўропе), былі палепшаны адносіны з Сав. Саюзам (з 1985) і заключаны з ім дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (снеж. 1987).

Тв.:

Рус. пер. — Жизнь по-американски. М., 1992.

Літ.:

Никонов В.А. Рональд Рейган // Вопр. истории. 1989. № 2;

Иванян Э.А. Рональд Рейган: Хроннка жизни и времени. М., 1991;

Гарбузов В.Н. «Рейгановская революция»;

Теория и практика амер. консерватизма (1981—1988). СПб.;

Псков, 1999;

Яго ж. Рейган и рейганизм: (Историогр. очерк) // США — Канада. Экономика — политика — культура. 2001. №2.

Р.Рэйган.

т. 13, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАН КАЙШЫ́, Цзян Цзешы,

Цзян Чжунчжэн (31.10.1887, в. Сікоку, прав. Чжэцзян, Кітай — 5.4.1975),

кітайскі дзяржаўны і ваенны дзеяч. Генералісімус (пасля 1927). Скончыў ваен. курсы ў г. Баадзін (Кітай) і пях. вучылішча ў Токіо. З 1908 у рэв. арг-цыі Тунмэнхой. З часу Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 паплечнік Сунь Ятсена і адзін з кіраўнікоў Гаміньдана. Адзін з кіраўнікоў узбр. сіл ва ўрадзе Сунь Ятсена, з 1926 галоўнакаманд. Нац.-рэв. арміяй; адначасова з 1926 лідэр Гаміньдана. Кіраўнік Паўночнага паходу 1926—28, у выніку якога Кітай аб’яднаны пад уладай Гаміньдана. З таго часу галоўнакаманд. ўзбр. сіламі Кіт. Рэспублікі і яе фактычны кіраўнік (з 1943 прэзідэнт). З канца 1920-х г. вёў амаль няспынную барацьбу з камуністамі. Кіраваў Нацыянальна-вызваленчай вайной кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45. Пацярпеў паражэнне ад камуністаў у новай грамадз. вайне (1946—49), эвакуіраваўся з рэшткамі войск на в-аў Тайвань, якім кіраваў да канца жыцця як прэзідэнт Кітая. У 1950—60-я г. ініцыіраваў эканам. рэформы, якія ператварылі Тайвань у адзін з найб. развітых рэгіёнаў Азіі.

Літ.:

Галенович Ю.М. Цзян Чжунчжэн, или Неизвестный Чан Кайши. М., 2000.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)