рэ́ха, ‑а, н.

1. Адбіццё гукавога сігналу ці радыёімпульсу ад пэўнай перашкоды. Некалькі разоў [сябры] гукнулі разам і слухалі, як разлягалася рэха. Колас. У Лаўскі лес ішлі ў арэхі, Шукалі там лісіных нор. Гукнём: — Агу!.. — Адкажа рэхам: — Агу! — цяністы, спелы бор. Бялевіч.

2. перан.; чаго. Водгалас, водгук. Рэха «Дудкі» кацілася па шырокіх абшарах беларускай, зямлі, яно абуджала народ ад векавечнага сну, уздымала на барацьбу за шчасце і права «людзьмі звацца». С. Александровіч. [Песня] сцвярджае народнасць героя, з’яўляючыся народным рэхам тых ідэй, якія сеяў у масах Каліноўскі. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цу́да, ‑а, М ‑дзе, н.

Разм.

1. Тое, што і цуд. Бацька, які чамусьці ніколі не здзіўляўся, сказаў, што гэта цуда яшчэ не зусім цуда, бо там, на радзіме, расце дрэва баабаб. Лынькоў. — Вось гэта закусачка! У сярэдзіне чэрвеня такое цуда! — ён [Савіцкі] узяў памідор і пяшчотна пагладзіў яго. Шамякін.

2. звычайна ў прыдатку. Пра тое, што вызначаецца, захапляе сваімі дадатнымі якасцямі. Сёлета выпала.. [Лёню] шчасце гнаць з бацькам па Прыпяці і Дняпру плыты аж да Кахоўкі, і ён там бачыў гэтую цуда-машыну. Краўчанка.

•••

Цуда-юда — казачная пачвара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяплі́цца, цепліцца; незак.

1. Слаба, невялікім полымем гарэць. У гушчары на невялікай палянцы цепліцца з сухога галля касцёр. Няхай. // Слаба свяціцца. У акне Аўдзеевай хаты цепліўся слабы агеньчык лямпы, дзверы былі зачынены. Дуброўскі.

2. перан. Быць, мецца, праяўляцца ў малой, нязначнай ступені (пра жыццё, надзею, пачуццё і пад.). І толькі па стогну .. можна было меркаваць, што ў распластаным целе цепліцца яшчэ жыццё. Якімовіч. І радасць цепліцца ў сэрцы, Што гэтым незабыўным днём Нам шчасце выпала сустрэцца З узнятым сцягам над Крамлём. Танк.

3. Зал. да цяпліць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кава́ць, кую, куеш, куе; куём, куяце; незак., што.

1. Ударамі молата або ціскам апрацоўваць распалены метал, надаваць яму патрэбную форму. Каваць жалеза. // Вырабляць каваннем. Заўсёды ля .. кузні шмат народу: падкоўваюць коней, куюць нарогі. Бядуля.

2. перан. Настойлівай працай, вялікімі намаганнямі ствараць што‑н., дамагацца чаго‑н. Каваць перамогу. □ — Табе, Міхась, ужо вядома, Што нашы людзі мір куюць, На рыштаваннях, на варштатах, У інстытутах, у брыгадах. Корбан. Людзі самі, сваімі шчырымі рукамі, куюць сваё шчасце, робяць вясну на зямлі! Бялевіч.

3. Падкоўваць, акоўваць. Каваць колы. □ У наступныя дні ён вадзіў у саўгасную кузню каваць кон[ей]. Чорны.

4. Закоўваць (у кайданы і пад.). Так і павялі таварыша Васіля.. Каваць не пасмелі, каб не выклікаць цікаўнасці людзей. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Крэслячы, правесці шмат ліній; закрэсліць у многіх месцах.

2. Зрабіць накід (плана, схемы і пад.). [Кібальчыч:] Я тут не спаў, забыўшы страх, Спяшаўся жыць, пакуль не змог чарцёж накрэсліць на лістках. Вялюгін.

3. Разм. Напісаць. Мікалай Пятровіч паклаў гэты адзіны дакумент у папку, а ў кнізе, куды запісвалі выхаванцаў, размашыстым почыркам накрэсліў: Рыбкін Ілья... Падумаў і дапісаў — Іванавіч. Нядзведскі. Я адчуваў — і бачыў на сцяне, Як папярэднікі мае, Таварышы, раней мяне Крывёй накрэслілі свае імёны, Праклёны катам. Васілёк.

4. перан. Намеціць, вызначыць на будучае; прадказаць. Накрэсліць шлях развіцця. □ Ужо ў першы дзень знаёмства Віця і Міхась шмат накрэслілі планаў, як правесці лета. Чарнышэвіч. А далей? Што лёс далей накрэсліў? Вёсны. Шчасце... Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́ха,

1. Прысл. да ціхі.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць цішыні дзе‑н., ціхае надвор’е. Было ціха і цёпла. Здавалася, яшчэ дзень-другі — і ў ліловых алешніках зацёхкаюць галасістыя салаўі. Ігнаценка.

3. безас. у знач. вык. Пра спакойнае, мірнае жыццё. Гора ў прорву нябыту сплыло. Шчасце зведалі дзеці. Толькі б ціха на свеце было, Толькі б ціха на свеце... Гілевіч. // Пра адсутнасць спрэчак, сутыкненняў паміж кім‑н. [Жанчына:] — Маўчыць [Пятро], як вады ў рот набраўшы. Кажа: «Абы ў хаце ціха было». Пальчэўскі. // перан. Пра душэўны спакой, уціхаміранне. На душы было ціха.

4. у знач. вык. Ужываецца як загад не шумець, замаўчаць. — Ціха-а, — шапнуў Косцік, — гэта вавёрка. Брыль. — Ціха, хлопцы! Памаўчыце хоць адну хвіліну. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ШАЦІ́ЛА Іван Браніслававіч (28.12.1910, в. Талька Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.2.1977),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1953). Скончыў драм. курсы імя Ф.​Дзяржынскага ў Мінску (1932). У 1932—61, 1967—71 працаваў у Бел. т-ры імя Я.​Купалы, у 1961—67 — у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, вял. сцэн. абаяння. Валодаў яркім тэмпераментам, выконваў ролі эмацыянальна, з драм. насычанасцю і сац. акрэсленасцю. Складаным псіхал. малюнкам і драматызмам вызначаліся вобразы Рыгора («Партызаны» К.​Крапівы), Янкі Купалы («Шчасце паэта» В.​Віткі), Касагорава («Уцёкі з ночы» бр. Тур), Сыраварава («У мяцеліцу» Л.​Лявонава). Пранікнёна, з лірызмам іграў Якіма Сароку («Паўлінка» Я.​Купалы), Міколу Вераса («Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы), з палымяным тэмпераментам — Тыбальта («Рамэо і Джульета» У Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Левановіч («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Іван Зарудны («У ціхім завулку» А.​Маўзона), Мікола («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Раман («Каб людзі не журыліся» А.​Макаёнка), Вронскі («Ганна Карэніна» паводле Л.​Талстога), Трэплеў («Чайка» А.​Чэхава), Крэчат («Платон Крэчат» А.​Карнейчука), Рыбакоў («Крамлёўскія куранты» М.​Пагодзіна), Хельмер («Нора» Г.​Ібсена). Здымаўся ў кіно: «Пяюць жаваранкі», «Першыя выпрабаванні», «Вуліца малодшага сына», «Масква—Генуя».

Літ.:

Сабалеўскі А. Творчасць, сугучная думам народным // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;

Яго ж. Рампай асветленае. Мн., 1962. С. 35—49;

Яго ж. Жыццё тэатра. Мн., 1980. С. 203—206;

Бур’ян Б. Адухоўлены прафесіяналізм: (Да 60-годдзя І.​Б.​Шацілы) // Тэатр. Мінск. 1970. № 6.

А.​В.​Сабалеўскі.

І.Б.Шаціла.
І.Шаціла ў ролі Якіма Сарокі.

т. 17, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

лёгкі, -ая, -ае.

1. Які мае невялікі цяжар, мала важыць.

Лёгкая сумка.

2. Які выконваецца, дасягаецца, пераадольваецца без вялікай працы, намагання.

Лёгкая праца.

Лёгкая задача.

Лёгкая дарога.

Лёгка (прысл.) сябра знайсці, ды цяжка захаваць (прыказка).

3. Нязначны, невялікі, слабы (па велічыні, сіле, ступені праяўлення); малапрыкметны.

Л. ветрык.

Л. дотык.

4. Пазбаўлены грузнасці, спрытны, хуткі.

Лёгкія крокі.

5. Не напружаны.

Лёгкае дыханне.

Л. сон.

6. Не суровы.

Лёгкае пакаранне.

7. Пра хваравіты, фізіялагічны стан: не небяспечны, несур’ёзны.

Лёгкія роды.

Лёгкая форма хваробы.

8. Ужыўчывы, памяркоўны.

Л. чалавек.

Л. характар.

9. Легкадумны, неглыбокі, несур’ёзны.

Лёгкія адносіны да жыцця.

10. Які не мае цяжкага ўзбраення, рухомы.

Лёгкія танкі.

○

Лёгкая прамысловасць — галіна грамадскай вытворчасці, якая займаецца вырабам прадметаў шырокага спажывання.

◊

З лёгкай рукі чыёй (разм.) — пра чыё-н. удалае пачынанне, прыклад.

Лёгкая рука ў каго — пра таго, хто прыносіць шчасце, удачу.

Лёгка выкруціцца (разм.) — нямнога страціць.

Лёгка сказаць (разм.) — ужыв. тады, калі вельмі цяжка або немагчыма выканаць што-н.

Лёгкі на пад’ём — пра чалавека, якога лёгка ўгаварыць куды-н. пайсці, паехаць і пад.

Лёгкі на ўспамін хто (разм.) — пра таго, хто з’яўляецца ў той момант, калі пра яго гавораць, думаюць.

Лёгкі на язык (разм.) — гаваркі, які любіць многа гаварыць.

Лёгкі хлеб (разм.) — пра лёгкую працу, без клопатаў, турбот.

|| наз. лёгкасць, -і, ж. (да 1—9 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

СУРКО́Ў Аляксей Аляксандравіч (13.10.1899, в. Сераднёва Рыбінскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 14.6.1983),

рускі паэт, грамадскі дзеяч. Герой Сац. Працы (1969). Засл. дз. культ. Арменіі (1970). Скончыў Ін-т чырвонай прафесуры ў Маскве (1934). У 1944—46 гал. рэдактар «Литературной газеты», у 1945—53 час. «Огонек». Друкаваўся з 1918. Першая кніга вершаў — «Запеў» (1930). Зб-кі вершаў «Апошняя вайна» (1933), «Так мы раслі» (1940) прасякнутыя героікай грамадз. вайны. У песнях «Зямлянка» («Б’ецца ў цеснай пячурцы агонь...»), «Песня смелых» і інш. (Дзярж. прэмія СССР 1946), зб-ках «Снежань пад Масквой» (1942), «Расія караючая» (1944), «Свету — мір!» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Песні пра чалавецтва» (1961), «Што такое шчасце?» (1969) услаўленне парыву да перамогі, барацьбы за мір. Неаднаразова бываў на Беларусі: удзельнік вызвалення Зах. Беларусі (1939), прысутнічаў на Нар. сходзе Зах. Беларусі (28—30.10.1939, Беласток) і інш. Па матывах бел. нар. песень напісаў вершы «Над зялёнай магілай», «Заспявала дзяўчына», «Удовіна». Партызанам Беларусі, гераізму, мужнасці і стойкасці яе народа ў Вял. Айч. вайну прысвяціў вершы «Дзед Талаш», «Беларусь», «Вораг увайшоў у мой дом і разбіў...», «Клятва над кроўю», «Лясны бой пад Полацкам». Да 35-годдзя літ. дзейнасці Я.​Купалы напісаў арт. «Народны паэт» (1940) і інш. Перакладаў вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, А.​Куляшова, А.​Александровіча, М.​Машары. На бел. мову асобныя вершы С. перакладалі А.​Астрэйка, С.​Дзяргай, М.​Аўрамчык, А.​Вялюгін, Х.​Жычка, А.​Звонак, К.​Кірэенка, У.​Шахавец.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1978—80;

Бел. пер. — у кн.: Анталогія рускай савецкай паэзіі. Мн., 1936;

Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.

Літ.:

Резник О.С. Алексей Сурков: Путь поэта. 3 изд. М., 1979.

У.​А.​Паўлаў.

А.А.Суркоў.

т. 15, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адда́ць, -да́м, -дасі́, -да́сць; -дадзі́м, -дасце́, -даду́ць; зак., каго-што.

1. Вярнуць назад узятае ў каго-н.

А. доўг.

Што вінен, аддаць павінен (прыказка).

2. Вылучыўшы святло, цяпло, вільгаць і пад., уздзейнічаць на што-н.

Сонца шчодра аддае цяпло.

3. Даць, перадаць што-н. каму-н.

Салдат аддаў дзяўчынцы свой шынель, а сам узяў малога на рукі.

4. Перадаць што-н. каму-н. ва ўласнасць або на карыстанне.

А. хату.

5. перан. Перадаць што-н., падзяліцца чым-н.

А. вопыт і веды.

6. перан. Ахвяраваць кім-, чым-н. дзеля каго-, чаго-н.

А. сілы, здароўе.

Героі аддалі сваё жыццё за шчасце, свабоду і незалежнасць Радзімы.

7. Не ўтрымаць, уступіць што-н. непрыяцелю ў барацьбе.

8. Патраціць час, працу, намаганні на што-н.

9. Здаць што-н. куды-н. для якой-н. мэты.

А. бялізну ў пральню.

10. Накіраваць на службу, вучобу.

А. у салдаты.

А. у гімназію.

11. Выдаць замуж.

А. дачку за сына спевака.

12. Прадаць (па якой-н. цане).

Танна а.

13. Заплаціць за купленае.

Дваццаць тысяч рублёў аддала.

14. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнне са знач. дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка.

А. загад.

А. перавагу.

15. без дап. Зрабіць рэзкі, кароткі рух назад пры выстрале (пра зброю).

Вінтоўка аддала прыкладам у плячо.

16. Прымусіць адступіць назад (пра каня); ад’ехаць заднім ходам на невялікую адлегласць, каб уступіць месца, не перашкаджаць каму-, чаму-н.

17. безас. Адазвацца болем у якой-н. частцы цела.

Аддало ў спіну.

18. спец. Адвязаць, паслабіць якар і пад.

◊

Аддаць (богу) душу (разм.) — памерці.

Аддаць голас — прагаласаваць за каго-н. на выбарах.

Аддаць даніну — выказаць павагу, выканаць доўг пашаны, прызнаць.

Аддаць жыццё за каго-, што-н. — памерці, абараняючы каго-, што-н.

|| незак. аддава́ць, -даю́, -дае́ш, -дае́ (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)