КЕРАТААКАНТО́МА [ад грэч. keras (keratos) рог, рэчыва рога + akantha калючка, шып, вастрыё + ...ома],
дабраякасная эпідэрмальная пухліна валасяных фалікул. Мяркуюць, што прырода К. вірусная. Найчасцей бывае ў людзей сярэдняга ўзросту, якія маюць кантакт з вугляродам і прадуктамі каменнага вугалю. На твары, кісцях рук узнікае шчыльнае, паўшарападобнае зацвярдзенне, 2—3 см у дыяметры, з уцісканнем у цэнтры, запоўненым рагавымі масамі, якія лёгка выдаляюцца. Праз 3—6 месяцаў пасля К. застаюцца рубцы, магчыма перараджэнне ў пласкаклетачны рак. Лячэнне: рэнтгенатэрапія, электракаагуляцыя, хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІНЕ́Ц (Polygala),
род кветкавых раслін сям. крапінцовых. Каля 500 відаў. Пашыраны ва ўмераным, субтрапічным і трапічным паясах. На Беларусі 4 віды, найчасцей трапляюцца К. звычайны (P. vulgaris, нар. назвы зязюльчыны ручнікі, надсаднік), гаркаваты (P. amarella), чубаты (P. comosa, нар. назвы вераднік, малыя козлікі, шчэпа) на лугах, сярод хмызнякоў, уздоўж дарог.
Шматгадовыя травяністыя расліны, кусты 1 паўкусты выш. 5—30 см. Сцёблы голыя, слаба галінастыя. Лісце дробнае, чаргаванае. Кветкі ў разнастайных суквеццях (гронка, колас, мяцёлка). Плод — каробачка. Лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕРАФТАЛЬМІ́Я (ад грэч. xēros сухі + ophthalmos вока),
пашкоджанне вока, якое характарызуецца сухасцю кан’юнктывы і рагавіцы. Бывае пры парушэннях слёзавыдзялення, слізістых залоз кан’юнктывы і рэзкім парушэнні абмену рэчываў у рагавіцы, гіпа- і авітамінозе А, у дзяцей — іншы раз пры страўнікава-кішачных хваробах. Найчасцей прычына К. — трахома, апёкі вачэй і інш. Праяўляецца сухасцю і рэзямі ў вачах; кан’юнктыва сухая, шурпатая, цьмяная, з матава-белымі плямамі; рагавіца без бляску, мутная, прарастае сасудамі; вастрыня зроку паступова зніжаецца. Лячэнне тэрапеўтычнае, іншы раз — хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАПА́РК,
лес у непасрэднай блізкасці ад горада добраўпарадкаваны для адпачынку на ўлонні прыроды; адзін з відаў загараднага парку. Бываюць агульнага тыпу (прагулачныя), шматпрофільныя (для спорту, адпачынку, забаў) і спецыялізаваныя (курортна-аздараўленчыя, спарт., гісторыка-мемарыяльныя). Каля буйных гарадоў Л. звычайна займаюць 300—500 га. Адкрытыя прасторы (паляны, лугі, вадаёмы) у іх складаюць да 30%. Абсталяванне найчасцей робяць з прыродных матэрыялаў (дрэва, камень, чарот і інш.). Загарадныя паркі, у якіх пераважаюць лугі, паляны і вадаёмы наз.лугапаркамі і гідрапаркамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУСКАВА́ТЫ ЛІША́Й, псарыяз,
хранічная незаразная хвароба скуры, слізістых абалонак, пазногцяў, суставаў чалавека. Узнікненню Л.л. спрыяюць парушэнні дзейнасці залоз унутр. сакрэцыі, нерв. сістэмы, псіхічныя траўмы і генет. фактары. Пачынаецца з высыпкі (вузельчыкі-папулы, укрытыя серабрыста-белымі лусачкамі), найчасцей на галаве, каленях, локцях. Вузельчыкі зліваюцца ў бляшкі розных памераў ружова-чырвонага ці чырв. колеру. Можа ўзнікаць на месцы траўмаў, здрапванняў. Цяжкія формы захворвання — пустулёзны Л.л. (гнайнічкі), артрапатычны (пашкоджванне суставаў), эрытрадэрмічны (дыфузнае пашкоджванне скуры). Лячэнне тэрапеўтычнае, вітаміны, пры неабходнасці курортатэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЯНА́будынка,
асноўная вертыкальная агараджальная канструкцыя будынка (збудавання).
Адрозніваюць С.: вонкавыя і ўнутраныя; нясучыя (успрымаюць нагрузку ад перакрыццяў, пакрыццяў, ціску ветру і інш.), саманясучыя (спалучаны з каркасам будынка і ўспрымаюць нагрузку ад уласнай вагі ў межах усіх паверхаў) і ненясучыя (перагародкі, успрымаюць нагрузку ад уласнай вагі ў межах аднаго паверха); зборныя (буйнапанэльныя і буйнаблочныя, гл.Зборныя канструкцыі) маналітныя (найчасцей бетонныя, гл.Маналітныя канструкцыі) і ручной муроўкі (цагляныя, каменныя, блочныя). Робяцца са сценавых матэрыялаў. Ад дзеяння грунтавой вільгаці паверхня С. ахоўваецца гідраізаляцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІФУРКА́ЦЫЯ РЭК (ад лац. bifurcus раздвоены),
раздзяленне рэчышча і даліны на 2 самастойныя ракі, якія ўпадаюць у розныя басейны. Найчасцей узнікае ад размыву паверхневымі водамі плоскіх водападзелаў. Найб. вядома ў сістэме р. Арынока (Паўд. Амерыка). На Беларусі існуе біфуркацыя рэк бас. Нёмана — праз р. Выня сцёк ажыццяўляецца ў р. Цапра бас. Прыпяці, а таксама з Пцічы па пратоках вада паступае ў рэкі Цітаўка і Талька бас. Свіслачы. Назіраецца сезонная біфуркацыя рэк, калі пераліў вады з аднаго басейна ў другі адбываецца ў час паводкі або разводдзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ДЗЬМІНЫ МЁТЛЫ,
хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі, вірусамі, насякомымі, кляшчамі, рэдка бактэрыямі. Утвараюцца часцей на дрэвах у выглядзе шчыльных пучкоў («мяцёлак») тонкіх укарочаных галінак з дробным недаразвітым лісцем. На Беларусі бываюць на вішні, сліве, бярозе, вольсе, грабе і інш. лісцевых дрэвах (узбуджальнікі — паразітныя грыбы з роду тафрына), на хвоі і елцы (узбуджальнікі — найчасцейіржаўныя грыбы).
Узбуджальнік хваробы пранікае ў расліну праз мех. пашкоджанні, роставыя пупышкі і стымулюе анамальныя роставыя працэсы: абуджэнне спячых і інтэнсіўнае развіццё прыдатачных пупышак. Меры барацьбы: абразанне і спальванне заражаных галін, знішчэнне хворых раслін, апрацоўка фунгіцыдамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,
ступень насычанасці вадой горных парод у прыродных умовах. У глебах і горных пародах зоны аэрацыі вагаецца на працягу года ў шырокіх межах. Залежыць ад т-ры, ціску, вільготнасці паветра, колькасці атм. ападкаў. Ніжэй люстра грунтавых вод вільготнасць горных парод амаль не мяняецца і дасягае макс. магчымых значэнняў. Выражаецца ў працэнтах ці долях адзінкі адносна масы абсалютна сухой пароды. Адрозніваюць вільготнасць горных парод абсалютную, вагавую, натуральную, аб’ёмную, адносную, поўную, праведзеную. У практыцы найчасцей выкарыстоўваецца вагавая вільготнасць горных парод — адносіны масы вады да масы абсалютна сухой пароды.