МІКРАТРО́Н,

цыклічны рэзанансны паскаральнік электронаў. Паскарэнне часціц ажыццяўляецца за кошт энергіі высокачастотнага эл. поля рэзанатара, дзе яны рухаюцца ў аднародным пастаянным магн. полі. Гл. таксама Паскаральнікі зараджаных часціц.

т. 10, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

аджа́ць, адажну, адажнеш, адажне; зак., што.

1. Зжаць невялікую частку поля (ад краю). Аджаць жыта ад дарогі.

2. Разлічыцца, адрабіўшы жнівом. [Самоцька:] — Адрабіў ты.. [Нахлябічу], аджала яму твая жонка ці не? Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЭЛЕКТРО́ННАЯ ЛЯ́МПА.

электравакуумная прылада, прынцып дзеяння якой заснаваны на кіраванні патокам электронаў, створаных у вакууме, з дапамогай эл. поля, сфарміраванага спец. электродамі (сеткамі). Гл. таксама Лямпа электронная.

т. 18, кн. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЭЛЕКТРЫ́ЧНЫЯ СТРА́ТЫ,

частка энергіі пераменнага эл. поля, якая ў дыэлектрыку пераходзіць у цеплавую. Складаюцца са страт праводнасці (джоўлевы страты; гл. Джоўля—Ленца закон) і страт, абумоўленых актыўнай кампанентай току зрушэння ў дыэлектрыку; сегнетаэлектрыкі, акрамя таго, маюць страты на пераарыентацыю даменаў (гл. Сегнетаэлектрычны гістэрэзіс). У сінусаідальным полі характарызуюцца тангенсам вугла Д.с. tgδ, які вызначае долю эл. энергіі, што пераходзіць у цеплавую за 1 перыяд ваганняў эл. поля. Д.с. вымяраюцца, як правіла, разам з вымярэннем дыэлектрычнай пранікальнасці рэчыва. Змяншэнне страт мае важнае значэнне ў вытв-сці кандэнсатараў і эл.-ізаляцыйнай тэхніцы. Д.с. суправаджаюцца разаграваннем дыэлектрыка (дыэлектрычны нагрэў), што выкарыстоўваецца для высушвання матэрыялаў з малой цеплаправоднасцю (драўніны, паперы, керамікі і інш.).

А.​У.​Шэлег.

т. 6, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГДА́Л Аркадзь Бейнусавіч (11.3.1911, г. Ліда Гродзенскай вобл. — 1991),

расійскі фізік. Акад. АН СССР (1966, чл.-кар. з 1953). Скончыў Ленінградскі ун-т (1936). З 1943 у Ін-це фіз. праблем, з 1945 у Ін-це атамнай энергіі, з 1971 у Ін-це тэарэт. фізікі АН СССР, адначасова з 1944 праф. Маскоўскага інж.-фіз. ін-та. Навук. працы па квантавай тэорыі поля, фізіцы атамнага ядра і элементарных часціц. Прыстасаваў метады квантавай тэорыі поля да задачы многіх цел і тэорыі атамнага ядра.

Тв.:

Теория конечных ферми-систем и свойства атомных ядер. М., 1965;

Метод квазичастиц в теории ядра. М., 1967;

Качественные методы в квантовой теории. М., 1975;

Фермионы и бозоны в сильных полях. М., 1978.

А.Б.Мігдал.

т. 10, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМАГНІ́ЧАНАСЦЬ вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе магнітны стан рэчыва ў знешнім магнітным полі. Н. J→ вызначаецца формулай: J = dp→m / dV , дзе dp→m — магнітны момант фізічна малога аб’ёму рэчыва dV. Н. наз. аднароднай у межах аб’ёму V, калі ва ўсіх яго пунктах вектар аднолькавы па модулі і напрамку, г. зн. J→ = p→m / V , дзе p→m — сумарны магн. момант рэчыва аб’ёмам V Н. цел залежыць ад напружанасці знешняга магн. поля, т-ры і магн. уласцівасцей цела, яго формы і арыентацыі ў полі (гл. Парамагнетызм, Ферамагнетызм). У ферамагнетыкаў залежнасць J→ ад напружанасці магн. поля выражаецца крывой намагнічвання (гл. Намагнічванне, Гістэрэзіс). Адзінка Н. ў СІ — ампер на метр (А/м).

т. 11, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНХРО́ННАЯ МАШЫ́НА,

звычайна 3-фазная электрычная пераменнага току машына, у якой вуглавыя скорасці вярчэння магн. поля і ротара аднолькавыя і кратныя частаце эл. току. Выкарыстоўваюцца ў прамысл. вытв-сці, энергетыцы і інш.

Асн. часткі: статар з абмоткай пераменнага току і ротар з абмоткай узбуджэння (сілкуецца пастаянным токам ад спец. ўзбуджальніка або праз выпрамнікі). Работа С.м. засн. на ўзаемадзеянні магн. поля, якое ствараецца абмоткай узбуджэння, з пераменным токам у абмотцы статара. Падзяляюцца на сінхронныя генератары, сінхронныя электрарухавікі і сінхронныя кампенсатары (працуюць у рэжыме рухавіка без нагрузкі на вал, выкарыстоўваюцца для павышэння магутнасці каэфіцыента і рэгулявання напружання ў канцы ці ў прамежкавых пунктах ЛЭП; гл. таксама Кампенсатар).

У.​М.​Сацута.

т. 14, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТА́РКА З’Я́ВА,

расшчапленне і зрух узроўняў энергіі атамаў, малекул і інш. квантавых сістэм пад дзеяннем эл. поля. Выяўляецца ў змене становішча і расшчапленні спектральных ліній гэтых сістэм. Адкрыта І.Штаркам у 1913; падобная да Зеемана з’явы, выкліканай дзеяннем магн. поля.

У моцным эл. полі з напружанасцю Е у квантавай сістэмы назіраецца разыходжанне выраджаных узроўняў энергіі, выкліканае паяўленнем дадатковай энергіі ΔW ~ hΔν, дзе h — Планка пастаянная, Δν — рознасць частот спектральных ліній. Для вадародападобных атамаў Δν ~ E (лінейная Ш.з.), для астатніх атамаў Δν ~ E​2 (квадратычная Ш.з.). Выкарыстоўваецца Ш.з. ў спектраскапіі і радыёспектраскапіі для дыягностыкі плазмы і вывучэння будовы атамаў і малекул.

Літ.:

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962.

т. 17, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАСТАТЫ́ЧНАЕ ПО́ЛЕ,

поле фізічнае, створанае нерухомымі эл. зарадамі; асобны выпадак электрамагнітнага поля. Сілавая характарыстыка Э.п. — напружанасць электрычнага поля, энергетычная — электрычны патэнцыял.

Сілавыя лініі напружнасці Э.п. не замкнутыя: яны пачынаюцца на дадатных эл. зарадах і канчаюцца на адмоўных (ці ідуць у бясконцасць). У дыэлектрыках Э.п. характарызуецца вектарам электрычнай індукцыі, які падпарадкоўваецца Гаўса тэарэме. У аднародных дыэлектрыках у выніку палярызацыі дыэлектрыка Э.п. аслабляецца ў ε разоў, дзе ε — дыэлектрычная пранікальнасць. Унутры праваднікоў Э.п. роўнае нулю (у т. л. ўнутры поласці пустацелага правадніка), на чым грунтуецца эл. экранаванне. Э.п. патэнцыяльнае, г.зн. што работа па перамяшчэнні эл. зараду паміж любымі 2 пунктамі Э.п. не залежыць ад формы траекторыі і вызначаецца толькі рознасцю эл. патэнцыялаў паміж гэтымі пунктамі.

т. 18, кн. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вусаві́на ’кусок поля, які ўдаецца ў лес’ (КСП). Відаць, ад вус; параўн. вусы ’кліны ў адзенні’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)